шыно́к, ‑нка, м.

У дарэвалюцыйнай Расіі — невялікі пітны дом, дзе прадаваліся і распіваліся спіртныя напіткі. Сам.. [Клопікаў] зрабіўся ўласнікам невялічкага шынка, потым першакласнага вакзальнага буфета. Лынькоў. Вакол базара шмат было заезных дамоў і шынкоў. Хведаровіч. [Пісар:] Чакай, Папас, не йдзі ў шынок, лепш выпі тут. Галубок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спіртны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да спірту. Ад конніка .. патыхала моцным спіртным перагарам. Лынькоў. // Які змяшчае ў сабе спірт, робіцца са спіртам; алкагольны. Спіртныя напіткі.

2. у знач. наз. спіртно́е, ‑ога, н. Разм. Гарэлка, а таксама іншыя алкагольныя напіткі. Змітрок паглядзеў на багаты касцюм Ігара, па сіні ад частага ўжывання спіртнога твар і адказаў: — Здорава, відаць, жывеш! Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

піць, п’ю, п’еш, п’е; п’ём, п’яце́, п’юць; піў, піла́, -ло́; пі; пі́ты; незак.

1. што і без дап. Глытаць вадкасць.

П. каву.

Хочацца п.

2. Тое ж пра віно, спіртныя напіткі.

П. за чыё-н. здароўе.

Пі — хоць заліся! (пра вялікую колькасць спіртных напіткаў; разм.).

3. Ужываць спіртное; п’янстваваць.

Муж не п’е і не курыць.

П. без просыпу.

Як піць даць (разм.) — напэўна, абавязкова.

|| зак. вы́піць, -п’ю, -п’еш, -п’е; -і́ты (да 1 і 2 знач.).

|| наз. піццё, -я́, н. і пітво́, -а́, н. (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Вінакур ’вытворца спірту’ (БРС, КТС). Укр. винокур, рус. винокур, польск. (з «Літвы» ў Карловіча) winokur ’тс’. Усх.-слав. утварэнне ад віно і курыць (гл.) ’выпальваць’. Тут віно ўжыта не ў першасным значэнні ’віно вінаграднае’, а ў другасным ’алкаголь, спірт, гарэлка’. Прынамсі, у XIX — пач. XX ст. спіртныя напіткі выраблялі вінакурныя заводы. Такім жа чынам утворана і чэш. vinopal < víno + páliti, pálenka ’самагон’, польск. gorzelany, gorzelnik, gorzeć ’паліць, гарэць, выпальваць’. Сюды ж вінаку́рны, вінаку́раны, вінакурства (БРС, КТС), а таксама новатвор (калька з рускай мовы) вінакурэнне (КТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

піць, п’ю, п’еш, п’е; п’ём, п’яце; пр. піў, піла, піло; заг. пі; незак.

1. што і без дап. Глытаць якую‑н. вадкасць. Стол заслалі, прынеслі талеркі з вяндлінаю .. і селі піць чай. Колас. Цётка Тэкля піла маленькімі глыткамі, смакуючы. Корбан. Прыпарвала. Хлопцы знялі шапкі. Хацелася абаім піць. Гартны. // Убіраць у сябе, удыхаць. — Стыне сэрца ад захаплення... Паветра, як малако: п’еш і ўсё мала. Гартны.

2. без дап. Ужываць у вялікай колькасці спіртныя напіткі; праводзіць час, п’ючы гарэлку, віно. Сустракаючыся са сваякамі і знаёмымі, Міхась шмат піў — часта з раніцы да позняй ночы. Сіўцоў.

3. за каго-што. Выпіваць спіртныя напіткі ў гонар каго‑, чаго‑н. Кульнулі чарку за Мальвіну, Другую за гаспадара, І госцю выпала пара, Пілі за славу, за айчыну. Колас.

•••

Не з хараства ваду піць — не самае галоўнае хараство, прыгажосць.

Піць (смактаць, ссаць) кроў — мучыць, прыгнятаць каго‑н., здзекавацца з каго‑н.

Піць мёртвую — піць запоем.

Піць нагбом — піць з вялікай пасудзіны, нахіліўшы яе.

Як піць даць гл. даць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напи́ток м. напі́так, -тку м., напо́й, -ю м.; (алкогольный) обл. тру́нак, -нку м.; (питьё) пітво́, -ва ср.;

прохлади́тельные напи́тки прахаладжа́льныя напі́ткі (напо́і);

спиртны́е напи́тки спіртны́я напі́ткі (напо́і);

кре́пкие напи́тки мо́цныя напі́ткі (напо́і).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

магазін, крама / універсальны: універмаг / кніжны: кнігарня / прадуктовы: гастраном (разм.) / дзе прадавалі спіртныя напіткі: манаполька (разм., уст.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

хлябта́ць, хлябчу, хлебчаш, хлебча; незак., што.

1. Піць, зачэрпваючы вадкасць языком (пра некаторых жывёлін). Тады Слава падштурхнуў шчаня да сподачка. Нахіліў галоўку. Толькі пасля гэтага яно і пачало прагна хлябтаць, распырскваючы на падлозе драбнюткія кропелькі малака. Шыловіч.

2. Прагна піць. Ды Дзед Мароз ужо хлебча з конаўкі ваду, выцірае бараду і глядзіць, ладкуецца, дзе б гэта аблюбаваць месца на шырокім палку прылегчы. Кухараў. [Апенька] хлябтаў на поўны рот, пакуль не спаражніў пасудзіны. Навуменка.

3. Разм. груб. Піць (віно, спіртныя напіткі) у вялікай колькасці. — Мала мы з табою, ты [Халімон], нежанаты, ды я, пры жонцы халасты, той гарэлкі папілі ды ў дурня пагулялі?! — на вачах Кірдуна выступіла вільгаць. — Мне, думаеш, лёгка? Буду там чорт ведае з кім тую гарэлку хлябтаць. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паі́ць, паю, поіш, поіць; заг. паі; незак., каго-што.

1. Даваць піць каму‑н. Жанчына нахіляецца, набірае ў прыгаршчы ваду, поіць хлопчыка і дзяўчынку. Гамолка. На момант заціхае бою гром, І маці хлеб байцам выносіць спешна І поіць іх ля весніц малаком. Лойка. // Даваць піць спіртныя напіткі, частаваць імі. Хлопцы недзе пілі і паілі музыканта. Адамчык. // Выкормліваць малаком (пра маладых свойскіх жывёл).

2. перан. Насычаць вільгаццю, вадой. Усходы набіралі рост і сілу, Дажджы і росы іх паілі, Як маткі малаком сваіх дзяцей. Пушча. Летняе сонца.. варыла святло і цеплыню, навальнічныя дажджы шчодра паілі глебу. Хадкевіч. // Забяспечваць, папаўняць чым‑н. Возера паілі крыніцы, яны, відаць, нябачна білі з дна, таму вада была такая празрыстая і мала награвалася. Навуменка.

•••

Паіць і карміць каго — мець каго‑н. на поўным утрыманні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Піць1, пэ́тэ, пы́ты ’глытаць вадкасць’, ’выпіваць спіртныя напіткі’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Сл. ПЗБ, ТС), сюды ж пітво́, піццё, піцье ’напітак’ (Касп., ТС), пі́цё ’выпіўка’, піццё ’пойла’ (Сл. ПЗБ), піток, піце́ц ’аматар выпіць’, піткі́ ’які прыемна піць’ (ТСБМ, Янк. 3., Мік., Гарэц.); піць ’склёўваць зерне ў каласах (пра птушак)’ (ТС), ’кляваць проса з мяцёлкі’ (Юрч. СНЛ). Укр. пи́ти, рус. пить, польск. pić, н.-луж. piś, в.-луж. pić, чэш. píti, славац. piť, славен. píti, серб.-харв. пи̏ти ’піць’, макед. пие ’тс’, ’курыць тытунь’, балг. пия ’тс’. Прасл. piti < і.-е. *pïH‑tēi̯ > ці *péi̯H‑tēi > pōi̯ > *pojiti > паіць: ст.-грэч. πῑνω ’п’ю’, лесбійск. πώνω, заг. лад. πῖθι, лац. bibo < *pibō ’п’ю’, алб. pi ’тс’, ірл. ibim, ст.-інд. píbati ’(ён) п’е’, pītás ’выпіты’, pítiṣ ’піццё’, ст.-прус. poi​eti ’піце!’, літ. puota ’выпіўка’, лат. pōtus ’выпіты; п’яны’ (Міклашыч, 246; Траўтман, 228; Фрэнкель, Balt. Spr., 37; Бязлай, 3, 44). Значэнне ’выціскаць сок з зярнят, вішань і пад. (пра птушак)’ — другасная беларуска-польская ізасема, гл. Цыхун, Бел.-польск. ізал., 147–148.

Піць2 ’нос’ (пін., Сл. Брэс.). Скарочаная форма ад пі́паць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)