ход, -а і -у, М хо́дзе і (на) хаду́, м.

1. -у, гл. хадзіць.

2. -у, М (на) хаду́. Рух, перамяшчэнне ў якім-н. напрамку.

Сядзець у вагоне па ходу цягніка.

Машына паскорыла х.

3. -у, М хо́дзе, перан. Развіццё, цячэнне чаго-н.

Х. заняткаў.

Х. падзей.

4. -у, М хо́дзе, мн. хо́ды, -аў. Перамяшчэнне рухомай часткі механізма ад аднаго крайняга становішча да другога, а таксама велічыня гэтага перамяшчэння.

Х. поршня.

Велічыня ходу прэса.

5. -у, М хо́дзе. Дзеянне, работа, якую выконвае машына, механізм.

Рабочы х. рухавіка.

6. -у, М (на) хаду́. Рабочая частка машыны, механізма (спец.).

Анкерны х. гадзінніка.

7. -у, М (на) хаду́. Тэхналагічны працэс; цыкл (спец.).

Домна на гарачым хаду.

8. -у, мн. хады́, -о́ў. У шахматах, картах і пад.: чарговае выступленне іграка.

Х. пешкі.

Х. козырам.

9. -у, М хо́дзе, мн. хады́, -о́ў, перан. Прыём, манеўр для дасягнення якой-н. мэты.

Дыпламатычны х.

Хітры х.

10. -а, М хо́дзе, мн. хады́, -о́ў. Месца, праз якое ўваходзяць куды-н., уваход.

Пакой з асобным ходам.

11. -а, М хо́дзе, мн. хады́, -о́ў. Месца, па якім ходзяць; шлях, пераход.

Падземны х.

12. -у, мн. хо́ды, -аў, перан. Магчымасць дасягнення чаго-н.

Трэба даваць х. маладым пісьменнікам.

Жалезны ход — ніжняя хадавая металічная частка воза або іншых якіх-н. транспартных сродкаў.

Малы ход — запаволены ход судна, а таксама каманда, якая перадаецца ў машыннае аддзяленне для змяншэння скорасці судна.

Поўны ход! — словы каманды: з гранічнай скорасцю.

На хаду — мімаходам.

Па ходу справы — у залежнасці ад абставін.

Поўным ходам — інтэнсіўна, узмоцнена (ідзе, адбываецца што-н.).

Сваім ходам

1) пехатой;

2) работай свайго матора.

|| прым. хадавы́, -а́я, -о́е (да 2, 4 і 6 знач.; спец.).

Дзве хадавыя гадзіны карабля.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ключ, ‑а, м.

1. Металічная прылада для замыкання і адмыкання замка. Ключ ад кватэры. □ Жанчына дастала аднекуль з сваёй адзежы ключ і адамкнула дзверы. Чорны.

2. Прылада для ўмацавання або адкручвання чаго‑н., для прывядзення ў рух розных механізмаў. Гаечны ключ. Завесці гадзіннік ключом. // Прыстасаванне для нацягвання струн у музычных інструментах.

3. перан. Сродак, магчымасць для разгадкі, разумення каго‑, чаго‑н., для авалодання чым‑н. Марксісцка-ленінскі светапогляд з’яўляецца адзіным ключом для правільнага раскрыцця зместу драматычнага твора. «Беларусь». // Сістэма абазначэння літар, лічбаў і пад., на якой асноўваецца чытанне шыфраваных тэкстаў. Ліў дождок, а Якаўлеў усё даваў мне настаўленні, правяраў, ці добра я запомніў ключ шыфра, ці не забыў яўкі, якой-небудзь дробязі. Анісаў. // Збор адказаў у задачніку, а таксама падрадковыя тлумачэнні да замежнага тэксту.

4. Найбольш важнае ў ваенных адносінах месца, авалоданне якім адкрывае доступ куды‑н., забяспечвае перамогу.

5. Спец. Выключальнік для хуткага замыкання і разрыву ланцуга перадатчыка пры тэлеграфнай і радыётэлеграфнай сувязі.

6. Знак у пачатку нотнага радка, які ўмоўна паказвае на ноту, ад вышыні якой залежыць вышыня і размяшчэнне наступных нот. Скрыпічны ключ. Басовы ключ. // Рытм, кірунак, характэрны для літаратурнага твора ў цэлым. Зусім непрыкметна.. Куляшоў пераводзіць гучанне верша ў новы рытмічны ключ — анапест. Бярозкін. Уся стылістыка.. верша з моцнымі трагедыйнымі матывамі вытрымана ў адным эмацыянальным ключы. Бугаёў.

7. У архітэктуры — верхні клінападобны камень, якім заканчваецца арка, скляпенне.

8. Чарада птушак (гусей, жураўлёў і пад.), якія ляцяць клінам. Гаманлівыя птушак ключы Паляцелі на поўдзень даўно. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кагане́ц ’свяцільня’ (БРС), ’свяцільня, робіцца з чарапка, у які наліваюць сала і апускаюць кнот’ (Бяльк.), ’светач, свяцільня’ (Гарэц.), ’смольная лучына’ (Др.-Падб.), цэнтр.-бел., паводле сведчання Багдановіча, 18, каганец, на якім «паляць сухое паленне для асвятлення хаты», параўн. Машынскі, 121. Укр. каганець ’начны свяцільнік’, рус. дыял. каганец ’свяцільнік у выглядзе чарапка, у які наліваюць сала або алей і кладуць кнот’, польск. kaganek, kaganiec ’свяцільнік з кнотам’, ’лучына’, чэш. kahánek, kahan, kahanec ’свяцільнік, каганец з кнотам’, славац. kahan, kahanec ’тс’. Слаўскі (2, 21) прыводзіць яшчэ балг. дыял. гаганица ’вялікае вогнішча, якое раскладаецца на ростанях у нядзелю першага тыдня велікоднага посту’ (у БЕР, 1, 222: ’жэрдка, шост з саломай (факел?)’), параўн. польск. gaganiec. У якасці крыніцы гэтых слоў звычайна лічыцца грэч. τᾱγηνον, τᾱγανον ’патэльня і інш.’, аднак Фасмер (2, 155) звяртае ўвагу на тое, што ў с.-грэч. адсутнічае форма на , а ёсць толькі ταγανον, ταγανισν, якое праз цюрк. запазычана ў рус. мову (таган). Прыняцце грэч. крыніцы патрабуе тлумачэння фанетыкі; Слаўскі (там жа) піша: «Неабходна было б «прыняць даўнюю дыстантную асіміляцыю tgkg, gg». Такім чынам, больш надзейнай крыніцай можа быць цюрк., параўн. чув. kэgan ’ручка на посудзе’, што Фасмер (2, 155) аспрэчвае з прычыны далёкага значэння. Гэты аргумент не вельмі сур’ёзны, калі ўлічыць магчымасць пераносу значэння, тым больш пры запазычанні. Брукнер (213), улічыўшы чэш. kahan ’глечык, посуд’, адзначыў, што суф. ‑an утварае прасл. назвы посуду і што ён можа быць славянскага паходжання. Супраць Слаўскі, які, відаць, меў на ўвазе яшчэ і такія значэнні, як kaganiecметалічная або раменная сетка, якая накладаецца на морду зверу (сабаку)’, і спасылаўся па Дарашэўскага, PF, XIII, 77. Махэк₂ (235) значэнне ’кацялок для палення (смалы)’ лічыць зыходным. Ён прапанаваў: kahan < *gagan (параўн. польск. гутарковыя формы), якое звязана з žega; ступень gag‑ засведчана таксама ў слове jьz‑gaga, žáha; g‑ > k у выніку дысіміляцыі. Можна адзначыць, што балг. паралель таксама падмацоўвае такое рашэнне, як, магчыма, і рус. (пск., асташ., цвяр.) каганок ’маленькі чыгунок або кацялок ш вушкамі, які ўмазваецца ў печ’. Значэнне ’кацялок’ выяўляецца і ў рус. каган ’возера на заліўным лузе, невялікае возера, якое перасыхае ўлетку’. Думку Брукнера адносна таго, што слова kahan ведаюць толькі палякі і чэхі, а на ўсходзе гэта запазычанне, аспрэчвае Слаўскі, аднак лінгвагеаграфія (зах.-слав. мовы, укр. і бел.) вельмі сімптаматычная і можа сведчыць на карысць такой думкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лісі́ца1, лісі́цы ’калодачка з дзіркамі, праз якія прадзяваюцца шнуркі ад панажоў’ (Жд. 1), ’ліштва з дзіркай, у якую ўстаўляецца жэрдка для адзення’ (ТС), ’планка, у якую ўстаўляецца верхні канец млёна’ (лід., Сл. ПЗБ), ’шпунт, тонкая планка паміж дошкамі дзвярэй’ (петрык., ельск., Нар. сл. і Сцяшк.; рас., Шатал.), ’палены з высечкамі пасярэдзіне, у якія ўшчэмліваюцца дошкі ці дзверы, калі іх клеяць ці калі ў іх заганяюць шпонкі’ (КЭС, лаг.), ’слупы з вінтамі, якімі выпрамляюць скрыўленую сцяну’ (жытк., Нар. сл.), ’прыстасаванне для сціскання бярвенняў у сцяне’ (вілен., Шн. 2; лях., Сл. ПЗБ; слуц., Нар. словатв.; стаўб., Жд. 2; Нас., Маш., Касп.), лун. ’бервяно, якім падпіраюць пахілены будынак’ (Шатал.), ’ціскі’ (чач., добр., Мат. Гом.), ’зажым, у якім што-небудзь заціскаецца пры дапамозе кліноў’ (Інстр. 2), ’металічная планка з паглыбленнем у верхнім камені жорнаў’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ’ціскаўка, напаўрасшчэпленая дзеравіна’ (Некр.); ’жэрдка, якая злучае пярэднюю і заднюю восі воза або вузгалоўе воза’, ’папярэчына, якая звязвае жэрдкі плоту’ (Бломкв.), ’кіёк, адзін канец якога ўваткнуты ў дзірку навоя і не дае яму круціцца’ (в.-дзв., Шатал.); ’тоўстае палена, якое ўпоперак кладзецца на сані (падсанкі) для перавозкі бярвення’ (Бяльк., ТСБМ, Касп.; бялын., Янк. Мат.; в.-дзв., Шатал.), падпоры, якія ўжываюцца для паднімання драўляных збудаванняў’ (гродз., Шн. 2), ’папярочныя бэлькі, якімі прымацоўваюць вулей-калоду да дрэва’ (Маш.), ’цяжар, які прывязваецца ці прышрубоўваецца да канца пругла, каб лягчэй было выцягваць вядро з вадой са студні’ (Янк. 2); лісі́ца (або су́чка) ’дошчачка, што круціць валок кола калаўрота’ (КЭС, лаг.). Некаторыя з гэтых значэнняў маюць адпаведнікі ў іншых славянскіх мовах: укр. лисиці ’ціскі, шчамлёткі — для сціскання склееных дошак, для ўмацавання сцяны’, рус. лисица ’перакладзіна, якая злучае восі драбін’, ’бярвенні, якія ўмацоўваюць плыты’, ’сані’, польск. lisica, ст.-чэш. lisicě ’прэс’, славац. lisica ’капкан’, серб.-харв. лѝсица, славен. lisíca ’кайданы’, макед. лисица ’дзірка, у якой замацавана ярмо’, балг. лисица ’два загнутыя дручкі, якія злучаюць заднюю частку калёс з пярэдняй’. З прасл. lisica — ’ліса-самка’, пазней ’ліса наогул’, асобна ў слав. мовах ’розныя прыстасаванні, прадметы для сціскання’ — старая метафара (Слаўскі, 4, 279; Бязлай, 2, 144).

Лісі́ца2 ’жоўтая пляма на адзенні ад спалення’ (Нас.). Да ліса́вы (гл.). Утварылася ў выніку пераносу значэння паводле падабенства колеру.

Лісіца3, лісі́цы, лісі́чкі, лісі́цкі ’грыб лісічка, Cantarellus cibarius Fr.’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Сцяшк., Шат., Яруш., Янк. 2, Дэмб. I, ТС; уздз., Нар. словатв.; лельч., Мат. Гом.), шчуч. лісічык ’тс’ (З нар. сл.), лі́ска, лі́скі ’тс’ (пруж., уздз., Нар. словатв.; гарад. Сл. ПЗБ; светлаг., Мат. Гом.). Укр., рус. лисичка, чэш., славац. liška, славен. lisíčka ’тс’. Прасл. lisičьka метафара, перанос значэння ’ліс, ліса’ паводле колеру.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кало́дка1 ’капыл, кавалак дрэва ў форме ступні, на якім шавец робіць абутак’ (ТСБМ, магчыма, тут у больш шырокім значэнні). Дакладныя адпаведнікі ў гаворках ёсць, аднак ТСБМ ілюстрацый з мовы пісьменнікаў не падае, можа гэта «слоўнікавы» русізм. Але сувязь з калода1 відавочная і спосаб дэрывацыі рэгулярны. У гаворках з паметамі талач. і гарад. адзначае Сл. паўн.-зах.; ёсць і ў Каспяровіча; геаграфія не выключае іншамоўнага ўплыву. Адзначаецца і ўкр. колодка ’тс’.

Кало́дка2 ’сярэдняя частка кола’ (БРС, ТСБМ, Маш., Шат.), калёсная калодка (КЭС, лаг., бар., астрав., лід., віл. Сл. паўн.-зах.). Укр. колодка ’тс’, адносна рус. матэрыялу пэўных звестак няма, Даль (з паметай «зах.?») падае калода ў тым жа значэнні, польск. kłódka ’тс’. Статус апошняга не вельмі ясны; паводле геаграфіі можна меркаваць аб сумеснай бел.-укр. інавацыі з наступнай экспансіяй слова. Сувязь з калода1 відавочная, матывацыя не вельмі ясная (гл. падрабязней пад калодзіца).

Кало́дка3 ’драўляная або металічная аправа, у якую устаўляецца або на якую насаджваюць асноўную частку інструмента’ (ТСБМ), кулітка ’тронкі нажа’ (малар., Нар. лекс.), сюды ж, відаць, і колодка ’частка рубанка’ (Ян.), апошняе не вельмі зразумела. Такое вытворнае як тураў. колодан ’гаспадарчы нож з драўлянай ручкай’ сведчыць аб больш шырокім распаўсюджанні слова ў параўнанні з інфармацыяй крыніц. Засведчана ў іншых мовах: укр. колодка ’ручка, дзяржанне’, рус. колодка, польск. kłódka ’тронкі нажа, відэльца’, н.-луж. kłodka ’дзяржанне касы, лапаты’, в.-луж. kłotka, kłodka, ’ручка’, чэш. мар. kladka ’ручка, дзяржанне сярпа’. Усе лексемы да прасл. koldъka (паўн.-слав., паводле Слаўскага, 2, 273), дымінутыва ад kolda ’калода, бервяно’, аднак не вельмі ясна, ці можна на аснове прыведзеных фактаў узнавіць як архаічнае значэнне ’тронкі’. Шэраг лексем, якія пры адпаведным этымалагічным рашэнні можна суаднесці з разглядаемым словам (параўн., напрыклад, калодка ’ступіца ў коле’) дазваляюць меркаваць аб значэнні ’аснова’, ’галоўная частка’ (параўн. яшчэ колодка пера), аднак не выключана, што такое значэнне было характэрным ужо для калода, г. зн. для зыходнага слова такое значэнне нельга разглядаць як паказчык архаікі (калі дапускаць, што разгалінаванне семантыкі патрабуе часу). Таксама паўн.-слав. характар утварэння koldъka ’тронкі’ цяжка давесці па прычыне натуральнага развіцця «тэхнічнай» семантыкі, так што, магчыма, прыведзеныя вышэй лексемы могуць быць і незалежнымі.

Кало́дка4 звычайна калодкі ’род скуранога абутку на драўлянай падэшве, дзеравяшкі’ (ТСБМ; гродз., З нар. сл.). Укр. колодочка ’абцас’, рус. дыял. колодка ’драўляная дошчачка, падэшва, прымацаваная да лапцей для дажджлівага надвор’я’, колодки ’абцасы’, у Даля колодка ’драўляны абцас пад абутак’. Відаць, спачатку калодка ’абцас’, што дазваляе зразумець матывацыю сувязі з калода1. Рэгулярны характар утварэння, магчымасць экспансіі рэаліі не дазваляюць з упэўненасцю бачыць тут усх.-слав. інавацыю.

Кало́дка5 ’абрубак дрэва як функцыянальны элемент народнага абраду’ (Касп., Кос., Нас.), ’назва гэтага абраду’ (Касп.). Відавочна, што ў большасці прыкладаў захоўваюцца толькі рэшткі абраду, пры гэтым сапраўдная першапачатковая калодка змяняецца да трэскі або велікоднага яйка. Абмежаваная геаграфія слова як быццам дазваляе бачыць тут інавацыю; аднак наяўнасць слова ў двух розных арэалах не выключае магчымасці больш даўняга паходжання. Пра звычай «валачыць калодку» ў літоўцаў, латышоў і ўкраінцаў пісаў Снегіроў (Русские простонародные праздники и суеверные обряды, I. М., 1837, 114–115), параўн. яшчэ Фрэнкель, 1047; Мюленбах-Эндзелін, 1, 318 (bluku vakars). У літоўцаў tabala ’цурбанны вечар, куцця’, фактычна звычай у гэты святочны вечар гуртам валачыць цурбан з аднаго двара ў другі. У плане рэалій інтэрпрэтацыя прыведзенага матэрыялу можа быць рознай: гэта можна разглядаць і як стары абрад, які быў захаваны ва ўсходніх славян (а магчыма, і ў іншых), не выключана, што была невыпадковая кансервацыя — захаванню абраду спрыяла суседняя балтыйская традыцыя, можна разумець і як экспансію абраду з больш-менш кампактнай зоны; пры гэтым фактычная безупыннасць у распаўсюджанні (ад балт. плямён да ўкр. тэрыторыі) можа сведчыць пра напрамак экспансіі. Цяжкасць стратыфікацыі з’явы абумоўлена, магчыма, агульнаеўрапейскім яе характарам (першапачаткова), што наогул тыпова для свят розных каляндарных цыклаў народаў Еўропы. Апошняе з’яўляецца вынікам як генетычна суаднесеных з’яў, так і другасна пашыраных. Адносна канкрэтнага выпадку аб першапачатковай функцыі калодкі-цурбана можна толькі здагадвацца (яе прымацоўвалі хлопцам або незамужнім дзяўчатам), аднак аднолькавая назва рэаліі ў балтаў і ўсх. славян дазваляе меркаваць, што замена першапачатковага святочнага атрыбута нейтральнай калодкай з адпаведнай субстытуцыяй назвы была даўняй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ход, ‑а і ‑у, М аб (у) хо́дзе і на хаду́; мн. хады́, ‑о́ў і хо́ды, ‑аў; м.

1. ‑у, М на хаду́. Рух, перамяшчэнне ў якім‑н. напрамку. Машына дала задні ход. Цягнік збавіў ход. □ Пяхота ўвесь час замаруджвала ход конніцы. Брыль. Ціха кружыцца галава ў Міколкі, разбягаюцца валасы ад страшэннага ходу, ад імклівага ветру. Лынькоў.

2. ‑у, М у хо́дзе; перан. Развіццё, цячэнне чаго‑н. Ход падзей. Ход урока. Ход гісторыі. □ У ходзе будаўніцтва сацыялізма ў СССР без якой бы там ні было знешняй эканамічнай дапамогі ў кароткі гістарычны тэрмін была ажыццёўлена індустрыялізацыя краіны. «Звязда». Дзед зрабіў перадышку, абдумваючы далейшы ход казкі. Якімовіч.

3. ‑у, М у хо́дзе; мн. хо́ды, ‑аў. Перамяшчэнне рухомай часткі механізма ад аднаго крайняга становішча да другога. Ход прэса. // Адлегласць, на якую гэта частка перамяшчаецца. Ход поршня роўны 50 см.

4. ‑у, М на хаду́. Рабочая частка машыны, механізма. Анкерны ход гадзіннікавага механізма. // Ніжняя хадавая частка самарушнага ўстройства. Гусенічны ход. // Ніжняя хадавая частка экіпажа або іншых транспартных сродкаў. Каляска на рызінавым хаду. // Спец. Адлегласць паміж пярэдняй і задняй воссю экіпажа, павозкі і пад. Кароткі ход у экіпажа.

5. ‑у, М у хо́дзе. Спец. Дзеянне, работа, якую выконвае машына, механізм і пад. Рабочы ход рухавіка. □ Надзейныя, з высокай дакладнасцю ходу, .. [гадзіннікі] не будуць падводзіць уладальнікаў, для якіх важна кожная мінута, секунда. «Звязда».

6. ‑у, М на хаду́. Спец. Увесь тэхналагічны працэс, які адбываецца ў чым‑н.; цыкл. Домна на гарачым хаду.

7. ‑у; мн. хады́, ‑о́ў. Чарговае выступленне іграка (у шахматах, шашках і іншых настольных гульнях). Ход канём. □ Ці ведаеце вы, што найкарацейшая шахматная партыя, іграная ў турніры, мела ўсяго 4 хады — гэта партыя Лазар — Кабо з чэмпіянату Францыі. «Маладосць».

8. ‑у, М у хо́дзе; мн. хады́, ‑о́ў; перан. Прыём, манеўр для дасягнення чаго‑н. Дыпламатычны ход. □ Гэтая дзяўчынка зрабіла яшчэ адзін на дзіва хітры ход: яна паспела працерці ганак і падлогу ў калідоры растворам фармаліну. Шамякін. Юра не сумняваўся, што ўся ветлівасць нямецкага афіцэра, яго ўвага да іх — толькі тактычны ход. Бураўкін.

9. ‑у; мн. хо́ды, ‑аў. Спец. Паварот, змяненне ў сюжэце мастацкага твора. У К. Чорнага мы не знойдзем твора, у якім аўтар імкнуўся б захапіць чытача складанасцю сітуацый, займальнасцю сюжэтных ходаў. Кудраўцаў.

10. ‑а; мн. хады́, ‑о́ў. Месца або адтуліна ў сцяне будынка, памяшкання, праз якое ўваходзяць куды‑н., уваход. Парадны ход. Чорны ход. □ Неўзабаве Міхалка пачуў, як Сцепуржынскі і Скуратовіч увайшлі ў дом праз чысты ход. Чорны. У Эмы няма цяпер пакойчыка з асобным ходам, яна жыла ў нейкіх пенсіянераў, пры якіх быў яшчэ жанаты сын з бяздзетнаю жонкай. М. Стральцоў.

11. ‑а; М у хо́дзе; мн. хады́, ‑о́ў. Месца, па якому ходзяць; калідор, тунель. Падземны ход. □ Траншэі і хады зносін цягнуліся ў некалькі радоў усцяж па ўсяму фронту. Мележ. Бацька вельмі добра ведаў лес, ведаў усе хады ў ім, ведаў, дзе што расце. Сачанка.

12. ‑у; мн. хо́ды, ‑аў; перан. Магчымасць дасягнення чаго‑н. Так рад ён [чалавек], што тут апынуўся, Дзе ёсць чалавеку больш ходу. Колас.

•••

Жалезны ход — ніжняя хадавая металічная частка воза або іншых якіх‑н. транспартных сродкаў.

Малы ход — запаволены ход судна, а таксама каманда, якая перадаецца ў машыннае аддзяленне для змяншэння ходу судна.

Поўны ход! — словы каманды, якія абазначаюць: з гранічнай скорасцю.

Ведаць усе хады і выхады гл. ведаць.

Даць задні ход гл. даць.

Даць ход гл. даць.

Ісці ў ход гл. ісці.

На хаду — мімаходам, хутка.

На хаду падноскі адарваць гл. адарваць.

Не даць ходу гл. даць.

Па ходу справы — у залежнасці ад абставін.

Поўным ходам — інтэнсіўна, узмоцнена (ідзе, ішло і пад. што‑н.).

Пусціць у ход гл. пусціць.

Сваім ходам — а) пехатой; б) работай свайго матора.

Ход канём — аб рашучым сродку, што выкарыстоўваецца для дасягнення поспеху ў якой‑н. справе.

Ходу няма каму-чаму гл. няма.

Хрэсны ход — царкоўнае шэсце з крыжамі, харугвамі і абразамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)