То́пкі1 ’балоцісты, гразкі, багністы; пра сыпучы грунт’ (ТСБМ, Сцяшк.), ’ужываецца са словамі луг, сенажаць, балота, бераг (вадаёма), дно (вадаёма); такі, у якім не загразнеш’ (Янк. 2), ’гразкі, багністы’ (ТС), ’цвёрды (дзе не загразнеш)’ (узд., Сл. ПЗБ), то́пкій ’гразкі (бераг і пад.)’ (Бяльк.), ст.-бел. топкий ’гразкі, багністы’ (КГС). Вытворнае ад тапі́ць1, гл.

То́пкі2 ’тлусты, які дае многа тлушчу пры тапленні’ (Скарбы; стаўб., З нар. сл.), ’плаўкі’ (ТС), ’плаўкі, цвёрды’ (Ласт., Байк. і Некр.). Ад тапі́ць2, гл.

То́пкі3 ’здатны хутка загарацца’ (Нас.). Ад тапі́ць3, гл.

То́пкі4 ’тапачкі’ (Мат. Гом.). Параўн. рус. смален. то́пки ’абцасы’ (выспяткі?): ножными топками топтали немлстівно (з помніка 1745 г., Барысава, Лекс. Смолен. края, 142), звязанае з то́пкаць ’штурхаць, біць’ (Мат. Гом.), укр. палес. то́пкати, та́пкати ’таптаць’, што да топаць, гл. Параўн. топці, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́паць ‘ісці, няхутка ступаць, стукаючы нагамі’ (Нас., Байк. і Некр., Гарэц., ТС), ‘хадзіць не спяшаючыся’ (Скарбы,), ‘корпацца ў хаце’ (Ласт.), ‘працаваць па гаспадарцы’, ‘дагаджаць некаму, прыслужвацца, каб дамагчыся даверу’ (Варл.), ту́пать ‘хадзіць па-старэчы, ледзь рухацца’ (Растарг.), ту́пати ‘стукаць нагамі пры хадзьбе’ (Вруб.). Параўн. укр. ту́па́ти ‘тс’, рус. дыял. ту́пать ‘стукаць нагамі; перасоўвацца, ісці’, польск. tupać, старое tępać, каш. tëpać/tupać, в.-луж. tupać, н.-луж. tupaś ‘шумна ступаць’, серб. цімак. тупа ‘стукаць, біць; хадзіць туды-сюды’, балг. ту́пам ‘стукаць, грукаць, гучна ступаць’, макед. тупа ‘тс’. Агульнаславянскае ўтварэнне гукапераймальнага паходжання, што ўзыходзіць да прасл. *tupati ‘грукаць, асабліва нагамі па зямлі, утвараючы глухі гук’ (Борысь, 654), паралельнае да то́паць, гл. (Фасмер, 4, 121). Запазычана ў ідыш tupen ‘тс’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.), на базе якога ўтворана ід. tupeniš ‘тупат’ (Geller, Jidysz, Język Żydów polskich, Warszawa, 1994, 198) і, магчыма, тупані́на ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тапта́ць1 ’прымінаць нагамі, дратаваць’, ’зношваць абутак’, ’груба зневажаць, прыніжаць’, ’наспех упіхваць, складваць’ (ТСБМ, Ласт.), ’тупаць, мясіць’ (Некр. і Байк.), ’уціскаць, ушчыльняць нагамі’, ’драць абутак’ (Варл.), ’утрамбоўваць, націскаць’, ’выконваць хатнюю працу’ (Сл. ПЗБ), ’есці ўсухамятку’ (Марц.), ’есці’ (Сл. рэг. лекс.), ’выціскаць мёд з сотаў’ (ст.-дар., ЛА, 1), ’заганяць рыбу ў сетку, боўтаючы нагамі’ (полац., З нар. сл.), топта́ць ’утрамбоўваць, ушчыльняць’, экспр. ’есці’ (ТС), ст.-бел. топтати ’наступаць нагой’ (Сл. Скар.), ’нацягваць, націскаць’ (Альтбаўэр). Укр. топта́ти, рус. топта́ть, польск. deptać, чэш. deptati, славац. deptať, в.-луж. teptać, н.-луж. teptaś, славен. teptáti ’наступаць нагамі’, балг. тъптя́, тъ́пча ’тс’, ’пічкаць, есці’, ст.-слав. тъпътати ’ступаць, гнясці’. З прасл. *tъpъtati ’тс’, праз чаргаванне галосных звязана з *tupati ’тупаць’. Гукапераймальны дзеяслоў, паралельны да *topatiтопаць, тупаць’. Далей супастаўляюць са ст.-інд. tupáti, tópati, túmpati, tumpáti ’раніць’, з грэч. τΰπτω ’б’ю, сяку’, лат. staũpe ’сляды конскіх капытоў’ (Фасмер, 4, 80; Брукнер, 87; Махэк₂, 115; ЕСУМ, 5, 601).

Тапта́ць2 ’апладняць (пра птушак)’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), тапта́цца ’блуднічаць, тварыць пералюбы’ (Ласт.), сюды ж топту́н ’певень’ (Мат. Маг.). Параўн. польск. дыял. deptać ’тс’, каш. deptać, dejptać ’апладняць (пра птушак)’. Эўфемізм, утвораны праз звужэнне або канкрэтызацыю значэння дзеяслова тапта́ць1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тапо́р1 ’сякера’, ’старадаўняя баявая зброя’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’сякера’ (Касп., Сержп. Прымхі, Бяльк., Сл. ПЗБ; рагач., Рам. 3), ’сякера з шырокім лязом’ (беласт., Ніва, 1973, 11 лістап.; ЛА, 2), ’сякера з крывым лязом, склюд’ (Нік. Очерки; ЛА, 2), топи́р ’сякера калоць дровы’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Укр. то́пі́р ’сякера з доўгім дзяржаннем, якая выкарыстоўвалася ў якасці зброі’, рус. топо́р ’сякера’, польск. topór ’тс’, в.-луж. toporo ’тапарышча, дзяржанне сякеры’, старое н.-луж. topor ’тс’, чэш., славац. topor, старое славен. tópor ’дзяржанне сякеры’, старое балг. топо́р ’баявая сякера’. З прасл. *toporъ ’сякера’, наконт якога няма агульнапрынятай этымалогіі. Звязваюць з прасл. *teti (< *tepti), *tepǫ ’біць, выцінаць’, адпаведна ст.-слав. тети, тепѫ (Фасмер, 4, 79; Чарных, 2, 250–251; Борысь, 638 і інш.); з укр. тепо́рити ’цягнуць з цяжкасцю’, прасл. *top‑, гл. то́паць, тапта́ць (Шустар-Шэўц, 1518–1519), што малапераканальна. Іншыя лічаць старажытным запазычаннем з іранскіх моў і параўноўваюць са ст.-перс. *tapara‑ ’баявая сякера з доўгім дзяржаннем’, перс. teber, бялудж. tapar (адкуль арм. tapar ’тс’), курд. tefer (Трубачоў, Ремесл. терм., 152; Брукнер, 573; Махэк₂, 647; Голуб-Копечны, 387 і інш.). Паводле Мартынава (Балта-слав. иссл., 1980, 26), з іран. *tapara < *tarata ’тс’, асец. faeraet ’тс’ праз скіфскую ў славянскія мовы.

Тапо́р2 ’поле; былая надзельная сялянская зямля’ (мазыр., ГЧ). Няясна. Відавочна, нейкім чынам звязана з тапо́р1 (гл.), параўн. ст.-бел. топорище ’адзінка вымярэння даўжыні ў цяслярскай справе’ (Ст.-бел. лексікон), якая выкарыстоўвалася таксама для вымярэння зямлі, параўн.: по два сажни и по два топорища (Скурат, Меры, 25–26). Гл. тапарышча.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тапо́ля ’дрэва сямейства вярбовых, Populus L.’ (ТСБМ, Некр. і Байк.; лях., Сл. ПЗБ; Кіс., Расл. св.), тапо́ля ’тс’ (ТС), тапо́ль ’тс’ (Ян., Кіс.; пруж., Сл. ПЗБ), топу͡оль ’тс’ (Вруб.), то́паль ’тс’ (Сцяшк., Кіс.), то́поль ’тс’ (ТС, Арх. Вяр.), то́мпель ’таполя’ (свісл., ЛА, 1), то́пель ’тс’ (Шат., Мат. Гом., Расл. св.), то́піліна ’тс’ (віц., ЛА, 1; віц., Расл. св.), топілы́на ’тс’ (дзярж., ЛА, 1), то́піль ’тс’ (кобр., ЛА, 1, Касп., Расл. св.), то́фель ’тс’ (лаг., Жд. 3), то́філь ’тс’ (мёрск., ЛА, 1), тофліна ’тс’ (Барад.), то́пля ’тс’ (ганц., ЛА, 1; Расл. св., Сл. ПЗБ). Укр. топо́ля, рус. то́поль, польск. topola, н.-луж. і в.-луж. topoł, чэш. topol, славац. topoľ, славен. topol, серб.-харв. топо̀ла, макед. топола, балг. топа́ла. Прасл. *topolъ, *topolь, а таксама *topolʼa, *topola; ёсць меркаванне, што гэтае найменне запазычана ў праславянскую мову з лац. pōpulus (с.-лац. populus) ’тс’, пры гэтым адбылася міжскладовая дысіміляцыя р : р > t : p. Літ. tapalas ’тс’ і алб. tupli ’тс’ лічацца запазычаннямі са славянскіх моў. З лацінскай выводзяцца і заходнееўрапейскія назвы расліны, напр. дац., швед. poppel, іт. pioppo, франц. peuplier, ням. Pappel; старое літ. túopa ’тс’ мае роднасныя сувязі з лац. pōpulus, паходжанне якога застаецца цьмяным (Махэк₂, 647: “праеўрапейскае”). Глухак (634) мяркуе, што спалучэнні гукаў р‑р‑l, t‑p‑l перадаюць трапятанне лісцяў, таму ў аснове бачыць анаматапею. Не пераконвае спроба Шустара–Шэўца (1518) звязаць славянскія назвы з коранем *tep‑, *top‑ (гл. топаць, тэпаць). Варыянтнасць гэтых назваў, у тым ліку і беларускіх, сведчыць пра запазычанасць. Гл. яшчэ Брукнер, 317; Фасмер, 4, 79; Борысь, 638; ЕСУМ, 5, 601. Спробай “каранёвай” этымалогіі з’яўляецца ўзвядзенне назвы да і.-е. *pel‑ ’шэры’ з-за з шэрага колеру кары таполі, тады на лацінскай глебе адбылося няпоўнае падваенне гэтага кораня (Покарны, 804); параўн. проціпастаўленую назву таполя чорная ’ясакар, Populus nigra L.’ (Кіс.), вядомую і іншым славянскім мовам, у тым ліку старапольскай (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 394), у гаворках у сцягнутай форме тапо́ля ’назва расліны Populus nigra’ (Янк. 2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)