птушы́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да птушкі. Птушыныя галасы. Птушыны пух. □ Там, у гушчары дрэў, Уночы чуцен рогат соў, Удзень — птушыны спеў. Панчанка. // Які складаецца з птушак. У чарацяным гушчары шчабеча ды шастае нейкая птушыная дробязь. Брыль. Маці дужа клапацілася аб тым, каб хто не спакусіўся на яе птушынае багацце. Лынькоў. // У якім водзіцца многа птушак; населены птушкамі. Птушыны гай. □ Таямнічы шолах плыў з птушынага бярэзніку. Бялевіч. // Прызначаны для птушак. Птушыны корм. Птушыная клетка.

2. Які нагадвае птушку; такі, як у птушкі. У прыемнай сакратара пісала на машынцы бялявая дзяўчына з маладзенькім, нейкім птушыным тварам. Гаўрылкін. Мірон быў худы, цыбаты дзяцюк, з блакітнымі вачамі, доўгім птушыным носам і доўгімі светлымі валасамі. Маўр.

•••

З вышыні птушынага палёту гл. вышыня.

Птушыны базар гл. базар.

(Толькі) птушынага малака не хапае гл. хапаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мяцёлка ’мятла’, ’суквецце некаторых раслін’, ’мятліца’ (ТСБМ), ’доўгія валасы на канцы хваста ў каровы’ (шчуч., Сл. ПЗБ), мяцёлачкі ’адросткі пер’я ў птушкі ў час лінькі’ (гродз., Сцяшк. Сл.). Укр. мете́лочки ’смеццевы клапоўнік, венічкі, Lepidium ruderale L.’, міте́лка ’венік’, рус. метёлка ’тс’, ’суквецце раслін’. Усх.-слав. Да мятла́1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Петушо́к, пятушок ’касач жоўты, Iris pseudacorus L.’ (ветк., лоеў., б.-каш., брагін., Мат. Гом.), птушкі ’тс’ (Юрч. СНЛ). параўн. пёўнык ’тс’ (нараўл., жытк., Мат. Гом.). Укр. піўных, когутик ’тс’, рус. петухи, петушки назвіваюць розныя расліны з голым сцяблом і гронкамі кветак (Мяркулава, Очерки, 136). Да пяту́х ’певень’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Птушане́ц ’ластавень лекавы, Antitoxicum officinale Pobed.’ (Байк. і Некр., Кіс.), пташанёц ’тс’ (маг., Кіс.). Укр. пташинёць ’сырадэля, Omithopus L.’ Дэрыват ад птушыны, пташыны < пту́шка, пташка з суф. ‑ец. Семантычная матывацыя, відаць, тлумачыцца падабенствам кветак ці лістоў да частак цела (хваставога апярэння) птушкі, параўн. ластавёнь (гл.). Параўн. ЕСУМ, 4, 624.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рабаці́нне ’вяснушкі або ямкі на скуры; рабізна на паверхні вады’ (ТСБМ), рабаце́нне, рабаце́не, рабаццё, рабаце́ня, рабаце́нё ’вяснушкі’ (Сл. ПЗБ), ’пашкоджанне скуры ад воспы’ (Сцяшк.), рабоце́нье, рабоці́нье ’воспіны’ (ТС). Паводле народных уяўленняў, як вынік разбурэння гнёздаў птушак: Птушкі пораш, затоя і рабаццё (смарг., Сл. ПЗБ; Архіў БЭЛА). Ад рабы́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паклява́ць 1, ‑клюю, ‑клюеш, ‑клюе; ‑клюём, ‑клюяце; зак., каго-што.

1. Скляваць усё. Паклявалі птушкі ўвесь корм і паляцелі.

2. Злёгку, крыху скляваць, абкляваць. [Сабіна:] — Навошта ты яго ўзяў? [Муж:] — Як навошта? Гэта добры яшчэ грыб. Яго крыху цецерукі паклявалі. Але ён яшчэ здаровы. Сабаленка.

3. і без дап. Кляваць некаторы час.

паклява́ць 2, ‑клюю, ‑клюеш, ‑клюе; незак., што і без дап.

Абтыкаць дзіркі пакуллем.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасяле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. пасяляць — пасяліць (у 1 знач.) і пасяляцца — пасяліцца (у 1 знач.).

2. Месца аседлага жыцця людзей; населены пункт, сяло. Пад ганаровай вартаю прысад У кожным беларускім пасяленні Стаіць гранёны абеліск гранітны. Жычка. // Месца, дзе жывуць, гнездзяцца ў вялікай колькасці якія‑н. жывёлы, птушкі і інш.

3. У дарэвалюцыйнай Расіі — пакаранне, высылка на жыхарства ў аддаленую мясцовасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маладня́к, ‑у, м.

1. Маладыя жывёлы, птушкі. Яны, пяцікласнікі, узялі шэфства над калгасным маладняком, будуць жарабят даглядаць. Курто.

2. Малады лес. Дрэвы растуць, імкнуцца да сонца, дасягаюць нябачных памераў, старэюць, падаюць і трухлеюць, уступаючы сваё месца маладняку. В. Вольскі.

3. зб. Разм. Маладыя людзі, моладзь. Нас не любяць, нас баяцца Поп кудлаты і кулак, Бо рашыў за працу ўзяцца Камсамольска маладняк. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пячо́ра, ‑ы, ж.

1. Пустая прастора пад зямлёй, у горным масіве, утвораная дзеяннем падземных вод або вулканічных працэсаў, якая мае выхад на паверхню; грот. Сталактытавыя пячоры. Пячоры першабытнага чалавека.

2. Абл. Нара; падземны ход. Падаўся назад Міколка, як рак у пячору. Лынькоў. Такія глыбокія хады і пячоры выкопваюць у глінянай сцяне абрыву сваімі маленькімі дзюбкамі і лапкамі гэтыя мілыя, прывабныя птушкі [ластаўкі]. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Памянш.-ласк. да туша (у 1 знач.); цела забітай жывёлы, птушкі і пад. невялікіх памераў. [Князь:] — Вэндзіць фазана будзеш як заўсёды на драўляным пілавінні з цукрам. І каб тушкі не дакраналіся адна да адной! Караткевіч. Штогод з Жлобіна ў буйныя цэнтры нашай краіны накіроўваюцца ў вагонах-халадзільніках тысячы скрынак з упакаванымі тушкамі «зялёных качанят». «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)