Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІК-ВЕРАБЕ́Й (Calidris minuta),
птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў тундрах Еўразіі. На Беларусі рэдкі пралётны від. Трапляецца на пясчаных водмелях і косах рэк.
Даўж. да 17 см, маса да 27 г. Афарбоўка стракатая, зверху цёмная, з іржава-рыжай аблямоўкай, брушка белае. Дзюба і ногі чорныя. Корміцца насякомымі і іх воднымі лічынкамі, малюскамі, дробнымі ракападобнымі. Нясе 3—4 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАВЯ́ЗКА, перагузна (Vormela peregusna),
млекакормячая жывёла сям. куніцавых атр. драпежных. Пашырана ў паўд.-ўсх. Еўропе і Азіі. Жыве пераважна ў стэпах, паўпустынях і пустынях (акрамя Аравійскага п-ва), у норах. Начная жывёла.
Даўж. цела да 35 см, хваста да 20 см. Тулава тонкае, падоўжанае, ногі кароткія. Хвост пушысты. Афарбоўка яркая, стракатая — на жоўтым фоне рыжыя або бурыя плямы. Корміцца пераважна грызунамі. Нараджае да 8 дзіцянят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖАКВЕ́ТНЫЯ КЛАПЫ́ (Eurydema),
род насякомых сям. шчытнікаў атр. паўцвердакрылых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі найб. трапляюцца К.к. гарчычны (E. ornata), капусны (E. ventralis) і рапсавы (E. oleracea). Шкоднікі культ. крыжакветных раслін, у асн. капусты.
Даўж. да 10 мм. Афарбоўка яркая, стракатая: белыя, жоўтыя або чырв. плямы і палосы на чорным, сінім ці зялёным фоне; трапляецца сезонная змена афарбоўкі. Ротавыя органы сысучыя. Кормяцца сокамі раслін. 1—4 пакаленні за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́НКА (Clangula hyemalis),
вадаплаўная птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашырана ў тундры і лесатундры Еўразіі і Амерыкі. Трымаецца чародамі. На Беларусі рэдкі пралётны від.
Даўж. да 60 см, маса да 0,9 кг. Афарбоўка стракатая, мяняецца па сезонах. Вакол вачэй белае кольца. 2 сярэднія пары рулявых пёраў утвараюць доўгі (да 20 см) востры хвост. Корміцца насякомымі, малюскамі, ракападобнымі, дробнай рыбай. Гняздуецца па берагах рэк і азёр. Нясе да 10 яец. Аб’ект палявання.
Маранка: 1 — летам; 2 — зімой (а — самка; б — самец).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАА́, удаў звычайны (Constrictor constrictor),
змяя падсямейства ўдаваў. 6 падвідаў. Пашыраны ў Амерыцы, пераважна ў трапічных лясах; падвід імператарскі ўдаў (Constrictor constrictor imperator) — у гарах; аргенцінскі ўдаў (Constrictor constrictor occidentalis) — у засушлівых стэпах. Жыве на глебе, па берагах рэк і ручаёў, на дрэвах.
Даўж. 2—5,5 м. Афарбоўка яркая, стракатая, з метал. бляскам. Малюнак цела вельмі разнастайны. Нараджае 3—64 дзіцяці даўж. па 0,5 м кожнае. Корміцца грызунамі, яшчаркамі, птушкамі. Маладыя асобіны добра прыручаюцца, у няволі жывуць да 10 і болей гадоў. Скура вельмі цэніцца за прыгожы ўзор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАМБАРДЗІ́РЫ (Brachininae),
падсямейства жукоў сям. жужаляў. Больш за 500 відаў, пашыраных у цёплых раёнах зямнога шара. Жывуць пад камянямі, бярвёнамі, у лясным подсціле і гэтак далей. Найб. вядомы бамбардзір траскучы (Brachinus crepitans).
Даўж. 5—20 мм, афарбоўка звычайна яркая, стракатая, у некат. відаў са светлымі плямамі на надкрылах. Пры абароне бамбардзіры выпырскваюць з анальнай адтуліны сакрэт, які выпараецца з гучным трэскам, як бы ўзрываецца (адсюль назва) і ўтварае воблачка едкага пару з непрыемным пахам, што адпужвае ворагаў. Лічынкі развіваюцца ў глебе, паразітуюць на кукалках розных жукоў. Некаторыя віды былі занесены ў Чырв. кнігу СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́МЫ (Lama),
род млекакормячых жывёл сям. вярблюдавых атр. мазаляногіх. 1 дзікі від — гуанака і 2 свойскія формы: уласна Л. (L. guanicoe glama) і альпака. Пашыраны ў стэпах (пампа), паўпустынях і гарах Паўд. Амерыкі.
Свойскія Л. буйнейшыя за дзікіх (маса да 110 кг). Не маюць гарба. Афарбоўка цела стракатая. Бегаюць інахаддзю. Расліннаедныя. Дзікія і свойскія Л. пры скрыжаванні могуць даваць пладавітае патомства. Нараджаюць 1, зрэдку 2 дзіцянят. Свойскія Л. прыручаны інкамі 4—4,5 тыс. гадоў назад. Л. выкарыстоўваюць як уючных жывёл на горных дарогах. З шэрсці самак вырабляюць грубыя тканіны і вяроўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́СПІДЫ, аспідавыя (Elapidae),
сямейства ядавітых змей атр. лускаватых. 43 роды, 181 від. Пашыраны ў Аўстраліі, Афрыцы, Паўд. Азіі, Паўд. і Цэнтр. Амерыцы ў тропіках і субтропіках. Найб. вядомыя кобры, крайты (Bungarus), мамбы (Dendroaspis), каралавыя (Micrurus). Некат. ахоўваюцца. Сярэднеазіяцкая кобра (Naja naja oxiana) водзіцца на Пд Сярэдняй Азіі.
Цела стройнае, даўж. да 5,5 м. Афарбоўка разнастайная, стракатая. Галава ў большасці не адмежавана ад тулава, укрытая буйнымі сіметрычнымі шчыткамі. Наперадзе верхнясківічных касцей буйныя парныя ядаправодныя зубы. Яд нервова-паралітычнага дзеяння, небяспечны для жывёл і чалавека. Кормяцца грызунамі, жабамі, яшчаркамі і інш. змеямі. Большасць жывародныя. Жывуць на зямлі і дрэвах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІМФАЛІ́ДЫ (Nymphalidae),
сямейства насякомых атр. матылёў. Самае шматлікае і пашыранае сярод дзённых матылёў. Больш за 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, асабліва разнастайныя ў тропіках. На Беларусі 36 відаў (4 падсям., 11 родаў); шырока вядомы крапіўніцы. пераліўніцы, перламутраўкі, шашачніцы і інш. Трапляюцца на лугах, лясных палянах, узлесках, садах, парках.
Размах крылаў да 18 см (на Беларусі — да 7 см). Афарбоўка пераважна яркая, стракатая. Вусікі булавападобныя або расшыраныя на канцы Пярэднія ногі ўкарочаныя, без кіпцюркоў. Вусені ўкрыты шыпападобнымі скуранымі вырастамі. Кормяцца лісцем дрэў, кустоў, травяністых раслін. Кукалкі вуглаватыя, часта з метал. бляскам, звісаюць уніз галавой.