Ара́ва ’мноства людзей (жывёл)’ (Інстр. III, Сцяшк., Бяльк.). Рус. орава, арава ’тс’, укр. орава, арава ’тс’. Коканаў (ИОРЯ, 1966, 3, 228), абвяргаючы цюркскае паходжанне, дапускаў угра-фінскае, комі-зыранскае, але ніякіх дакладных пацверджанняў крыніцы няма. Фасмер, 3, 147 (услед за Патабнёй паводле Гараева), звязвае з реветь. КЭСРЯ, Трубачоў (Фасмер, 3, 147) за Унбегаунам, BSL, 52, 173, і Міклашычам звязваюць гэта слова з ора‑ть ’крычаць’. Пераканаўчае рашэнне дае Варбот (РР, 3, 1974, 100–103), якая звязвае слова з кашуб. orava ’талака падчас ворыва’ і ўзводзіць слова да араць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
калю́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Усякае невялікае колкае вастрыё. Ляснуў неяк мокрай пугай па агароджы з калючага дроту, а пуга заматалася канцом за калючку. Брыль. // Калючы шып на расліне або на целе жывёліны. Калючкі кактуса. Калючкі вожыка. □ [Лясніцкі і Таццяна], не спяшаючыся, пачалі спускацца на дно рова, чапляючыся за кусты, абдзіраючы да крыві твар і рукі аб вострыя калючкі шыпшыны. Шамякін.
2. звычайна мн. (калю́чкі, ‑чак). Разм. Пра некаторыя калючыя расліны. Пад соснамі — мох, сухое ламачча, маліннік, калючкі. Бажко.
3. перан. З’едлівая заўвага, вострая насмешка. — Змоўк ваш бог, Нахамчык, — з калючкай пад’ехаў.. Лейба. Мурашка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лётны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да палёту (самалёта, дырыжабля і пад.). Лётнае поле. □ Сафонаў збівае некалькі гітлераўскіх самалётаў, хаця яго самалёт па сваіх лётных якасцях горшы за дасканалыя нямецкія апараты. Кучар. // Спрыяльны для палёту, лятання. Лётны дзень. Лётнае надвор’е. // Прызначаны для лётчыка, палёту (на самалёце, дырыжаблі і пад.). Лётны касцюм. □ Макараў расшпіліў сінюю лётную куртку, адлажыў каўнер і, скінуўшы шапку-вушанку, сеў за стол. Алешка.
2. Звязаны з прафесіяй лётчыка; авіяцыйны. Лётная справа. Лётная школа. □ З лёгкай часці.. паступіла трывожная тэлефонаграма: на аэрадроме робіцца нешта незвычайнае. Лынькоў.
3. Які ўмее лятаць (пра птушак, насякомых). Лётныя гусі.
•••
Лётная дарожка гл. дарожка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зака́пацца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Запэцкаць сябе каплямі чаго‑н.; абкапацца. Закапацца фарбай.
закапа́цца 2, ‑а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; зак.
1. Схавацца, змясціўшыся ў выкапанае паглыбленне або засыпаўшы сябе чым‑н. зверху. Закапацца ў салому. Закапацца ў снег. // перан. Поўнасцю аддацца якой‑н. справе, рабоце. З галавой закапаўся ў канспекты і падручнікі. □ І наш Варлен.. За навуковую работу ўзяўся: Даведнікаў за сотню перарыў, У кнігі з галавою закапаўся. Маеўскі.
2. перан. Разм. Маючы многа якой‑н. работы, не паспець яе своечасова выканаць. [Насці] хацелася пагаварыць, але Кузьме не было часу, бо ён закапаўся ў сваёй рабоце. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пралі́ць, ‑лью, ‑льеш, ‑лье; ‑льём, ‑льяце і ‑лію, ‑ліеш, ‑ліе; ‑ліём, ‑ліяце; зак., што.
Разліць. — Каб у бацюшкі ў засеках поўна было, — прыгаворваў Габрусь, калі бацюшка нагінаўся сербануць з чаркі, каб не праліць «жывой вадзіцы»... Чарот. — Не забудзь жа, хлопча, тры карабкі з паловай, — затыкаючы анучкай каністру, заклапочана гаварыла бабка Ганна. — Ды глядзі ж не пралі па дарозе. Аляхновіч. // перан. Выпраменьваць, пашыраць навокал (святло, гукі і пад.).
•••
Праліць кроў чыю — параніць, забіць каго‑н.
Праліць пот — папрацаваць.
Праліць (сваю) кроў за каго-што — ахвяраваць жыццё або быць параненым, змагаючыся за каго‑, што‑н.
Праліць святло на што — растлумачыць што‑н., зрабіць ясным, зразумелым.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сму́так, ‑тку, м.
Пачуццё суму, маркоты, жалю. Я за труной тваёй іду з жалобнай песняй. Глыбока ў сэрцы смутак свой нясу. А. Александровіч. Сяброўскае слова і жарты Адгоняць і смутак і жаль. Хведаровіч. Ідзеш па вуліцы, заходзіш у хаты, гутарыш з людзьмі і бачыш, як цячэ мірнае, працавітае жыццё, з поспехамі і няўдачамі, з радасцямі і часінамі смутку. Хадкевіч. // Журботны, сумны выраз (вачэй, твару, губ і пад.). Прыкметны смутак стаіўся ў .. карых вачах [Алесі]. Шамякін. На поўны твар .. [Зімчука] лёг смутак. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
порт 1, ‑а, М порце, м.
Спецыяльна прыстасаванае месца для стаянкі, пагрузкі, разгрузкі і рамонту суднаў. Хутка з-за гары, што ўзвышалася на левым беразе над самай вадой, вынырнуў вялікі порт і горад. Шамякін. Я бачыў не раз, як буруны ўставалі І з мора спяшаліся ў порт караблі. Лужанін. // Прыморскі горад з такім спецыяльна прыстасаваным месцам для стаянкі, пагрузкі, разгрузкі і рамонту караблёў. Велізарныя порты, такія, як Адэса і Марыупаль, маюць сувязь з усімі краінамі свету. «Беларусь».
[Фр. port.]
порт 2, ‑у, м.
Льняная або баваўняная тканіна. Кашуля шырокая з порту, Лапці з пяньковых абор, У шапцы салдацкай падзёртай Ходзіць па вёсцы Прахор. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Нагні́сты ’моцны, магутны’ (астрав., Сцяшк. Сл.). Як відаць з ілюстрацыі («Рука ў иаго нагнʼистайа, адразу паршука ўложыць»), тлумачэнне слова занадта абагульненае; хутчэй за ўсё гэта аказіяналізм ад нагнуць або ад гнясці ’прыціскаць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Наоблап ’пакідаючы каляіну ў сярэдзіне, між колаў (адно кола пасярэдзіне дарогі, а другое — за дарогай) пры яздзе па гразкай ці выбітай дарозе’ (ТС). З на+об+лап, параўн. аблапіць ’абхапіць’, гл. лапа.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ліжэ́ць ’меншаць, слабець (пра мароз)’ (дзярж., Нар. сл.). Утворана з прасл. lьg- і суф. -ěti. Лексема хутчэй за ўсё запазычана ці аформлена паводле польск. ulżyć ’аблегчыць’ < lżej ’лягчэй’. Да лёгкі, ільгота (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)