кукарэ́ку і кукарэ́ку, выкл.
Ужываецца гукапераймальна для абазначэння крыку пеўня. / у знач. наз. Чыстае, свежае ранішняе паветра разносіла .. песні жаваранкаў, шчэбет сумятлівых вераб’ёў, гагатанне гусей і гарластае ку-ка-рэ-ку верханскіх пеўняў. Колас.
•••
Ні бэ, ні мэ, ні кукарэку — нічога не ведае, ні ў чым не разбіраецца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пта́ства, ‑а, н., зб.
Птушкі. Птаства тут [у лесе] было многа: былі тут вераб’і, ластавачкі, плісачкі, галубы, качкі і іншыя. Колас. Ля буславага гнязда не змаўкаў вясёлы птушыны шчэбет: у шчылінах буславага гнязда заўсёды знаходзіла прытулак дробнае птаства. Лынькоў. Дзяўчына таропка гнала да рэчкі сваё крыклівае белае птаства. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дане́сціся, ‑нясецца; пр. данёсся, ‑неслася; зак.
Пашырыўшыся, наблізіўшыся, зрабіцца чутным (пра гукі, пахі і пад.). Нявідны адчуў нейкую радасць, калі да яго слыху данёсся.. шчэбет дзіцячых галасоў. Колас. Да Злобіча данеслася конскае тупанне, парыпванне драбінак — ехаў абоз. М. Ткачоў. // Зрабіцца вядомым (пра чуткі, весткі і пад.). Да людзей данеслася радасная вестка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мро́іцца, мроіцца; незак., каму і без дап.
1. Уяўляцца ў думках; здавацца. І мроіцца ў напаленым прасторы Усмешка з-пад пракураных вусоў. Лось. [Любе] мроіўся шчэбет і здавалася, што спявае ўвесь лес. Няхай. Аўгусту Эрнэставічу мроіцца, што вось-вось з-пад ядлоўцавага куста высунецца руля вінтоўкі. Навуменка.
2. З’яўляцца ў снах, сніцца. Прыемна і мякка цікае гадзіннік, і ў салодкай дрымоце мрояцца розныя сны. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шчабята́ць, ‑бячу, ‑бечаш, ‑беча; незак.
1. Спяваючы, утвараць гукі, падобныя на шчэбет (пра птушак). А бульбу садзяць, калі ўжо зусім цёпла, калі цвітуць сады, шчабечуць ластаўкі. Брыль. Пад вільчыкам дома шчабяталі ластаўкі. Даніленка.
2. перан. Хутка, бесперастанку гаварыць (звычайна пра дзяцей, жанчын). — А ведаеш, тата, — шчабятала дзяўчынка на руках у Міколы. — Ты паедзеш, а да мяне сёння цёця Ната прыйдзе. Краўчанка.
3. перан. Шумець, булькаць, плёскацца (пра ваду). Дрэмле хмурынка, Шчабеча ручай. Смела, Ірынка, увысь пазірай. Вялюгін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сумятлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Схільны мітусіцца; залішне мітуслівы. Рухавы, трошкі сумятлівы, з вялікімі збянтэжанымі вачыма,.. [Антось] меў выгляд вінаватага чалавека. Дуброўскі. Чыстае, свежае ранішняе паветра разносіла .. песні жаваранкаў, шчэбет сумятлівых вераб’ёў, гагатанне гусей і гарластае ку-ка-рэ-ку верханскіх пеўняў. Колас.
2. Поўны сумятні, клопатаў, мітусні. Сумятлівы рэдакцыйны дзень пачаўся як звычайна. Сабаленка. Ноч цёмная і сумятлівая, людзі адно страляюць, крычаць ды бегаюць. Чыгрынаў. // Які сведчыць пра сумятню, перапалох. Набліжалася Масква. У вагоне той сумятлівы беспарадак, які заўжды пачынаецца ў канцы падарожжа. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жва́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Поўны жыццёвых сіл; бадзёры, рухавы; проціл. вялы. Мірон быў больш разважлівы, спакойны хлопец, а Віктар — жвавы, імклівы. Маўр. Зіна была ўся ў бацьку: жвавая, гаваркая, знаходлівая, у грамадскім жыцці актыўная, у сяброўстве — чулая, спагадлівая. Кавалёў. // Ажыўлены, выразны, жыццярадасны (пра вочы, твар). Энергічным і жвавым рабіўся твар старшыні. Якімовіч. [Ніканор] пастарэў.. Толькі вочы — маладыя і жвавыя. Бядуля. // Рэзвы, вясёлы, гуллівы. Птушак жвавых шчэбет хвілі не сціхаў, Кружыўся з белым кветак пылам. Купала. На процілеглай ад ложка сцяне скакаў жвавы зайчык, як бы дражнячыся з намі. Сабаленка.
2. Бойкі, ажыўлены, шумны (пра гаворку). Завязалася жвавая, перасыпаная жартамі і смехам размова. Краўчанка.
3. Поўны руху, ажыўлення, дзейнасці. У маладым калгасе адразу занялося жвавае, бадзёрае жыццё. Зарэцкі. — Усё-такі падабаецца ён мне, Мінск. Жвавы, шумлівы, заклапочаны. Мележ. // Хуткі па тэмпу, шпаркі. Жвавыя рухі. □ Жвавым не па гадах подбегам Клім кінуўся да плота. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)