зза́ду, прысл. і прыназ.

1. прысл. З тыльнага боку, з-за спіны, за спіной; проціл. спераду. — Ці не гэты самы ты кажух шыў? Ззаду ўточка з жаўцейшай аўчыны. Чорны. [Галя] адчула, як нехта раптам тузануў яе ззаду за касу. Арабей. — Надзька, ідзі, калі клічуць, — чуліся галасы ззаду. Гроднеў. // На некаторай адлегласці за кім‑, чым‑н.; услед. Я ішоў на крок ззаду за сваім бацькам. Колас.

2. прысл. У мінулым. Самыя горшыя дні засталіся ззаду... Маўр.

3. прыназ. з Р. За кім‑, чым‑н. — Рыгор, на хвілінку, — пачуў ён ззаду сябе. Гартны. Ззаду.. [дома] рос малады садок, абсаджаны кустамі парэчак, агрэсту і маліны. Чарнышэвіч.

•••

Застацца ззаду гл. застацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзі́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае здзіўленне; незвычайны. Дзіўным здавалася Лабановічу, што такое вялікае сяло, як Мікуцічы, не можа справіцца з грэбляю. Колас. Малым прысніўся дзіўны сон, Што нехта ў шынялі паходным Прыйшоў, як бацька, сеў на ўслон І стаў пытаць пра ўсё лагодна. Танк. «Чу, фыр-р-р!» — пачуўся нейкі дзіўны гук, які нават цяжка перадаць. Ляўданскі.

2. Чароўны, дзівосны. Чуецца музыка дзіўная У повесцях сонных імшараў... Цешыцца явар з калінаю, Скінуўшы зімнія чары. Купала. Косцю думалася, як было б добра, каб Валя была разам з ім у гэту дзіўную месячную ноч, што так мякка ляжала над стэпам. Адамчык.

•••

Дзіва дзіўнае гл. дзіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пужа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Наводзіць страх, палохаць. Пукатыя вочы, крывая дзюба [пугача] нават цяпер пужаюць. Маўр. Вецер гойсае па пушчы і галлё сухое трушчыць, птушанят малых пужае на яліне у гняздзе. Грахоўскі. // Прымушаць баяцца каго‑, чаго‑н., страшыць кім‑, чым‑н. Пужаць дзяцей бабай-ягой. □ Словы «генеральная рэпетыцыя» здаваліся сялянам нейкім страшыдлам, ім нават пужалі дзяцей. Пшыркоў. // Выклікаць трывогу. Работа не пужала мяне, а пужала беспрасветнасць яе. Скрыган. [Доктар:] — Але скажу вам, што жанчына, якая ніколі не плача, мяне пужае і.. замарожвае. Васілевіч.

2. Спужаўшы, прымушаць падняцца з месца, пабегчы, паляцець. Прыжмурыўшы вока, Міколка ўглядаецца ў далёкую грушу .. — Ізноў нехта бусла пужае... Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падзіві́цца, ‑дзіўлюся, ‑дзівішся, ‑дзівіцца; зак.

1. з каго-чаго, каму-чаму і без дап. Прыйсці ў здзіўленне, здзівіцца. Міколка падзівіўся з дзеда, з яго незвычайнай спрытнасці. Лынькоў. Косця зірнуў у той бок, дзе працавала Марынка, і падзівіўся яе смеласці. Шыцік. — А братка ж ты мой! — ціха падзівіўся нехта. Чорны.

2. на каго-што, з дадан. сказам і без дап. Паглядзець са здзіўленнем, захапленнем або з цікавасцю. Суседзі не раз прыходзілі падзівіцца на такі незвычайны ўраджай. Новікаў. Выйду я на ўзгорак, Стану, падзіўлюся, Песняю зальюся. Трус. Пры беразе тоўпілася нямала народу, былі тут дарослыя і дзеці — ведама, каму не цікава падзівіцца, як рака.. скідвае з сябе ледзяное покрыва. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падпалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., што.

1. Паднёсшы агонь да чаго‑н., прымусіць гарэць; выклікаць гарэнне. Падпаліць дровы. Падпаліць салому.

2. Наўмысна знішчыць агнём што‑н., учыніць пажар. Гадзін за дзве да захаду сонца, адыходзячы, салдаты з двух канцоў падпалілі вёску, а самі зніклі. Чорны. А ў гэтую самую ноч на Пасеках было відна, хоць іголкі збірай... Нехта падпаліў новыя будовы Ліпніцкага. Чарот.

3. Даць падгарэць чаму‑н., падсмаліць што‑н. Падпаліць хлеб. Падпаліць сала.

4. і ў чым. Раскласці агонь (у печы, пліце і пад.), каб згатаваць ежу або ацяпліць памяшканне. Падпаліць печ. Падпаліць пліту. □ Назбірае бабка трэсак, падпаліць у печы і грэецца перад агнём. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак.

1. Сказаць жарт. Усе пакочваюцца з рогату, дзед умее пажартаваць. Лужанін. Воранаў прыняў земляка ветліва, нават пажартаваў: «На чужой старонцы рад сваёй варонцы». Пальчэўскі. // з каго-чаго, (рэдка) над кім-чым і без дап. Сказаць або зрабіць што‑н. дзеля жарту; пасмяяцца з каго‑, чаго‑н. Зноў захацелася [Таццяне] пажартаваць з.. [Жэні], падражніцца, паспрачацца, як калісьці ў школе. Шамякін. Цяпер мне здаецца, што нехта вельмі злосна пажартаваў нада мной, прызначыўшы за брыгадзіра. Асіпенка.

2. Жартаваць некаторы час. А жыццё сабе ішло. Патроху пачало ўсё ўваходзіць у норму. Збіраліся [сяльчане] пасядзець то на вячорках, то на прызбах, каб і пажартаваць і паплакаць. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пахо́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да паходу, уласцівы яму; такі, які бывае ў паходзе. Была нават свая паэзія і хараство ва ўсёй гэтай бязладнай абстаноўцы ваеннага паходнага жыцця. Колас. Ішла нястройнымі паходнымі калонамі пяхота. Мележ. Байцы Чырвонай Арміі Ідуць паходным маршам. Купала. // Прызначаны для паходу. Паходная палатка. □ Шафёр сеў на пяньчук і стаў моўчкі завязваць свой паходны мяшок. Кулакоўскі. Малым прысніўся дзіўны сон, Што нехта, ў шынялі паходным, Прыйшоў, як бацька, сеў на ўслон І стаў пытаць пра ўсё лагодна. Танк.

2. Які бывае, знаходзіцца пры войску, экспедыцыі і пад.; перасоўны. Паходны шпіталь. Паходная радыёстанцыя. □ На дзядзінцы дымілася паходная кухня, а каля яе стаялі салдаты з медзянымі кацялкамі. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эйш, часціца.

Разм.

1. Ужываецца, каб звярнуць увагу, указаць на што‑н.: вось, глядзі і пад. Калі Марыля даведалася, чаму брат адмовіўся ад выгаднага месца, дык залямантавала: — Эйш, панюся знайшлася надта! Карона з галавы не звалілася б, калі цмокнула б лішні раз у панскую ручку. С. Александровіч.

2. Ужываецца для выражэння здзіўлення, незадавальнення, злосці (звычайна ў спалучэнні са словамі: «як», «які», «колькі» і пад.). [Рыгор:] — Дурань скажа! Я дурня і слухаць не буду. [Яўхім:] — Не будзе ён слухаць! Эйш, які разумны! Чорны. Ідзе немец лёгкім пружыністым крокам, высока ставіць ногі ў кароценькіх ботах з шырокімі халявамі. — Эйш, які рабы чорт, — гаворыць нехта ў мяне за спіною. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гу́тарка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Дзелавая або сардэчная размова. Пачалася гутарка людзей, што не бачыліся можа толькі адзін дзень, але ў якіх сабралася за гэты дзень шмат навін. Шахавец.

2. Лекцыя, даклад, паведамленне, разлічаныя на абмен думкамі прысутных. Часопіс пачынае друкаваць цыкл гутарак аб камунізме. «Звязда». Урокі работы над тэкстам часцей за ўсё праводзяцца ў форме гутаркі. Барсток.

3. Літаратурны твор, пабудаваны ў форме дыялогу. Гутаркі і з явіліся найбольш, падыходзячым жанрам літаратурных твораў, зручным для прапагандысцкай работы. Пшыркоў.

4. Гаворка, чутка. Таксама тут і здань здалася — Аб ёй і гутарка вялася, — Што быццам нехта на вадзе, Яшчэ нябачаны нідзе, Сядзеў і з люлькі зацягаўся Ды раптам згінуў, бы распаўся... Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аці́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. аціх, ‑ла; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць ціхім; замоўкнуць (пра гукі, шум). Нехта праехаў з лёскатам конна па бруку, і потым аціхла зноў усё. Мурашка. Рой яшчэ нейкі час пагудзеў з перапуду, ды і аціх. Якімовіч.

2. перан. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аслабець у дзеянні, сіле; спыніцца (пра стыхійныя з’явы). Пад вечар завея аціхла. Колас.

3. Прыйсці ў спакойны стан; супакоіцца. Максім зусім аціх і .. без пілоткі на чорным чубе высока ляжаў галавой.. на падушцы. Брыль. // Замкнуцца ў сабе; прыціхнуць. Асцярожны немец і аціх і вёў сабе гаспадарку так, як яна вялася аканомам. Чорны. Адам нечакана аціх, замаркоціўся, панікла схіліў галаву. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)