Бруд (Нас., Байк. і Некр.), бру́дны. Рус. бруд, укр. бруд, польск. brud, славац. brud і г. д. Слав. brudъ. Слова няяснага паходжання. Некаторыя параўноўваюць з славен. brjȗzga, brȗzga ’снег, змешаны з граззю’. Фасмер, 1, 219. Няпэўна. Параўн. яшчэ Бернекер, 88. Слаўскі (1, 44) думае, што ёсць сувязь з *bridъ (гл. бры́дкі). Bridъ і brudъ ад і.-е. *bher‑ ’рэзаць’ (> ’быць непрыемным’). Кюнэ (Poln., 46) лічыць, што ўсх.-слав. словы запазычаны з польскай мовы. Бернекер (88) адносіць па паходжанню да бруд (< слав. *brudъ) бел. бруды ’цёмна-русы’ (Нас.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Буко́та 1 ’ўзгорак на лузе, на якім расце вяз’ (слаўг., Яшкін). Утварэнне ад гукапераймальнага дзеяслова *bukati, дакладней ад яго «ўзмоцненай» формы *buk‑ot‑ěti ’гучаць, шумець і г. д.’ Да семантыкі параўн. бу́чаё (гл.), там і паралелі з іншых слав. моў. Параўн. яшчэ бу́хта, буко́та 2, букта. Цікава, што ў бел. мове буко́та мае два значэнні: ’узгорак’ і ’глыбокае месца ў рацэ’. Дакладная семантычная паралель да гэтага — укр. бе́лебень ’узвышша’; ’глыбокае месца ў вадзе’ (аб матывацыі гл. пад бу́чаё).
Буко́та 2 ’глыбокае месца’. Гл. бу́кта.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Каўне́р ’каўнер’ (ТСБМ, БРС, Касп., Шат., Сцяшк.). У ст.-бел. мове ў формах колнеръ (1515), ковнеръ (1608); гл. Булыка, Запазыч., 162. У дыялектах мае і некалькі іншыя значэнні: ’пояс у штанах’ (Сцяшк. МГ), ’манжэты’ (каўнярцы́, Касп.), запазычана і ў іншых мовах. Параўн. рус. ковне́рь, ко́лнер, кавне́р і г. д. (са значэннем ’высокі футравы каўнер’), укр. ко́внір, ко́вмір. Непасрэднай крыніцай запазычання для ўсх.-слав. моў з’яўляецца польск. kołnierz (< с.-в.-ням. koller, kollier < франц. collier (< лац.). Фасмер, 2, 271; Слаўскі, 2, 367; параўн. яшчэ Кюнэ, Poln., 67.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жу́чыць ’дакараць’ (Нас., Сл. паўн.-зах.). Рус. жу́чить ’тс’. Параўн. серб.-харв. жу̏чити, жу́чити ’рабіць горкім, мучыць’ (відаць, ад жу̑ч ’жоўць, злосць’). Праабражэнскі (1, 239) звязваў жучить з жгут, што неверагодна. Мала верагодна і дапушчэнне Фасмера (2, 68) пра сувязь з жуда, жуткий. Шанскі (1, Д, Е, Ж, 301, ЭИРЯ, 3, 65) лічыць звязаным з рус. дыял. жук ’сварка, шум’ (у СРНГ не зафіксавана) і жу́ка́ть ’дакараць, спрачацца, сварыцца, гаварыць ціха’. Гэта этымалогія мае больш падстаў. Ці не з польск. zuczyć ’навучыць’ (у рус. тады з бел.)?
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бла́зан. Рус. дыял. бла́зень ’прастафіля; дурнаваты; жартаўнік’, укр. бла́зень ’дурань’, польск. błazen, чэш. blázen ’вар’ят; дурны і г. д.’ Сюды ж дзеяслоў *blazniti ’абдурыць, дурыць, вар’яцець’. Ст.-рус., ст.-слав. блазнъ ’памылка’. Усё да праслав. blazniti ’памыляцца; дурыць’, blaznъ ’памылка, спакушэнне і г. д.’ З першапачатковага абстрактнага значэння развілося потым больш канкрэтнае ’дурань, вар’ят, звар’яцелы’ (параўн. развіццё значэння ў blędь: ст.-слав. яшчэ ’памылка і да т. п.’, а ва ўсх.-слав. мовах і ’meretrix’). Этымалогія прасл. blazniti, blaznъ не вельмі ясная. Можа, да лат. blāzt ’мігаць’, blāzma ’міганне, бліск, водбліск’. Гл. Фасмер, 1, 171–172 (там і агляд іншых версій); Брукнер, 30; Бернекер, 59; Слаўскі, 1, 36; Махэк₂, 55; Рудніцкі, 142. Ст.-бел. блазен, блазан Булыка (Запазыч.) лічыць паланізмам. Сюды далей адносяцца: бла́зан ’свавольнік’ (Сцяшк. МГ), бла́зен ’малакасос’ (Нас., Касп.), бла́зян ’падлетак’ (Сцяшк. МГ), ’малакасос’ (Шат.), бла́зні ’малеча’ (Бяльк.), блазню́к ’малалетак’ (Бяльк.), блазно́та ’малады, малы’ (Бяльк.), ’дзетвара’ (Нас., Касп.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Балбата́ць ’гаварыць, балбатаць; крычаць, як індыйскі певень’ (Сцяшк. МГ, Нас., Касп., Шат.). Параўн. укр. (валын.) балбута ’балбатун, пустаслоў, балагур’, укр. болбота́ти, бовботати, польск. balbotać, bałbotać, bełbotać, рус. дыял. (зах.) болбота́ть, славац. blbotať (і далей чэш. bláboliti, blaboniti ’балбатаць’). Слав. bъlb‑ ’балбатаць’. Параўн. і літ. balbė́ti, blabė́ti, blebė́ti і г. д. (гл. Фрэнкель, 31; там і паралелі да іншых слав. падобных слоў). Але бел. форма не можа фанетычна паходзіць з *bъlb‑ (было б *баўбатаць). Рэдукцыяй (сінкопа) з *балабатаць (да *bolb‑ > болоб‑)? Не выключаецца, паколькі словы гукапераймальныя, што тут спецыфічная фанетыка (захавалася л). Можна таксама думаць пра пранікненне форм з ‑л‑ (замест ‑ў‑) з усх.-бел. гаворак, дзе магчымы ўплывы рускай фанетыкі. Літ-py гл. пад балабо́ніць. Сюды і балбату́хі ’грыбы, прыгодныя для ежы, рыжыкі’ (да семантыкі параўн. гавару́шкі, гл.). Некаторыя вытворныя маюць дакладныя паралелі ў літ. мове: бел. балбату́н, рус. (зах.) балбату́н, балботу́н: літ. balbatū̃nas (гл. Фрэнкель, там жа).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Зайздросціць ’перажываць раздражненне, выкліканае перавагай іншых’. Рус. беламор., арханг., пячор, за́здрить ’убачыць’, паўн.-дзвін. зазрить ’лічыць ганебным’, укр. за́здрити ’зайздросціць’, за́здріти ’пабачыць’, польск. zazdrościć ’зайздросціць’, чэш. zazřiti ’убачыць’, славац. zazrieť ’глянуць, убачыць; глянуць варожа’, дыял. zazrosť, zazdrost ’зайздрасць’, славен. zazréti ’ўбачыць’, серб.-харв. за̀зрети ’убачыць; спужацца; выказаць незадавальненне’; параўн. балг. за̀зор ’сорам, жах’, макед. зазор ’сорам’. Ст.-слав. зазьрѣти ’злавацца, дакараць, абурацца’. Ст.-рус. зазьрѣти ’убачыць’ (XI ст.), ’зайздросціць’ (XII ст.), ’дакараць’ (XI ст.), Бел. форма, відаць, з польск. з устаўным ‑й‑. У ст.-бел. з XVI ст.: зайздрость, заздрость (Крыўчык, Труды яз., 39). Польск. zazdrościć утворана ад наз. zazdrość, што ў сваю чаргу утвораны ад дзеясловаў, прадстаўленнях формамі тыпу рус. дыял. зазрить, заздрить (дзе ‑д‑ устаўное), якія выніклі шляхам прэфіксацыі дзеяслова zьrěti ’глядзець’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ве́льма (Шат., Бяльк.), ве́льмі (Нас., Касп., Бяльк.). Ст.-рус., ст.-слав. вельми, укр. ве́льми, рус. дыял. вельми́, вельмо́, польск. wielmi, чэш. velmi, серб. вео̀ма ’вельмі’ (< *вельма) і г. д. Прасл., магчыма, *velьmi, *velьma. Утварэнне ад асновы *vel‑ ’вялікі’ (параўн. прасл. *velьi̯ь і *velikъ ’вялікі’). Калі ўзяць да ўвагі націск у рус. вельми́ і серб. вео̀ма (што можна сведчыць аб прасл. *velьmí, *velьmá), то бел. і ўкр. словы (з націскам на першым складзе) здаюцца некалькі падазронымі. Запазычанне з польскай мовы? (да таго ж спрадвечна ўкр. форма была б *вільми!).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Віж 1 ’шпіён, чалавек, які імкнецца непрыкметна выведаць, высачыць пра другіх’ (Янк. I, Жд., 2, КТС), ст.-бел. вижь ’судовы прыстаў, судовы выканаўца, які меў абавязак дастаўляць у суд адказны бок, абвінавачаных і рабіць агляды і дазнанні’ (Гарб.), укр. віж ’камісар, судовы прыстаў (у старых судах)’, польск. widz ’сведка’, ст.-польск. widz ’віж’. Да прасл. vidjь ’той, хто бачыць’ < viděti.
Віж 2 ’глядзі’ (Нас.), рус. вижь ’вось, вось жа, глядзі’, вишь ’тс’, ст.-рус. вижь, ст.-слав. виждь, чэш. viz, макед. види ’тс’ і г. д. Прасл. vidjь.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дакла́дны ’дакладны’ (БРС). Укр. докла́дний ’тс’. Запазычанне з польск. dokładny ’тс’. Параўн. дакла́днасць, дакла́дна. Польск. слова з такім значэннем вядома ў помніках з XVIII ст. і звязана з дзеясловам dokładać (się), dokład. Слаўскі (1, 154) прыводзіць як паралель ст.-польск. dołożny ’дакладны’ (< dołożyć) і рус. приле́жный (< прилега́ть).
Дакладны́ (БРС): дакладна́я запіска < рус. докладна́я записка (а гэтыя словы да докла́д > бел. дакла́д). Адносна рус. докладна́я (уласна дакладная записка) падрабязна ў Шанскага, 1, Д, Е, Ж, 157. Ужо ў сярэдзіне XV ст. ужывалася слова докладная («а докладную писал чернец Иринарх…»), якое ўзнікла на базе словазлучэння докладная грамота.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)