Аху́хцінацямненькі выкл. ’уздых аблягчэння пасля фізічнай нагрузкі’ (полац., Садоўскі, вусн. паведамл.). Складанае ўтварэнне, у якім можна вылучыць наступныя элементы: а‑хух‑ці‑на‑ця‑мненькі, дзе а прыстаўное; хух адпавядае выкл. ’ах, ох’ (КСП); ці па паходжанню асабовы энклітычны займеннік дав. скл. адз. л. 2‑й асобы; на няяснага паходжання, магчыма, узмацняльная часціца тыпу рус. ‑на ў эвона ’вось’, звязаная з займеннікам *onъ, Фасмер, 4, 513; ця па паходжанню асабовы энклітычны займеннік він. скл. адз. л. 2‑й асобы, параўн. а́хця мне выкл. ’гора мне!’ (дзісн., Рам. 8, 519); мненькі займеннік мне з экспрэсіўнай суфіксацыяй, характэрнай для такога тыпу выклічнікаў, параўн. авохцінькі, ахці мненюшкі, ацінькі (ад аці ’дзякую’, гл.), «спешчаныя» формы тыпу спатанькі (ад спаць) і інш., гл. Карскі 2-3, 64, пры гэтым магчыма народнаэтымалагічнае збліжэнне канца слова і цёмны, цёмна, параўн. запісы а вой цямней выкл. ’выказванне незадавальнення’, якія Клопава (Лінгв. зб., 143) выводзіць з авохці мне і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наха́ба ’напасць’ (Нас., Грыг., Др., Яруш., круп., ЭШ), ’напасць, непрыемнасць; нахабства’ (Гарэц.), ’гора, навалач’ (Макар.), ’няшчасце, навала; нахабнік’ (Бяльк.), ’навязаны клопат, абуза; нахабнік, нахабніца’ (Янк. 2, Ян.), ’назола, прыставай, бессаромнік’ (парыц., Янк. Мат.), ’нахабнік’ (Клім., Пятк. 2), ’здань’ (касцюк., Арх. ГТ), наха́біца ’пошасць, хвароба’ (ТС), ’назола’ (івац., Жыв. сл.), наха́бны ’навязлівы, прыдзірлівы’ (Нас.), ’наглы’ (Бяльк.), укр. наха́ба ’бяда, напасць; нахабства’, рус. наха́ба ’напасць, нечаканая непрыемнасць; клопат, абуза; нахабнік, нахабніца’. Ад наха́біць ’нападаць, паклёпнічаць, безпадстаўна абвінавачваць у злачынстве’ (Нас.), да незафіксаванага а́біць, параўн. ст.-бел. ахабивъ, зафіксаваную форму з аканнем ад дзеяслова *охабити (Карскі, 1, 136), параўн. ст.-польск. ochabić ’абхапіць’, што ўзыходзіць да гукапераймальнага хав‑ (Бернекер, 381) і можа суадносіцца з габа́ць ’браць, хапаць’ (Фасмер, 4, 215; Махэк₂, 410). Некаторыя значэнні развіліся, магчыма, пад уплывам *xabiti ’псаваць’, гл. ха́баль, хабе́та; да семантыкі параўн. нахваці́цца ’з’явіцца знянацку’ (Ян.), нахапі́цца ’накінуцца’ (Растарг.) і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нагавары́ць, ‑вару, ‑верыш, ‑верыць; зак.

1. чаго і без дап. Сказаць многа чаго‑н. Нагаварыць непрыемнасцей. □ Дзед раптам спахапіўся і змоўк, нібы баючыся, што нагаварыў лішняга. Шуцько. Ну і гора з гэтай Касяй! Нагаворыць за траіх, Нашуміць за семярых! Агняцвет.

2. на каго і без дап. Узвесці паклёп, напляткарыць. [Папас:] — Ну і нагаварыў жа сам нехта, дык нагаварыў. Мана ўсё гэта. Галавач. — Чуў я, жаніцца збіраешся? — Маліны светла-шэрымі праніклівымі вачыма дапытліва і з хітрынкай паглядзеў на Тураўца. — Паклічаш? .. Яны сціхлі. Туравец падумаў, хто б гэта мог нагаварыць на яго. Мележ.

3. што. Запоўніць (пласцінку, плёнку і пад.) якім‑н. тэкстам. Нагаварыць пласцінку.

4. што. Разм. У забабонных людзей — нашаптаць заклінанняў на што‑н.

•••

Нагаварыць сорак бочак арыштантаў — расказаць шмат неверагодных гісторый.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́хнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. тух, ‑ла; незак.

1. Пераставаць гарэць, свяціць; гаснуць. Зусім не чутно было выбухаў, толькі ў небе, далёка адсюль, загараліся і адразу тухлі арыенціровачныя ракеты. Лупсякоў. Пад самай столлю захісталася лямпа і пачала тухнуць. Каваль. Агонь ніколі ў нас не тухне, Па двух калах кіпіць кацёл. Астрэйка. Раджаўся дзень, за лесам тухлі зоры. Кляшторны. // Страчваць бляск, жывасць (пра вочы, погляд і пад.). Гора вырастае ў адзін міг: галава апускаецца ніжэй, вочы тухнуць. Бядуля.

2. перан. Слабець, памяншацца. І бязмерная радасць адразу тухне, нібы ў сэрцы агні чорным радном пакрыліся. Лынькоў. Гудкі запелі расставанне, А стрэчы як і не было. І тухне зноў на скрыжаванні Падзей зялёнае святло. Чэрня.

ту́хнуць 2, ‑не; пр. тух, ‑ла; незак.

Разм. Загніваць і непрыемна пахнуць; пратухаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суце́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.

Спачуваннем, угаворамі аблягчыць чыё‑н. гора, перажыванне. Суседзі, знаёмыя прыйшлі выказаць сваё спачуванне, суцешыць у горы. Лынькоў. Хлопец плакаў. □ Міця нічым, не мог яго суцешыць. Навуменка. Чым сірату суцешу, што ёй, маўклівай, скажу?.. Макарэвіч. // Прынесці каму‑н. супакаенне, палёгку; заспакоіць. Ніхто так не ўмеў зразумець, падтрымаць і суцешыць хворага. Грахоўскі. Ты яшчэ, Люба, маладзец, — старалася суцешыць .. [Юля] Любу. Васілевіч. // Абрадаваць, перадаваць каго‑н. [Алесь:] — Гэта, брат, яшчэ большая радасць... Гэта ўжо не мы адны, а саюз. Сапраўды суцешыў, брат. Караткевіч. // у безас. ужыв. [Пятра] суцешыла крыху і ўзрадавала, калі ён убачыў, што вочы .. [Сашы] поўныя слёз. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сяло́, а́; мн. сёлы (з ліч. 2, 3, 4 сялы́), сёл; н.

1. Вялікая вёска, гаспадарчы і адміністрацыйны цэнтр для навакольных паселішчаў; у дарэвалюцыйнай Расіі — паселішча з царквой. Саўгас — вялікае сяло — патанаў у зеляніне. Асіпенка. Зазер’е — сяло вялікае. Адзін канец яго ўпіраецца ў возера, а другі хаваецца ў лесе. Ваданосаў.

2. Любы населены пункт негарадскога тыпу. Наўпрост ідзе дарога Праз гарады і сёлы. Аўрамчык. Звіняць, як срэбра, песні Па сёлах, гарадах. Колас. // зб. Жыхары такога паселішча. Прачнулася сяло таксама раней звычайнага. Васілевіч. Глядзела і не бачыла, Як збеглася сяло. Святое гора матчына Усім душу пякло. Панчанка.

•••

Ні к сялу ні к гораду — зусім недарэчы, неўпапад, не да месца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ка́мень, -ю і -я, Т -ем, мн. камяні́, камянёў, м.

1. -ю, зб. Цвёрдая горная парода (за выключэннем металу) у выглядзе суцэльнай масы або асобных кавалкаў.

Вуліца выбрукавана каменем.

Будаўнічы к.

2. -я. Асобны кавалак такой пароды.

Збіраць камяні ля дарогі.

Каштоўны к.

3. мн. Цвёрдыя саляныя і іншыя ўтварэнні ў некаторых унутраных органах.

Камяні ў печані.

Камень на сэрцы — душэўны цяжар, гора.

Каменя на камені не пакінуць — разбурыць усё.

Кідаць каменем у каго — асуджаць, ганьбаваць каго-н.

Найшла (наскочыла) каса на камень — сутыкнуліся розныя непрымірымыя погляды, інтарэсы, характары.

Насіць камень за пазухай — мець злосць на каго-н., быць гатовым адпомсціць каму-н.

Як камень у ваду — бясследна прапасці, знікнуць.

|| памянш.-ласк. каме́ньчык, -а, мн. -і, -аў, м. (да 2 знач.).

Кідаць каменьчыкі ў агарод чый — намякаць на што-н., неадабральна адзывацца пра каго-н.

|| прым. каме́нны, -ая, -ае (да 1 знач.).

К. падмурак.

Каменны мяшок — турма.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

малі́цца, малюся, молішся, моліцца; незак.

1. Звяртацца з малітвай да бога, святых. Акрамя няньчання дзяцей, у Васількі быў яшчэ адзін цяжкі абавязак — штодзень маліцца богу. Крапіва. А маці ноч бяссонную Малілася, каб бог Ад бед, ад гора чорнага Ёй сына пабярог. Панчанка. // перан. Вельмі моцна прасіцца. — Паночку, даражэнькі, — моліцца Сяргей, — няма ў мяне каня!.. Нікановіч.

2. перан.; на каго-што. Разм. Богатварыць, абагаўляць. [Маргарыта:] — Якія ж бываюць людзі, толькі падумаць! А Барыс жа на .. [Усевалада] маліўся. Скрыган. [Васіль:] — Я не намераны маліцца на лепшых звеннявых і на звенні, як вы робіце ў адносінах да Міхальчук. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Паступова апусціцца ўніз, асесці; спаўзці. І застагнала вёска, затрашчалі трухлявыя перакладзіны зрубаў, асунуліся на зямлю саламяныя стрэхі. Бажко. Глянуў угару Тараска, на сосны. А на галінах — поўна снегу. Вісіць глыбамі. Вось-вось асунецца ўніз. Юрэвіч.

2. Паволі апусціцца (пра чалавека або пра жывёлу); зваліцца, асесці. І толькі за поўнач.. [Геня] млява асунуўся на зямлю і заснуў моцным сном спрацаванага чалавека. Якімовіч.

3. перан. Моцна схуднець (пра твар або пра чалавека са схуднелым тварам); змарнець. [Ян Стафанковіч] з выгляду вельмі намнога пастарэў, асунуўся, стаў сухі і здаецца, яшчэ даўжэйшы, як быў. Чорны. Твар яе [Калістрыхі] пацямнеў, асунуўся. Пташнікаў. Ад цяжкіх думак і гора за цэлы дзень бедалага асунуўся, пахуднеў і на захадзе сонца ледзьве давалокся да вёскі следам за каровамі. Хадановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памутне́ць, ‑ее; зак.

1. Стаць мутным, непразрыстым. Сажалка, дзе плавалі качкі, пачала высыхаць, вада памутнела, патыхала тванню. Хомчанка. Ад часу памутнела шкло акон — Сустрэч і абяцанняў нашых сведка. Макаль. // Стаць мутным, прыняць неасэнсаваны выраз (пра вочы, погляд). Вочы.. [Салавейчыка] яшчэ больш памутнелі, рухі сталі няўпэўненыя. Лупсякоў. / у безас. ужыв. У мяне памутнела ў вачах, але я стукнуў яшчэ раз. Карпюк.

2. перан. Страціць яснасць, зацямніцца (пра думкі, розум і пад.). Я баяўся: ці не памутнеў ад гора яе [Марыны] розум? Шамякін. У .. [Дулебы] усё памутнела ў галаве, вочы засланіў нейкі густы змрок, і ён заплюшчыў іх. Шчарбатаў.

3. Страціць выразнасць абрысаў, стаць расплыўчатым. Нічога не разабраць у змроку. Толькі ледзь прыкметна пасвятлела неба і памутнелі зоркі. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)