Под ’гарызантальная паверхня ўнутры печы, на якую кладзецца паліва’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Гарэц., ТС, Шат., Касп., Сл. ПЗБ), по́дак ’падэшва гары’ (Гарэц.), пэд ’дашчаная шуфляда ў жорнах, на якой ляжыць ніжні камень’ (лун., Шатал.), ’месца ў гумне для складання снапоў, саломы’ (Янк. 2; петрык., Шатал.), ’скрынка жорнаў’ (Выг., Тарн., Дразд., Касп., Сл. ПЗБ), ’ніжняя частка вулея’ (Сержп. Бортн.; Сл. ПЗБ), по́дка ’ніз, под у вуллі’, по́дзік ’памост для вулля на дрэве’ (ТС), по́дзіне, по́дзішча ’подсцілка пад стог’ (Сцяшк. Сл.), по́днік ’ніжні камень у жорнах (Сл. ПЗБ). Укр. під ’нізкае месца; дно’, рус. под ’ніжняя паверхня ў печы’, ’падлога; дно; ніз’, польск. spód ’ніз’, н.-луж. spódk ’глеба; дно’, в.-луж. póda ’тс’, чэш. půda ’зямля, глеба, грунт’, славац. pȏda ’зямля, глеба; тэрыторыя’, славен. pod ’падлога’, серб.-харв. по̏д ’тс’, балг. под ’тс’, ст.-сл. подъ ’ніз’. Прасл. *podъ. Роднасн. літ. pãdas ’падэшва; гумно; под’, лат. pads ’падлога’, ст.-інд. padá‑m ’крок, след нагі; месца’ (Фасмер, 3, 295–296).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
По́руб 1 ’сутарэнне’ (Гарэц.), рус. поруб ’калодзежны зруб’, ’яма, каталажка, вязніца, астрог’, польск. porębina ’сцены, што акружаюць кош у млыне’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- з семантыкай выніковасці дзеяння, хутчэй за ўсё, да прасл. *rǫbili ’сячы, высякаць’. Ст.-польск. porubie ’вязніца’ без насавога галоснага можа быць усходнеславянізмам ці махізмам, параўн. польск. rąbać. Паводле Зубатага (Зубаты, Studie, I, 360–363), чэш. ruby ’кавалкі, акрайкі тканіны’, ohruba ’верхняя частка калодзежа’, ’кром стала’ звязаныя з шырокім значэннем ’край, хром’, параўн. таксама славен. parobek ’узлесак, край лесу’. Адсюль поруб магло азначаць: ’забудова ці памяшканне на ускраіне, збоку’, ’сумежнае памяшканне’ ці ’яма, падобная па зруб калодзежа, што служыла вязніцай’.
По́руб 2 ’парубка’ (добр., Мат. Гом.), рус. порубка ’патаемная высечка лесу’, польск. poręba, porąb, poręb ’месца ў лесе, дзе высякаюць дрэвы’, ’гай’, ’пасечаныя на дровы дрэвы’, porębisko, porębowisko, poręb ’месца пасля вырубкі лесу’, ’адроджанае месца ў лесе для пасекі’, славац. porub ’парубка лесу’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- з семантыкай выніковасці дзеяння ад рубаць (гл.) < прасл. *rǫbati.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ром 1, ро̂м ’месца, куды звозяць бярвенне для сплаву, ці з якога сплаўлялі лес, вязалі плыты’ (Бір.; чырв., З нар. сл.; капыл., Сл. ПЗБ), ’прастор, свабоднае месца’, ’абшар’ (Др.-Падб.); ст.-бел. румъ ’тс’, ’месца пагрузкі’, ’будматэрыялы ’руіны’ (XVI ст.) запазычана са ст.-польск. rum, якое з с.-в.-ням. rūm (Булыка, Лекс. запазыч., 189; SEK, 4, 216), < і.-е. *reu̯os: авест. ravah‑ ’даль, прастора, даўжыня’, лац. rūs ’зямля па-за горадам’, ст.-ірл. rōi ’раўніна’, тахар. rū‑ ’адкрываць’. Гл. рум.
Ром 2 ’моцны спіртны напой з пераброджанага соку або з патакі цукровага трыснягу’ (ТСБМ) — з рус. ром ’тс’ (упершыню ўжыта ў перакладзе «Рабінзон Круза» 1762 г. у форме рум), якое з англ. rum — вымаўляецца як [rʌm], таму [у] > [о] — а гэтае з’яўляецца скарочаным rumbullion ’шум, вэрхал, галас (пры распіцці гарэлкі)’ (Рэйзак, 550; Сной₂, 633); яго запазычылі англійскія пасяленцы на в. Барбадас (у XVII ст.). Пальмер (Neuweltwörter im Deutschen. Heidelberg, 1933, 117) выводзіць лексему з малайскага brum ’цукровая гарэлка’ (Фасмер, 3, 499). Гл. таксама рум 5.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тралява́ць 1 ’транжырыць’ (Ласт.), тролёва́ць ’раздаваць, разбазарваць’ (ТС). Утворана ад гукапераймання тра-ля-ля ’весела спяваць’ > ’весела бавячыся, растранжырваць (грошы, маёмасць)’. Аналагічна ням. trällern ’весела напяваць’, літ. traliúoti ’спяваць тра-ля-ля’. Параўн. траляля́каць ’тс’ (Васілеўскі, Прадукт. тыпы, 73), трэ́ляць ’сноўдацца без пэўных заняткаў’: месец тролю́е чоловек у Сочах (ТС).
Тралява́ць 2 ’падцягваць драўніну з лесу да сплаву’, ’ісці, рухацца’, ’пракладваць дарогу’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Адм., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), ’перавозіць з месца на месца’ (Чуд.), ’таптаць пасевы, ходзячы ўздоўж палос’ (Шат.), трылява́ць ’выводзіць бярвенні з лесасекі на чыстае, больш прасторнае месца’ (падзе., Нар. сл.; Буз.); тролева́ць, тролёва́ць, тралёва́ць, трэ́ляць ’выносіць, выцягваць з цяжкадаступных месцаў нарыхтоўкі (пра лес, ягады і інш.)’ (ТС), тра́ліць ’траляваць’ (брагін., Мат. Гом.). Выводзіцца з польск. trelować ’выцягваць бярвенні з вады на склад’, ’цягнуць плуг’, ’бурлачыць, цягнуць судна людзьмі або коньмі’, што да англ. trail ’цягнуцца, валачыцца’, ’буксіраваць’, ’таптаць траву’. Сюды ж тралява́нне ’дастаўка лесу на прыстань’ (Некр.), траля́р ’тралёўшчык’ (Мат. Гом.), тралёўка ’вывазка’ (Сцяшк.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ка́йдуб 1, кайдоб ’бочка’ (Мат. Гом.), кайдуб, кайдуп, кайдоб, кайдупчык, кайдопчык (палес., З нар. сл., Нар. сл.), кайдуб ’драўляны корпус ручнога млына’ (кобр., Выг.). Усе формы да kadьlbъ, гл. аб этымалогіі кадоўба. Што датычыцца фанетыкі, можна меркаваць, што тут ‑й‑ на месцы ‑ў‑, параўн. форму каўдуб; ў у выніку метатэзы з другой часткі слова. Менш верагодна думаць пра з’яўленне ўстаўнога ‑й‑ у кайстра 1 ’кастра’.
Ка́йдуб 2 ’вельмі гразкае месца’ (Клім.), ’вытаптанае месца на лузе’ (Яшк.), лексема дэманструе пераход: назва посуду > назва рэаліі геаграфічнага рэльефу. Падрабязней гл. кадоўба, з літаратуры параўн. Талстой, Геогр., 219, дзе разглядаецца такі тып семантычнага пераходу.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вы́жар ’месца, дзе калісьці выгарала балота, трава, лес; яма з вадой на месцы выгаралага торфу’ (Маш., Сержп., 1, Некр., Талстой, Георг., 197); ’багністае балота’ (ДАБМ, 993); ’малая яма, запоўненая вадой’ (Талстой, Геогр., 197); выжа́ры ’балота’ (Сцяшк.), вы́жары ’балота, на якім выгараў, торф’ (Шатал.). Укр. палес. ви́жар ’невялікая лагчынка’ (Марусенка, Полесье, 220), польск. wyżar ’выгараўшае месца на балоцістай ці тарфяністай глебе, дзе ў вільготную пагоду збіраецца вада’ (Нітшэ, 209). Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад вы́жарыць: Але арэал распаўсюджання і незвычайная для ўсходнеславянскіх моў семантыка дзеяслова наводзяць на думку аб магчымасці калькіравання літ. išdaga ’выгар, выжар’ (< dagà ’гарачыня, спёка’) (Чэкман, вусн. паведамл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Брук 1 ’каменная маставая’ (ст.-бел. брук з XVI ст.; Булыка, Запазыч.). Укр. брук ’тс’. Запазычанне з польск. bruk ’тс’ (дзе з ням. Brücke мост; брук’). Гл. Рудніцкі, 220; Бернекер, 89; Шалудзька, Нім., 23; Рыхардт, Poln., 37; Кюнэ, Poln., 46; Брукнер, 42.
Брук 2 ’самая быстрыня ракі’ (Нас.). Рус. дыял. (смал.) брук ’пясчаная водмель у рацэ’. Мабыць, таго ж паходжання, што і брук 1 (гл.). Развіццё семантыкі: ’каменне’ → ’месца ў рацэ, дзе каменне’ → ’быстрыня’. Параўн. брук ’каменне’ (Сцяшк.). Але не выключаецца, што брук 2 звязана з дзеясловам тыпу рус. дыял. бру́кать ’гаварыць незразумела’ (гукапераймальнае). Параўн. укр. белебе́нити ’балбатаць’, бе́лебень глыбокае месца ў рацэ’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прыду́ха ’стан вады (нястача ў ёй кісларода) пад лёдам, калі гіне рыба; замор’ (Янк. 3.; рагач., Сл. ПЗБ; Крыв., ТС), ’незамерзлае месца на рацэ’ (Бяльк.), ’незамерзлае месца на рацэ, куды збіраецца рыба’ (Ян.). Бяссуфіксны назоўнік ад прыдушы́ць з “адваротным” чаргаваннем у фіналі асновы, прэфіксальнае да душы́ць (гл.). Параўн. рус. дыял. приду́ха ’нястача кіслароду ў вадаёме пад лёдам’, ’адтуліна ў лёдзе, дзе збіраецца рыба ў пошуках прытоку паветра’, укр. приду́ха ’недахоп кіслароду (у тым ліку і ў вадзе)’, палес. приду́ха ’палонка; вада, што ў час адлігі з’яўляецца на рэчцы’, польск. przyducha ’недахоп паветра пад лёдам’ (калі гэта не запазычанне з усх.-слав.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сенажа́ць ‘травастой; месца, дзе расце трава на сена; луг’, ‘пара касьбы сена’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), санажа́ць ‘тс’ (Сл. ПЗБ), сено́жаць ‘месца сенакосу, луг’ (ТС), ст.-бел. сеножать ‘тс’ (Скарына). Укр. сіножа́ть ‘луг’, палес. синожа́ть ‘час касьбы’, ‘луг’, рус. старое сеножа́ть ‘луг’, стараж.-рус. (1150 г.) сѣножать ‘тс’, польск. sianożeć ‘тс’, харв. Senožet (тапонім), славен. senožȇt ‘тс’, ст.-слав. сеножѧть ‘лугавіна’ (ESJSt, 13, 805). Прасл. *senožętь ‘касьба сена; сенакос; луг, прызначаны для касьбы’. Паводле Слаўскага (SP, 2, 47), архаічнае складанае слова ад *seno ‘сена’ і žęti ‘жаць’. Гл. таксама Сной₁, 562.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сто́йла ‘загарадка для каня, каровы’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Сержп. Прымхі), сто́йло ‘стаянка, пастой (быдла)’, ‘дрэва з калодай пчол’ (ТС, ПСл), ‘дрэва, на якім устаноўлены вулей’ (ельск., нараўл., Анох.), сто́йла ‘глыбокае месца ў вадаёме, дзе зімуе рыба’ (ваўк., Сл. ПЗБ), ‘азярод’ (лях., там жа), ‘корань, аснова’ (дзятл., там жа), сто́йліна ‘дрэва, у дупле якога жывуць пчолы’ (лельч., Арх. ГУ), сто́іла (stójiła) ‘месца паўдзённага адпачынку статку на пашы’ (Варл.), сюды ж стойлова́ць, стойлова́цца ‘быць на стаянцы’ (ТС). Укр. стійло, рус. сто́йло. Да стаяць, стаю (гл.), гл. Фасмер, 3, 764. Паводле Лучыца–Федарца (Лекс. Палесся, 186), вузкі ўсходнеславянскі рэгіяналізм.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)