ка́ры 1, ‑ая, ‑ае.

Карычневы (пра колер вачэй). Роўненькі прабор валасоў здаваўся залацістым, карыя вочы былі колеру добра выспелай вішні. Дуброўскі. Саханюк быў хлопец сухарлявы, досыць высокага росту, меў даволі прыгожы твар, але малавыразныя, жаўтавата-карыя вочы яго крыху псавалі. Колас.

[Ад цюрк. кара — чорны.]

ка́ры 2, ‑аў; адз. няма.

1. Сані для перавозкі бярвення. Людзі.. вазілі дахаты бярвенне на карах, на звычайных санях. Бядуля. Два калгаснікі канём, запрэжаным у кароценькія, шырокія, як атопак, кары, вытралёўвалі бярвенне да дарогі. Дуброўскі.

2. Вялікія калёсы для перавозкі грузаў. Шэсць чалавек правілі кары: жніво і ўборка, з поля, былі блізка. Чорны. Увесь заямнінскі дзядзінец уставілі фурманкі: тут былі карэты, брычкі, вазы, кары. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спецыялізава́цца, ‑зуюся, ‑зуешся, ‑зуецца; зак. і незак.; на чым, па чым, у чым.

1. Набыць (набываць) спецыяльныя веды, навыкі ў якой‑н. галіне навукі і тэхнікі; набыць (набываць) якую‑н. спецыяльнасць. Проста Алік нават уяўлення не меў аб зборным жалезабетоне; ён спецыялізаваўся ў інстытуце на мантажы катлоў і турбін. Дадзіёмаў. На рэдакцыйнай лятучцы Мацвей Кірылавіч пахваліў мяне і нават выказаў думку, ці не варта мне наогул спецыялізавацца ў гэтым жанры [фельетоне]. Сабаленка.

2. Дзейнічаць, развівацца ў выразна акрэсленым кірунку; мець спецыяльнае прызначэнне. Калгас спецыялізуецца па вытворчасці мяса і малака. «ЛіМ». Перад нашай рэспублікай, якая спецыялізуецца на жывёлагадоўлі, стаяць вялікія задачы па значнаму павелічэнню вытворчасці мяса, малака; яек. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спець 1, спяю, спяеш, спяе; спяём, спеяце; зак., што і без дап.

Зак. да пець (у 1, 3 і 4 знач.) і спяваць (у 1, 2 знач.).

спець 2, спее; незак.

1. Рабіцца спелым, выспяваць (пра гародніну, злакі і пад.). На дубах спелі жалуды. Чорны. Пшаніца спее, пад сонцам яна як вылітая з медзі. Пестрак. Направа ад дарогі рос Авёс, Налева — памідоры спелі. Корбан.

2. перан. Развівацца, фарміравацца, складвацца. Спеюць Настроі і думкі. Глебка. Я іду паўз бераг Нарачы, Спее песня ў душы. А. Вольскі. Ганя бачыла, што ў Косці, як яна казала, спеюць вялікія здольнасці (ён мог ужо чытаць, лічыць), пераканала ў гэтым Максіма. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сава́1 ’драпежная начная птушка атрада соў, у якой вялікая круглая галава, вялікія вочы і кароткая загнутая дзюба’. Укр., рус. сова́, серб.-ц.-слав. сова, польск., н.-луж., в.-луж. sowa, палаб. süwó, чэш., славац. sova, серб.-харв. со̏ва, славен. sóva, балг. со́ва. Прасл. *sowa ’птушка Strix’. Большасць этымолагаў лічаць гукапераймальным утварэннем, параўн. Фасмер, 3, 704 і наст.; Траўтман, 300; Махэк₂, 568. Яшчэ праіндаеўрапейская назва (Струтыньскі, Nazwy, 87), параўн. роднасныя: ст.-брэтон. couann ’тс’, брэтон. kaouen, кімр. cuan ’начная сава’, ст.-в.-ням. hûwo, hûwila ’тс’, hiuwilôn ’лікаваць’ і г. д. Параўн. яшчэ з пачатковым заднепаднябенным рус. дыял. ка́ва ’галка’, літ. naktikóva ’сава, начны крумкач’, kóvas м., kóva ж. ’галка’, ст.-інд. kaúti ’крычыць’ (гл. Вальдэ-Гофман 1, 184). Ад і.-е. *kěu̯‑, kā̌u‑ ’быць, рыпаць, крычаць’ (Борысь, 567; Сной₁, 594, Шустар-Шэўц, 2, 1336).

Сава́2, мн. л. со́вы ’грыб шампіньон’ (нарай., ЛА, 1). З польск. sowa ’від пластынковага грыба’, якое Борысь, 567 памяншае ў артыкул sowa ’тушка’. Назва, магчыма, па колеру.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

будзі́ць, буджу, будзіш, будзіць; незак., каго-што.

1. Перабіваць чый‑н. сон, спакой, прымушаць прачнуцца. Звонкія, маладыя галасы будзілі спакой гэтага ціхага вечара. Колас. Ужо дзед яго [Сашку] будзіць. Бабка ж Вікця нездаволена бурчыць на дзеда: куды гэта ён у такую рань малога ўскатурхвае. Даніленка. Умела .. [Рагіна] слаць пасцель, умела яна і будзіць — голас у яе ветлы і чысты. Адамчык. // Абуджаць што‑н. у каго‑н. Жалейка! Тоненькі галасочак яе з рознымі адценнямі гучыць у прасторы, будзіць .. нейкія патаемныя струны душы. С. Александровіч. Зямля.. — шырокая, бяскрайняя, здольная будзіць вялікія імкненні пачуццяў і думак. Чорны.

2. перан. Выклікаць да жыцця, дзейнасці. Ці ёсць сіла, каб зацьміла Сонца яснага прамені, Што краіну будзяць мілую Да жыцця, да адраджэння. Васілёк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заці́шак, ‑шку, м.

1. Ціхае, затуленае ад ветру месца. Яблыні згіналі кучаравыя галіны пад платамі і стваралі заценены зацішак. Пестрак. Дзед з унукам стаіліся ў зацішку, каля прыбудоўкі. Даніленка. // перан. Ціхае, спакойнае, адасобленае месца. Са шпіталя [Аляксея] хацелі паслаць у тыл. — Каго, мяне? Як жа я буду сядзець недзе ў зацішку, калі мае таварышы ваююць? Мележ. Мы й самі жывём не ў зацішку — Вялікія змены і ў нас. Звонак.

2. Тое, што і зацішша (у 1 знач.). — Глядзі на мора. Шторм блізіцца. Такі зацішак звычайна перад штормам. Карамазаў. Перайшлі мы палі, Абышлі гарады, Разам зналі баі і хвіліны зацішку. Броўка. Звычайна ж зацішкі цягнуцца нядоўга, а тым болей зацішак у жывым людскім жыцці. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сасно́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сасны, уласцівы ёй. Сасновая кара. □ Цімохава хата была моцная, ёмкая, пабудаваная з тоўстага сасновага дрэва. Колас. Тут [у вёсцы] водар сасновы, здаровы, Ігліцы, жывіцы настой. Бялевіч. // Які здабываецца з сасны. Грудзямі гарачымі зноў я ўдыхаю Пах кветак палёў і сасновай жывіцы. Хведаровіч.

2. Які складаецца з соснаў, парос соснамі. Няма ў ціхае надвор’е лесу болей спакойнага, паважна-ўрачыстага, чым сасновы бор. Навуменка. Лагер размяшчаўся ў сасновым гушчары. Мележ.

3. Зроблены з сасны. На заставе.. ўздымаюцца вялікія сасновыя зрубы. Брыль. Мёрзлыя камякі зямлі глуха падалі на сасновыя векі дамавін. Лынькоў.

4. у знач. наз. сасно́выя, ‑ых. Тое, што і хваёвыя.

5. Як састаўная частка пазваў раслін, жывёл, птушак. Сасновы шаўкапрад. Сасновая саўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скры́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скрыць.

2. у знач. прым. Схаваны ад чыіх‑н. вачэй; нябачны. Сяргееў хацеў ісці скрытымі мясцінамі, па лазняку. □ Валодзя ведаў карацейшую дарогу. Федасеенка. // Замаскіраваны, тайны. Скрытая барацьба. Скрытыя падкопы ворагаў.

3. у знач. прым. Без характэрных знешніх прыкмет; унутраны. Скрытая форма хваробы. // Які не выяўляецца яскрава, скрываецца (пра пачуцці, адчуванні і пад.). Тонкія, таксама падфарбаваныя вусны нервова ўздрыгвалі, вялікія сінія вочы глядзелі журботна, з вялікім скрытым болем. Шашкоў.

4. у знач. прым. Які ўласцівы каму‑, чаму‑н., але яшчэ не выявіўся або знешне незаўважальны. Скрытыя сілы. □ Адам Міцкевіч, чытаючы лекцыі ў парыжскім Калеж дэ Франс, гаварыў .. аб скрытых, патэнцыяльных магчымасцях беларускай мовы. Мальдзіс.

•••

Скрытая камера гл. камера.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзе́ля, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «дзеля» выражае:

Мэтавыя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, для якіх, у інтарэсах якіх робіцца, ажыццяўляецца што‑н. Да таго ж яна была вельмі прывязана да свайго старога бацькі, які пераканаў Адэлю, што ўсё, што ён робіць, — толькі дзеля яе. Броўка. Алесь заўсёды захапляўся людзьмі, якія мелі сваю адзіную мэту і жылі дзеля яе. Шыцік.

2. Ужываецца пры абазначэнні мэты дзеяння. У чорнай адубелай гліне відаць цэлая сістэма пячурак, што дзеля забаўкі пакапалі, пасвячы коней, сялянскія хлапчукі. Зарэцкі. Два сукаватыя фікусы расстаўлены па кутках, дзеля сіметрыі. Лось.

Прычынныя адносіны

3. Уст. Ужываецца пры ўказанні на прычыну або падставу дзеяння. [Юльцы] вельмі смачна рабіць тое, чаго няможна. Маці мае дзеля гэтага вялікія клопаты. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парасці́, ‑расту, ‑расцеш, ‑расце; ‑расцём, ‑расцяце, ‑растуць; пр. парос, ‑расла, ‑расло; зак.

1. Расці, павялічвацца ў росце некаторы час.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Павырастаць, вырасці. [Марыля:] — Прыняла б я цябе, Амелька, ды сыны не захочуць. Вялікія ўжо хлопцы параслі. Лобан. / Аб раслінах, пладах. Побач з хвоямі параслі кучаравыя бярозкі. Шамякін. У пояс верасы тут параслі, А сосны цесна паспляталі рукі. Свірка.

3. чым. Пакрыцца расліннасцю, зарасці, пазарастаць. Партызанскія акопы Параслі травой, Ягаднікам, верасамі, Хвояй маладой. Танк. Для засады гэта была даволі зручная мясціна: тут крутыя [абочыны] густа параслі арэшнікам і ельнікам. М. Ткачоў. // Абрасці (валасамі). У Меера адна шчака была паголена да сінявы, а другая густа парасла чорным каракулем. Карпюк.

•••

Парасці быллём — тое, што і зарасці быллём (гл. зарасці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)