Рабі́навая ноч ’летняя ноч з громам, маланкай, дажджом’ (ТСБМ), ’навальнічная ноч у канцы лета’ (Ян.), рабі́нная ноч ’тс’ (Мат. Гом.), рабі́нова (рабі́на) ноч ’тс’ (ТС), укр. гороби́на ніч ’ноч з моцнай навальніцай’, рус. дыял. ряби́новая ночь, араби́новая ночь ’душная летняя ноч з зарніцамі’, ’навальнічная ноч’. Выраз вядомы толькі ўсходнім славянам. Упершыню засведчаны ў спісах XV ст. “Аповесці мінулых гадоў” як рѩбинаѩ ночь: И бывши нощи рябинои, быстъ тма, и гром шибаше и дождь. Німчук лічыць, што першы член выраза — гэта прыналежны прыметнік ад стараж.-рус. (о)рябъ, (о)рябь (< прасл. *rębъ ’курапатка’), гл. рабчык, які з цягам часу перастаў суадносіцца з назвай птушкі і быў рээтымалагізаваны шляхам збліжэння са словам рабіна або верабей (Німчук, Давньорус., 161–163). Малаверагоднай падаецца версія Даля пра сувязь з назвай дрэва (гл. рабіна), бо ў гэты час цвіце рабіна (Даль₃, 1775–1776). Па меркаванні іншых навукоўцаў назва звязана з рабы́ і роднаснымі і.-е. назвамі колеру і матывавана ўяўленнямі пра “рабую, стракатую” ад успыхваючых маланак у летнюю ноч (Брукнер, 451; Агапкина, Топорков, СіБФ, 1989, 230–253; Фінкель, ВЯ, 1956, 4, 92). Можна прапанаваць версію аб балтыйскім паходжанні назвы, параўн. літ. rabė́ti, rãbinti ’стукаць, грукатаць’, лат. grabinãt ’стукаць, удараць’, rībināt ’грукатаць (пра гром)’. Агляд версій гл. Фасмер, 3, 535; Будзішэўска, SOr, 39, 3–4, 275; Жураўлёў, Язык и миф, 522–524; Слав. др., 1, 433–434.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Снет ‘дошка, якая закрывае бакавы ўваход у калодны вулей’ (Маш.; чэрв., З нар. сл., ТС), сні͡ет ‘верхняя накрыўка борці’, ‘накрыўка ў вуллі, наверсе востра абчасаная’ (Маш.), ‘(у борці зверху) дубовая дошка даўжынёй да 1,5 м, шырынёй 15 см і таўшчынёй 8–10 см’ (Пятк. 1), снедзь ‘дошка для закрывання лятка, уваходу’ (ТС, Мат. Гом.), сні͡едь ‘тс’ (Сержп. Борт.), сні͡ед ‘тс’ (Сержп. Грам.), снет, снёт, сніт, сне́то, снето́к ‘дзверцы ў стаячым вуллі’ (ЛА, 1), сніт ‘лінія, па якой распілоўвалася дрэва ўдоўж ці ўпоперак’ (беласт., Сл. ПЗБ), сніці́на ‘снет’ (зэльв., Сл. ПЗБ). Сюды ж, відаць, сні́тка ‘невялікая луста, скібка’ (Скарбы). Укр. сніт ‘дошка, цурбан’, рус. снеть (снедь — са знакам пытання ў Даля) ‘дошка, якая закрывае бакавы ўваход у вулей’, польск. śniat, śniad ‘ствол дрэва’, ‘на адсечаным дрэве тое месца, дзе яно адсечана ад кораня’, ‘дошчачка для закрывання даўжэі ў борці’, каш. sńat ‘калода, дрэва’, н.-луж. snět ‘кусок дрэва (толькі ва ўласных імёнах)’, чэш. snět ‘ствол дрэва’, дыял. ‘галінка’, ‘звязка або слой бярвенняў у плытагонаў’, славац. sneť, snietka ‘галінка’. Прасл. *snětъ < і.-е. *snoi̯to‑, што ўзыходзіць да і.-е. кораня *snei̯t‑ ‘рэзаць’, кантынуантамі якога з’яўляюцца таксама гоц. sneiꝥan, ст.-ісл. sniđa ‘рэзаць, жаць’, ст.-в.-ням. snīdan (сучаснае schneiden) ‘рэзаць’, ст.-ісл. sneiđ ‘адрэзаны кавалак’, швед. дыял. sneis ‘тонкая галінка’. Гл. Покарны, 974; Фасмер, 3, 698; Махэк₂, 564; Шустар-Шэўц, 1328; SEK, 4, 341; ЕСУМ, 5, 336.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стаці́вы, стоці́вы, стаціва́ ‘аснова ткацкага станка’ (гарад., лід., трак., шчуч., карэлку, Сл. ПЗБ), стацві́нні ‘тс’ (смарг., Сл. ПЗБ), стаці́ва, ста́цьвіна ‘бакавая частка ткацкага станка’ (Сцяшк.), стацьві́на ‘ставы’ (мёрск., ЛА, 4), стацьві́ны ‘бакавіны кроснаў’ (Касп.; ЛА, 4), стаці́ва ‘бок кроснаў, станіна’ (навагр., З нар. сл., Мат. Гом.), ‘асноўная частка ткацкага станка’ (чырв., З нар. сл.), ста́ціво ‘адзін з варыянтаў пастаноўкі кроснаў’, стаці́віна ‘станіна кроснаў’ (слонім., ЖНС), стаці́віна, стацьві́на ‘бакавая частка ставаў’ (Мат. Гом., ТС), статовы́нне, статовы́ны, статывкы́ ‘кросна’ (Сл. Брэс.), ста́ціва, стаці́віна ‘станіна’ (Мат. Гом.), мн. л. стаці́вы ‘тс’ (ЛА, 4), стаці́ва, статовы́ны, стату́ўкі ‘менш дасканалы з сучасных ткацкіх станкоў’, ‘дзве вертыкальныя паловы рамы, на якіх умацоўваюцца ўсе часткі больш дасканалых тыпаў ткацкага станка’ (Уладз.). Укр. стати́ва ‘рама, станіна ткацкага станка’, польск. stativa ‘рама ткацкага станка’, н.-луж. staśiva ‘ткацкі станок і яго станіна’, чэш. дыял. stativo ‘ткацкі станок’, серб.-харв. stativa ‘бок ткацкага станка’, славен. stȃtve мн. л. ‘ткацкі станок’, балг. ста́тива ‘ткацкі станок’. Прасл. *stativa — дэрыват ад *stati з суф. *‑iv‑, першапачаткова прыметнік, які потым субстантываваўся. Гл. спецыяльна Трубачоў (Ремесл. терм., 123), які падкрэслівае прыроду зыходнага дзеяслова *stati, што азначае не толькі ‘стаяць вертыкальна, але і нерухома на адным месцы, быць асновай чаго-небудзь’, а таксама ўказвае на славяна-лацінскую словаўтваральную паралель, параўн. лац. прым. statīvus ‘той, які стаіць на адным месцы’, наз. statīva ‘лагер, стан’. Гл. яшчэ Махэк₂, 576; Шустар-Шэўц, 1356; Бязлай, 3, 313.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Строк 1 ‘авадзень’ (Маш., Дразд., Сцяц. Сл., Скарбы; кіраў., Нар. сл.), ‘здрок, Gasterophilidae’ (Федар. 4, Сцяшк. Сл.; брэсц., гродз., шчуч., ЛА, 1), строк, стрэк ‘авадзень’ (гродз., свісл., шчуч., баран., асіп., пін., гарад., Сл. ПЗБ; ЛА, 1), страк, стрэк ‘страказа’ (дзятл., шчуч., Сл. ПЗБ). Рус. строка́, стрёк ‘авадзень, сляпень’, ц.-слав. стръкъ, чэш. streček, славац. streček, н.-луж. stśak, в.-луж. ćělčk, серб.-харв. штр̑к ‘тс’, балг. щръ́клица. Прасл. *strěkъ (рэканструкцыя Махэка₂, 585). Вытворнае ад *strěkati, гл. стрыка́ць. Шустар-Шэўц (1367–1368) як праславянскае ўзнаўляе *strečьkъ. Арашонкава і інш. (Весці, 1969, 4, 129) бел. строк параўноўваюць з літ. straglỹs//straklys ‘страказа’, stràkas ‘бойкае дзіця’, strakùs ‘здольны высока падскочыць’, straksėti ‘падскокваць’, што, магчыма, датычыць толькі значэння ‘страказа’, гл. Астрэйка, АКД, 8. Фасмер (там жа), прынамсі параўнанне з strakùs лічыць ненадзейным, а Махэк₂ (там жа) у якасці паралелі прыводзіць ням. stechen ‘калоць’ з ‑к‑ замест g і ўстаўкай ‑r‑.

Строк 2 ‘тэрмін’ (Бяльк., Пятк. 2, ТС; беласт., Сл. ПЗБ; Жд. 1, Ян.; в.-дзв., Шатал.). З рус. срок ‘тс’ з устаўным т (паходзіць ад *sъrekti ‘дамовіцца’, гл. рэкнуць).

Строк 3 ‘від шва’ (Сл. рэг. лекс.), стро́чка ‘шво’ (Мат. Гом.). Узыходзіць да прасл. *strokъ ‘укол, пракол’, звязанага чаргаваннем з прасл. *strěkati ‘калоць’ (ЕСУМ, 5, 448). Адсюль страчы́ць ‘шыць, вышываць суцэльным швом’ (ТСБМ), ‘шыць уручную’ (мядз., Сл. ПЗБ). Параўн. страка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гэ́та, часціца.

1. указальная. Служыць для выдзялення, падкрэслівання таго ці іншага слова ў сказе. І яшчэ было чым міла Тое поле хлапчуку, Гэта тым, што дзед Курыла Там яго трымаў руку. Колас. Гэта Ленін навучыў, каб народ шчасліва жыў. З нар. // Паказвае на ўдакладняльны сэнс другой часткі выказвання. Адзін дуб у полі — гэта не лес. □ Службовы аўтобус імчыцца па бетаніраванай дарозе — гэта едуць у Бярозу.. будаўнікі. Дадзіёмаў.

2. узмацняльная. Служыць для ўзмацнення значэння папярэдняга займенніка, прыслоўя, часціцы ў пытальных, клічных і даданых сказах. [Альжбета:] Куды вы, родненькія, ці ж гэта вы ўсё яшчэ з рынку едзеце? Купала. Чалавек у космасе! Як гэта здорава, сябры! А. Александровіч. Няма патрэбы ўсяму ўзводу ісці пад Доўгі Брод, як гэта было намечана раней. Колас.

•••

Гэта яшчэ (толькі) кветачкі — пра пачатак чаго‑н., звычайна непажаданага, за якім трэба чакаць яшчэ большага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бараба́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

1. Біць у барабан (бубен), іграць на барабане (у 1 знач.). Вову крыкнула Рая: — Бубен на, барабань!.. Ды ўсё роўна іграе Штосьці сумна баян. Смагаровіч.

2. Разм. Часта і дробна стукаць па чым‑н. І вось, нібы сярэбраны гарох, Дождж барабаніць па вагонным даху. Бураўкін. Дзяжурны барабаніў у павешаную бляху. Чарот. Толькі паслухалі [падпольшчыкі] зводку, як нехта пачаў барабаніць у дзверы. Новікаў. // Бразгаць ад холаду, ветру. Ад ветру барабанілі шыбы. □ Ва ўсім целе .. [Панасюк] адчуваў холад. Сціснуў зубы, каб не барабанілі. Бядуля. // перан.; што і без дап. Гучна, без майстэрства, невыразна гаварыць, чытаць, іграць на якім‑н. інструменце. За кулісамі хтосьці барабаніў польку на раялі. □ Адзін з артыстаў, стоячы на калідоры, барабаніў вершы. Гартны. — Ты, Іван, сёння барабаніш і барабаніш, дай жа чалавеку сказаць, — перапыніла яго Мар’я Андрэеўна. Хадановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адмы́ць, ‑мыю, ‑мыеш, ‑мые; зак., што.

1. Мыючы, ачысціць ад чаго‑н.; вымыць. Я толькі цяпер заўважаю на Міхайлавых далонях чорныя крапінкі. Іх не адмылі ні вада, ні час. Даніленка. А маці цэлы экзамен учынілі [жандары], загадалі ёй вагон звонку адмыць. Лынькоў. // Мыццём зняць, вывесці (плямы, пахі і пад.). Адмыць чарнільныя плямы. □ Рукі пахнуць травой — лебядой, Сырадоем і кропам. Гэтых пахаў ніякай вадой Не адмыеш ні троху. Гілевіч. // перан. Зняць віну, ганьбу, грэх, вярнуць гонар. [Змітрок:] — Бруд, калі ён зверху, адмываецца, а вось калі душа чорная, яе ніколі не адмыеш! Ваданосаў. Нікому, нават Кастусю, ніколі.. [Толя] аб гэтым не гаварыў. Нічым, здавалася яму, нават тысячай забітых ім фашыстаў, нельга будзе хоць трохі адмыць з яго страшную ганьбу. Брыль.

2. Размываючы плынню, патокам, аддзяліць. Рака адмыла частку берага.

3. Спец. Аддзяліць, ачысціць ад прымесей прамываннем. Адмыць залаты пясок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ата́ка, ‑і, ДМ атацы, ж.

Імклівы напад на пазіцыі праціўніка. Ісці ў атаку. Псіхічная атака. Лабавая атака. □ Батарэя, у якой служыў Зыбін і ў якой засталася толькі адна гармата, адбівала атаку нямецкіх танкаў. Мележ. Пад шчыльнай завесай агню партызаны падняліся ў атаку. Навуменка. / У спартыўных гульнях. Люблю я ў футболе юнацкую сілу, Дакладнасць удараў, атак прыгажосць. Панчанка. // перан. Рэзкае абвастрэнне хваробы. Паведамленне ўрача аб тым, што хворая перанесла першую атаку рэўматызму ў нямецкім лагеры, узварухнула [Праша]. Шамякін. // перан. Разм. Дзеянне, накіраванне на дасягненне якой‑н. мэты. Тым часам маці даставала Чыгунчык з печы, лыжку брала І верашчаку налівала. А за сталом на верашчаку Падгатаўлялі ўжо атаку. Колас. Давайце песняй весці людзей За камунізм у атаку. Панчанка. — А як гэта ты, сусед, умудрыўся Антосевых качак перастраляць? — Макарчук перайшоў у атаку на Сіняўскага. Курто.

[Фр. attaque.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кро́пля, ‑і; Р мн. ‑пель; ж.

1. Маленькая круглая часцінка якой‑н. вадкасці; капля. Упалі першыя буйныя кроплі дажджу і, нібыта крупінкі жывога срэбра, задрыжалі і пакаціліся па дарожным пыле. Грахоўскі.

2. перан.; толькі адз., чаго. Самая малая колькасць чаго‑н. Я шчаслівы, што ўзяў для жыцця Хоць па кроплі малой ад цябе — Працавітасці шчырай тваёй, І сардэчнай любві, і спагады. Гілевіч.

•••

Да (апошняй) кроплі — усё без астатку (выпіць, расходаваць і пад.).

Да апошняй кроплі крыві — ахвяруючы ўсім, не шкадуючы жыцця (змагацца, біцца, абараняцца і пад.).

Кропля ў кроплю — абсалютна, поўнасцю (падобен, супадае і пад.).

Кропля ў моры — вельмі нязначная колькасць у параўнанні з чым‑н. вялікім.

Ні кроплі — нічуць, ніколькі.

Ні кроплі ў рот не браць гл. браць.

Як дзве кроплі вады — абсалютна, поўнасцю (падобны, супадае і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бяско́нцы, ‑ая, ‑ае.

1. Бязмежны, бяскрайні, без канца і пачатку. Недзе ў бясконцым блакіце неба курлыкалі жураўлі. Гамолка.

2. Надзвычай доўгі, працяглы. Бясконцая прамова. Бясконцы шлях. Бясконцая ноч. □ [Вася:] — Я не спаў, добра памятаю, што не спаў, але сніў сны, бясконцыя, цяжкія, жудасныя. Шамякін. // Бесперапынны, няспынны. Бясконцым патокам у гумны Снапы залатыя плылі... Панчанка. // Які ніколі не канчаецца, не змаўкае, працяглы. З вышыні на зямлю лілася бясконцая песня нябачных жаваранкаў. Алешка.

3. Вельмі моцны, нязмерны па сіле праяўлення, па велічыні. У яго [Ляткоўскага] голасе была тая бясконцая радасць жыцця, якую толькі і можна выказаць песняй. Вітка.

4. Які маецца ў вялікай колькасці; шматлікі. Дзе б гэта магло быць? У Мінску? Ці ў адной з гэтых бясконцых вёсак, у якіх пабываў.. [Павел], крочачы па доўгіх франтавых дарогах? Васілёнак. Школа акуналася ў новае жыццё, поўнае бясконцых цікавых таямніц. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)