Наўспяце́нь (ныўспяцень) ’наадварот’: прыставіць дзверы ныўспяцень (Бяльк.). Магчыма, да рус. вспять ’назад’ (да пята, гл. Фасмер, 3, 363); аднак, зыходзячы з ілюстрацыі і ўдакладнення рэдактараў слоўніка, якія дадалі значэнне ’ўгару, увысь, высока’, можна звязаць з успяць ’падняць угару’ (да пяць, пну, гл.). Прымаючы пад увагу магіл. на́піта, напята ’насцеж’ (гл.) і пятнік ’вушак, да каторага прыладжваюцца дзверы завесамі’, мае права на існаванне і іншая версія: да пята ’ніжняе гняздо, у якое ўстаўлялася драўляная вось дзвярэй’, тады наўспяцень значыла б ’не тым канцом восі (устаўлены дзверы)’ ці пад.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
шчабята́ць, ‑бячу, ‑бечаш, ‑беча; незак.
1. Спяваючы, утвараць гукі, падобныя на шчэбет (пра птушак). А бульбу садзяць, калі ўжо зусім цёпла, калі цвітуць сады, шчабечуць ластаўкі. Брыль. Пад вільчыкам дома шчабяталі ластаўкі. Даніленка.
2. перан. Хутка, бесперастанку гаварыць (звычайна пра дзяцей, жанчын). — А ведаеш, тата, — шчабятала дзяўчынка на руках у Міколы. — Ты паедзеш, а да мяне сёння цёця Ната прыйдзе. Краўчанка.
3. перан. Шумець, булькаць, плёскацца (пра ваду). Дрэмле хмурынка, Шчабеча ручай. Смела, Ірынка, увысь пазірай. Вялюгін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уго́ру, прысл.
Увышыню, уверх; увысь; проціл. уніз. Спрадвечныя дубы лёгка ўзнімаюць угору на сваіх гранітных ствалах цяжкія кроны. Паслядовіч. Сухое вецце хвоі патрэсквала ў полымі і сыпала ўгору снапы іскраў. Лынькоў. Хлопцы стралялі ўсё, больш угору, бо і наперадзе, і з бакоў — усюды свае. Ваданосаў. // У напрамку да верху, на больш высокае месца; вышэй. Вуліца падымалася ўгору. Мележ. Усе ўтраіх падняліся ўгору і прайшлі да Петрусёвага пакоя. Гартны. // Уверх, дыбам. Звер глуха рычыць,.. ягоная кароткая пярэстая шэрсць узнімаецца ўгору і ападае. Самуйлёнак.
•••
Ісці ўгору гл. ісці.
Лапкі ўгору гл. лапка.
Рукі ўгору! гл. рука.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узвы́сіць, ‑вышу, ‑высіш, ‑высіць; зак., каго-што.
1. Паэт. Узняць увысь, увышыню; падняць вышэй навакольнага. Праз дзесяць дзён будынак школы На голым дзікім пустыры З граніту ўзвысяць навасёлы. Астрэйка.
2. Надаць каму‑, чаму‑н. больш высокае грамадскае становішча або значэнне. Узвысіць па службе. // перан. Падняць чый‑н. аўтарытэт. Мне хацелася зрабіць нешта асаблівае, выключнае, што ўзвысіла б мяне ў вачах дзяўчыны, дазволіла стаць упоравень з ёй. Навуменка.
3. Павысіць, зрабіць больш моцным (пра голас). — Гаворыш абы-што! — узвысіў голас і Станкевіч. Арабей.
4. Павялічыць, павысіць (цану і пад.). Узвысіць цэны на прамысловыя тавары.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сіга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Скакаць. [Хлапчукі] спрытна сігалі з галіны на галіну, вышукваючы ворагаў саду. Васілевіч. Напалоханы да паўсмерці белячок з усіх сіл сігаў па паляне, перасякаючы яе і накіроўваючыся ў пушчу. Краўчанка. Язэп бачыў, як пасажыры, не дачакаўшыся нават прыпынку цягніка, сігалі з падножак, беглі да белых драўляных сталоў, каб купіць порцыю бульбы. Асіпенка. // Бегчы; шпарка ісці шырокімі крокамі. [Гвардыян] сігаў шпаркімі нервовымі крокамі, выцягнуўшы наперад худую ссаю жылаватую шыю. Зарэцкі. Максім Сцяпанавіч сігаў вялізнымі крокамі, далёка выкідваючы наперад палку. Карпаў. Алесь сігае ўперадзе, а за ім — след у след — цяжка сапе Лявон. Сачанка.
2. Лятаць, узнімацца. Растуць паверхі мар высокіх, Увысь да зор сігаюць караблі. Матэвушаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узві́цца, узаўюся, узаўешся, узаўецца; узаўёмся, узаўяцеся; зак.
1. Наматацца. Ніткі ўзвіліся на шпульку.
2. Імкліва падняцца ўверх, узляцець увысь. Клубок агню ўзвіўся ўгору і на міг асвятліў зямлю. Няхай. Над горадам узвіліся рознакаляровыя ракеты. Дудо. Глянуў заяц і здзівіўся — Раптам віхрам снег узбіўся. Танк. Чарада галубоў пранеслася пад соснамі, нізка абляцела вакол дома, памкнулася да вышкі, дзе была галубятня, і... зноў узвілася ўгару. Шамякін. / Пра песні, гукі, галасы і пад. Узвілася песня за гарой высокай. Панчанка. Быццам хочучы спалохаць мяне, прарэзліва ўзвіўся гудок над сцішаным прасторам. Сабаленка. / Пра каня. Конь узвіўся на дыбкі. Кулакоўскі. / Пра сцягі, заслоны і пад., якія хутка ўзнімаюцца ўверх. Строгія столкі заслоны ўзвіліся. Глебка. Над галовамі людзей, якія сышліся ў адзін гурт, узвілося, затрапятала, як жывое, чырвонае палотнішча. Сабаленка.
3. перан. Прыйсці ў раздражнены стан; узбурыцца. «Як з ночы? — узвіўся Селязнёў. — Чаму не далажылі адразу?» А Пракапенка толькі цепае плячыма. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уве́рх, прысл.
1. У вышыню, угору; увысь; проціл. уніз. Струнамі гудуць правады, прагнае полымя шалёна ўзвіваецца ўверх. Лынькоў. Туман ірвануўся ўверх. Бядуля. // У напрамку да верхняй часткі чаго‑н. Перамагаючы страх, я пачынаю карабкацца па сцяне. Але ногі мае коўзаюцца, рукі зрываюцца, і хутка я лячу ўніз .. — Пачакай, — кажу я, — дай злаўчыцца. Зноў карабкаюся ўверх. Якімовіч.
2. (звычайна ў спалучэнні з наз. у Т). Унутраным бокам наверх, ніжняй часткай прадмета ўгору. Міхась скінуў кажух, вывернуў уверх шэрсцю і накінуў на сябе. Колас. [Рыбацкая лодка] не была прыкута, а ляжала ў кустах, перавернутая ўверх дном. Шамякін.
3. У напрамку да вытоку, вярхоўя ракі, супраць цячэння. Буксір узяў курс уверх па рацэ. «Маладосць». Дзіцячы гоман і плёскат вады чуўся .. далей, уверх па рэчцы. Брыль. — Дзядзька Мікола, — кажа [Настасся Ніліпаўна] старому, — не ўніз, а ўверх плывём. Бялевіч.
•••
Перавярнуцца ўверх дном гл. перавярнуцца.
Перавярнуць уверх дном гл. перавярнуць.
Уверх дном — не так, як трэба (ісці, пайсці і пад.) — пра ход спраў, парушэнне звычайнага парадку. [Марыля:] Як вярнуўся малады паніч недзе з далёкага краю, з навук, дык усё пайшло ўверх дном. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узне́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. узнёс, ‑несла; заг. узнясі; зак.
1. каго-што. Падняўшы, занесці куды‑н. наверх. Узнесці цэглу на другі паверх. Узнесці вёдры з вадой на ганак. □ Па лесвіцы, што стаяла прыслоненая да ўтрамбаванага сена, [дзяўчынкі] ўзнеслі дзіця наверх, аж пад дах, раскудлачылі трохі сена, выскублі ямачку і паклалі Валю. Ус.
2. перан.; што. Падняць, узняць увысь, угору; ускінуць. На ўсход, на поўнач гетман глянуў, Уладарна ўзнёсшы булаву. Жычка. І ўзнёс ён [музыка] смык рукою, і павёў яго па струнах... Дубоўка. // Накіраваць угору, у вышыню. Старыя яліны высока ўзнеслі свае лапы ў чорнае неба. Лынькоў. Аж да самых нябёс, аж да сонца ты [горад] узнёс свае мачты — пад’ёмныя краны. А. Вольскі. / Пра вочы, позірк і пад. Калі ж часам і крадзецца сум (Я сумую, раўную, кахаю), Вочы смела на змрок узнясу, заспяваю, назло заспяваю. Хведаровіч.
3. што. Збудаваць, пабудаваць. У рукі ўласныя свой лёс Узяў народ вольналюбівы, На вогнішчы палацы ўзнёс, Ператварыў балоты ў нівы. Крапіва.
4. перан.; каго-што. Узвялічыць, узвысіць; усхваліць. Другі ўрывак [«Слова аб палку Ігаравым»], у якім апавядаецца пра князя Усяслава, .. паэт узнёс як узор паэзіі. Лойка.
•••
Узнесці да неба — непамерна расхваліць каго‑, што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)