пажартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак.
1. Сказаць жарт. Усе пакочваюцца з рогату, дзед умее пажартаваць. Лужанін. Воранаў прыняў земляка ветліва, нават пажартаваў: «На чужой старонцы рад сваёй варонцы». Пальчэўскі. // з каго-чаго, (рэдка) над кім-чым і без дап. Сказаць або зрабіць што‑н. дзеля жарту; пасмяяцца з каго‑, чаго‑н. Зноў захацелася [Таццяне] пажартаваць з.. [Жэні], падражніцца, паспрачацца, як калісьці ў школе. Шамякін. Цяпер мне здаецца, што нехта вельмі злосна пажартаваў нада мной, прызначыўшы за брыгадзіра. Асіпенка.
2. Жартаваць некаторы час. А жыццё сабе ішло. Патроху пачало ўсё ўваходзіць у норму. Збіраліся [сяльчане] пасядзець то на вячорках, то на прызбах, каб і пажартаваць і паплакаць. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пакірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.
1. кім-чым. Кіраваць на працягу нейкага часу. За адзін учарашні дзень Грышка паспеў пабываць у кабіне магутнага тралёвачнага трактара і пакіраваць лесавозам. Паслядовіч. — Дык от, Галіна Казіміраўна, .. вам давядзецца пакіраваць калгасам, пакуль вернецца Леўчык. Сабаленка.
2. Разм. Тое, што і накіраваць (у 1, 2 знач.). Шашура прайшоў у канец палоскі, налёг на ручкі, перавёў плуг на другі край вагона і накіраваў назад. Мележ. Людзі з першай жа хвіліны пакіравалі свае думкі да пераспелага жыта. Чорны.
3. Разм. Тое, што і накіравацца (у 1 знач.). [Зося] прабегла ўсю сценку, павярнула да скрыжаваных дарог, абагнула іх і пакіравала ў бок пасекі. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нелады́, ‑оў; адз. няма.
Разм.
1. Непаразуменні паміж кім‑н.; сваркі. — А ці чулі вы, панічыку, што Курульчука перамяшчаюць ад нас? — Перамяшчаюць? — спытаў Лабановіч. — Чаму ж яго перамяшчаюць? — Нелады ў іх з дарожным майстрам, — растлумачыла старожка. Колас. І пачаліся ў сям’і нелады. Жонкі братоў сварацца, адна адну заядаюць, — рады няма. Такая пайшла між імі калатня, што і мужыкі нічога зрабіць не могуць. Якімовіч.
2. Няўдачы. [Мая:] Доўга штось яго чакаем. Час дамоўлены мінае, Чуе сэрца нелады. [Тамара:] У таемным гэтым краі Недалёка да бяды. А. Александровіч. // Непаладкі. Не лёгка расправіцца з прарывамі, бо не ўсе цэхі механізаваны. У адным цэху нелады, а тармозіцца работа ў іншых цэхах... Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напо́мніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.
1. аб кім-чым, пра каго-што і без дап. Прымусіць успомніць, прывесці на памяць, звярнуць увагу на каго‑, што‑н. Напомніць аб сваім існаванні. Напомніць пра свае заслугі. □ [Сцёпка] напомніў тут словы Леніна аб тым, што і кухарка павінна ўмець кіраваць дзяржавай. Колас. [Шугаеў:] Я хачу табе напомніць, што галоўнага інжынера назначае і знімае міністр. Крапіва.
2. каго-што. Здацца падобным на каго‑, што‑н., выклікаць успамін пра каго‑, што‑н.; нагадаць. Прахожы напомніў сябра. Возера напомніла мора. □ Твар чалавека напомніў штосьці даўно знаёмае, крануў балючую струнку не то з дзяцінства, не то з юнацтва, і я пачаў пільна сачыць за гэтым чалавекам. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
піса́цца, пішуся, пішашся, пішацца; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.) Ужывацца на пісьме; перадавацца на пісьме пэўным чынам. На канцы слова «вугаль» пішацца мяккі знак. □ Падыходзіў бліжэй дзядзька Антось, і мужчыны наладжвалі вучням і дарэктару «экзамент». Пыталіся, як пішацца тое ці іншае слова. С. Александровіч.
2. безас. Разм. Аб магчымасці або жаданні пісаць. Пісалася добра, Бо золкі Дождж рытм адбіваў. Калачынскі.
3. Уст. Лічыцца кім‑, чым‑н., называць сябе як‑н. у дакументах, афіцыйных паперах. — Ты як пішашся: па бацьку ці па матцы? — запытаўся .. [старшыня]. Якімовіч.
4. Разм. Запісвацца, уступаць. Адзін за адным каралінцы пачалі пісацца ў калгас. Сабаленка.
5. Зал. да пісаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
любата́, ‑ы, ДМ ‑баце, ж.
1. Тое, што люба, што выклікае захапленне прывабнасцю, прыгажосцю. Тут [у клеці] нейкая асаблівая сцішанасць, нейкая адменная любата. Сабаленка.
2. у знач. вык. Пра захапленне, зачараванне кім‑, чым‑н., задавальненне ад каго‑, чаго‑н. [Дзед Мацей:] — Бач, якое падвор’е, проста любата. Ляўданскі. Ехаць па лесе — адна любата. Гамолка. [Доўнар:] — Хлопцы — любата, адзін у адзін. Дуброўскі. // безас. у знач. вык., з інф. Прыемна. Любата глядзець, як пад напорам.. моцных рук вянок за вянком узнімаюцца ўгору новыя хаты. Васілевіч. А касілка косіць-рэжа, Ажно глянуць любата. Ставер. // у знач. выкл. Ужываецца пры выказванні прыемнага ўражання. [Собіч:] — Любата! Проста любата, Марына Барысаўна! Цяпер у нас зусім другая карціна. Скрыган. [Андрэй Сцяпанавіч:] — Паглядзіце, якое ворыва! Любата! Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыгажу́ня, ‑і, ж.
1. Прыгожая жанчына. Сама Таня, стройная прыгажуня, сядзела за сваім сталом, бразгаючы лічыльнікамі і зрэдку прыслухоўваючыся да размоў. Лупсякоў. Насця Рагіна карысталася славай прыгажуні на ўвесь сельсавет. Шамякін. // Разм. У звароце да жанчыны або дзяўчыны. Сядзіць у малым пакойчыку дзяўчына з русымі косамі. Загледзеўся Іван на яе. — Хто ты будзеш, прыгажуня? — пытаецца. Якімовіч.
2. Аб кім‑, чым‑н. прыгожым. Пад паплаўком, у тым таямнічым падводным царстве, куды патанула прынада, прачнулася ўжо далікатная прыгажуня плотка. Брыль. Я спяваў аб роднай пушчы, Аб ялінах-прыгажунях, А згадаў ён пальмаў засень, Сцежкі тыгравыя ў джунглях. Гілевіч.
•••
Пісаная прыгажуня — вельмі прыгожая, такая, як на малюнку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прылучы́цца, ‑лучуся, ‑лучышся, ‑лучыцца; зак.
1. Далучыцца да каго‑, чаго‑н. Прылучыцца да кампаніі. □ Завод, на якім працаваў Рыгор, прылучыўся да забастоўкі трэцім. Гартны. Пакуль ураднік збіраўся, падышоў дзяк. Да іх яшчэ прылучыўся дыякан з фельчарам. Колас. // Стаць на чый‑н. бок, згадзіцца з кім‑н. Прылучыцца да прапановы.
2. Пазнаёміцца з чым‑н., уключыцца ў якую‑н. дзейнасць. Будзе працаваць [Віктар] нароўні з усімі. Зноў прылучыцца да нялёгкай, але знаёмай сялянскай працы. Паўлаў.
3. Разм. Здарыцца, стацца. [Алеся] перадумала ўсе няшчасці і здарэнні, якія маглі прылучыцца з Васілём. Колас. [Марыля:] Жалоба па бацьку яшчэ не адышла, з Зоськай такое няшчасце прылучылася, а ён — на табе! На скрыпцы выігрывае. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыстро́іць 1, ‑строю, ‑строіш, ‑строіць; зак.
1. што. Прымасціць, размясціць дзе‑н. Юрканс прыстроіў у кутку невялічкую свечку, якая ледзь мігцела. Броўка. Косцік зрабіў .. аж тры [шпакоўні] і прыстроіў на высокай бярозе каля хлява. Паслядовіч.
2. каго. Разм. Уладкаваць на работу, на якое‑н. месца і пад. — А там паглядзім, можа дзе і на якую работу прыстроім. Сабаленка. Яму [каню] б вазы вазіць, араць, Бо ў гэтым конскае прызванне, Яго ж прыстроілі у цырку выступаць. Корбан.
3. каго-што. Далучыць да строю, паставіць у строй; паставіць у рад, у адну лінію з кім‑, чым‑н. Прыстроіць да левага фланга.
прыстро́іць 2, ‑строю, ‑строіш, ‑строіць; зак., каго-што.
Разм. Апрануць па-святочнаму, прыбраць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пужа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Наводзіць страх, палохаць. Пукатыя вочы, крывая дзюба [пугача] нават цяпер пужаюць. Маўр. Вецер гойсае па пушчы і галлё сухое трушчыць, птушанят малых пужае на яліне у гняздзе. Грахоўскі. // Прымушаць баяцца каго‑, чаго‑н., страшыць кім‑, чым‑н. Пужаць дзяцей бабай-ягой. □ Словы «генеральная рэпетыцыя» здаваліся сялянам нейкім страшыдлам, ім нават пужалі дзяцей. Пшыркоў. // Выклікаць трывогу. Работа не пужала мяне, а пужала беспрасветнасць яе. Скрыган. [Доктар:] — Але скажу вам, што жанчына, якая ніколі не плача, мяне пужае і.. замарожвае. Васілевіч.
2. Спужаўшы, прымушаць падняцца з месца, пабегчы, паляцець. Прыжмурыўшы вока, Міколка ўглядаецца ў далёкую грушу .. — Ізноў нехта бусла пужае... Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)