Прыпу́тнік, трыпу́тнік ’падарожнік, Plantago major, Plantago lanceolata’ (Мядзв., Яруш.). Рус. припу́тник, укр. при́путень ’тс’. Дэрыват ад прыметніка *прыпу́тны ’той, які расце пры дарозе’. Да пуць (гл.). Параўн. трыпу́тнік (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
адзіно́чка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑чцы, Т ‑ай (‑аю); Р мн. ‑чак; ж.
1. Той, хто адзін, без сям’і, не ў пары. Усе настаўніцы і настаўнікі-адзіночкі харчаваліся ў сталовай. Дубоўка. // Той, хто робіць што‑н., займаецца чым‑н. адзін, без удзелу, без дапамогі іншых. Герой-адзіночка. Саматужнік-адзіночка.
2. Тое, што разлічана на аднаго чалавека. Лодка-адзіночка. Пасадзіць у адзіночку.
•••
Маці-адзіночка гл. маці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жыха́р, ‑а, м.
1. Той, хто пражывае дзе‑н.; насельнік. На партах сядзеў чалавек у цёмнай вопратцы, зусім не падобнай да футравай вопраткі жыхароў поўначы. Шамякін. [Ніна] цяпер гарадскі жыхар, студэнтка універсітэта! Лупсякоў. / Пра жывёл, птушак, рыб і пад. Сярод лясных жыхароў .. [людзі] былі самыя слабыя, самыя няшчасныя. Маўр.
2. Той, хто жыве ў памяшканні; жылец. З парога .. [гаспадыня] баязліва паглядзела на тонкую перагародку майго пакоя, за якой ужо жылі новыя жыхары, Грачовы. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
машыні́ст, ‑а, М ‑сце, м.
1. Спецыяліст, рабочы, які працуе на машыне (у 1 знач.) і кіруе ёю. Машыніст вежавага крана. Машыніст малатарні. □ Яшчэ здалёк .. [Андрыян Цітавіч] пазнаў у кабіне экскаватара машыніста Астапава. Марціновіч. // Той, хто кіруе паравозам і вядзе поезд. Ля акна ў паравознай будцы сядзеў машыніст. Карпаў. Счэпшчык ляскае ручкай аўтасчэпкі, машыніст пераводзіць рэверс, і састаў ідзе назад. Васілёнак.
2. У тэатры — той, хто кіруе абсталяваннем сцэны і заменай дэкарацый.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
назіра́льнік, ‑а, м.
Той, хто назірае за кім‑, чым‑н. Тонкі назіральнік. □ Усё, што адбылося далей, Алесь ўспрымаў, як старонні назіральнік. Шыцік. // Той, хто па сваім абавязку, прафесіі, прызначэнню назірае за кім‑, чым‑н. І вось там [у лесе] нехта з хлопцаў насцярожна выхіліўся з гушчару і трапіў на вочы варожаму назіральніку. Брыль. [Старшыня сельсавета і Язэп Каліна] сядзелі ў бункеры, з якога нямецкія назіральнікі, мабыць, карэкціравалі агонь сваіх батарэй, — са столі яшчэ і цяпер тырчала стэрэатруба. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ні́цы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае доўгія звісаючыя галіны (пра дрэвы і кусты). Ніцая вярба. Ніцая бяроза. □ Над вадою задумліва схіляюць вецце ніцыя лозы. В. Вольскі. Бруіцца, празрыстая рэчка, Хаваецца ў ніцых кустах. Журба.
2. перан. Разм. Пануры, хмурны (пра чалавека). Солтыс з пробашчам выйшлі са школы ніцыя, злосныя, заклапочаныя. Сабаленка. // Які выяўляе панурасць, хмурнасць. Куды падзеліся з яго [Ракава] вачэй той ніцы сум і той пажыццёвы спалох! Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перамо́жаны, ‑ая, ‑ае.
Той, якога перамаглі. Жартамі, на якія быў вялікі майстар Янка Купала, Бядуля быў пераможаны. Хведаровіч. І зведаў пераможаны Берлін Святы наш гнеў, святую нашу літасць: Не толькі помсціць за сяброў забітых — Жывых сяброў мы ратаваць ішлі. Жычка. / у знач. наз. перамо́жаны, ‑ага, м. Услед за .. [глушыцай] паляцеў і пераможца. Крыху счакаўшы, з моцным лопатам цяжка ўзняўся і нізам пацягнуў у той жа бок і пераможаны. Ляўданскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прэтэндэ́нт, ‑а, М ‑нце, м.
Той, хто прэтэндуе на што‑н., мае падставы на валоданне чым‑н., на атрыманне чаго‑н. — Скажыце, між іншым, — Ваўчок павярнуў на мяне твар і прыцішыў голас, — .. ёсць, акрамя нас, сёлета сур’ёзныя прэтэндэнты на пераходны сцяг Савета Міністраў і ЦК? Хадкевіч. // Той, хто прэтэндуе на атрыманне якога‑н. звання, узнагароды і пад. за выкананую працу. Прэтэндэнт на атрыманне ступені кандыдата навук. Прэтэндэнт на атрыманне дзяржаўнай прэміі.
[Ад лац. praetendens, praetendentis — які дамагаецца.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разбо́йнік, ‑а, м.
1. Той, хто займаецца разбоем, грабяжом. Разбойнікі хаваліся ў Дуброве і рабавалі людзей. Чарнышэвіч.
2. перан. Той, хто прычыняе фізічныя або матэрыяльныя страты каму‑н. Фашысцкія разбойнікі. □ [Язва:] Па вачах ён [Праменны] лірык, а так разбойнік. Вы яго асцерагайцеся. Крапіва.
3. Пра таго, хто часта любіць уступаць у бойку.
4. Ужываецца як лаянкавае слова. [Маці:] — Як ты пасмеў, разбойнік? Ты зноў прыйшоў спісваць урокі? Гамолка.
•••
Разбойнікі пяра — аб прадажных буржуазных пісаках.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тру́цень, трутня, м.
1. Самец у пчалінай сям’і. Пчолкі мёд нясуць да сот, Труцень есць ды есць той мёд. Купала.
2. перан. Разм. Той, хто не працуе, а жыве за кошт працы другіх; лодар. Скардзіцца, што ныюць плечы У яго з юначых пор... Эх ты, труцень чалавечы! Як з табой нам жыць. Рыгор?! Ставер. Можа Іосіф і ёсць прычына таго, што Джыавані так высмейвае ўсіх манахаў, як трутняў і лежабокаў. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)