аздо́ба, ‑ы, ж.

Тое, што ўпрыгожвае, аздабляе што‑н. Стракатая аздоба вітрын. □ Асаблівай аздобай вучнёўскай калоны былі дошкі транспарантаў. Навуменка. Малаважная тэма так і астанецца малаважнай, якімі б літаратурнымі аздобамі яе ні ўпрыгожвалі. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страка́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, паверхня якога пакрыта ўзорамі, палосамі, плямамі розных колераў; рознакаляровы. Стракатая тканіна. Стракаты букет. □ Навокал рассцілалася поле, яшчэ даволі стракатае: за жаўтлявым спелым, жытам зелянела бульба, з другога боку — сінеў лубін. Шамякін. Цяпер будынак школы быў стракаты, у зялёных плямах. Адамчык. [Прузыніна] стракатая хустка мільгацела ў розных кутках сядзібы, зычны голас гучна разносіўся ў прыціхлым вячэрнім паветры. Стаховіч.

2. перан. Які складаецца з розных элементаў; вылучаецца неаднароднасцю. Стракаты склад насельніцтва. □ Увесь гэты стракаты натоўп [рабфакаўцаў], як жывы этнаграфічны музей, рассыпаўся па ўсходах, ка[лі]дорах і аўдыторыях. Колас.

3. Разнашэрсны, плямісты (пра масць жывёл); рознага апярэння (пра птушак). У царстве лясным сустракаю кантрасты, Якіх зразумець не магу аніяк: Прыгожанькі звер — а драпежнік ікласты. Стракатая птушка — ды дрэнны спявак. Жычка. / У назвах жывёл і раслін. Пачаў абстукваць дрэвы стракаты дзяцел. П. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пачканос ’лілія стракатая, Lilium martagon L.’ (Шат.), ’лілія чырвоная, Lilium bulbiferum L: (мін., Кіс.). Калька з лац. назвы — цыбуляносная, у якім (паводле падабенства) слова цыбуля заменена словам почка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паўлі́нстракатая птушка з веерападобным хвастом, Pavo cristatus’ (ТСБМ). З рус. мовы, у якой павлин з с.-н.-ням. paw(e)lûn ’тс’ (Фасмер, 3, 182). Звычайна больш пашыранай з’яўляецца назва па́ва (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

касы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Хусцінка трохвугольнай формы, якую носяць на галаве або на шыі. Лена надзела новую сукенку, на галаву ўскінула блакітную, з вялікімі жоўтымі ружамі касынку. Ваданосаў. На шыі ў Волечкі была стракатая маміна касынка. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бедрык ’божая кароўка’ (Інстр. лекс., З жыцця). Укр. бе́дрик. Параўн. польск. biedronka, biedrunka, biedrzonka, чэш. bedruňka ’тс’. У славян і іншых народаў ёсць павер’е, што Coccinella — гэта ’божая жывёліна’ (параўн. бел. бо́жая каро́ўка, рус. бо́жья коро́вка, польск. krówka Matki Boskiej, ням. Herrgottkühlein, Herrgottschäfchen і г. д.). Таму бедрык, відавочна, звязана семантычна з такімі назвамі, як польск. biedroń ’стракаты вол’, biedronaстракатая карова’ і г. д. (аб польскіх назвах гл. Слаўскі, 1, 32; Саднік-Айцэтмюлер, 4, 262–263). Першапачаткова бедрык — гэта ’стракатая жывёліна’. Тып bedr‑: petr‑ (параўн. яшчэ бел. петрык, укр. пе́трык ’божая кароўка’) у карпацкай зоне займае «паўночны арэал», а на поўдні выступае babr‑, bobr‑, papar‑ і г. д. (параўн. укр. бабру́н, папару́за ’божая кароўка’; з неслав. моў — рум. buburúză і г. д.). Параўн. Краўчук, ВЯ, 1968, № 4, 124. Змешваць абодва тыпы (як гэта робіць Махэк₂, 50; Каламіец, Мовознавство, 1967, № З, 50–51) наўрад ці можна. Не выключаецца, што наогул мы тут маем справу з старым субстратным словам (з пазнейшай ад’ідэацыяй да bedr‑ ’сцягно’). Лант (Language, 29, 128–133) зыходзіў з і.-е. *bhed‑r‑ (параўн. санскр. bhadraḥ ’удача, шчасце; спрыяльны’). Сюды і бедру́нка ’Scarabeus auratus’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́ргель1, ма́рґель, ма́рґэль, ме́рґель, мэргель, маргуль ’вапняковы камень, які трапляецца ў гліне’ (Нас., Нар. словатв.). З польск. margiel ’тс’ (Кюнэ, 76), якое з новав.-ням. Mergel ’тс’. Насовіч (280) гэту лексему памылкова выводзіць з літ. marga.

Ма́ргель2, марґель, ма́ргі(с) ’мянушка рабога (стракатага) быка’ (лід., ашм., Кар.; мін., КЭС), гродз. ’рабы (пра масць жывёлы)’, шальч. ’брудны, мурзаты’ (Сл. ПЗБ), ма́рга ’мянушка каровы’ (Калоссе, 4), маргі(с) ’стракаты вол, сабака’ (Кар. 1; LKK, 16), польск. margiel ’стракаты бык’, margiala, margiałkaстракатая карова’. Балтызм. Параўн. літ. margẽlis, margẽlė, mar̃gis ’жывёла’, бык (карова) пярэстай масці’ (Карскі, Труды, 393; Вяржб. дыс., 510–512), літ. márgais ’стракаты’ (Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 3, 32; Урбуціс, Baltistica, 5, 160 і 65, Лаўчутэ, Балтизмы, 47–48).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

замкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Зачыніць на замок, на ключ. Замкнуць дзверы. Замкнуць хату. □ Скуратовіч замкнуў клець і пайшоў у дом. Чорны.

2. Зачыніць на замок каго‑, што‑н. у якім‑н. памяшканні, сховішчы. Арыштаваных .. замкнулі ў хаце Камісаравай, якая жыла крыху па водшыбе ад вёскі. Брыль. [Паходня] склаў паперы, замкнуў іх у жалезную скрынку, што стаяла ля стала ў куце. Хадкевіч.

3. Злучыць канцы, крайнія часткі чаго‑н. Замкнуць электрычны ланцуг. Замкнуць правады. Замкнуць кола акружэння.

4. Ахапіць, акружыць з усіх бакоў. На плошчы дзяўчаты замкнулі Натальку ў свой жывы, вясёлы, рознакаляровы круг, так што толькі адна стракатая касынка і відна была з гэтага круга. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

развалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.

1. Распасціся, разбурыцца (пра што‑н. сабранае, складзенае). Нашым вачам нечакана адкрыўся непрыемны малюнак: разваліўся воз сена. Ракітны. // Раскалоцца, разламацца на асобныя часткі ад удару. На чацвёртым удары палена развалілася, крыва абышоўшы сук. Быкаў. Гэ-эх! Надвая развалілася вялізная стракатая глыба. Лом гулка звінеў. Савіцкі.

2. Разм. Разбурыцца, ператварыцца ў руіны. Каплічка, здавалася, ледзь ліпела і гатова была кожную мінуту разваліцца. Колас. — Больш чатырох паленцаў не кладзі ў грубку, хлопча... Разваліцца яшчэ. Капыловіч. // Падрацца, знасіцца. Янка паглядвае на боты і думае: «Прыйдзецца аборынай звязаць, каб зусім не разваліліся». П. Ткачоў.

3. перан. Дайсці да поўнага заняпаду; разладзіцца, распасціся, перастаць існаваць. Ні бомбы, ні газы, ні напалм не адновяць каланіяльныя імперыі, якія разваліліся. «Звязда».

4. Разм. Сесці або легчы неакуратна, шырока раскінуўшы рукі і ногі. [Ігнат] разваліўся ў траве, спадзеючыся заснуць, але сон не ішоў. Мележ. Наводдаль ад усіх, распанела, з мяккай старэчай грацыяй разваліўся ў крэсле стары Вежа. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увіха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Хутка і спрытна рабіць што‑н., займацца чым‑н.; клапаціцца аб кім‑, чым‑н. Увіхацца каля печы. Увіхацца па гаспадарцы. □ [Раёк] усё каля дому ўвіхаўся — пчол глядзеў, у лесе сеяў, дом і сядзібу высокім парканам абносіў... Сіўцоў. Спрытна арудуючы іголкай і нажніцамі, дзяўчына ўвіхалася каля .. шыняля. Васілевіч. Над бледнай, скрыўленай ад болю маці ўвіхалася медсястра ў белым халаце. Карпаў.

2. Разм. Круціцца каля каго‑, чаго‑н.; неадступна хадзіць за кім‑н. Усцін Маркавіч .. абчышчаў рыбу. Каля яго .. увіхаўся кот. Кулакоўскі. // Увівацца, круціцца каля каго‑н., стараючыся дагадзіць чым‑н. Камар увіхаўся каля гасцей, перастаўляючы з месца на месца крэслы. Гартны. // Заляцацца, увівацца. [Наталля:] — [Ніна] расказала мне, як каля цябе ўвіхалася: у кіно вадзіла, у госці да сябе запрашала. Было гэта? Скрыган. Міровіч параіў Чароту .. увесці [у п’есу] два камічныя персанажы: бабыля Данілу і немаладую, адзінокую, але зухаватую Параску, за якой увіхаецца Даніла з надзеяй ажаніцца з ёю. Рамановіч.

3. Хутка рухацца; круціцца. Трос [мядзведзь] галавой, круціўся ва ўсе бакі, увіхаўся, а сабака грыз яго не на жарт. Бядуля. На сухой верхавінцы таполі па-ранейшаму ўвіхалася неўтаймоўная стракатая мухалоўка. Гарбук. Увіхаюцца рукі, не ведаючы стомы. [Максімка] не для Радзівілаў .. працуе, а для сябе. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)