пране́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. пранёс, ‑несла і ‑нясла, ‑несла і ‑нясло; заг. пранясі; зак., каго-што.
1. Прайсці з ношай якую‑н. адлегласць ці які‑н. час. Праўда, Аўдоцця разы два хацела сама пранесці малое, але Каця толькі дзякавала і прасіла не клапаціцца. Гаўрылкін.
2. Несучы каго‑, што‑н., прайсці міма каго‑, чаго‑н. Пранесці сцягі міма трыбуны. // Несучы, прасунуць праз што‑н. вузкае; даставіць куды‑н. Пранесці стол праз дзверы. // Разм. Таемна, непрыкметна несучы што‑н., даставіць яго куды‑н. Млынар кідае скарынку ў вялікі крапіўны мех, але тут, на складзе, апетыт яго разгараецца. Столькі тут усяго! — Калі можна, дарагі, то я яшчэ пару баначак фарбы прыхвачу. Аканіцы зусім аблезлі. Пранясу — ні адзін чорт не ўбачыць. Навуменка. // перан. Захаваць, зберагчы (пачуцці, думкі і пад.) на працягу доўгага часу. Неба, зоры беларускія І людзей тваіх красу Я на фронце поплеч з рускімі, Нібы песню, пранясу. Астрэйка. Маці, маці!.. Вобраз твой я пранясу ў сваім сэрцы праз усё жыццё, пакуль буду магчы дыхаць. Ермаловіч.
3. Хутка правезці, прамчаць, пракаціць каго‑, што‑н. Коні пранеслі нас па вуліцы.
4. Перамясціць, прымусіць прайсці міма. Вецер пранёс хмару. // перан.; безас. Прайсці, мінуць (пра бяду, небяспеку і пад.). Чуб з палёгкай уздыхнуў — пранесла. Шамякін.
5. безас. Разм. Праслабіць.