укаране́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. укараняць — укараніць і стан паводле знач. дзеясл. укараняцца — укараніцца. Укараненне перадавой тэхнікі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закаране́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Трывала замацавацца, застарэць; укараніцца. Хвароба закаранела. // Зрабіцца ўпартым, непапраўным, поўнасцю аддаўшыся якім‑н. звычкам, пачуццям. Закаранець у дрэнных прывычках.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыжы́ць, -ыву́, -ыве́ш, -ыве́; -ывём, -ывяце́, -ыву́ць; -ы́ў, -ыла́, -ло́; -ы́ты; зак. (разм.).

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыняцца, укараніцца.

Саджанцы добра прыжылі на новым месцы.

2. каго (што). Нарадзіць, даць жыццё дзіцяці (ад пазашлюбнай сувязі).

П. дзіця з кім-н.

|| незак. прыжыва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

застарэ́ць, ‑эе; зак.

Разм.

1. Укараніцца, стаць непапраўным. Хвароба застарэла.

2. Стаць неадпаведным сучасным патрабаванням, нормам; устарэць. Трэба аджывіць школу, бо спосабы .. заняткаў [Лабановіча] так застарэлі, што напэўна перасталі быць цікавымі для дзяцей. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыві́цца, прыўецца; пр. прывіўся, ‑вілася, ‑лося; зак.

Замацавацца, укараніцца, стаць звычайным. Ні класіцызм, ні рамантызм, ні сентыменталізм як творчыя метады не прывіліся ў беларускай літаратуры. «Полымя». Вось недзе ў часе вандровак і прывілося роду Абрама прозвішча Плотка. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прышчапі́цца, ‑шчэпіцца; зак.

1. Зрасціся з другой раслінай (пра чаранок, вочка).

2. Выклікаць у арганізме патрэбную рэакцыю ў выніку прышчэпкі (пра вакцыну). Воспа прышчапілася.

3. перан. Замацавацца, укараніцца, прыжыцца. У нас да газетнай і кніжнай мовы прышчапілася слова «адбіць». Чорны. Цяжкая спадчына ад праклятай мінуўшчыны прышчапілася чалавеку. Кудраўцаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыві́ць, прывіва́ць ’прымусіць, засвоіць, надаць (якую-небудзь уласцівасць, звычку і пад.)’, прыві́цца ’замацавацца, укараніцца, стаць звычайным’ (ТСБМ), прыві́цца ’прыкруціцца (калі ўюць вяроўку, то ў вяроўку можа ўкруціцца, увіцца што-небудзь пабочнае)’, ’назойліва прычапіцца (напр., пра пчалу)’ (Янк. 3.), прывіва́цца ’часова жыць’ (Юрч.). Да віць2 (гл.). Сюды ж аддзеяслоўныя назоўнікі са сферы ткацкай лексікі: прывытні́к ’верацяно, на якое змотваецца пража з некалькіх — звычайна з 2–3, радзей з большай колькасці верацён для прасушкі’, прыві́вак ’верацяно, з якога звіваюць пражу на другое для прасушвання’ (Уладз.), прыві́ванка ’дзве ручайкі пражы на адным верацяне’ (ТС); а таксама прыво́й ’(часовае) месцазнаходжанне’ (Мат. Маг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыня́цца, прымуся, прымешся, прымецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Укараніцца, прыжыцца. Расада прынялася. Прышчэпак прыняўся. □ Зазелянелі, заслалі дол маладыя пахучыя сасонкі, — прыняліся на добрай зямлі. Пташнікаў. // Прышчапіцца (пра вакцыну). Воспа прынялася.

2. за што і з інф. Пачаць што‑н. рабіць; узяцца за што‑н. Нам, будучым курсантам, дачасна назначылі выпускныя экзамены за вучылішча, і мы спешна прыняліся за падрыхтоўку да іх. Марціновіч. Сідор усеўся за стол і прыняўся вячэраць. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пусці́ць, пушчу, пусціш, пусціць; зак.

1. каго-што. Перастаць трымаць, утрымліваць рукамі каго‑, што‑н.; выпусціць. Стася ціха, але рашуча папрасіла: — Зелянюк, пусці маю руку. Я пайду. Зарэцкі. [Дзед] пусціў вёслы і выхапіў з-пад сябе дошчачку дарожкі. Брыль. // Перастаць трымаць дзе‑н., даць волю. Сам прыстаў трымаў .. [Адася Гушку] перад сабою нешта гадзін са тры, а пасля пусціў, загадаўшы сваім людзям не спускаць яго залішне з вока. Чорны. Ды лепш бы ўсё яны забралі, Пусцілі б толькі іх [палонных] жывых. Колас. // Дазволіць або даць магчымасць пайсці, паехаць і г. д. куды‑н. Пусціць у адпачынак. □ [Сястра] хацела пайсці разам з .. [Міколкам] у лес, але маці не пусціла: трохі прыхворвае малая. Лынькоў. // Даць магчымасць пасвіцца, выпусціць на пашу (пра жывёлу). І куды толькі не забярэцца.. [Цімох] са сваім статкам! І на ягаднік пагоніць, і па бары на верасы пусціць, і ўсе лужкі перабярэ. Колас. Гадзін праз дзве работы [Міхал] выпраг каня і пусціў на паплавец. Чорны.

2. каго-што. Дазволіць каму‑н. прайсці, увайсці куды‑н.; упусціць. Гэта я! Пусці! Яшчэ не верыш? Дык на ганак выбежы хутчэй. Танк. Мне ўдаецца ўгаварыць пляменніка спачатку падстрыгчыся — непадстрыжанага, маўляў, у магазін не пусцяць... Каршукоў. // Памясціць, пасяліць, здаючы ў найм памяшканне. Але браты нечага не падзялілі, і малодшы Шнур падаўся цераз раку. Цяпер ён шукаў хаты. І Харытоня пусціў яго ў сваю. Чыгрынаў. — Ці не пусцілі б вы ў .. [другую палавіну хаты] хлопца аднаго на які месяц ці два. Дроў мы неяк прыдбаем. Зарэцкі.

3. каго-што. Паслаць, накіраваць куды‑н. з якой‑н. мэтай. Трымаліся два дні, але раніцай трэцяга немцы пусцілі танкі. Навуменка. [Васіль:] — Трэба было абавязкова ўвосень выкарчаваць пні... Цяпер пусцілі б камбайн, жняяркі... Шамякін. // Даць магчымасць або прымусіць рухацца, перамяшчацца якім‑н. чынам. Гаспадар выцягнуў плуг з зямлі і пусціў плытчэй. Чорны. Наганяць шкадаваў, а пусціў паволі — і так утаміўся конь. Гартны. // Надаць пэўны ход, кірунак (размове, справе і пад.). Пусціць справу на самацёк. □ Маладая.. не раз пачынала гаворку, старалася аднавіць і пусціць яе ў ранейшае бесклапотнае рэчышча, але муж непадкупна маўчаў. Ракітны.

4. што. Кінуць, прымусіць рухацца ў якім‑н. напрамку. Схапіў Янка лук і пусціў стралу ў шуляка. Якімовіч. З воданапорнай вежы заўважылі крыкуна, пусцілі па ім некалькі куль. Хомчанка. // Выпусціць, даўшы магчымасць цячы, распаўсюджвацца. Пусціць газ. □ Праўда, .. [састаў] быў невялікі, з пяці вагонаў і платформы, але калі Лёдзя захацела была абысці яго, машыніст пусціў пару і даў кароткі свісток. Карпаў. Архіп сеў, пусціў дым у столь і загаварыў. Пестрак. // Быць прычынай чаго‑н., выклікаць што‑н. Падзьмуў ветрык, пусціў па вадзяным люстэрку рабацінне. Шыцік. Выплыў месяц з-за небасхілу і пусціў доўгі пералі[віс]ты бляск цераз усё мора. Кулакоўскі.

5. што. Прывесці што‑н. у дзеянне, у рух; прымусіць дзейнічаць. Пусціць аўтаматычную лінію. Пусціць пласцінку. □ Ахопленая трывогай, .. [Арына] таропка падсунула табурэтку, залезла на яе, завяла гадзіннік, пусціла маятнік. Карпаў. // у спалучэнні са словамі «аўтобус», «цягнік», «трамвай» і пад. Устанавіць пэўныя шляхі зносін. Пусціць тралейбус у мікрараён.

6. каго-што. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае; зрабіць што‑н. з чым‑н.; выкарыстаць з якімі‑н. мэтамі, якім‑н. чынам. Пусціць на продаж. Пусціць на племя. □ — Ну, а з пусткаю што будзе? Сеяць ярыною? Ці ў папар на лета пусціш? — Грышкаў брат пытае. Колас. Пільню Бама пусцілі даўно ўжо на злом. Зарыцкі. — Прадаць тое-сёе, канешне, не шкодзіць. Скаціну якую пусціць на кірмаш, малатарню можа збыць на ўсякі выпадак, да пары да часу. Мележ. // Разм. Выдаткаваць на што‑н. Праз паўгода цягне [Міхась] у хату музыку. Што зарабіў на рамонце аўтамашыны тое і пусціў на радыёлу. Б. Стральцоў.

7. што. Разм. Разнесці (чутку, пагалоску), зрабіць вядомым што‑н. Парашыў .. [пан] прадаць лес. Пусціў пагалоску, і пачалі прыязджаць купцы аглядаць лес. Якімовіч. Нехта пусціў сярод дзетдомаўцаў чутку, быццам у дупле дуба жывуць змеі. Пальчэўскі. // Сказаць (звычайна што‑н. вострае). Пусціць жарт. □ Вострачы мянташкай касу, Ганнін Васіль пусціў услед грабельнікам: — Сюды, бабкі, падналяжам разам. Васілевіч.

8. што. Даць парасткі, карані (пра расліны). Над страхою звісаў сук-рагач ад вярбы. Другі, адломаны, валяўся ў гародчыку. Даўно, бо пусціў атожылле, прырос. Пташнікаў.

9. Разм. Не вытрымаўшы напружання, цяжару, перастаць утрымліваць што‑н. — А ў мяшку ці шво пусціла, ці дзірка ў пару не агледжана. Прыехаў, а тут і малоць няма чаго. Арочка.

10. Разм. Адтаяць. Немцы загналі.. [Зіну] ў балота, якое месцамі пусціла ўжо, і чалавек правальваўся аж з галавой. Карпюк. // безас. Пра адлігу. Снегам было пацеру[шы]ла трохі зверху. А гэта зноў пусціла, зноў цёпла стала і мокра. Чорны.

•••

Не пусціць на парог (на вочы) — не прыняць у сябе дома, не дазволіць прыйсці ў свой дом.

Пусціць (з) агнём (дымам) — спаліць.

Пусціць з торбаю (па свеце) — давесці да жабрацтва.

Пусціць казла ў агарод — дапусціць каго‑н. туды, дзе ён можа нашкодзіць; дапусціць каго‑н. да таго, з чаго ён хоча мець выгаду.

Пусціць карэнне (карані) — а) трывала, надоўга абаснавацца дзе‑н., абзавесціся гаспадаркай. Разросся грынюкоўскі род, нібы тыя сосны ў барку над ракой, глыбока пусціў карэнне ў зямлю дзядоў і прадзедаў. «Работніца і сялянка»; б) набыць сілу, стаць пастаянным; укараніцца. Партызанскі рух пусціў глыбокія кар[ан]і ў народзе акупіраваных зямель. Колас.

Пусціць (паслаць) кулю ў малако — не папасці ў цэль пры стральбе.

Пусціць на вецер — растраціць дарэмна.

Пусціць на свет — нарадзіць, даць жыццё.

Пусціць па белым свеце — нарадзіць і, не давёўшы да самастойнасць выправіць у людзі.

Пусціць пад адхон — выклікаць крушэнне (цягніка).

Пусціць пыл (дым, туман) у вочы — стварыць ілжывае ўражанне, выстаўляючы сябе, сваё становішча ў лепшым выглядзе, чым ёсць на самай справе.

Пусціць (сабе) кулю ў лоб — застрэліцца.

Пусціць слязу — заплакаць.

Пусціць у дзела — прымяніць, выкарыстаць.

Пусціць у зіму (на зіму) каго — пакінуць на племя (пра свойскую жывёлу).

Пусціць у паветра — узарваць.

Пусціць у работу — даць прымяненне чаму‑н.

Пусціць у расход каго — расстраляць, знішчыць.

Пусціць у ход — а) прымяніць што‑н. (пра інструмент, зброю і пад.). Хлопцы ішлі і насцярожана азіраліся, гатовыя ў любы момант пусціць у ход зброю. Новікаў; б) выкарыстаць які‑н. сродак, прыём і г. д. Я слухаю дзядзьку: «Глядзі, якім стаў ён! Яго пачынае падтрымліваць сход. Хварэе, бач, ён за грамадскія справы І нават пусціў самакрытыку ў ход». Прыходзька.

Пусціць (чырвонага) пеўня — зламысна падпаліць (чыю‑н. хату, маёмасць і пад.).

Пусціць юшку — ударыць, збіць да крыві.

Хоць з ветрам пусці — такі лёгкі, што можа паляцець з ветрам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)