турухта́н, ‑а, м.
Балотная птушка з цёмным апярэннем, якая водзіцца ў тундры і ў лясной зоне Еўразіі. Даўганогія жоравы з турухтанамі збяруцца вялікімі кампаніямі на рыжым куп’істым балоце і давай адзін перад адным вытанцоўваць — хто больш прыгожае ды мудрагелістае каленца выкіне. Ігнаценка. Адбываліся ў пачатку лета жорсткія, але заўсёды бяскроўныя турніры птушак-турухтанаў, гэтых заўзятых дуэлянтаў. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Карава́й ’рытуальны вясельны хлеб’, укр. коровай ’тс’, рус. коровай ’тс’, балг. кравай ’тс’, серб.-харв. кра̀ва̑ј ’тс’, славен. kravâj ’тс’ (заходнеславянскія паралелі адсутнічаюць). Аб фальклорных даных гл. Іванаў-Тапароў, Иссл., 243 і наст. Традыцыйна каравай разглядаецца як «бык-жаніх» («каравай — карова»), каравай — варапай ’выкрадальнік нявесты’ ў адпаведнасці з абрадам «умыкання». Словаўтваральная мадэль выкарыстоўвае фармант ‑ějь/‑(j)ajь (Ваян, Gram. comp. IV, 532; SP, 1, 88). Параўн. літ. vasarà ’лета’, vasarójis ’яравы хлеб’ (Трубачоў, Эт. сл., 11, 115).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ме́жань 1, ме́жань, межані́на ’ўзровень вады ў рэчцы’ (іўеў., Сцяшк. Сл.), ’доўгае сезоннае стаянне нізкіх узроўняў вады’ (ТСБМ; вілен., Яшк.). Укр. ме́жень, ме́жінь, рус. меже́нь ’сярэдзіна лета’. Да мяжа́ (гл.). (Фасмер, 2, 592).
Ме́жань 2, ме́жынь ’веснавы рух сокаў у дрэвах’ (Бяльк.). Роднаснае да балтыйскіх лексем: усх.-літ. mẽdžias ’лес’, літ. mẽdė, лат. mežs ’тс’. Параўн. яшчэ і рус. смал., арл., калуж. меженя ’нізкія мясціны, дзе расце асіннік, — там дзяруць кару і лыка’ (КЭС). Гл. таксама і межаву́ха.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
По́длетак ’маладая птушка, якая толькі пачала вылятаць з гнязда’, ’блазан, недарослы, дзіця’ (ТСБМ, Некр., Янк. 1, Мат. Гом., ТС), по́дляцень, подлётыш ’птушаня’ (Мат. Гом.), падляту́ха ’дзяўчынка-падлетак’ (Сл. рэг. лекс.). Ад падлятаць < лятаць. Першапачаткова ’птушаня, якое вучыцца лятаць’, потым — ’хлопчык або дзяўчынка ў пераходным узросце’. Параўн. рус. падлётух ’тс’, польск. podlotek ’тс’. Семантыка, несумненна, у выніку узаемадзеяння блізкіх па форме падлётак ’птушаня, якое крыху лятае’ (гл.) і падле́так ’хлопчык або дзяўчынка ў пераходным узросце’ (гл.), ад ле́та ’год’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
жураве́ль 1, ‑раўля, м.
Вялікая балотная пералётная птушка з доўгімі нагамі і шыяй, з доўгай прамой дзюбай. Жураўлі праляталі над полем, Забіраючы лета з сабой. Колас. І вядуцца на балотах Жураўлі ў густых чаротах. Гурло.
жураве́ль 2, ‑раўля, м.
Прыстасаванне пры калодзежы для даставання вады, якое складаецца са стойкі, рычага-вагі і вочапа. Журавель варухнуўся, хутка падаўся вочапам уніз да вады. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паго́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Стан атмасферы ў данай мясцовасці. Сухая пагода. Марозная пагода. □ Лета было добрае, пагода спрыяла ўраджаю і рабоце. Колас. // Добрае надвор’е. Як мінае бура, настае пагода. Вось таму мне мілы росквіт веснавы. Гурло. Дым слупамі — на пагоду — Падымаецца ўгару. Калачынскі. Хто дажджом косіць, той пагодаю сушыць. З нар.
•••
Рабіць пагоду гл. рабіць.
Чакаць з мора пагоды гл. чакаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
палагадне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Стаць больш лагодным, памяркоўным; падабрэць. Стары неяк адразу палагаднеў, спытаў, адкуль ідзе маладзіца і ці далёка ісці. Шамякін. // Стаць больш прыветлівым, сардэчным (пра голас, твар, погляд і пад.). Пальцы гаспадыні спрытна лічылі храбусткія паперкі, голас палагаднеў. Савіцкі.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць цяплейшым; памякчэць. Вецер палагаднеў, абяцаючы мяккую цяплынь бабінага лета. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пя́цца, пнуся, пнешся, пнецца; пнёмся, пняцеся; незак.
1. Напружваць усе сілы; напружвацца. Схудзелы за лета конь пяўся, цягнучы воз бульбы па пескавых каляінах. Крапіва.
2. перан. Намагацца зрабіць што‑н. Лез, пяўся [Васіль], колькі змогі, зладжваў будыніну свайго шчасця, бервяно за бервяном, плашку за плашкай, паплецінку за паплецінкай. Мележ. Каб схаваць ад Галілея сваё пачуццё, .. [Гвардыян] пяўся зрабіць на сваім твары безуважна-іранічную ўсмешку. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рассо́хнуцца, ‑нецца; пр. рассохся, ‑сохлася; зак.
Высахнуць да такой ступені, каб утварыліся шчыліны. — Бяры, Антось, ты човен гэты. Рассохся трохі ён за лета. Колас. — Хачу вады ў балею нанасіць, каб не рассохлася. Зуб. // перан. Разм. Разладзіцца, расстроіцца. [Маці — Андрэю:] — Зося вучыцца пачне. Яна ж збіраецца ў інстытут. І вяселле ёй тады не да ладу стане. Баюся, каб яно не рассохлася ў вас. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сто́ма, ‑ы, ж.
Аслабленне сіл, зморанасць ад цяжкай работы ці якога‑н. занятку. Папраўдзе, гэты чалавек не ведаў стомы. Скрыган. Таму не знаў я зморы, стомы У навальніцах, у барацьбе. А ты пытаешся, ці мог бы Жыць без кахання, без цябе. Танк. / у вобразным ужыв. [Лес] аціх — анямеў, самлеў у стоме, якая настала пасля лета, што агалошвала яго нядаўна рокатам з урадлівай пожні. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)