насе́сці, -ся́ду, -ся́дзеш, -ся́дзе; насе́ў, -се́ла; нася́дзь; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сесці куды-н., на што-н. у вялікай колькасці.

У вагон насела многа людзей.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Асядаючы на чым-н., пакрыць сабою.

Насеў пыл.

3. на каго (што). Напаўшы, наваліцца з сілай.

Удвух населі на аднаго.

4. перан., на каго (што). Звярнуцца з настойлівымі просьбамі, патрабаваннямі (разм.).

|| незак. насяда́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Наповерку, наповеркі ’несці груз удвух, прымацаваўшы да сярэдзіны палкі і ўзяўшыся за яе канцы або палажыўшы іх на плечы’ (Юрч.), ’наперавес’ (Нас.), наповірку ’тс’ (Яруш.), ’трымаючыся ўдвух за абодва канцы’ (Бяльк.), параўн. балг. дыял. на поверенки ’спосаб несці груз удвух на палцы, да якой ён прымацаваны’. Балгарская паралель дае падставы рэканструяваць першапачатковае спалучэнне з прыназоўнікам *на поверку, дзе другая частка назоўнік, параўн. польск. pouerek ’кій’, powyrek (з 1532 г.) ’кій для нашэння вёдраў, каромысла’; чэш. poverek і povererl ’кій для пераноскі цэбраў (прасоўваецца праз абодва вухі цэбра)’, ст.-чэш. pouereky славен. pouerek ’каромысла’ параўноўваюць з серб.-ц.-слав. повора (XVI ст.) ’насілкі, паланкін’ (да *verti) (Махэк₂, 476; Варбат, АДД, 14), адносяць да *vyriti ’тырчэць’ (Брукнер, 639), параўн. таксама рус. верать, вирать ’піхаць, усоўваць’, гл. аўраць, вор2. Згадка ў Насовіча пра сувязь з поверх ’зверху’ не мае падстаў (гл. Нас., 314).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ву́сце, ‑я, н.

1. Месца ўпадзення ракі (у мора, возера); участак ніжняга цячэння ракі.

2. Выхадная адтуліна чаго‑н., выхад. Вусце ствала шахты. □ Удвух з Андрэем неслі яны сетку на бераг, трымаючы вусцем угору, і, толькі адышоўшыся далей ад вады, перавярнулі яе кулём на дол. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шаймо́ры, ‑аў; адз. няма.

Абл. Перамёрзлая бульба, якая праляжала ў зямлі ўсю зіму. А каб выжыць, Мы з братам удвух Усю весну Шайморы збіралі. І была даражэй серабра Тая бульба гнілая на полі. Карызна. Успомнім хоць бы словы Н. Гілевіча пра шайморы — перамёрзлую бульбу з адталага бульбянішча, якая ў першую пасляваенную вясну здавалася малалеткам найлепшым прысмакам (паэма «Сто вузлоў памяці»). Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цвілы́, ‑ая, ‑ое.

1. Пакрыты цвіллю. Цвілы хлеб. Цвілы сыр. □ [Сымон] спыніўся перад старой хатай і зводдалеку бачыў, што ў ёй сцены патрухлелі і пагнілі, і стаяць мокрыя і цвілыя. Чорны. // перан. Разм. Нездаровы на выгляд, нядошлы (пра чалавека, жывёлу). З-за дрэў паказалася фурманка. Удвух сядзелі пораўні. У вясковым адзенні — тузаў лейцамі, падахвочваючы бегчы.. цвілую каняжыну. Крапіва. Пад вачамі ў Санькі сіне, нос выцягнуўся і завастрыўся, а сам ён, як кажа мая бабка, вельмі ж цвілы. Сяркоў. Дзяк належаў да тыпу людзей, якіх звычайна называюць цвілымі або сметанковымі. Колас.

2. Які патыхае цвіллю. Цвілы пах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цікава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

Глядзець на каго‑, што‑н. з пэўнай мэтай; сачыць за кім‑, чым‑н. Раздражняе Тарэнту пудзіла, бо заўжды здаецца яму, што нехта жывы стаіць там, сярод канапель, і цікуе за яго дваром. Галавач. Усе прывыклі цікаваць тут за бусламі: то як сядзяць, то як ляцяць. Кулакоўскі. Надумаў я падпільнаваць [хто забірае вуды]. Увечары крадком у лазняках завёў і цікую. Савіцкі. // каго-што і з дадан. сказам. Выглядаць, падпільноўваць каго‑, што‑н. [Пастушкі] пачалі з-за кустоў цікаваць, што чалавек будзе рабіць далей. Крапіва. Удвух з бацькам, закапаўшыся ў стог сена, яны цікавалі зайцоў. Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цягу́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які здольны расцягвацца, падаўжацца, не абрываючыся, не ломячыся. Цягучая рызіна.

2. Густы, клёпкі, ліпкі. У дзежках брага з хмелем, Цягучы мёд з вулля. Калачынскі.

3. перан. Працяглы, запаволены, марудлівы. Песні былі ягадныя, старадаўнія, доўгіядоўгія і цягучыя-цягучыя... Сачанка.

4. перан. Стамляюча доўгі, аднастайны. Мокры цягучы дзень нарэшце схіліўся к вечару. Кулакоўскі.

5. перан. Тое, што і цягавіты. [Марцін] паехаў на будаўніцтва і працаваў там чатыры месяцы. Працаваў так, што аж сам здзівіўся, які ён цягучы і дужы. Чарнышэвіч. Капаем мы [акоп], капаем удвух. Абодва цягучыя. І выкапалі мы ўжо метры два ў глыбіню. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.

1. Кінуць у некалькі прыёмаў нейкую або вялікую колькасць чаго‑н. Накідаць камення. □ Забілі [хлапчукі] дзве палі, палажылі бервяно, накідалі каля яго камення і засыпалі жвірам, каб вада не размыла. Пальчэўскі.

2. Кідаючы што‑н. куды‑н., напоўніць, накласці. Накідаць кошык бульбы. Накідаць воз сена. □ [Ладагубец і Барашкін] удвух накідалі шыхту і пагналі ваганетку ў цэх. Савіцкі.

3. Скласці ў агульных рысах. Накідаць план работы. // Хутка, наспех напісаць, намаляваць, начарціць. □ [Шутаў] хутка накідаў алоўкам некалькі слоў, напісаў свой адрас. Мележ. Косця ўзяў ліст чыстай паперы і алоўкам накідаў просты чарцёж крана, разбіўшы яго на асобныя вузлы. Шыцік.

накіда́ць 1, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да накінуць.

накіда́ць 2, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да накі́даць (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разво́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. разводзіць — развесці (у 1–3 і 5 знач.).

2. Спец. Агляд і размеркаванне па пастах вайсковых падраздзяленняў, прызначаных у каравул. Удвух усё агледзелі, што трэба агледзець пры здачы дзяжурства, .. зрабілі развод каравулаў, і чырвоная павязка з белым надпісам апынулася на рукаве Макарава. Алешка.

3. Скасаванне шлюбу. [Павалковіч:] — Якім можа быць мужам табе [Тані] вечны арыштант? Мы наладзім развод. Машара.

4. Прыстасаванне, якое дазваляе падоўжыць павозку, драбіны і пад. Драбіны з разводам. // толькі мн. (разво́ды, ‑аў). Разм. Разведзеныя калёсы. Юрка ўспомніў, што браканьеры — два мужчыны на разводах — не ездзяць болей .. у Сырніцу. Пташнікаў.

5. Нахіл зубоў пілы ў процілеглыя бакі адносна яе плоскасці. — Не пацягнуць [пілы]. Мусім па два разы рабіць. — Развод малаваты, — растлумачыў Вежавец. Грахоўскі.

•••

На развод — а) з мэтай развесці, размножыць (пакідаць, даваць каго‑, што‑н.); б) вельмі мала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рыхтава́цца 1, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; незак.

1. Рабіць усё неабходнае для правядзення, здзяйснення чаго‑н.; прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення чаго‑н. Рыхтавацца ў дарогу. Рыхтавацца да зімы. □ Часці рыхтаваліся да атакі і гуртаваліся ў бярозавым гаі. Шамякін. Масква рыхтуецца да свята. Вясёлы гоман галасоў, Разгорнутыя транспаранты, Гірлянды залатых агнёў... Танк. Мы рыхтаваліся ўцякаць удвух з Жарнаком, і толькі з ім гаварылі аб гэтым сур’ёзна. Брыль. // Вывучаць што‑н., працаваць над чым‑н. з мэтай падрыхтоўкі да якой‑н. дзейнасці. Рыхтавацца да экзаменаў. Рыхтавацца да паступлення ў інстытут. Рыхтавацца да лекцыі. □ За сваё жыццё Святлана правяла ўжо не адну тысячу ўрокаў, і рыхтавацца ёй да іх было лёгка. Шахавец.

2. Быць, знаходзіцца ў стане або працэсе падрыхтоўкі. Рыхтавалася ў лесе база, з якой павінен быў дзейнічаць атрад. Чорны. У гэтым жа палацы рыхтаваўся цяпер пышны банкет у гонар польскай дзяржаўнасці. Колас.

3. Зал. да рыхтаваць.

рыхтава́цца 2, ‑туецца; незак.

Зал. да рыхтаваць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)