царко́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да царквы (у 1 знач.), звязаны з рэлігіяй, царквой, набажэнствам. Царкоўны прыход. Царкоўнае вучэнне. Царкоўныя кнігі. Царкоўная музыка. // Які належыць царкве. Царкоўныя землі. // Які праводзіцца царквою, у царкве (у 2 знач.). Царкоўны шлюб.

2. Які мае адносіны да царквы (у 2 знач.). Царкоўная вежа. □ Гэта быў, трапіўшы сюды па непаразуменню, царкоўны стараста суседняга сяла. Лынькоў. Раненька, як толькі сонечныя пр[амя]ні пазалацілі царкоўныя крыжы, ударылі званы. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэлігі́йнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць рэлігійнага; вера ў бога. Цельшынцы не вызначаліся асаблівай набожнасцю і рэлігійнасцю, але царкоўныя абрады спраўлялі. Пшыркоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ры́зніца, ‑ы, ж.

Памяшканне пры царкве, у якім захоўваюцца рызы і царкоўныя рэчы. У рызніцы манастыр скай царквы цьмяна гарэла лямпачка. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цвінта́р, -а́, мн. -ы́, -о́ў, м.

Двор, агароджанае месца вакол царквы, касцёла, дзе выконваюцца розныя царкоўныя абрады і хаваюць некаторых царкоўных служыцеляў.

На цвінтары раслі векавыя ліпы.

Прыкасцельны ц.

|| прым. цвінта́рны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ма́каўка, -і, ДМ -каўцы, мн. -і, -кавак, ж.

1. Плод маку: каробачка, дзе знаходзіцца насенне.

2. Купал царквы (разм.).

Зіхацелі царкоўныя макаўкі.

3. Верхняя частка, вяршыня чаго-н. (разм.).

Сухая м. дрэва.

4. Канец кораня конскага хваста.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

богабая́зны, ‑ая, ‑ае.

Уст. Які верыць у бога і строга выконвае ўсе царкоўныя правілы з-за боязі перад богам. Цяпер яна [цэркаўка] стаяла адзінокая, закінутая, забытая, і толькі богабаязны падарожны, праходзячы каля яе, прыпыняўся і хрысціўся, набожна схіліўшы галаву. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кубра́к1 ’чалавек, які просіць міластыню на царкоўныя патрэбы’ (Нас., Нар. сл.). Укр. кубрак ’тс’, польск. kubrak ’тс’. Да кубрак2, не выключана кантамінацыя з жабрак (гл.).

Кубра́к2 ’мужчынскае суконнае верхняе адзенне (кароткае, вышэй калена)’ (Нар. сл., З нар. сл.). Польск. kubrak ’куртка, халат з простага сукна’. Калі лічыць, што кубрак узыходзіць да *кубур‑ак, можна меркаваць аб запазычанні з тур. kubur ’пакрывала, футляр’. На карысць гэтай гіпотэзы сведчаць такія турцызмы, як рум. cubur ’род адзення’ і інш. (Слаўскі, 3, 299).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апара́т, апара́тыцаркоўныя рэчы, у тым ліку адзенне свяшчэнніка’ (Нас.); аднак ужо ў аповесцях XVI–XVII стст. апаратъ военныи (Шакун, Гісторыя, 106). У старабеларускай мове як царкоўны, так і ваенны апарат з XVI–XVII стст. з лац. apparatus (Курс суч., 172; Гіст. лекс., 111), магчыма (але не абавязкова), праз польскую. Наўрад ці трэба лічыць, што на пачатку XX ст. слова апарат было другі раз запазычана ў беларускую мову з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 83; Гіст. мовы, 2, 147; Гіст. лекс., 245), хутчэй за ўсё тут можна гаварыць толькі аб пашырэнні значэння ўжо ўжыванага слова; апарат ’ваенны парад’ (Нас.) кантамінацыя парад і апарат.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ірда́нь ’рэлігійны абрад асвячэння вады’ (Бяльк.), ’месца, дзе ў дзень богаяўлення асвячаюць ваду’ (Нас.). Рус. иорда́нь ’месца на рацэ, дзе праводзяць асвячэнне вады і некаторыя царкоўныя святы’, дыял. ’вадохрышча’, ’палонка’, ирда́н, ирда́нь ’месца на рацэ, возеры ці сажалцы для царкоўнага абраду асвячэння вады’, ’палонка’, ’чысты ручай, крыніца’, ерда́нь ’палонка’, укр. дыял. йрда́нь ’месца на рацэ, дзе асвячаюць ваду ў дзень богаяўлення’. У рускай пісьменнасці иердань, иордань, ердань ’палонка з памостам і часовай капліцай для вяршэння абраду асвячэння вады і купання’ з XVI ст. Утворана ад назвы ракі Іардан (грэч. Ἰορδάνης), у якой, паводле евангельскага падання, хрысціўся Іісус Хрыстос. Гл. Фасмер, 2, 23.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хрысція́нскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да хрысціянства. Хрысціянская вера. Хрысціянская царква. □ Хрысціянскаму псеўдагуманізму.. Горкі проціставіў рэвалюцыйны гуманізм, непакорлівасць і непрымірымасць у барацьбе за вызваленне чалавека і чалавецтва. Івашын. // Які прызнае хрысціянскае веравызнанне. Хрысціянскі народ. // Які прапаведуе хрысціянства. Хрысціянскія місіянеры.

2. Які мае адносіны да хрысціяніна, належыць яму. Засыпалі.. [труны], і на беразе Віліі вырас курган. На ім, зверху, царкоўныя ўлады паставілі крыж з распяццем. Як-ніяк — хрысціянскі прах ляжыць пад курганам. Арабей. // Уласцівы хрысціяніну. З хрысціянскаю пакорлівасцю.. [Ціт] гатоў быў цяпер памаліцца за бязбожнікаў. Колас. // Які адбываецца ў адпаведнасці з абрадамі хрысціянства. [Рыгоравіч:] — Пахаваем з пашанай па нашым хрысціянскім звычаі. Няхай. // Разм. Праваслаўны, простанародны. Зірнуў дзед, напнуў лейцы, .. пачаў ціханька тпрукаць, але дзе ты згаворышся з гэтай [жывёлай], якая не разумее хрысціянскай каманды. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)