ляпі́цца, лепіцца; незак.

1. Быць пластычным, мець здольнасць прыляпляцца, прыклейвацца. Пластылін добра лепіцца. // перан. Разм. Прыставаць, вязацца, чапіцца. Кажуць, .. здарылася нейкая бяда, глядзі, да яе лепіцца ўжо новая. Дадзіёмаў.

2. Размяшчацца, цесна прымыкаючы да каго‑, чаго‑н., не пакідаючы свабоднага месца. Хлопцы-падлеткі, .. як кулікі, ляпіліся ля самай вады. Чарнышэвіч. Густа лепяцца паабапал вуліцы сялянскія хаты з такімі ж вузкімі і цеснымі, як і сама вуліца, дворыкамі. Колас.

3. Стварацца, рабіцца з пластычных матэрыялаў.

4. Зал. да ляпіць (у 1, 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адчапі́цца, ‑чаплюся, ‑чэпішся, ‑чапіцца; зак.

1. Расчапіўшыся, аддзяліцца ад чаго‑н. У палавіне дарогі.. [тэлефаніст] зачапіўся палою за сухі корань быльніку і, каб адчапіцца, чуць-чуць прыпадняўся. Чорны. — Пачакай, не гарачыся толькі, адчэпімся, — спакойна казаў Мірон і паступова, павольна вызваліў човен. Маўр.

2. перан. Разм. Пакінуць дакучаць каму‑н.; адстаць, адвязацца, пакінуць у спакоі. Ох, гэты кашаль, — калі ён, нарэшце, адчэпіцца. Брыль. — Адчапіся ты, — гаварыла Марына. — Лезеш сляпіцаю толькі са сваім. Скрыган.

3. перан. Разм. Пазбавіцца, вызваліцца ад каго‑, чаго‑н. дакучлівага, непрыемнага, ухіліцца ад выканання чаго‑н. Сказаць, не так і патрэбна.. [Пракопу] гэтая работа — проста хочацца хоць чым-небудзь заняць рукі, каб адчапіцца ад надакучлівых думак. Колас. Доўга угаворваў брат брата, і той нарэшце згадзіўся са слабай, няпэўнай усмешкай — абы адчапіцца. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прычапі́цца, ‑чаплюся, ‑чэпішся, ‑чапіцца; зак.

1. Зачапіўшыся, прымацавацца, прыстаць да чаго‑н. Да вопраткі прычапіліся ваўчкі. // перан. Разм. Перадацца каму‑н., прыстаць да каго‑н. (пра якое‑н. адчуванне, стан, хваробу). Усяго.. [Хвашча] трэсла, і ён нават падумаў: ужо ж ці не трасца прычапілася да яго. Лупсякоў. Гэта ж часам і да старога як прычэпіцца сон, дык, здаецца б, не еў, не піў, а толькі б спаў. Сабаленка.

2. перан. Разм. Прыстаць да каго‑н. з надакучлівымі просьбамі, прапановамі і пад. — Чаго ты прычапіўся з гэтым кілішкам гарэлкі да пана? — сказаў хтосьці з мужчын. Пальчэўскі.

3. перан. Разм. Прыдрацца да чаго‑н. Калі Жэнька не крычыць, не муштруе.. [Юрку] — значыць, ён робіць усё як трэба, і ленту нацягвае так, што не прычапіўся б Завішнюк. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зачапі́цца, ‑чаплюся, ‑чэпішся, ‑чапіцца; зак.

1. чым, за што. Закрануўшы што‑н., страціць магчымасць рухацца. Зачапіўся воз за камень, што ляжаў пры дарозе, вось зламалася. Якімовіч. Міхаська ад страху кінуўся бегчы, зачапіўся за нейкі корань і расцягнуўся на зямлі. Сіняўскі. // Павіснуць на чым‑н., застацца дзе‑н. Страшны чалавек аказаўся даволі ёмкаю плашкаю.., а яго рука — кавалкам рызмана, што нейкім спосабам зачапіўся за вішнёвую галінку і матляўся на ветры. Колас. Шурпаты язык у Амелькі, ды словы на ім, што ваўчкі пры дарозе, — зачэпяцца, не скінеш. Лынькоў. // Разм. Ухапіцца, учапіцца. За Цімоха Будзіка ўхапіўся .. [Саўка] цяпер, як хапаецца за купіну сярод дрыгвы чалавек, страціўшы пад нагамі грунт, каб зачапіцца за яе рукамі і не апусціцца з галавою ў цёмнае прадонне багны. Колас. // перан. Замацавацца, асесці дзе‑н. [Туркевіч] раіў мне ісці настаўнікам у беларускую школу на вёсцы або наогул як-небудзь зачапіцца на вёсцы, бо ў горадзе жыць — пагібель. Гарэцкі. — Пераплылі мы .. [рачулку] дзвюма ротамі хто на чым, зачапіліся на беразе. Корбан.

2. Разм. Узяцца на кручок (пра рыбіну). Лешч зачапіўся.

3. перан. Палічыць што‑н. за повад, прычыну для чаго‑н.; прыдрацца. Шмат у каго гарэла вока на гэтае пыльнае месца [млынара], але не было за што зачапіцца, каб зняць чалавека і паставіць другога. Сабаленка. // Пачаць (справу і пад.). — Добра, што хоць каробка ўцалела, ёсць за што зачапіцца, — падумаў сам сабе Азаркевіч і ўздыхнуў. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)