Ба́хур 1 ’распуснік, любоўнік’ (Нас., Мядзв., Яруш., Гарэц.), ’яўрэйскі хлопчык’ (Гарэц.), баху́р ’любоўнік’ (Федар., Др.-Падб.), ’байструк, пазашлюбнае дзіця’ (Жд., Сцяшк. МГ, Др.-Падб.), ’яўрэйскі хлопчык’ (Др.-Падб., Бесар.), баху́р (пра малых дзяцей; Сцяц.). Рус. ба́хур ’любоўнік, франт, малады яўрэй; таўсцяк’, укр. ба́хур, ба́хурь ’распуснік, лавелас; байструк; яўрэйскае дзіця; дзіця, хлопчык’, польск. bachur, bachor. Запазычанне з ст.-яўр. bāchūr (яўр.-ням. Bacher) ’малады чалавек; настаўнік’. Гл. Вінер, ЖСт, 1895, 1, 59; Брукнер, 10; Фасмер, 1, 137. Запазычанне праз польск. мову (параўн. ст.-бел. бохур ’франт, малады яўрэй’, XVI ст.; Булыка, Запазыч.).
Ба́хур 2 ’пакладзены кабан’ (Нас.). Відавочна, метафара да ба́хур 1 (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сінаго́га ‘яўрэйскі малельны дом’ (ТСБМ), сынаго́га ‘тс’ (Ласт.), ‘важная асоба’ (Байк. і Некр.). Ст.-бел. синагога (синакгогия, сынакгокга, пал. XVIII ст.) з ст.-польск. synagoga, якое з XV ст. праз лац. synagóga ад грэч. συναγωγή (Булыка, Лекс. запазыч., 181).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
пагро́м, ‑у, м.
1. Разарэнне чаго‑н., разгром. Мацей са сваёй хэўрай за паўгадзіны зрабіў у Перцавай хаце сапраўдны пагром. Дамашэвіч. З усмешкай пазіраючы на партызанскіх дактароў, .. [камандзір] пачынаў расказваць, як [лісіца] не раз учыняла пагром на кухні санчасці. Няхай.
2. Рэакцыйна-шавіністычнае выступленне супроць якой‑н. нацыянальнай групы насельніцтва, якое суправаджаецца грабяжом маёмасці і масавымі забойствамі. У.. [мястэчку Турцы] у кастрычніку 1941 года адбыўся першы ў Баранавіцкай вобласці яўрэйскі пагром. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Бажні́ца ’ўсякі нехрысціянскі храм, акрамя яўрэйскага’ (Шат.); ’паліца або шафка пад абразамі’ (Касп.). Рус. божни́ца ’царква; язычаскі храм’, укр. божни́ця. Параўн. польск. bożnica (раней кожная царква; сёння толькі яўрэйская; Брукнер, 34), ст.-чэш. božnicě ’язычаскі храм’. Ад бог (гл.). Фасмер, 1, 184 (там і некаторая літ-pa), прыводзіць паралелі, якія тлумачаць значэнне ’язычаскі, яўрэйскі храм’: гоц. gudhûs іюдзейскі храм’, ст.-ісл. godahûs ’язычаскі храм’. Трубачоў (Этимология, 1965, 30) хоча бачыць сувязь паміж слав. božьnіса і іран. *bagina‑ ’храм’, што, аднак, досыць праблематычна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сарда́к ’безрукаўка’ (Сл. ПЗБ, Нар. сл., Скарбы), ’суконная жакетка без падкладкі’ (Сл. Брэс.), сардачо́к ’безрукаўка’ (Шатал.), ’камізэлька’ (Сцяшк. Сл.), сарда́чык ’кофта, блузка’ (Сцяшк. Сл.). Укр. серда́к, сарда́к ’кафтан з грубага сукна’, ’верхняя цёплая суконная вопратка галіцкіх сялян, расшытая шнурамі’, польск. serdak, дыял. sardak ’скураная безрукаўка ў сялян-горцаў; кафтан, світка’. Апошняе, магчыма, з усх.-слав. (Брукнер, 485). Слова няяснага паходжання. Набліжаюць да сэрца, г. зн. адзенне, якое пакрывае грудзі і спіну, верхнюю частку тулава. Праабражэнскі (1, 434) лічыць першакрыніцай франц. surtout, параўн. рус. сюрту́к, бел. сурду́т (гл.). Не з лапсардак (гл.), рус. лапсердак ’доўгаполы яўрэйскі сурдут’, якое з ідыш. Labserdak, ад lāb ’ліф’ і укр. сердак. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 459 з літ-рай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лапсарда́к ’даўгаполы сурдут у польскіх і галіцыйскіх яўрэяў’ (ТСБМ), ’старая адзежына іншага пакрою’ (КЭС, лаг.), лапсярда́к ’кафтан’ (Сцяшк.), ла́псурдук ’абадранец’, ’лахманы, рызманы’ (Нас.), ла́псырдзікі ’парванае, абношанае адзенне’ (Грыг.). Укр., рус. лапсердак ’яўрэйскі сурдут’, ’дрэнна пашытая адзежына’, польск. łapserdak ’тс’, ’абадранец’, ’збяднелы чалавек’, ’галяк’, ’неахайны’. Запазычана з ідыш ла̄́псердак ’рытуальная кашуля, абвешаная з чатырох вуглоў махрамі, кожны з якіх складаецца з 12 матузоў’ (Альтбаўэр, JP, 17, 76). Форма ў ідыш вядома яшчэ з сярэдніх вякоў. Яна складаецца з ла̄б (< н.-в.-ням. Leib ’ліф’) і слав. (укр.) сердак ’сурдут з тоўстага сукна’ (Шапіра, Филолог. записки, 1873, вып. 1, 13; Фасмер, 2, 459). Праабражэнскі (1, 434) тлумачыць гэта слова як збліжэнне з н.-в.-ням. Lappen ’ануча’ слова сюртук; Насовіч (265) — ад лапіць і сюртук, што мала імаверна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)