адсу́нуць, ‑суну, ‑сунеш, ‑суне; зак., што.

Перасунуць на нейкую адлегласць што‑н. ад каго‑, чаго‑н. Патржанецкі хлёбнуў чаю і адсунуў ад сябе шклянку. Чарнышэвіч. Як толькі замільгалі ў акне чырвонаармейскія шапкі, «дзяўчына» старанна ўзялася месці хату. Адсунула стол і пачала вымятаць з-пад кута. Крапіва. // Адводзячы ўбок, адкрыць што‑н. Адсунушы завалу, Міхалка чуў, што Скуратовіч выйшаў у чыстыя сенцы, адсунуў зас[а]ўку ў дзвярах. Чорны. // Сунучы, адхінуць, адсланіць. Ларыса села пры акне, адсунула фіранку і пачала глядзець у сад. Мурашка. // перан. Зрабіць, менш важным, менш значным. Будзённае жыццё падхапіла Находню імклівай плынню і заняло яго думы, адсунуўшы на задні план асабістае. Хадкевіч. // перан. Вылучыцца, дасягнуць значных поспехаў, апярэдзіўшы іншых. [Купрыян:] — Ну, ты, брат Мікіта, і дока! Але ж і на выдумкі хват! Усіх інжынераў далёка Пакінуў, адсунуў назад! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хва́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Спосаб, прыём, якім хапаюць, схопліваюць што‑н. Учэпістая хватка. □ Сяргей здзіўляў інжынераў сваёй імклівасцю, напорыстасцю. .. Былі ў яго добрая хватка, дакладны разлік, энергія!.. Мяжэвіч. // перан. Манера дзейнічання каго‑н. [Ціхончык:] — Дык вось Ганчароў з Белагорцавым агітнулі мужчын з чужой зоны і ўзялі іх у атрад. Узялі без зброі. Але цяпер у кожнага ёсць або вінтоўка, або аўтамат. Партызанская хватка, нічога не скажаш. Дзенісевіч. [Шаройка:] — Эге! Пазнаю бацькаву хватку! Шамякін. Пазбаўлены драпежніцкай хваткі і гаспадарскай учэпістасці, .. [Мацвей] усё сваё жыццё гібее, калоціцца, азлоблены і няшчасны. Перкін. // Спрыт у чым‑н. Бяры пракос, наколькі просіць хватка, Не замінай адно, а то падрэжуць — Няхай сабе і старшынёвы — пяткі! Зуёнак. Усе думалі, што .. [Юлька] са сваёй хваткай, калі не горы стане варочаць, то зоркі з неба хапаць. Гроднеў. Зусім малады юнак быў, а ўжо — з прафесійнай рабочай хваткаю. Карамазаў.

•••

Мёртвая хватка — а) хватка ў сабак і некаторых іншых жывёл, калі доўга не разнімаюцца сківіцы; б) пра здольнасць упарта, не адступаючыся, дабівацца свайго.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фо́кус 1, ‑а, м.

1. Спец. Пункт перасячэння адбітых або праломленых прамянёў. // Адлегласць ад шкла, якое праламляе або адбівае прамяні, да гэтага пункта.

2. Пункт, у якім прадмет, што фатаграфуецца або разглядаецца пры дапамозе аптычнага прыбора, мае найлепшую рэзкасць, выразнасць. Дзмітрый паднёс да вачэй акуляры бінокля. Пальцы чамусьці зрабіліся непаслухмянымі, лінзы доўга не ўдавалася навесці на фокус. Беразняк.

3. Месца, у якім найбольш выразна выяўляецца дзеянне, прымета чаго‑н. Фокус землетрасення. // Ачаг запаленчага працэсу ў арганізме.

4. перан. Цэнтр якіх‑н. з’яў, уласцівасцей, падзей. У фокусе п’есы [І. Мележа «Пакуль вы маладыя»] стаяць важныя маральна-этычныя і грамадскія пытанні аб духоўным, інтэлектуальным і прафесіянальным жыцці маладых інжынераў. Гіст. бел. сав. літ. Усе.. сюжэтныя напрамкі [рамана А. Чарнышэвіча «Світанне»] развіваюцца і сходзяцца ў адным фокусе. «Полымя».

5. Спец. Пастаянны пункт, які мае асаблівыя ўласцівасці ў адносінах да любога пункта на крывой.

[Ад лац. focus — ачаг.]

фо́кус 2, ‑а, м.

1. Лоўкі прыём, заснаваны на малавядомых гледачам фізічных ці хімічных з’явах або проста лоўкасці рук. Картачны фокус. □ То ён скажа што-небудзь такое, ад чаго ўсе аж падаюць ад смеху, то выдумае нейкую цікавую забаву, то пакажа дзіўны фокус. Краўчанка. // Незвычайнае дзеянне, прыём, якія заснаваны на штукарстве. [Кузя] вырабляў розныя фокусы: клаў ногі па руль, адпускаў рукі. Жычка.

2. Складанасць, сакрэт чаго‑н. [Міхалка] прыдумваў дзіцячыя ветраныя млынкі з рознымі фокусамі. Бядуля.

3. перан. Разм. Хітрасці, выдумкі. [Мірон:] — А цяпер выходзьце па адным, пойдзем у раён... Ды глядзіце, каб без фокусаў! Лынькоў.

4. звычайна мн. (фо́кусы, ‑аў); перан. Разм. Капрызы, прычуды. Кінь свае фокусы. □ [Чумакоў:] — Што здарылася? Зноў які-небудзь Светчын фокус? Мехаў.

[Ад ням. Hokuspokus.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)