Ты́сячнік ‘багацей, уладальнік тысячнага капіталу’ (ТСБМ), ты́сячны ‘службовая асоба пры царскай уладзе’ (Скарбы), ст.-бел. тысячникъ, тисящникъ, тисечникъ, тысячникъ, тысечникъ ‘начальнік тысячы воінаў’, тысящникъ, тысещникъ, тысущник ‘начальнік тысячы воінаў’ (ГСБМ). Вытворныя ад тысяча (гл.), у старабеларускую мову прыйшло са ст.-слав. тысѧщьникъ, тысѫщникъ ‘начальнік атрада з тысячы воінаў’, у сучаснай мове словаўтваральны тып асабовых назоўнікаў ад лічэбнікаў малапрадуктыўны (Сцяцко, Афікс, наз., 219).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

со́ты 1, ‑аў; адз. няма.

Ячэйкі з воску, якія робяць пчолы і восы для захоўвання мёду і адкладвання яец. Рупная пчала Умее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак. Багдановіч. [Чалавек] наглядаў.., як напаўняюцца янтарным мёдам тысячы васковых каморак-сотаў. Паслядовіч.

со́ты 2, ‑ая, ‑ае.

1. Ліч. парадк. да сто. Соты дзень. Соты вылет. // Шматлікі, незлічона. «І што яно будзе?» — у соты, у тысячны раз пытае сябе Пракоп і не знаходзіць адказу. Колас.

2. Які атрымліваецца пры дзяленні на сто. Сотая частка кіламетра. // Малы, нязначны. Не зроблена і сотай долі... А сіл ужо бракуе... крыўдна, горка! Гарбук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сысці́, сыду́, сы́дзеш, сы́дзе; сышо́ў, -шла́, -ло́; сыдзі́; зак.

1. з чаго. Ідучы, пакінуць сваё месца, спусціцца.

С. з ганка. С. з лесвіцы.

2. з чаго. Адысці з месца, пакінуць месца, пераходзячы на іншае.

С. з дарогі на тратуар.

3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), з чаго. Выйсці з вытворчасці, быць вырабленым.

З канвеера сышоў тысячны трактар.

4. Пайсці куды-н.; пакінуць месца жыхарства, работы.

С. ў краму.

С. з дому.

С. на заработкі.

5. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), з каго-чаго. Знікнуць з паверхні чаго-н.

З твару сышлі болькі.

Снег сышоў з узгоркаў.

6. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Перастаць ставіцца ў тэатры, дэманстравацца ў кіно.

Спектакль сышоў са сцэны тэатра.

7. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Закончыцца, скончыцца, прайсці.

Сышлі тыя цяжкія часы.

Тэрмін прыёму заявак сышоў.

8. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Пра справу, здарэнне і пад.: закончыцца, завяршыцца добра, шчасліва (разм.).

У сямейным жыцці ўсё сышло добра.

9. за каго-што. Быць прынятым, прызнаным за каго-, што-н.

С. за сястру.

10. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Пра газ, пару, ваду і пад.: выйсці, выліцца, выцечы.

Мутная вада сышла з крана.

Дым сышоў з пакоя.

Сысці з рук — прайсці беспакарана, без непрыемнасцей.

Сысці ў магілу (высок.) — памерці.

|| незак. схо́дзіць і сыхо́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць.

|| наз. сход, -у, М -дзе, м. (да 1—3 і 5 знач.) і сыхо́джанне, -я, н. (да 1—4, 10 і 11 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

раз 1, ‑у; мн. разы, ‑оў; м.

1. У спалучэнні з колькаснымі і неазначальна-колькаснымі лічэбнікамі або без іх абазначае аднакратнасць дзеяння. Раз на тыдні прыязджаў бацька, прывозіў харчы. Мурашка. Тры разы на дзень Вася мяняе ваду, чысціць клетку. Пальчэўскі. Сем разоў адмерай, адзін раз адрэж. Прыказка. Лепш, адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць. Прыказка. // З парадкавымі лічэбнікамі і з прыметнікамі ўказвае, каторы раз адбываецца дзеянне. [Рыбак:] — Закінуў другі раз вудку. Зноў той шчупачышча-дурнішча папаўся. Якімовіч. [Валя] чакала, .. што Мішка нарэшце пачне, скажа ёй тое, што яна ўжо мо тысячны раз (ды дзе там тысячны!) кажа яму ўсёй душой. Брыль. Нецярпліва перабіралі нагамі сапуноўскія коні, не разумеючы, відаць, што апошні раз вязуць сваіх гаспадароў. Асіпенка.

2. У спалучэнні з прыметнікамі і ўказальнымі займеннікамі ўказвае на час дзеяння ў адносінах да раду падобных дзеянняў. У мінулы раз. □ Стрэльбу [Лаўрэну] пан купіў новую — на гэты раз двухстволку. Якімовіч. Нячутна носяцца кажаны, кожны раз знячэўку нагадваючы летам птушак. Брыль.

3. У спалучэнні з прыназоўнікам «у» і колькаснымі або неазначальна-колькаснымі лічэбнікамі выражае ступень павелічэння або змяншэння суб’екта або аб’екта дзеяння, якой‑н. уласцівасці і пад. [Лясніцкі:] — Трэба дабіцца, каб да мая месяца мы выраслі ў шмат разоў, арганізавалі новыя атрады. Шамякін. Дзесяць варожых эшалонаў — асабісты рахунак Кастуся. Рахунак брыгады.. трохі большы, — прыблізна разоў у дзесяць — пятнаццаць. Брыль.

4. нескл.; у знач. кольк. ліч. (пры падліку). Адзін. «Раз... два... тры» — лічыць Цімох і раптам .. грымнуў выбух. Колас. / у знач. пабочн. [Толя:] — Адзін я ўсё роўна сажалкі не выкапаю. Гэта раз. А па-другое, жывучы разам, адной сям’ёй, хіба можна думаць толькі пра сябе? Рунец.

•••

Аднаго разу — аднойчы.

Ва ўсякім разе — а) пры любых абставінах. Ва ўсякім разе ў партызана павінна быць вінтоўка і шырокі патранташ, які замяняе яму папругу. Якімовіч; б) (у знач. пабочн.) усё-такі.

Вось табе і раз гл. вось.

Другі раз — тое, што і іншы раз.

Другім разам — калі-небудзь, не цяпер.

За раз — у адзін прыём.

Іншы раз — часам, у некаторых выпадках.

Не раз (і не два) — многа разоў, неаднаразова.

Ні ў якім разе — ні пры якіх умовах, ні пры якіх абставінах; ніколі.

Па той раз — пасля таго; з таго часу (не паўтараецца што‑н.).

Раз-два і гатова — вельмі хутка, зараз жа.

Раз-другі — некалькі разоў (пра невялікую колькасць).

Раз за разам — тое, што і раз-пораз.

Раз (і) назаўсёды — канчаткова, рашуча, беспаваротна.

Раз на раз не прыходзіцца — не заўсёды бывае аднолькава.

Раз плюнуць гл. плюнуць.

Раз-пораз; раз-поразу — бесперапынна, пастаянна, зноў і зноў.

Раз у раз — у такт, адначасова.

Самы раз; у самы раз — а) тады, калі трэба, у час, у патрэбны момант. — Няйначай, як папаўненне. А добра, у самы раз! Лынькоў; б) каму якраз падыходзіць хто‑н. або што‑н. [Настаўнік:] — І пра зямлю ў іхняй праграме так як след сказана. У самы раз мужыку гэтая партыя. Галавач; в) добры, такі, як трэба; добра, так, як трэба. Два акны на вуліцу, тры ў двор, самы раз хата. Ермаловіч. — Каля акна яно бывае холадна, а вось тут самы раз. С. Александровіч.

У такім разе — у такім выпадку, калі ўжо так выйшла.

раз 2, прысл.

Аднойчы. — Вось неяк раз прапала ў пана пара валоў. С. Александровіч. Раз убачыў Толяк: бялявы .. хлапец пайшоў з Зосяю раней, як заўсёды. Чорны.

раз 3, злучнік умоўны.

Ужываецца ў даданых умоўных сказах, у якіх умова з’яўляецца абгрунтаваннем таго, аб чым гаворыцца ў галоўным сказе (часта ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «то», «дык»); калі (у 2 знач.). Раз ужо Пракоп хоча азнаёміцца з калгасам, то мінуць гэты будынак яму не выпадае. Колас. [Слімак:] — Я закону заўсёды падпарадлуюся. Раз абавязаны зарэгістравацца, значыць і выконваю. Лынькоў. — Мала ведаць, трэба дамагацца, раз ты чаго хочаш. На гэтым свет стаіць і стаяць заўсёды будзе. Чорны. І ў спалучэнні са злучнікамі «а», «і», якія ўзмацняюць, падкрэсліваюць умову. [Перагуд:] Ясна, я тут лішні!.. А раз лішні, дык і няма чаго блытацца пад нагамі ў людзей. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)