Прываро́т ’прычароўванне, варажба; чароўная сіла варажбы’ (Нас., Байк. і Некр., Растарг.), ’тое, што можа прывабіць, выклікаць любоў да каго-небудзь’ (Нар. Гом.). Сюды ж пры́воротынь ’піжма звычайная’ (Сіг.), прывараті́ть ’прываражыць’ (Растарг.), прываро́тны ’ў забабонных уяўленнях — які можа прывабіць, выклікаць любоў да каго-небудзь’ (ТСБМ), прыва́ратны карэнь ’корань для чаравання, любчык, любіста’ (Др.-Падб.), нарэшце, прываротны́й ’добразычлівы, прыхільны’ (Клім.) са стратай базавай семантыкі. Да прывараці́ць ’прычараваць’ < вараці́ць (гл. варо́чаць) з семантыкай (і практыкай) рытуальнага дзеяння, накіраванага на вяртанне аб’екту магічнага ўздзеяння, параўн. ст.-бел. приворотити ’аднавіць, вярнуць’, приворотитися ’апамятацца, апрытомнець’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ча́ры, ‑аў; адз. няма.

1. Паводле забабонных уяўленняў — магічныя прыёмы, пры дапамозе якіх можна ўздзейнічаць на людзей і прыроду; чараўніцтва, вядзьмарства. [Юстап:] Гіну я праз людскія чары. Згубіў мяне благі чалавек — паслаў чорта на невінаватую душу. Калюга. Праходзіць не так многа часу, і ягады ўжо пачынаюць выглядваць з рыльца [гарлачыка]. Вось што значыць чары! Даніленка.

2. Чароўная сіла, прывабнасць, якая захапляе. І ўсё тут поўна мяккіх чараў: І роўнядзь ціхая палёў, І постаць стромкіх тапалёў. Колас. Косця ўжо нічога больш не бачыў, быў цалкам пад уладай чараў дзяўчыны. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мля́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены бадзёрасці, энергіі, жывасці; вялы. Паліна Фёдараўна разгарнула раскладушку, кінула на яе падушку, прасціну, коўдру, распранула млявую Веру і паклала спаць. Паслядовіч. Графскі ляснік ляжаў млявы, як на полцы ў лазні пад венікам. Бядуля. // перан. Слабы, невыразным імглісты (пра гукі, святло і пад.). [Максім Рыгоравіч Мароз] неяк абмяк, голас з цвёрдага, густога баска ў млявы тэнар перарабіўся. Лобан. Агледзець асобныя дэталі дапамагала млявае святло ліхтароў. Шынклер.

2. Які выклікае млявасць. Сонца над галавой, у сасонніку млявая парнасць. Навуменка. З агародчыка тугімі, густымі хвалямі ўліваўся млявы пах бэзу. Скрыган.

3. Павольны; стомлена-пяшчотны. Дзяўчына — што гэты летні дзень у лесе, млявая і чароўная. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́нечны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сонца (у 1 знач.). Сонечны прамень. Сонечнае цяпло. Сонечная энергія. Сонечнае зацьменне. □ А сосны да неба ўзнімаюць галіны, нібыта вітаючы сонечны ўсход. А. Вольскі. // Які грунтуецца на скарыстанні энергіі Сонца. Сонечны рухавік. Сонечная ванна.

2. Такі, калі свеціць сонца, з сонцам. І калі запахне кропам, тады, здаецца, устае ўваччу сонечная-сонечная раніца, калі трапечуцца кропелькі расы на кветках. Лынькоў. У небе не было ні хмаркі, стаяў ясны сонечны дзень. Гурскі. Надвор’е было сонечнае. Кавалёў.

3. Які асвятляецца сонцам; асветлены сонцам. Сонечная паляна. Сонечны пакой. □ Раніцаю мокры вецер біўся з лесу ў сонечнае акно. Чорны. Над Свіслаччу, Дзе малады барок Вяршалін пікамі блакіт папоркаў, Цвіце нясмелым цветам чабарок, Паслаўшыся на сонечным пагорку. Калачынскі. Пасля цемры і вільгаці, што панавалі ў пячоры, на сонечным беразе было асабліва хораша. Бяганская.

4. перан. Радасны, светлы, шчаслівы. Жывём у сонечнай краіне І будзем жыць у добры час, Дзе праўда ясная не гіне, Дзе праўдзе служыць кожны з нас. Купала. // Які выяўляе радасны настрой. Добрай раніцы, чароўная чарцёжніца з сонечнай усмешкай! Васілёнак.

5. Падобны колерам на сонца; ярка-жоўты. Сонечны колер — след таго, што будынкі яшчэ свежыя, новыя. Скрыган.

•••

Сонечнае спляценне гл. спляценне.

Сонечная сістэма гл. сістэма.

Сонечны гадзіннік гл. гадзіннік.

Сонечны ўдар гл. удар.

Сонечныя плямы гл. пляма.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)