Касні́к ’істужка’; ’тасёмка’; ’шнурок, сплецены з нітак, якім карысталіся пры красанні агню’, ’наогул вузкія палоскі чаго-н., шматы’ (Сл. паўн.-зах.), ’істужка’ (Сцяшк. МГ). Параўн. прыклад у Сцяшк.: «У дзяўчынкі прыгожы каснік у касе». Не цяжка схіліцца да думкі, што гэта слав. слова *kosьnikъ (да *kosa ’валасы’, *kosьnikъ ’істужка для кос’). Але сітуацыя тут зусім іншая. Бел. каснік запазычана з літ. мовы (гл. Сл. паўн.-зах., 2, 433): параўн. літ. kasnỹkas ’тс’. Гэта вытворнае на літ. глебе ад літ. kasà ’каса, валоссе’ (падрабязна гл. у Фрэнкеля, 1, 226) па мадэлях літ. словаўтварэння.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суво́рка ’повад, вяровачка’ (ваўк., Сл. ПЗБ), сюды ж суво́рыць ’звязаць у пару’ (ваўк., Сл. ПЗБ). Параўноўваецца з літ. sąvaras ’вяровачка’ (там жа). Але параўн. укр. палес. суво́ра ’прывязь у цэпе’, славен. sovȏra ’развора ў возе’, з іншай прыстаўкай рус. сворка ’павадок’, укр. сві́рка ’тс’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. дыял. *sǫvora ’тое, што звязвае, злучае’, дэвербатыў ад прасл. *sъ‑verti ’звязаць, злучыць’ < *verti ’звязваць’, з балцкімі адпаведнікамі: літ. są́vara ’клямка; папярочка, якая злучае дзве бэлькі; тасёмка’, лат. suôvara (= savara) ’папярочная планка ў бараны’; падрабязна гл. Борысь, Prefiks., 92. Гл. таксама свора, шворка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І́рха ’вузенькая палоска скуры або аўчыны, якая закладваецца ў шво кажуха, рукавіцы і інш.’, ’тасёмка або вузкая палоска аўчыны, якой абшываюць край адзення або абутку для ўпрыгожання; аблямоўка’ (ТСБМ, Бяльк., Шат., Сцяшк. МГ, Янк. I; брэсц., Янк. Мат., 124; Сл. паўн.-зах., Мядзв., Грыг.), ірха́ (Мат. Гродз.), ірша́ (Касп.), іршы́ць ’закладваць у шво ірху; аблямоўваць, абшываць край чаго-н. ірхой’ (ТСБМ, Нас.). Ст.-бел. ирха, ерха ’двухбаковая замша’ (1582 г.) запазычана са ст.-польск. ircha, jercha (Булыка, Лекс. запазыч., 106). З польск. таксама рус. дыял. и́рха, и́рга ’вырабленая скура’, ’аблямоўка футрам’, укр. дыял. ирха ’вырабленая скура’. Польск. ircha ’гатунак замшы, мякка вырабленая скура’, в.-луж. jěrcha, чэш. jircha, славац. ircha ’тс’, славен. írh, irha ’гатунак скуры’, irhovȋna ’замша, аленевая скура’, серб.-харв. ѝра ’вырабленая авечая скура’ ўзыходзяць да с.-в.-ням. irch, erch, ст.-в.-ням. irach ’белая дубленая скура’ ад лац. hircus ’казёл’. Гл. Праабражэнскі, 1, 273–274; Фасмер, 2, 139; Брукнер, 193; Слаўскі, 1, 465; Махэк₂, 227; Скок, 1, 728; Безлай, 1, 212.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Страка́ ‘пятля (вушка) у лапцях’ (глыб., паст., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), стро́кі ‘вушкі ў лапцях’ (Жд. 3, Мат. Маг.; барыс., Шатал.), “доўгія вяроўчатыя валокі, якія працягваюцца праз сярэднія вушкі і ўтвараюць па абодвух бакох пяткі пастолу вялікія петлі — строкі” (Серб. Вічын), сюды ж стро́чанікі ‘лапці (лепшага вырабу)’ (Мат. Гом.), стро́чка ‘стужка’ (Ян.). Параўн. укр. строка́ ‘рант у пасталах’, строчаки́ ‘шнуркі для прывязвання лапцей’, стрічка ‘стужка, тасёмка’, дыял. стри́чка ‘пятля для лоўлі птушак’, рус. строка́ ‘радок лыка пры пляценні лапцей’, польск. дыял. stroka, strzoka ‘паласа’, ст.-польск. stroka ‘пояс, паласа, кропка’, в.-луж. tšoka ‘шрам, след ад апёка’. Бязлай (3, 332) адносіць сюды ж славен. stróka ‘слой, нізка’ і серб.-харв. стро̏ка ‘кароста ў авечак’, štroka ‘нейкая хвароба ў свіней’. Літ. strakà ‘слой, нізка’ запазычана з славянскай. Слова роднаснае строк ‘авадзень’ (гл.), яго першаснае значэнне меркавалася як ‘укол; кропка’ (Міклашыч, 325; Траўтман, 284; Фасмер, 3, 780; Шустар-Шэўц, 1548), параўн. строк3 (гл.). Паводле ЕСУМ (5, 444, 447–448), частка ўкраінскіх слоў лічыцца запазычанай з польскай і далей з ням. Strick ‘вяроўка, завязка’, што не выключае кантамінацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жы́чка ’чырвоная стужка’ (абл., ТСБМ). Рус. дыял. жи́чка ’ваўняная пража’, ’суровая нітка’, тул. жи́ча ’кайма, падшыўка’, перм., сіб., кур., пенз. ’чырвоны гарус’, укр. жи́чка ’чырвоная шарсцяная нітка’, ’шарсцяная ці шаўковая тасьма’, польск. życzka ’чырвоная стужка ці тасёмка’, балг. жичка ’нітка’ (Гераў). Параўн. славен. žica ’дрот’, серб.-харв. жи̏ца ’пасма, нітка, дрот, жыла’, балг. жѝца ’дрот’, разм. ’нітка’, дыял. ’сцябло гарбуза, кавуна і г. д.’, макед. жица ’нітка, дрот’, ’слой зямлі’, ’наследнік’. Прасл. *žika > *žica ’стужка, пасма, нітка’. Літ. gijà ’нітка ў аснове тканіны’, лат. dzija ’тс’, а таксама ’матуз для пад’ёму бортніка на дрэва’, вед. jiya ’цеціва’, ст.-іран. ǰiyā ’жыла’, грэч. βιός ’лук’. Узыходзіць да таго ж і.-е. кораня, што жыла (гл.): *g​heiə‑, *g​hī‑ ’жыла, стужка’. Покарны, 1, 489; Фасмер, 2, 57–58; БЕР, 1, 549; Брукнер, 669; Скок, 3, 679–680; Траўтман, 87. Корань g​hī‑ атрымаў у слав. ‑k‑ (Мейе, Études, 209) і трансфармаваўся ў *ži‑k‑; з памянш. суфіксам *‑ьk‑ атрымліваецца жычка (форм. žica мае ‑c‑ па бадуэнаўскай палаталізацыі). Аб прасл. *žica ў суч. слав. мовах гл. Чумакова, Совещание по ОЛА (Ужгород, 25–28 сентября 1973 г.). Тезисы докладов. М., 1973, 80–82. Значэнне ’чырвоная стужка’ ў бел., укр., польск. сфарміравана, відаць, не незалежна, не выключана, што распаўсюджана з польск.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таро́кі ’рамяні каля задняй лукі сядла’ (ТСБМ), ’паляўнічая сетка (для здабычы)’ (Сцяшк.), ст.-бел. торока ’шаўковы шнур’ (Ст.-бел. лексікон), сюды ж торочкі́, тро́чкі ’завязкі ў спадніцы, фартуху, штанах’ (Лекс. Бел. Палесся). Укр. тороки́ ’рамяні ззаду сядла для прывязвання рэчаў; махры’, то́рок ’махры; аблямоўка’, рус. торока́ ’рамяні ззаду сядла’, дыял. торо́ка ’аблямоўка, махры’, стараж.-рус. торокъ ’рамяні ззаду сядла’, ’стужка, якая навязвалася на лоб’, польск. trok, troki ’раменчыкі, матузкі; путы’, каш. trok ’пала; паясок’, в.-луж., н.-луж. trok ’матуз, завязка’, чэш. trak, trák ’лямка’, старое tráky ’падцяжкі, шлейкі’, славац. trak, tráky ’тс’, славен. trak ’стужка, вузкая палоска, тасёмка’, серб.-харв. тра̑к, тра̏ка ’тс’, балг. дыял. трак ’шнур у цадзілцы’, макед. трака ’стужка’. З прасл. *torkъ ’матузоў завязка’, якое роднаснае прус. tarkue (tarkne?) ’рэмень у вупражы’, лат. tę̃rka ’матузок для прывязвання буйкоў у рыбалоўнай сеткі’, ст.-інд. tarkúḥ ’верацяно’, грэч. άτρακτος ’тс, лац. torquēre ’круціць, віць’, torques ’ланцуг’, ст.-в.-ням. drāhsil ’токар’, нова-в.-ням. drechseln ’тачыць’, алб. tjerr ’праду’, ірл. torc ’каса’ з і.-е. *tork‑ ’круціць, віць’, тады першаснае значэнне ’шнур, скручаны з некалькіх пасмаў’, або і.-е. terk‑ з *ter‑ ’церці’ (Покарны, 1077; Міклашыч, 359; Фасмер, 4, 85; Махэк₂, 649; Голуб-Копечны, 388; Шустар-Шэўц, 1533; Борысь, 642; Сной₂, 776; SEK, 5, 171; Новое в рус. этим., 233–234; ЕСУМ, 5, 604).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пляцёнка1, пляця́нка, плецю́нка, плэтю́нка, плыті́нка ’што-небудзь сплеценае ўздоўж з 2–3 і больш пасмаў, кавалкаў’ (ТСБМ, Мат. Гом.), ’плеценая вяроўка’ (Касп.), ’лазіва бортніка’ (карм., рэч., ЛА, 1), ’плецены пояс’ (навагр., З нар. сл.; валож., ЛА, 4), ’тасёмка’ (шальч., Сл. ПЗБ), ’карункі’ (добр., Мат. Гом.), ’мярэжка’ (пін., Шатал.); ’плеценая кашолка’ (ТСБМ, Мат. Гом.), ’каробка, сплеценая з сітняку’ (драг., З нар. сл.), ’палукашак’ (віл., Сл. ПЗБ; віл., ЛА, 4), ’аснова кроснаў, сплеценая ў касу’ (пін., карэліц., Шатал.; трак., ашм., вільн., стаўб., бяроз., Сл. ПЗБ), ’прылада для звівання нітак у клубок’ (брагін., Мат. Гом.), ’сплеценая з саломы дарожка на падлогу’ (дзятл., Сцяшк. МГ), ’будынак з плеценымі сценамі’ (ТС), ’падоўжаная вітая белая булка’ (ТСБМ), ’сеткавая частка сіта’ (свісл., Шатал.), ’уцяпленне дзвярэй’ (драг., Нар. словатв.), ’сплецены вянок цыбулі’ (астрав., Сцяшк. МГ; Ян.; ТС, Бяльк., Мат. Гом.; брасл., ганц., бяроз., Сл. ПЗБ; усх.-брэсц., усх.-віц., маг., усх.-гом., ЛА, 2), ’нізка грыбоў’ (кругл., ЛА, 1), ’вялікая бутэлька, аплеценая лазой’ (Мат. Маг.; Сл. Брэс.; ТС), ’вязаная хустка’ (воран., Сцяшк. Сл.), а таксама: пляце́нка ’сплеценая аснова (для красён)’ (пух., Сл. ПЗБ), плеце́нка ’ручнік з датыкальных адрэзаных і сплеценых канцоў’ (івац., З нар. сл.), плэ́тянка ’плеценая ёмістасць’ (драг., З нар. сл.), пле́цінка, пліця́нка ’аплеценая бутля’, ’акуратна сплецены кошык’ (Юрч. СНЛ), пляця́нка ’пуня з лазы’ (віл., Сл. ПЗБ). Укр. плеті́нка ’вязаная рукавіца’, ’род вышыўкі’, плетя́нка ’агароджаны крыніца’, ’сплеценая з саломы стужка, з якой сшывалі капялюш’; рус. плете́нка ’сплеценая рэч — шнурок, пояс, гірлянда з зелені, кветак, пляцёнка цыбулі; круг з саломы; палавічок для выцірання ног’, ’карункі’, плетёнка ’заплечны кошык для бялізны’; польск. plecionka, plecionka ’што-небудзь сплеценае’, ’тасьма, плецены шнур’, ’гірлянда, нізка, вянок; “каса” з саломы для аббівання дзвярэй’, ’кошык’, ’пляшка, аплеценая лазой’, ’саламяны вулей’, чэш. pletenka ’хала’. Прасл. *pletьnъka < *pletьnъ(jь), адпрыметнікавае ўтварэнне. Да пле́сці (гл.).

Пляцёнка2 ’пляткарка’ (пух., Сл. ПЗБ), ’весялуха, пахатніца’ (пух., ЛА, 3). Да пле́сці (гл.).

Пляцёнка3 ’бярозка палявая, Сопvulvulus arvense L.’ (брагін., ельск., Мат. Гом.). Да пле́сці (гл.). Названа паводле таго, што расліна ўецца, нібы “пляцецца” па дарозе. Параўн. іншыя назвы, звязаныя з віць: укр. повійка, чэш. svlak, slatec, але і opletnik ’тс’ (ад oplétati ’абпляпаць’) (Махэк, Jména, 184), параўн. лац. con‑volv‑ulus, дзе ‑volv‑ < *‑vel‑ ’віцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)