паго́н 1, ‑у, м.

Дарога, па якой гоняць жывёлу на папас. Туман бялее над балотам, Дзяр[к]ач завёў траскучы спеў, Жукі лятаюць па-над плотам, Жывёла йдзе з пагону ў хлеў... Чарот.

паго́н 2, ‑а, м.

Наплечны знак адрознення. На.. [Сцяпанавых] плячах красаваліся капітанскія пагоны сапёра. Корбан. Сукно гімнасцёрак пацямнела пад рамянямі і пагонамі. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скверашча́ць ‘туркацець, выдаваць траскучы гук’ (Нас., Байк. і Некр.), сквярашча́ць ‘капрызнічаць, плакаць’ (Сцяшк.). Дзеяслоў суадносны з назоўнікам сквера(с)т ‘крык жабы; лаянка’ (Нас.), параўн. укр. скве́ресть, сквереща́ти ‘тс’, суфіксацыя характарызуе інтэнсіўнасць дзеяння, у аснове якога гукапераймальны корань *skvьr‑, гл. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

да́ча 1, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. даць (у 8 знач.). Дача паказанняў. □ Густы траскучы залп з тылу, а потым з правага фланга перарваў дачу гэтых загадаў. Колас.

2. Порцыя, якая даецца на адзін прыём ці на пэўны перыяд. Дзве дачы аўса. Сутачная дача сена.

да́ча 2, ‑ы, ж.

Загарадны дом для летняга адпачынку гараджан. Пабудаваць дачу. Зняць дачу. □ Мадам Гамрэкелі ад пачатку лета выехала з Гіо некуды ў горы, на дачу, дзе не было малярыі. Самуйлёнак.

да́ча 3, ‑ы, ж.

Частка лясніцтва, вылучаная ў самастойную гаспадарку; участак зямлі пад лесам. Лясная дача.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трашча́ць (трашчэ́ць, трашча́ць, трышча́ць) ‘утвараць траскучы гук, трэск’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Шат., Сл. ПЗБ, Гарэц., Пятк. 2, ТС), ‘цвыркаць’ (даўг., Сл. ПЗБ), ‘трэскацца ад пераядання (пра жывот)’ (віл., шальч., Сл. ПЗБ), ‘стракатаць (пра сароку)’ (брэсц., паўд.-мін., зах.-гом., ЛА, 1), трышчя́тэ ‘трашчаць (аб марозе)’ (кам., Сл. ПЗБ), трашча́ць ‘моцна балець (пра галаву)’ (Ян.), ‘хутка, гучна гаварыць, гаварыць не змаўкаючы’ (мёрск., Нар. лекс., ТСБМ, Мат. Маг.), трышча́ці ‘трашчаць’ (Вруб.), трашчэ́ць ‘бразгатаць, брынчаць (пра пабітую міску)’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ст.-бел. трещати, трищати ‘трашчаць’ (ГСБМ). Сюды ж трашчо́тка ‘прыстасаванне для ўтварэння трэску, шуму, стуку, лёскату’, ‘балбатуха; чалавек, які вельмі хутка гаворыць’ (ТСБМ, Мат. Маг. 2, Шат.), ‘гаваркая жанчына’ (Нар. Гом.); ‘клін для ўмацоўвання пярэдняга навоя ў кроснах’ (мёрск., Ск. нар. мовы), ‘машына для ачышчэння лёну’ (ТСБМ). Параўн. укр. тріщати, рус. трещать, польск. trzeszczeć, чэш. třeštět, славац. trešťať, славен. treščati, балг. трещя́, макед. трешти. Дзеяслоў гукапераймальнага паходжання, параўн.: лес схіляецца чуць не да зямлі, трашчыць і стогне (Сержп. Прымхі, 35); роднаснае літ. treškėti ‘трашчаць, ламацца’ (Борысь, 649). Гл. трэск.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Несудо́мны, несудомы ’надта вялікі, страшны’ (ТС); несудо́мны лес = вялікі, непраходны лес, нетра; несудомны мороз = вялікі, траскучы мароз (мазыр., ул. зал.). Відаць, да суд (гл.), параўн. рус. несудимый ’вельмі моцны, перавышаючы звычайную меру’, не судом (божиим) ’вельмі моцна, у вельмі вялікай колькасці’ (Дзяул. сл.), несудо́м кричать ’крычаць вельмі моцна’ (паўд.-рус., СРНГ), што тлумачыцца зыходным значэннем ’які не падлягае абмеркаванню ці асуджэнню’ (Даль), г. зн. ’надзвычайны’. Аднак для названых слоў нельга выключыць і іншыя версіі ці па меншай меры ўплыў біблейскага імені уласнага Садом, якое пачало ужывацца як апелятыў, паради, судом ’нешта нядобрае, непрыемнае’: Судом ее возьмі, дзе вона дзелася, тая шапка! (ТС), параўн. садомія (содомія) ’вялікае злоўжыванне; моцная разбэшчанасць’ (Нас.) і інш., гл. Някрасава, Диалект, иссл. по рус. яз. M., 1977, 247–250; іншая версія ад *sędoma (паводле Ліуканен, Отглаг. сущ., 131 < Zsędębma ад sъ‑dębiti ’акачанець’), параўн. укр. судо́ма ’міжвольнае скарачэнне мускулаў (ад болю, холаду, пры некаторых захворваннях і г. д.), сутарга’; тады адмоўе ў несудомны можа выконваць функцыю табу; адносна семантычнай мадэлі параўн. халерны, пранцаваты і пад. як экспрэсіўная адмоўная характарыстыка ў адносінах да нежывых прадметаў (халерны холад і пад.). Для спалучэнняў тыпу гушча несудомая можі^а дапусціць народна-этымалагічнае збліжэнне з сыйці, сходзіць (гушча несы(и)домая?); параўн. несходзімы ’непраходны; вялікі (пра лес)’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ток 1, ‑у, м.

1. Рух электрычнага зараду ў правадніку; электрычная энергія. Ток высокай частаты. Сіла току. □ Калі ў шэсць гадзін раніцы немцы давалі ток у дэпо, жыхары барака, у якім жыла Баран, збіраліся паслухаць апошнія навіны з Масквы. Новікаў.

2. пераважна мн. (то́кі, ‑аў). Пра нервовую энергію чалавека, якая ўспрымаецца іншымі людзьмі. Ад яго ішлі нейкія токі, што заражалі іншых энергіяй і ўздымам. □ [Маша] кахала .. [Яроша] глыбока, тайна, безнадзейна. І вось наступіў момант, можа, адзіны і непаўторны, калі і ён пачуў токі гэтага кахання. Шамякін. // Паток нервовай энергіі, нервовае напружанне, узбуджэнне. Дзяўчына не паспела дагаварыць: асляпляльная маланка запаліла ўсё неба, і тут жа ўдарыў такі траскучы і рэзкі пярун, што Русіновіч адчуў, як па целе ў яго прабег лёгкі ток. Дамашэвіч.

•••

Блукаючыя токі — электрычныя токі, якія праходзяць у зямлі пры выкарыстанні яе як токаправоднага асяроддзя.

Выпраміць ток (спец.) гл. выпраміць.

Пастаянны ток — электрычны ток, напрамак і сіла якога не мяняюцца.

Пераменны ток — электрычны ток, напрамак і сіла якога перыядычна мяняюцца.

Трохфазны ток — сістэма трох аднафазных токаў аднолькавай частаты і амплітуды, але якія адрозніваюцца па фазе на 1/3 перыяду.

ток 2, ‑а, м.

1. Спецыяльны будынак для складвання, абмалоту і ачысткі збожжа; гумно. Адразу ставілі некалькі будынкаў: ток, пуню, хлеў. Бядуля. // Пляцоўка для абмалоту збожжа. Вялікі бурт пшаніцы, аж пад неба, На палявым таку ляжаў. Корбан. Ехалі людзі з-за Вільні, зараз едуць з-пад Вільні. А многія з іх, напэўна,.. аралі папар, кляпалі косы, магчыма, раўнялі ток у гумне. Гартны.

2. Абл. Земляная падлога (звычайна гліняная). Грукнулася дзіцянё лобікам аб гліняны ток. Сіняк на ўвесь лобік. Крапіва. У гэту самую хвіліну Мацвей соладка спаў у сенцах на голым таку. Лобан.

ток 3, ‑у, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. такаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трэск ‘сухі рэзкі гук, утвораны пры ламанні, трэсканні, разрыванні’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Касп.), ‘шум, які ўтвараецца пры рабоце механізмаў, інструментаў’ (ТСБМ), ‘шуміха, пустыя размовы, балбатня’ (там жа), тры͡еск ‘трасканіна’ (Вруб.), трэ́скот ‘тс’ (ТС), трэск‑по́раск ‘шум, траскатня’ (Варл.). Укр. тріск, трі́скіт, тря́скіт ‘трэсканне, лясканне’, рус. треск, тро́скот ‘тс’, ст.-рус. трѣскъ ‘тс’, ‘гром’, польск. trzask, troskot ‘траскатня’, trzask‑prask ‘трах-бах, хутка’, чэш. třesk, třeskot, třaskot, славац. tresk ‘трэск’, ‘трэсь’, славен. trèsk ‘трэсь, лясь, бабах’, trésk ‘удар грому’, ‘шум’, харв.-чак. trȉjesak, trisk ‘гром’, серб. тре̂сак ‘трэск, гук, грукат’, тре̏с, трас ‘трэсь, бах’, балг. тря́сък ‘трэск, гром, грукат’, тряс ‘трах, лясь’, макед. тресок, трескот ‘трэск, грукат’. Прасл. *trěskъ на аснове гукапераймання, першапачаткова звязанага з громам і маланкай (Фасмер, 4, 99–100; ЕСУМ, 5, 645;), роднаснае літ. traškùs ‘крохкі’, traskà ‘крохкасць’, treškė́ti, traškė́ti ‘трашчаць, патрэскваць’, ‘ляскаць, цмокаць, цокаць’, лат. trašķis ‘шум, шоргат’, літ. tróškis ‘трэшчына’ (Мюленбах-Эндзелін, 4, 223; Покарны, 1072; Буга, Rinkt., 1, 488; 2, 573; Скок, 3, 502; Брукнер, 579); сюды ж далучаюць гоц. þriskan ‘малаціць’, ga‑þrask ‘ток’, нова-в.-ням. dreschen ‘малаціць’ (Сной₂, 781; Арол, 4, 100). Асновай для ўтварэння *trěskъ з’явіліся гукапераймальныя выклічнікі тыпу трэсь, польск. trzas, балг. тряс і ўтвораны на іх базе дзеяслоў *trěsk‑a‑ti і інш. (Борысь, 646–647). Сюды ж трэ́скацца ‘лопацца’ (Сцяшк., Байк. і Некр., Яруш., ТСБМ), ‘разрывацца ад крыку’ (Шат.), трэ́скаць ‘ламаць, утвараючы трэск’ (Нас.), ‘прагна есці’ (Нас., Бяльк., Растарг.), ‘есці хапаючы’ (Юрч. Сін.), ‘моцна ўдараць’ (петрык., Яшк. Мясц.), ‘лопаць’ (лях., Сл. ПЗБ), трэ́снуць ‘стварыць трэск’, ‘з трэскам раскалоцца, разламацца, утварыць трэшчыну’, ‘разарвацца’, ‘моцна ўдарыць, стукнуць’ (ТСБМ, Яруш., Нас., Касп., Сл. ПЗБ, ТС), ‘кальнуць (пра прыступ вострага болю’ (астрав., Сл. ПЗБ), ‘надысці (пра моцны мароз)’ (Ян.); тры͡ескаті ‘лопацца, трэскацца’, тры͡еска ‘трэшчына, расколіна’ (Вруб.), трэ́сканне ‘трасканіна’ (Нас.), траскані́на, траската́нне, траскатня́, тръскані́на, трыскатня́, трасканя́ ‘працяглы трэск, шум, стук’, ‘бясконцая балбатня, пустыя размовы’ (ТСБМ, Бяльк., Юрч. Вытв.; мёрск., Нар. словатв.; рагач., паст., Сл. ПЗБ); траската́ць ‘балбатаць’ (Юрч. Вытв.), траскатну́ць ‘пусціць пагалоску’ (Юрч. СНЛ), тріскыта́ньнік, траску́н, траскату́н, траскацёлка ‘балбатун’ (Юрч. СНС, Юрч. Вытв., Юрч. СНЛ); траскуно́к, траску́нчык ‘дзіцё са звонкім голасам’ (Юрч. СНЛ), траску́нчык ‘сініца’ (слонім., Арх. Фед.), ‘моцны мароз’ (ТСБМ; мёрск., ЖНС), траску́н ‘тс’ (люб., ЛА, 2, ЛА, 5); траску́нчык ‘тонкі лёд’, трэску́шкі ‘дзіцячая гульня: дзеці бегаюць па маладым лёдзе, які моцна ўгінаецца і трашчыць’ (ТС); траску́шчы, трэску́чытраскучы (пра мароз)’ (Жд. 2, ТС), трэ́сь! — пра трэск (полац., мсцісл., Нар. лекс., ТСБМ); ‘бух’, ‘хрусь, трэсь’, ‘хап’ (Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

трашча́ць, ‑шчу, ‑шчыт, ‑шчыць; незак.

1. Утвараць трэск (у 1 знач.). Ступіць не паспееш два крокі — Лядок яшчэ тонкі трашчыць. Прыходзька. Дах трашчаў, развальваўся, са скрыгатам спаўзаў уніз. Хомчанка. Сухія сцябліны трашчалі пад нагамі, лісце чаплялася за рукі. Даніленка. Весела трашчалі ў печы сухія бярозавыя дровы. Васілевіч. / Пра моцны мароз. Дзяўчынка ўхуталася ў старую світку, бо на дварэ трашчаў мароз. Сабаленка. Мароз трашчыць, снягі мяце, Снягір, як макаў цвет, цвіце, Спявае, весяліцца, Марозу не баіцца. Хведаровіч. // Рабіць рэзкі шум, грукат, стук і пад. Матацыкл, фыркае раз, другі і раптам аглушальна трашчыць. Жычка. Трашчаў будзільнік доўга і звонка. Гаўрылкін. Трашчалі бульдозеры, разраўноўваючы зямлю для бетоннай падушкі. Паслядовіч. Трашчалі аўтаматы і кулямёты, глуха бухалі гранаты, а потым пракацілася гулкае «ура!». Няхай. // Утвараць траскучы гук. Пясок трашчыць на зубах. // Абзывацца гукамі, падобнымі па трэск (пра насякомых, птушак). У лесе цішыня, толькі начныя цвыркуны.., забыўшыся на сон, трашчаць увесь час. Ігнаценка. Сарока-белабока Трашчыць тут недалёка. Астрэйка. На явары трашчыць спрасонку бусел, Зрабіўшы стойку на адной назе. Прануза.

2. перан. Хутка, доўга, не змаўкаючы, гаварыць; гаварыць без патрэбы. Маці маю, у гутарцы са мною, .. [Болесь] ні разу і не ўспомніў, хоць пра сваіх увесь час трашчаў на ўсе лады. Гарэцкі. Я чужой зямлі не зычу ліха. Гід, канчай, над вухам не трашчы! Панчанка.

3. Быць перапоўненым, запоўненым кім‑, чым‑н. Людзей сабралася столькі, што аж клуб трашчаў. Навуменка. Сенам пуня пабіта, З дабром ток аж трашчыць. Купала. // Разм. Напоўніцца звыш моры. Жывот трашчыць ад вады. □ — Наеўся бульбы з селядцамі, аж пуза трашчыць, — апраўдваўся Алесь. Ваданосаў. // Разм. Ламацца ад дастатку, вялікай колькасці чаго‑н. Ад смажаніны і вяндліны трашчалі сталы. «ЛіМ». Прасторная хата Чаборыхі, як звалі ў Бярозаўцы Маніну матку, застаўленая шырокімі сталамі, якія трашчалі ад яды і выпіўкі, была поўна людзей. Васілевіч. // Разм. Быць цесным (пра адзенне). Кароценькі, цесны халат аж трашчыць на .. дужых плячах [Кузьмы Цопы]. Асіпенка.

4. перан. Быць напярэдадні краху, распаду. Каланіялізм ужо трашчыць хістаецца і гнецца ад магутнага голасу мільёнаў людзей, якія патрабуюць незалежнасці і міру. «ЛіМ». // Быць над пагрозай зрыву, невыканання. Трашчыць план, а шафёры варон страляюць... Пташнікаў. Тысячы маіх землякоў валам валяць на поўдзень лячыцца. Трашчаць і стогнуць дарожныя і паветраныя графікі. Пянкрат.

•••

Аж за вушамі трашчыць — хутка, з апетытам (есці).

Галава трашчыць гл. галава.

Трашчаць па ўсіх нівах — быць пад пагрозай краху, развалу, распаду, зрыву.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)