Таі́ць ’трымаць у тайне, хаваючы ад другіх, утойваць’ (Сл. ПЗБ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., ТС), таі́цца ’скрываць; утойваць; хавацца, скрывацца’, таі́ті ’ўтойваць’, таі́тісʼе ’падпільноўваць, цікаваць’ (Вруб.), ’запірацца’ (Нас., ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Ласт., Сл. ПЗБ, Сержп. Прымхі, Варл., ТС, Ян.), ст.-бел. таити ’ўтойваць’ (XV ст., КГС). Укр. таї́ти, таї́тися, рус. таи́ть, таи́ться, польск. taić (się), в.-луж. tajić (so), н.-луж. tajiś (se), tawiś, чэш. tajit (se), славац. tajiť (se), славен. tajíti (se), серб.-харв. та́јити (се), tájati, харв., чак. tōjȁt, балг. та́я, макед. таи, ст.-слав. таити, таити сѧ ’хаваць, утойваць’. Да прасл. *tajiti, дыял. *taja̋ti (рэканструкцыя Фурлан у Бязлай, 4, 147), якія з’яўляюцца вытворнымі ад *taj ’таямніца, тайна’, ’таямніча, скрытна’ (роднаснага *tatъ ’злодзей’), параўн. старое серб.-харв. tȃj, tȁja, tãja ’таямніца’, ст.-слав. таитаемна, употайкі, скрытна’, чэш. taj ’таямніца; невядомае’. Махэк (634) прапануе, аднак, некалькі іншае развіццё: *tajǫ < *taj‑jǫ < *taj‑ī‑tei. Далейшыя сувязі бачаць у хец. tai̯ela ’красці’, ст.-інд. (s)tāyú‑ḥ‑ ’злодзей’, авест. tãiiu/tãyu‑ ’тс’, ст.-ірл. tāid ’тс’, грэч. τήτη ’нястача’, τητάω ’пазбаўляю, адбіраю, рабую’, якія працягваюць і.-е. *(s)tă‑i‑ (Покарны, 1010); гл. таксама: Фасмер, 4, 11; Борысь, 625; Чарных, 2, 224; ЕСУМ, 5, 503 з літ-рай; Рэйзак, 649.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адско́чыць, ‑скочу, ‑скочыш, ‑скочыць; заг. адскоч; зак.

1. Аддаліцца ад каго‑, чаго‑н. хутка, скокам. [Хлопцы] рынуліся да труса, але з страшэнным крыкам адскочылі назад: нешта так ўкусіла іх за ногі, што аж уваччу пацямнела. Маўр. Як толькі.. [Турсевіч] адышоўся. Лабановіч зноў таемна пастукаў у шкло і борздзенька адскочыў. Колас. // перан. Размясціцца ў аддаленні. Ніводнага гуку ні на прыстані, ні на вёсцы, што адскочыла ў поле ад стромкага берага. Ракітны.

2. Ударыўшыся, стукнуўшыся аб што‑н., адляцець у процілеглым напрамку ці ўбок. Я падняў нават кій, намерваючыся запусціць ім у жалезную бочку.., але ў апошнюю хвіліну стрымаўся, бо пабаяўся, што адскочыць кій ад бочкі і яшчэ трапіць каму-небудзь у галаву. Карпюк.

3. Разм. Пачаць расці, адрасці. Пад яловаю лапай з сонечнага боку адскочыў кусцік зялёнай, па-вясноваму свежай травы. Лужанін.

4. Аддзяліцца, адарвацца, адляцець. На дзвярах вісеў замок. Даміра пакратаў за думку, яна адскочыла. Асіпенка. [Дзераш] разы чатыры ўдарыў.., потым падважыў пешняй, і цэлая ёмкая і важкая скіба гліны адскочыла. Шынклер.

5. Разм. Адлучыцца на кароткі час. [Вэня:] — Пакуль ты будзеш гэтым займацца [калоць свіней], я пехатой адскочу на хутары, прыгавару пару япрукоў. Чорны.

•••

Недалёка адскочыць — быць амаль аднолькавым з кім‑н. у чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пране́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. пранёс, ‑несла і ‑нясла, ‑несла і ‑нясло; заг. пранясі; зак., каго-што.

1. Прайсці з ношай якую‑н. адлегласць ці які‑н. час. Праўда, Аўдоцця разы два хацела сама пранесці малое, але Каця толькі дзякавала і прасіла не клапаціцца. Гаўрылкін.

2. Несучы каго‑, што‑н., прайсці міма каго‑, чаго‑н. Пранесці сцягі міма трыбуны. // Несучы, прасунуць праз што‑н. вузкае; даставіць куды‑н. Пранесці стол праз дзверы. // Разм. Таемна, непрыкметна несучы што‑н., даставіць яго куды‑н. Млынар кідае скарынку ў вялікі крапіўны мех, але тут, на складзе, апетыт яго разгараецца. Столькі тут усяго! — Калі можна, дарагі, то я яшчэ пару баначак фарбы прыхвачу. Аканіцы зусім аблезлі. Пранясу — ні адзін чорт не ўбачыць. Навуменка. // перан. Захаваць, зберагчы (пачуцці, думкі і пад.) на працягу доўгага часу. Неба, зоры беларускія І людзей тваіх красу Я на фронце поплеч з рускімі, Нібы песню, пранясу. Астрэйка. Маці, маці!.. Вобраз твой я пранясу ў сваім сэрцы праз усё жыццё, пакуль буду магчы дыхаць. Ермаловіч.

3. Хутка правезці, прамчаць, пракаціць каго‑, што‑н. Коні пранеслі нас па вуліцы.

4. Перамясціць, прымусіць прайсці міма. Вецер пранёс хмару. // перан.; безас. Прайсці, мінуць (пра бяду, небяспеку і пад.). Чуб з палёгкай уздыхнуў — пранесла. Шамякін.

5. безас. Разм. Праслабіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спі́на, ‑ы, ж.

1. Задняя (у жывёл — верхняя) частка тулава ад шыі да крыжа. Рыбак, які нёс сеці, выпрастаў нарэшце спіну і паварушыў плячыма. В. Вольскі. Гуз паморшчыўся — ён абдзёр спіну і плячо, калі лез пад нары. Шашкоў. Заклаўшы рукі за спіну, .. [Булай] задаволена пазіраў на квяцісты графік. Шыцік. Я схапіў сачок, ускочыў у ваду .. і ўбачыў побач з сабою доўгую цёмную спіну шчупака. Якімовіч. / у перан. ужыв. Рыбак зморана шпарыў па шырокай спіне пагорка, пакутна цямячы, што галоўнае цяпер — адбегчыся як мага далей. Быкаў. Хвалі паўзуць няўмольна, Калматыя спіны іх гнуцца. Свірка. Сонца аглядае развітальным позіркам [в]острыя спіны стрэх. Крапіва.

2. Тое, што і спінка (у 3 знач.). Старая выцягнула са свайго падгалоўя брудную, працёртую на спіне кашулю. Брыль.

•••

Вецер у спіну каму гл. вецер.

Вывезці на спіне гл. вывезці.

Выехаць на чужой спіне гл. выехаць.

Гнуць спіну гл. гнуць.

Ездзіць на чыёй спіне гл. ездзіць.

За спінай — а) каго, чыёй, у каго таемна, без ведама каго‑н. [Джвучка:] — Вы мне тут сёння ўвесь вечар чаўплі, што за маім старшынствам жыццё было. Каму? Вам! Вы нажываліся за маёй спінай. Пташнікаў; б) каго, чыёй, у каго на чые‑н. сродкі; пад апекай каго‑н. [Якуб] жа робіць вялікую справу — адвучвае такіх лайдакоў, як ты, жыць за чужой спінай. Васілёнак; в) у мінулым. У Куляшова ўзлятаюць да зорак людзі, якія маюць за спінай вялікі, вопыт барацьбы за зямлю. Бярозкін; г) за сабой, ззаду. За спінаю ў мяне апынуўся горад, а наперадзе поле. Кавалёў. [Да салдат] дайшла вестка аб тым, што непадалёку, можна сказаць, за іх спінаю, размясціліся танкавая брыгада і полк «кацюш». Сіўцоў.

За спінай каго; з-за спіны каго — ззаду каго‑н., з-за каго‑н. Стоячы за спінай свайго незнаёмага таварыша, Сцёпка то ўсміхаўся, то паціскаў плячыма, калі чуў няправільныя адказы. Колас. Уся Падвалока паказалася Івану з-за спіны старога і паплыла, паплыла, паплыла ўправа. Брыль.

Мароз па спіне ідзе (прайшоў, прабег) гл. мароз.

Мурашкі забегалі (бегаюць, пабеглі, пайшлі) па спіне гл. мурашка.

Не разгінаючы спіны гл. разгінаць.

Нож у спіну гл. нож.

Павярнуцца спінай да каго-чаго гл. павярнуцца.

Стаяць за спінай чыёй, у каго гл. стаяць.

Удар у спіну гл. удар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)