по́ркацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Корпацца, капацца ў чым‑н. Франтаваты жандарскі афіцэр прыдзірліва поркаўся ў рэчах пасажыра, які вяртаўся з Швейцарыі. «Беларусь».

2. Займацца чым‑н. карпатлівым, марудным; рабіць што‑н. марудна, павольна. Асноўныя работы ў аперацыйнай былі закончаны. Апошнія дні поркаліся з тэлевізійнай апаратурай. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́дзіва, ‑а, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прасці. [Аўгіньцы] трэба знайсці нейкую прычыну, каб кінуць сваё бясконцае, да краю абрыдлае прадзіва і выбегчы на вуліцу. Зарэцкі.

2. Вынік гэтага дзеяння; тое, што спрадзена. Многа трэба прадзіва, каб столькі сукна саткаць. «Беларусь».

3. Кудзеля, лён і пад., прыгатаваныя для прадзення.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прафесіяналіза́цыя, ‑і, ж.

Авалоданне прафесіяй, спецыялізацыя ў якой‑н. галіне. // Пераход у разрад прафесіяналаў. Ганарару беларускія часопісы не плацілі, і аб прафесіяналізацыі не маглі марыць нават найздальнейшыя; паліцэйскі здзек над асобай пісьменніка безупынна рос. У. Калеснік. Скамарошніцтва ў Беларусі развівалася шляхам прафесіяналізацыі найбольш таленавітых арганізатараў народных гульняў. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парні́к, ‑а, м.

Збудаванне, пакрытае зашклёнымі рамамі або поліэтыленавай плёнкай, для вырошчвання расады, ранняй гародніны і пад. Адпрацаваная пара тут выкарыстоўваецца для запарвання грубых і сакавітых кармоў,.. ацяплення парнікоў і цяпліц. «Беларусь». Як падрастуць сцяблінкі ўсе, Мы з парнікоў расаду У свой гарод перанясем І высадзім на грады. Аўрамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэма́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Сукупнасць, кола тэм. Тэматыка даследаванняў. Былінная тэматыка. □ Тэматыка лірычных твораў Я. Коласа надзвычай разнастайная. «Беларусь». Рабочая тэматыка займае ўсё большае і большае месца ў творах беларускіх пісьменнікаў. Арабей. Сергіевічу, які ўпершыню браўся за гістарычную тэматыку, хацелася даць трактоўку яе ў народным духу. Ліс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

го́ні, ‑ей; адз. няма.

Вялікая, доўгая ніва. Ад відна араў хлапчына гоні, Ветрам ён усмак надыхаўся сягоння. Зарыцкі. Алена асталася дажынаць гоні ячменю. Чарнышэвіч. // Паэт. Прастор, зямля. Цябе, Беларусь, я шчасліваю бачыў, Як ты расквітнела на гонях сваіх. Броўка. Дзень добры, юная вясна! Дзень добры вам, лясы і гоні! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аб’е́зд, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. аб’язджаць — аб’ехаць (у 1–3 знач.).

2. Месца з часовай дарогай, па якім можна аб’ехаць. Веласіпед лёгка каціўся наперад, пакідаючы ззаду пад’ёмы і спускі, масты і аб’езды. «Беларусь».

3. Уст. Конны дазор. Дзесьці недалёка залескаталі па бруку конскія падковы — ехаў аб’езд. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

быто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.

Разм. Памяшканне на колах для часовага адпачынку ў палявых умовах. У перапынку мы сустрэліся ў перасоўнай бытоўцы, якія ёсць у кожнай брыгадзе. «Беларусь». // Памяшканне на будоўлі для адпачынку і захоўвання інструментаў, прылад і пад. Хлопцы ідуць у бытоўку — рыдлёўкі ляжаць там. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неакантыя́нства, ‑а, н.

Ідэалістычная філасофская плынь канца 19 і пачатку 20 стст., якая спрабуе асэнсаваць праблемы філасофіі на падставе абноўленай інтэрпрэтацыі І. Канта. Неакантыянства паклала пачатак рэакцыйнай тэорыі «мастацтва для мастацтва» з шматлікімі і рознабаковымі праявамі яе ў гісторыі і тэорыі навукі аб літаратуры, мастацтвазнаўстве і творчай практыцы працаўнікоў мастацтва. «Беларусь».

[Ад грэч. neos — новы і кантыянства.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паслякастры́чніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да часу пасля Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. У паслякастрычніцкі перыяд, калі Беларусь упершыню ў гісторыі атрымала сваю дзяржаўнасць, пачынаецца новы этап у вывучэнні спадчыны Скарыны. Алексютовіч. Ужо ў першае паслякастрычніцкае дзесяцігоддзе графіка не толькі пабыла «правы грамадзянства», але выйшла на перадавыя рубяжы беларускага савецкага мастацтва. Шматаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)