перамо́га, ‑і, ДМ ‑мозе, ж.
1. Поспех у змаганні (вайне, баі і пад.). Адгрымелі салюты ў гонар перамогі. Шахавец. І там гараць нямецкія танкі. Вялікая перамога над ворагам. Чорны. І на палях варожых бой Мы перамогай закончым. Танк. // Поспех у працоўным або спартыўным спаборніцтве. Дабіцца перамогі ў сацыялістычным спаборніцтве. // Поспех у ажыццяўленні чаго‑н., дасягнуты ў выніку барацьбы, пераадолення якіх‑н. цяжкасцей. Перамога сацыялістычнага ладу. Перамога справы міру. Вытворчыя перамогі.
2. Поўны поспех, трыумф. Перамога ідэй ленінізма.
•••
Пірава перамога — перамога, здабытая вялікімі ахвярамі і таму роўная паражэнню (ад гістарычнай падзеі — перамогі эпірскага цара Піра над рымлянамі, якую ён атрымаў цаной вялікіх ахвяр).
Скласці (аддаць, узлажыць, прынесці) што на алтар перамогі гл. скласці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Перамо́га (пірямо́га) ’поспех у змаганні, на вайне; поўны поспех, трыумф’, ’пераадоленне’ (Нас., Гарэц., ТСБМ, Бяльк.), перамага́ць ’пераадольваць’ (Шат., Касп.), ’браць верх’ (брасл., Сл. ПЗБ), ’пераганяць каго-небудзь, апярэджваць’ (Ян.), перамагчы́, перамогчы́, пірямо́ч ’перамагчы’ (ТС, Сл. ПЗБ, Бяльк.), рус. смал. взяць перемо́гу ’ўзяць верх’. Укр. перемо́га, палт. перема́га ’перамога’, польск. малаўжывальнае і семантычна адрознае przemoga ’сіла, моц’, якія з’яўляюцца ўтварэннямі з прыстаўкі пера- і дзеяслова магчы (гл.) < прасл. *per‑ і *mogti > *per‑magati (параўн. яшчэ ст.-усх.-слав. перемогати ’намагацца перамагчы’ (1216 г.), перемогати се (1140 г.), перемочи ’перамагчы’ (1216 г.), а таксама польск. przemóc, przemagać, чэш. přemoci, přemáhati, славац. premôcť, premáhať, славен. premȏči, серб.-харв. према́гати ’перамагаць, перамагчы’) пры дапамозе суфікса ‑а з абстрактным значэннем (як слав‑а, кар‑а, а‑барон‑а, трав‑а). Аналагічная будова слоў з той жа семантыкай заўважана ў балт. мовах (Непакупны, Связи, 84–84): з прыстаўкай ap‑/ab‑ і дзеяслова са значэннем ’магчы’ — гэта пруска-літоўска-беларускі арэал (прус. ep‑war(r)īsnan (В. скл.) — літ. жамойцк. ap‑galė < паўд.-літ. ap‑galėti ’перамагчы’ — бел. гродз. абмага́ць (гл.) і з прыстаўкай per‑ літоўска-беларуска-ўкраінскі арэал (літ. per‑galė — бел. пера‑мога — укр. перемо́га).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ра́дасць, ‑і, ж.
1. Пачуццё вялікай асалоды, задаволенасці, якое выклікае вясёлы настрой. Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. Колас. Толькі мы выйшлі на поле, я неяк незнарок азірнуўся і аж закрычаў ад радасці: за намі бегла [вавёрка] Люська!.. Ляўданскі. // Весялосць, трыумф. І здавалася Міколку, што вылеціць яго сэрца з грудзей ад вялікай радасці. Лынькоў. У першыя дні Саша са сваёй сястрычкай Лідай нават не ведалі, што рабіць ад радасці: насіліся з аднаго пакоя ў другі, заглядвалі ва ўмывальнік, ванную. Даніленка. // звычайна мн. (ра́дасці, ‑ей); чаго або якія. Прыемныя, вясёлыя перажыванні, выкліканыя чым‑н. Лапік ужо ў трэцім класе. Першыя школьныя радасці даўно прайшлі. Брыль.
2. Падзея, абставіны і пад., якія даюць асалоду, шчасце. Пачатак навучальнага года супаў з вялікай радасцю ў яе жыцці — Кацю прынялі ў рады Камуністычнай партыі. Грахоўскі. Схадзіць у госці да цёткі Тарэсі ў Лугаватую, паехаць з дзядзькам у Сыркінаў млын — было для дзяцей самай вялікай радасцю. С. Александровіч.
3. (звычайна са словам «мая»). Разм. Ласкавы, пяшчотны зварот. [Лявон:] Дык пойдзем, мая радасць, я правяду цябе крышку. Козел. Краіна мая, радасць мая, Песня мая маладая! Па нівах тваіх, па тваіх гаях Сынава сэрца рыдае. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)