уда́чный уда́чны; (умелый, хороший) уда́лы; (меткий) тра́пны;

уда́чная пое́здка уда́чная пае́здка;

уда́чный перево́д уда́лы перакла́д;

уда́чное выраже́ние уда́лы (тра́пны) вы́раз;

уда́чное словцо́ тра́пнае (уда́лае) сло́ва (сло́ўца).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Прыда́ча ’тое, што дададзена, прыдадзена; прыбаўленне да цаны’ (ТСБМ, Мік., Др.-Падб., Нас., ТС), пры́дача ’прыдача, удача’ (Байк. і Некр.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад прыда́ць. Сюды ж вытворныя прыда́члівы ’шчаслівы, удачлівы; які мае асаблівы нораў’ (Нас.), прыда́чны ’ўдалы, удачны; выгадны’ (Нас., Байк. і Некр., Янк. 1). Таксама да гэтага гнязда другасны вытворны назоўнік прыда́ка ’ўдачнік; удалы, зухаваты; неўтаймоўны, непадобны характарам на родных’ (Нас., Байк. і Некр.) з далейшым зрухам семантыкі — ’выпадак; нечаканасць’ (Нас.). У апошнім выклікае цікавасць не зусім яснае (адваротнае) чаргаванне ‑ч‑/‑к‑, якое, магчыма, выклікана пераасэнсаваннем формы слова пры субстантывацыі. Верагодна, усх.-слав., параўн. рус. прида́ча, прида́чливый ’здольны, умелы; спрытны’, укр. прида́ча.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

скла́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязны, плаўны (пра мову, пісьмо і пад.). Складныя думкі не лезлі ў галаву. Броўка. // Разм. Мерны, рыфмаваны (пра мову). Складныя прыпеўкі. // Разм. Стройны, зладжаны (пра спеў, музыку). Я шчаслівы, што я разам Пяю песні з камсамолам. Пяём песні складным сказам, Ажно рэхі йдуць наўкола! Купала.

2. Добры, удачны. Складнае жыццё.

3. Разм. Добра складзены, зграбны, стройны. Складны хлопец. □ [Васіль] быў нават крыху вышэйшы за мяне, складны ў плячах. Кавалёў.

складны́, а́я, ‑о́е.

Такі, што можна складваць дзякуючы рухомаму злучэнню частак. Складны бумажнік. Складное вудзільна. □ Даніла моўчкі выцягнуў з зямлянкі дошкі, дастаў з кішэні драўляны складны метр. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

до́бры, -ая, -ае.

1. Чулы да людзей, спагадлівы, сардэчны.

Д. па натуры чалавек.

Добрая душа.

2. Цалкам станоўчы па сваіх якасцях, з дадатнымі ўласцівасцямі, такі, як патрэбна.

Д. характар.

Добрая кніга.

Д. густ.

Д. настрой.

Добрыя ўмовы.

3. Заснаваны на жаданні дабра.

Д. водзыў.

Добрая парада.

4. Які карыстаецца славай, слаўны, чысты.

Добрае імя.

Пакінуць аб сабе добрую памяць.

5. Умелы, старанны ў рабоце, здольны.

Д. гаспадар.

Д. майстар.

Д. работнік.

6. Даволі вялікі па колькасці, памеры (разм.).

Д. кавалак.

Д. заробак.

7. Дабратворны, спрыяльны.

Д. ўплыў.

Д. клімат.

8. Удачны, паспяховы.

Д. вынік.

Добрыя паказчыкі.

9. Прыдатны для ўжывання, карыстання.

Д. грыб.

10. Блізкі пасяброўску, звязаны ўзаемнай сімпатыяй.

Д. знаёмы.

11. Які прадказвае ўдачу, прыносіць радасць.

Добрая прымета.

Добрая навіна.

Добры вечар! — прывітальны зварот пры сустрэчы з кім-н. вечарам.

Добрай ночы! — пажаданне спакойна спаць.

Добры інтэрас! (разм., іран.) — выказванне нязгоды, неадабрэння, абурэння з якой-н. прычыны.

Усяго добрага — развітальнае пажаданне.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

уда́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які завяршаецца ўдачай; удачны, паспяховы. Удалы баявы вылет. □ Байсак быў у лагодным настроі пасля ўдалай вылазкі на шашу. Лынькоў. Рэйд той наш, па сутнасці першы, быў ўдалы. Шамякін.

2. Вельмі добры. Удалая пшаніца. □ Кузьма славіцца сваім квасам на ўсю ваколіцу — ні ў кога ён не бывае такім удалым, як у Кузьмы. Пестрак. Здаецца, ні адзін год не была такая ўдалая сенажаць! Нікановіч. Удалая восень стаяла ў гэтым годзе. Чарнышэвіч. У жыцці ўсім удалым, У прыгодах-уцехах Міхасю скрозь гучала Адшуканае рэха. Кірэенка. / Пра людзей, жывыя істоты. Нездарма вяла [маці] ў святліца, За дубовы стол саджала. Слёзы капалі расіцай, Што сынок такі ўдалы. Купала. // Які адпавядае якім‑н. патрабаванням, падыходзіць для чаго‑н. Месца пад бальніцу выбрана ўдалае, ля самага бору, у закутку, крыху наводшыбе. Пестрак. Ды не зусім удалы час выбраў для знаёмства .. Нервы .. [Стасі] здалі, яна зрабілася запальчывая. Карпюк. Усё бегаючы па пакоі,.. [Іван Іванавіч] быў, здаецца, на мяжы адчаю, ды раптам ад нейкай удалай думкі ўраз успыхнуў надзеяй і ўскінуў руку. Быкаў. // Правільны, верны. Гульня пайшла жвава, і праз некалькі ўдалых ходаў Зоя выйшла пераможцай. Якімовіч.

3. Здатны на ўсё; спрытны, умелы. [Ігнат] хлапец .. удалы і на навуку, і на працу, куды хочаш! Чарнышэвіч. [Пракоп:] — Чыста ў вас, хораша. І няўжо ж гэтак у вас штодзень. Ці можа жонка ваша такая ўдалая гаспадыня? Колас.

4. Смелы, адважны, храбры; хвацкі. [Яношык:] — Каб была пры мне дружына Юнакоў — хлапцоў удалых, Ускалыхнуў бы я Карпаты. Бажко.

•••

Удалая галава гл. галава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчаслі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Якому дадзена шчасце (у 1 знач.), які мае, адчувае шчасце, радасць, захапленне ад каго‑, чаго‑н. Маладая, шчаслівая маці сядзіць над белай лазовай калыскай. Брыль. Я шчаслівы, што ў суджаны час Нарадзіўся на гэтай зямлі. Гілевіч. / у знач. наз. шчаслі́вы, ‑ага, м.; шчаслі́вая, ‑ай, ж. А гадзіннік? Шчаслівы яго Кіне так, без увагі, Бо заўсёды ад шчасця свайго Ён п’яны, як ад брагі. Куляшоў. // Прасякнуты шчасцем, поўны шчасця. Віхураю закалыханы, Шчаслівыя сніў [Баракаў] ужо сны... Куляшоў. Поўніць гоман, спеў шчаслівы Сёлы, гарады. Колас. // Які выражае сабой шчасце, радасць; выкліканы шчасцем, радасцю. Тацяна засмяялася ціхім шчаслівым смехам. Зарэцкі. — Няўжо праўда? — гледзячы на Любу шчаслівымі вачыма, не паверыў.. [Хадкевіч]. Васілевіч.

2. Які прыносіць, дае радасць, шчасце, дабрабыт і пад.; напоўнены шчасцем, радасцю. [Аўдоцця:] Падзякуйце, дзеткі мае, за сваю шчаслівую долю нашай роднай Камуністычнай партыі. Крапіва. Мой родны Мінск, Табою ганаруся І слаўлю твой шчаслівы, светлы лёс. Прыходзька.

3. Якому шанцуе, спрыяе шчасце, удача. — Ага, і праўда. Шчаслівы ты, Вадзім. За накрыты стол трапіў. Паўлаў. — Іншая справа — табе: ты кучаравы, а кучаравыя — шчаслівыя. Машара. // у знач. наз. шчаслі́вы, ‑ага, м.; шчаслі́вая, ‑ай, ж. Той, каму заўсёды спадарожнічае ўдача.

4. Які прыносіць, прынёс шчасце, радасць, удачу. Шчаслівы білет. □ Але нядоўга цягнулася такое шчаслівае паляванне. Лынькоў. Міны, якія паставіла.. Цюленева, былі шчаслівымі: на іх падарваліся два воінскія эшалоны. «Маладосць». // Удачны, паспяховы. Дружнай працы плён шчаслівы Наўсцяж шуміць сцяной... Броўка. Спачатку былі толькі казкі, з вечна шчаслівым канцом, вечнай перамогай дабра, пасля пайшла суровая падчас, а падчас прыгажэйшая за казкі жыццёвая праўда. Брыль. // Зручны, добры, удалы. — Ты падумай толькі, якая гэта шчаслівая ідэя! Зарэцкі. Падвярнуўся шчаслівы выпадак — у школу спатрэбіўся фізрук. Парахневіч.

•••

Нарадзіцца пад шчаслівай зоркай гл. нарадзіцца.

Шчаслівай дарогі! гл. дарога.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)