разуме́цца, е́ецца; незак.

1. Падразумявацца, мецца на ўвазе.

2. у знач. пабочн. разуме́ецца (звычайна ў спалучэнні са словамі «само сабой»). Несумненна, канешне, ясна. [Цімоха] цікавіла, галоўным чынам, усё, што датычылася лесу і пастуховае справы: ці ёсць яшчэ трава, ці скасілі ўжо ў Лядзінах атаву. Пры гэтым, разумеецца, многа было размовы і аб чорным бычку. Колас.

3. у знач. сцвярджальнай часціцы разуме́ецца. Так, вядома, канешне. Разумеецца, я з вялікай ахвотаю згадзіўся занесці дзядзьку полудзень. Колас.

4. Зал. да разумець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расшыфрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

Разабраць, прачытаць напісанае або перададзенае шыфрам. Расшыфраваць радыёграму. □ [Сербаноўскі:] — Я вось разбіраю судовых матэрыялы. На жаль, тады ніхто не расшыфраваў гэтай запіскі. Шамякін. Немцы, вядома, сумку падабралі. Будзе кроў. Калі расшыфруюць спіскі, страшна падумаць. Навуменка. // Разм. Раскрыць, зразумець змест, сэнс якіх‑н. слоў, знакаў. // перан. Разм. Зразумець, разгадаць сэнс чаго‑н. невядомага, загадкавае. Падышоўшы да вырашэння справы з гэтага боку, мы можам вельмі проста расшыфраваць гэтае туманнае на першы погляд пытанне. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скаро́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Уст. Паводле рэлігійных прадпісанняў — забаронены для яды ў час посту (пра мяса, сала, малако і пад.). Скаромная ежа. Скаромны суп. □ Калядныя куцці, як вядома, дзве: адна посная, другая — скаромная, або багатая. Якімовіч. // у знач. наз. скаро́мнае, ‑ага, н. Мясная і малочная ежа. [Бацька:] — Ты, можа, скаромнага не будзеш есці, Аўдоля, напэўна ж посціш, то мо табе гуркоў з расолам прынесці? Чарнышэвіч. Усім скаромным загадвае старая. Крапіва.

2. перан. Разм. Непрыстойны. Скаромны анекдот.

•••

Скаромны дзень гл. дзень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старажы́л, ‑а, м.

Той, хто жыве шмат гадоў па адным месцы. Я ж сустрэў Дземідзёнка, калі ён лічыўся ўжо на Ганчарнай вуліцы старажылам. Чыгрынаў. Таму спытаў я: — Хто тут жыў Перад вайной, у гэтым доме? — І адказаў мне старажыл: — Былі гаспадары, вядома, І гэты бэз іх і вішняк. Танк. // звычайна мн. (старажы́лы, ‑аў). Карэнныя жыхары якой‑н. мясцовасці (у адрозненне ад перасяленцаў). Ніхто з старажылаў вёскі Кастрыца на Лепельшчыне не памятае, з якога часу пагорак пачалі называць Царкавішчам. Штыхаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

структу́ра, ‑ы, ж.

Узаемаразмяшчэнне і сувязь састаўных частак аб’екта, якія забяспечваюць яго цэласнасць; будова. Структура сталі. Структура глебы. Структура мовы. □ Пра атамную структуру матэрыі здагадаўся, як вядома, яшчэ Дэмакрыт, сучаснік Герона. «Маладосць». У школьную пару [Сяргея] захаплялі і ўдаваліся яму задачы, а далей складаныя формулы, затым структура механізмаў... Грамовіч. // Арганізацыя, будова чаго‑н. Структура Акадэміі навук БССР. Эканамічная структура грамадства. □ Мы не заўважаем прыблізнай рыфмы і рытмічных зрухаў, нас захапіла развіццё думкі, нечаканы паварот у структуры верша. Грахоўскі.

[Лац. structura — будова, размяшчэнне, парадак.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тро́йчы, прысл.

1. Тры разы. Памерці, вядома, .. [Цярэшка] не хацеў, заўжды прагнуў жыць, тройчы спрабаваў вырвацца на волю. Быкаў. Ды тваіх, смаленскіх [дарог], не забуду У снягах, дажджах і сіняве. Тройчы адбівалі вёску Буду, Тройчы паміралі за яе. Пысін. Будзьце вы хоць тройчы геній, Ёсць такія між людзей: Вас заўжды па ўборах стрэне, Па заслугах правядзе. Непачаловіч.

2. Утрайне. Я ж праслаўлю навекі часіну звароту Сваім шчырым радасным словам .. І двойчы і тройчы! Панчанка. Быць тройчы шчодраму плёну. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Дах ’дах’. Укр. дах ’тс’. Запазычанне (гл. Кюнэ, Poln., 50) з польск. dach ’тс’, якое ўзята (у польск. мове гэта слова вядома з XV ст.) з ням. Dach ’тс’ (да польск. слова гл. Брукнер, 83–84, але Слаўскі, 1, 136, удакладняе, што польск. слова dach запазычана з с.-в.-ням. dach). У бел. мове слова дах засведчана з XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч., 88).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Драбні́ца ’дробязь; глупства’ (БРС, Касп.). Слова вядома і з канкрэтным значэннем ’акалот’ (Шатал.), ’дробная салома’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. укр. дрібни́ця ’дробязь; глупства’, ст.-рус. дробьница ’дробны жэмчуг’, балг. дробни́ца ’груша (дрэва) з дробнымі пладамі’ і г. д. (агляд значэнняў у слав. мовах гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 121). Прасл. *drobьnica — утварэнне з суф. *‑ica ад прыметніка *drobьnъ (ад асновы *drob‑; гл. драбі́ць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дупло́ ’дупло’ (БРС). Вядома таксама шырока і форма дуплё; сустракаецца і ду́пель ’дупло’ (Шат.). Рус. дупло́ (дыял. дуплё), укр. дупло́, польск. dziupło, dupło, балг. ду́пло, серб.-харв. ду́пло і г. д. Лічыцца ўтварэннем з суф. ‑l‑ (*dup(ь)lo, *dup(ъ)lo) ад прасл. *dupa (вядомае ў розных значэннях ’яма’, ’дзюрка’, ’нара’, ’дупло’, ’podex’ і г. д.). Гл. Фасмер, 1, 554; Бернекер, 1, 237–238; Брукнер, 104.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кафэ́ ’невялікі рэстаран, дзе прадаюць каву, чай, закускі і пад.’ (ТСБМ, БРС). Запазычанне адносна новага часу з рус. мовы. Рус. кафе́ ’тс’ у сваю чаргу ўзята з франц. мовы ў сярэдзіне XIX ст. (у франц. мове café ў сучасным значэнні вядома з канца XVII ст. і ўзнікла на базе слова café ’кофе’). Гл. Шанскі, 2, К, 100; Фасмер, 2, 212, 356; Слаўскі, 2, 104–105.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)