Пачы́н ’пачатак, зачынанне’ (Нас.), слаўг. ’першая сяліба, выселак, вёсачка’ (Яшк.). Укр. почи́н ’пачатак’, рус. почи́н ’тс’, ’ініцыятыва’, чэш., славац. кніжн. počin ’тс’, ’дзеянне’, ’учынак’, ’пачынанне’, балг. по́чин ’пачын’. Утворана ад прасл. дзеяслова počęti пры наяўнасці ўжо існаваўшай лексемы činъ, якая ўзыходзіць да і.-е. *k​uei̯‑n‑u‑ ’укладанне пластамі, упарадкаванне’. Паводле Трубачова (Эт. сл., 4, 114), суфікс ‑n‑ у činъ мае выгляд і функцыі першаснага іменнага фарманта, як і konъ. Больш падрабязна пра činъ гл. SP, 2, 200–201.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́мысел ’здабыванне звяроў, птушак лоўляй, паляваннем’, ’занятак, рамяство як крыніца сродкаў існавання’ (ТСБМ), прамы́сл ’прамысловасць; занятак, рамяство’ (Стан.), ст.-бел. промыслъ ’клопат, апека, нагляд’. Паводле Крамко (Гіст. Лекс., 245), неалагізм XIX ст. Рус. про́мысел ’тс’ < промыслить, прамышлять ’здабыць (здабываць), абзавесціся (абзаводзіцца) нечым’, далей да мысль (Фасмер, 3, 375); укр. про́мисел, про́мисл ’вытворчасць, здабыванне’ (< *promyslъ, ЕСУМ, 4, 597), польск. przemysł ’прыкідка, хуткая рэакцыя; індустрыя’ (< przemyslić ’прадумаць, прыкінуць’, Банькоўскі, 2, 871–872); чэш. průmysl ’знаходлівасць, ініцыятыва, індустрыя’ (з рус. промысел, Махэк₂, 488), славац. priemysel (з чэш.). Запазычанне або калька з рускай, дзе, відаць, з ц.-слав. промыслъ, сінонім провидѣние ’божая ласка, клопат’ (паводле БЕР, 5, 760, — з рус.); усходнеславянская форма захавалася ў назве горада Перемышль (Банькоўскі, 2, 871). Неаславянізм, што калькуе ням. Industrie?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

асабі́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які належыць пэўнай асобе, якім карыстаецца гэта асоба. Асабістая ўласнасць, бібліятэка, зброя, думка. Асабісты вопыт. // Прызначаны для абслугі якой‑н. асобы. Асабістая ахова. Асабісты прадстаўнік. Асабісты сакратар. // Уласцівы пэўнай асобе. Асабісты недахоп. Асабістыя якасці, перажыванні.

2. Які датычыцца якой‑н. асобы, закранае яе інтарэсы. Асабістая крыўда. Асабістыя правы грамадзян. Асабістая патрэба. // Звязаны з прыватным, сямейным жыццём, з прыватнымі, сямейнымі адносінамі пэўнай асобы. Асабістае шчасце. / у знач. наз. асабі́стае, ‑ага, н. Гарманічнае спалучэнне асабістага з грамадскім. // Які накіраваны на пэўную асобу, закранае яе. Асабістая знявага. Асабісты вораг.

3. Які ажыццяўляецца пэўнай асобай, які зыходзіць ад пэўнай асобы. Асабісты прыклад. Асабістая прысутнасць, ініцыятыва, зацікаўленасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тану́ць, тану, тонеш, тоне; незак.

1. Апускацца пад ваду на дно пад дзеяннем сілы цяжару. Жалеза тоне. Дрэва не тоне. □ Паведамлялася, што эсмінец вядзе бой з варожымі самалётамі, што эсмінец пашкоджаны і тоне. Кулакоўскі. // Гінуць, паміраць, ідучы на дно. «Нехта тоне, — здагадаўся Валодзька. — Трэба хутчэй ратаваць...» Гамолка. // перан. Гінуць, трацячы жыццёвыя сілы, волю пад уздзеяннем неспрыяльных умоў. Партыя хутка асушыла прышчэпаўскія балоты ў зямельных установах, дзе танула раней любая ініцыятыва, любая добрая задума. Лынькоў.

2. у чым. Апускацца ў што‑н. мяккае, сыпкае, вязкае і пад.; засядаць, вязнуць у чым‑н. Тануць у гразі. Тануць у балоце. □ Пыл на дарозе быў, што прысак, ногі танулі ў ім. Шамякін. // перан. Станавіцца мала прыкметным сярод чаго‑н., закрывацца чым‑н. Крайнія хаты танулі ў густым тумане. Навуменка. Дарога ў маёнтак танула ў кустах чаромхі і бэзу. Хомчанка. / Пра гукі. Бывалі моманты, калі надыходзіў перарыў у громе, і тады чулася стральба кулямётаў дзесьці ў полі, на захад ад горада, пасля зноў усё танула ў выбухах артылерыйскіх разрываў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тво́рчы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да творчасці, уласцівы ёй. Творчы працэс. □ Акцёр [П. Малчанаў] многа працуе над тым, каб зрабіць тэкст сваім, блізкім, арганічным, і колькі б ён ні іграў адну і тую ж ролю, яго творчыя шуканні ніколі не спыняюцца. «Полымя». // Які заключае ў сабе элементы новага, што‑н. развівае, удасканальвае. Творчая ініцыятыва мае. □ Ідуць [воіны] смела і сурова Пад напеў пургі, І законы праўды новай Нясуць іх сцягі. Гэта праўда — дружба, згода, Творчай працы шыр, Разняволеных народаў Непарушны мір. Колас. Рэвалюцыя ўзняла да творчай дзейнасці Я. Купалу і Я. Коласа, якім суджана было стаць заснавальнікамі сапраўды народнай, рэвалюцыйна-дэмакратычнай беларускай літаратуры. Казека. // Накіраваны на творчасць. Творчая думка. □ І чула б [жалеза] цеплыню рукі, І творчую жывую сілу, І доўгія гады, вякі З людзьмі спявала б і дружыла б. Танк. Бывала так, што рабочыя падказвалі тую ці іншую ідэю, а інжынер правяраў і тэарэтычна абгрунтоўваў яе. Такі творчы падыход да справы, такое спалучэнне навукі і практыкі намнога павысілі і палепшылі праходку. Кулакоўскі.

2. Які здольны тварыць. Творчая моладзь тэатра. □ Не будзе ані класаў, ані нацый, А будзе ўсюды Вольны творчы чалавек. Бядуля.

•••

Творчая індывідуальнасць — а) асоба, якая стварае духоўныя каштоўнасці; б) характэрныя асаблівасці, уласцівыя такой асобе.

Творчая лабараторыя — непасрэдная работа аўтара над сваім творам; працэс творчасці.

Творчы вечар — вечар з удзелам самога аўтара, творчасці якога ён прысвечаны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)