Іва́нчык 1 ’конік лугавы, Saxicola rubetra’ (Бел. нав. тэрм., 12, 32), іва́ньчык ’салавей’ (Мат. Гом.). Рус. дыял. ива́нчик калуж. ’птушка-рыбалоў’, дан. ’сінічка’, укр. ивано́к ’зімародак’ (Грынч.). Утворана ад уласнага імя Іван з памянш. суф. ‑чык, на які накладваецца гукапераймальны элемент (Антропаў, дыс.).
Іва́нчык 2 ’страўнік свінні, напханы мясам і правялены’ (Вешт., 379). Утварэнне з суф. ‑чык ад уласнага імя Іван. Семантычная матывацыя застаецца няяснай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
хром, ‑у, м.
1. Хімічны элемент, цвёрды метал шэра-стальнога колеру, які выкарыстоўваецца для вырабу цвёрдых сплаваў, для пакрыцця металічных вырабаў.
2. Жоўтая, аранжавая, чырвоная ці зялёная мінеральная фарба (вокіс хрому або соль хромавай кіслаты).
3. Сорт мяккай тонкай скуры. Міхась сумеўся: было нязручна вось так адразу расчынаць гаворку пра хром, падэшвы, усцілкі. Асіпенка. Баўтрукоў не ішоў, а амаль бег да сцэны, суха шоргаючы рукавамі спартыўнага пінжака з карычневага хрому. Савіцкі.
[Ад грэч. chrōma — колер, фарба.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ртуць ’хімічны элемент, вадкі цяжкі метал’ (ТСБМ), народная назва — жыво́е серабро́ (Ласт.). Рус., укр. ртуть, чэш. rtuť, славац. ortuť, польск. rtęć. Стараж.-рус. рътуть (Сразн., 3, 206) — разглядаецца як праславянскі дзеепрыметнік цяперашняга часу незалежнага стану *rьtǫtь (як могуть, словуть), звязаны з літ. rìsti, 1 ас. адз. л. ristù ’каціць, качаць’, лат. rist, 1 ас. адз. л. ritu ’каціць, каціцца’, а таксама літ. riēsti ’гнуць; скручваць; скурчваць; згортваць’, rietė́ti ’каціцца’, лат. riest ’адпадаць, аддзяляцца’, што ўзыходзяць, магчыма, да і.-е. *ret(h)‑ ’бегчы, каціцца’ (Фасмер, 3, 509; Чарных, 2, 124–125). Паводле больш ранняй версіі Міклашыча (285) якая, аднак, сутыкаецца з цяжкасцямі ў фанетычных адносінах, назва элемента паходзіць з араб. `utārid ’ртуць’ пры пасрэдніцтве тур. utaryd ’тс’. Першапачаткова араб. `utārid — назва планеты Меркурый, якая перайшла на хімічны элемент дзякуючы яго “лятучасці”, рухомасці. Параўн. франц. mercure, іт., ісп. mercurio, англ. mercury ’ртуць’. Назва планеты — паводле імені старажытнага рымскага бога гандлю і абаронцы вандроўнікаў Меркурыя — Mercurius (Чарных, 2, 124–125).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Аўто́бус (БРС). Новае запазычанне праз рускую мову (Крукоўскі, Уплыў, 78) з ням. Autobus, якое з франц. autobus; утворана з auto ’аўтамабіль і суфіксальнага элемента ‑bus (адсечаная канцавая частка з omnibus ’экіпаж для ўсіх’), гл. Шанскі, 1, А, 31, дзе насуперак Фасмеру, 1, 60, адмаўляецца па гістарычных прычынах польскае пасрэдніцтва. Пра элемент ‑бус гл. таксама Лапіна, РР, 1968, 5, 110–111; Брагіна, Неологизмы в рус. яз., M., 1973, 188–190.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Рако́мсе ’быццам, як быццам’ (Сержп. Грам.), ракама́сь ’так-сяк, абы-як’ (Касп.), параўн. ст.-бел. ркомо ’як быццам, нібы’ (Ст.-бел. лексікон), польск. rzekomo ’маўляў; як быццам’. Дзеепрыслоўе ад ракці́ ’сказаць’ (гл. рэ́кнуць); элемент се (сь) паходзіць са зваротнай формы займенніка *sę (сѧ), параўн. мов‑ся ён и прав ’як быццам бы’ (Нас.), або з указальнага займенніка *sь, параўн. вось (< о‑сь), гл. Карскі 2–3, 71. Гл. таксама ракама́ту.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
жале́за, ‑а, н.
1. Хімічны элемент, цяжкі коўкі метал серабрыстага колеру, які ў спалучэнні з вугляродам утварае чыгун і сталь. Выплаўка жалеза з руды. Каваць жалеза.
2. Звычайная (бытавая) назва малавугляродзістых сталей. Пройдзеш круг — рукой не дакранешся да лемяхоў і нарогаў. Гарыць жалеза. Бялевіч. // зб. Вырабы з гэтага металу. Ліставое жалеза. Дахавае жалеза.
3. Жалезістыя рэчывы як лячэбны сродак. У цыбулі многа жалеза. Большая частка жалеза ў целе чалавека знаходзіцца ў гемаглабіне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сквірчэ́ць, ‑чыць; незак.
Разм. Верашчаць, пішчаць, патрэскваць на гарачай скаварадзе (пра сала і пад.). [Андрэй:] — Неспакойны ж элемент гэта сала, да чаго сквірчыць, да чаго верашчыць. Лынькоў. У печы сквірчэла сала, і, удыхнуўшы пах смажаніны, Валянцін адчуў, які ён галодны. Сабаленка. З кухні чуваць было, як сквірчэла яешня, пах яе ўжо даносіўся сюды, у зальчык. Хадкевіч. / Пра падобныя гукі. У канторцы нікога не было. Толькі ўздыхалі маторы каларыфераў пад перакрыццямі ды сквірчэў за сцяною наждак. Мыслівец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ага́ ’так’ (Шат., Гарэц., Нас.), агы ’тс’ (КСТ), укр. ага, рус. ага, польск. aha, чэш. aha, славац. aha, балг. аха, славен. aha. Тлумачэнне інтэрвакальнага г як другаснага (Шанскі, 1, А, 37) не пераконвае. Больш верагодна ага < а‑га. Тут а‑ мае сваю першасную выклічнікавую функцыю, другі элемент выкарыстоўваецца таксама самастойна. Параўн. га? — ага. Параўн. таксама чэш. ano ’так’ (< a‑no). Няпэўнай здаецца старая сувязь з адпаведнымі формамі іншых еўрапейскіх моў (гл. Слаўскі, 1, 23).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Анагды́сь, ана́дысь, анагдай, анодысь, анада́сь, ано́гды, анадо́е ’пазаўчора, гэтымі днямі’ (Яруш., Шпіл., Касп., Жд., Бяльк.). Гэтыя прыслоўі ўтвораны з займеннікавага элемента *он‑ (*оно‑) ’той’, каранёвага элемента ‑(г)д‑, які мае часавае значэнне, элемента канчатка, што цяпер успрымаецца (як, дарэчы, і ‑гд‑) як суфіксальны элемент (гл. Шуба, Прыслоўе, 60), часціцы -сь. Сюды ж паводле першых дзвюх частак адносіцца і анагдо́вень, анагдо́вінь ’тс’ (Касп.), але апошняя частка гэтых прыслоўяў няясная, магчыма, ад займенніка овъ.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ні — адмоўная часціца і структурны элемент у складзе займеннікаў, прыслоўяў і злучнікаў, укр. ни, ні, рус. ни, польск. ni, чэш. ni, славац. ni, н.-луж. ni, в.-луж. ni, славен. ni, серб.-харв. ни, балг. ни, макед. ни. Прасл. *ni, роднаснае літ. neĩ, ’ні, чым, ніж’, лат. nei, ni ’ні’ (Буга, 1, 462; Шустар-Шэўц, 13, 1001), ст.-лац. nei/ni і пад. (Фасмер, 3, 71; ESSJ SG, 2, 486). У народных гаворках нярэдка змешваецца з не (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)