відаво́чна,

1. пабочн. Напэўна, відаць; мабыць, мусіць. Голас, у якім чулася шчырая жаласць і спачуванне, відавочна, належаў пажылой жанчыне. Васілевіч. Зараз Антона Пятровіча па вечарах Віктар амаль не бачыў: відавочна, у таго была тэрміновая работа на базе. Даніленка.

2. прысл. Яўна, прыкметна; адкрыта. Кадэты відавочна цягнулі за цара, але, не зважаючы на гэта, адносіны паміж самаўладствам і думаю пагоршваліся. Колас.

3. безас. у знач. вык. Ясна, бясспрэчна. [Кандраценка:] — Зусім відавочна стала, што гораду патрэбен галоўны архітэктар. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

азнача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. Вызначаць характэрныя рысы чаго‑н., даваць фармуліроўку чаму‑н. Азначаць геаграфію як навуку.

2. Мець значэнне, які‑н. сэнс. Ціток зірнуў на Кандрата і маргнуў яму адным вокам, што азначала: нічога, хлопцы, я вам памагу. Лобан. Аднаго разу, у выхадны дзень,.. [Сяргей Аляксандравіч] тры разы пастукаў у сцяну, што азначала: «Зайдзі да мяне, тэрміновая справа». Ляўданскі. Я зайшоў.. [у бібліятэку], каб заглянуць у энцыклапедыю і даведацца, што азначае на грэчаскай або лацінскай мовах слова «Данута». Карпюк.

3. Незак. да азначыць (у 2, 3 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мала́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Разрад атмасфернай электрычнасці ў паветры, звычайна ў выглядзе яркай звілістай лініі. У тым баку, дзе клубілася хмара, бліснула сіняя маланка; счакаўшы трохі, ударыў пярун, заглушаючы ўсё навокал. Новікаў. Сціхае дождж. Радзей аблокі... Усё далей маланка, гром... Лойка.

2. Вельмі тэрміновая тэлеграма. Віншаванняў маланкі, Вітанняў лісты Лістаносцы разнеслі ўсім адрасатам. Панчанка.

3. Невялікая насценная газета, якая выпускаецца ў асоба тэрміновых выпадках і асвятляе неадкладныя і вельмі важныя, надзённыя пытанні. Аб сесіі напаміналі шматтыражка, сатырычная газета-плакат «Аса», «маланкі», карыкатуры. Карпаў.

4. Від засцежкі, якая хутка зашморгваецца. Перад сталом стаяў малады чалавек з папкай на засцежцы «маланка». «Звязда».

5. у знач. прысл. мала́нкай. Вельмі хутка, імгненна. Нядоўга думаючы, кінуўся Міколка маланкай да цягніка. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эстафе́та, ‑ы, ДМ ‑феце, ж.

1. Даўней — тэрміновая пошта, данясенне, адпраўленыя конным пасланцом. Аднойчы бацька паслаў мяне з нейкай запіскай да суседа-лесніка, так, па эстафеце, ад аднаго да другога перадавалася пошта лясніцтва. Шамякін. // Пісьмо, данясенне і пад., якія дастаўляліся такой поштай. — О, сапраўды важная справа! — усклікнуў Валерый, прачытаўшы першыя радкі эстафеты. Якімовіч.

2. Спаборніцтва каманд на скорасць (па бегу, плаванню і пад.), калі на пэўнай частцы дыстанцыі бегуна або плыўца змяняе яго таварыш, беручы ад свайго папярэдніка ўмоўлены прадмет. // Спецыяльны прадмет, які перадаецца пры такіх спаборніцтвах. / у перан. ужыв. Пяцьдзесят гадоў нясе савецкая моладзь, наш Ленінскі камсамол эстафету працоўнай і ратнай доблесці і славы, перадаючы яе ад пакалення да пакалення. Машэраў. У небе лятаюць сокаламі Сягоння мае равеснікі. Эстафету бацькоў высока У светлую даль панеслі. Маркевіч.

•••

Прыняць эстафету гл. прыняць.

[Фр. estafette ад іт. staffa — стрэмя.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)