спори́ться несов., разг. быць спо́рным, ісці́ спо́рна (спарне́й);

когда́ ве́село живётся, рабо́та спори́тся калі́ ве́села жыве́цца, рабо́та ідзе́ спарне́й.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ро́здум, ‑у, м.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. раздумваць; паглыбленасць у свае думкі. Роздум над кнігай. □ Аддаўшыся роздуму, Іван ішоў спорна, таропка і не прыкмячаў часу. Быкаў. Неўзабаве .. [Максіму], пасля кароткага роздуму, прыйшла геніяльная думка. Брыль. Малады здаровы сон прыйшоў сам сабой, заглушыў непрыемныя роздумы. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Утвараць шорах, шум трэннем. Касіў лёгка, спорна. Тады-сяды спыняўся, шаркаў мянташкай і зноў шырока расстаўляў ногі і махаў, махаў. Калодзежны. // Разм. Закранаць што‑н. з шумам. Шабля звісала і шаркала аб падлогу.

2. Прыстаўляць адну нагу да другой, стукаючы абцасам аб абцас (пры паклоне, вітанні і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́маразь, ‑і, ж.

1. Асадак снегу, падобны на шэрань, які ўтвараецца ў сырое надвор’е на галінах, дроце і пад. Заглянуць з вуліцы ў хату ніхто не мог: шыбы пакрыліся тоўстым пластам намаразі. Шамякін. Сцены і столь зямлянкі пакрывала намаразь. Сіняўскі.

2. Слой лёду на чым‑н. З імглістага неба пасыпаліся крупы — дробна і спорна. Яны тоненька пазвоньвалі ў празрыстыя, з намараззю шыбы. Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страката́ць, стракачу, стракочаш, стракоча; незак.

Утвараць строкат (пра некаторых насякомых, птушак). Блытаючыся, балбатаў цецярук і бесперастанку стракаталі конікі, пераскакваючы з травінкі на травінку і абтрасаючы, як жывое срэбра, кроплі расы. Пташнікаў. У глыбіні нечага надворка стракаталі і мільгалі белым воллем у нерухомым вішняку быстрыя сарокі. Адамчык. // Утвараць рэдкія кароткія і частыя гукі (пра матор, кулямёт і пад.). [Курт] нават не чуў, як стракатаў яго аўтамат, бо ўсё вухала, грымела, калацілася і мацней за ўсё, здавалася, білася сэрца. Сабаленка. Поле поўніцца жыццём — спорна і дробна стракоча жняярка. Мележ. // Хутка працаваць на чым‑н., што ўтварае строкат. Стракочуць [у фінаддзеле] арыфмометрамі, ляскаюць костачкамі лічыльнікаў, падрахоўваючы не толькі рублі, а і капейкі. Навуменка. Зіна стракатала на машыне, Люська чытала. Марціновіч. // перан. Разм. Хутка, бесперастанку гаварыць, балбатаць. — Шкада, панове, — стракатала Ядзя, — што ў нас есці няма. Новікаў. / у паэт. ужыв. І малы даверлівы шчыгол Аб сваіх прыгодах ёй [Галі] стракоча. Агняцвет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Утвараць глухія гукі, якія нагадваюць працяжнае вымаўленне гука «с». Летам .. [Яша] амаль кожны дзень што-небудзь прыносіў: то гадзюку, якая злосна сыкала... то нейкіх рэдкіх матылькоў, якіх ніхто дагэтуль не бачыў. Даніленка. Кулі злавесна сыкаюць у паветры. Паслядовіч. Чэсік пагрозліва замахваецца, і раменная пуга свішча і сыкае ў паветры вужакаю. Васілевіч. Спорна тупае конік, сыкае пясок пад коламі. Б. Стральцоў. // Вымаўляць працяжнае «с», заклікаючы да цішыні, супакойваючы каго‑н. Гэтага было даволі, каб на Шахрая напаўжартам, напаўсур’ёзна з усіх бакоў пачалі сыкаць. Шарахоўскі. На мяне ўжо сыкала некалькі мужчын з капелюшамі ў руках, а я ўпарта крочыў наперад. Карпюк.

2. Разм. Выказваць сваё нездавальненне, злоснічаць (звычайна спадцішка). Бацька ўсміхаецца: рады, Што наступіў такі час, Кажа: — Хоць сыкаюць гады, — Арганізуем калгас! Смагаровіч.

3. Разм. Гаварыць здаўленым ад раздражнення, злосці і пад. голасам. [Апанас] ўскідваў на жонку раз’яраныя вочы і сыкаў праз зубы: — Не твая справа... Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гусці́, гуду, гудзеш, гудзе; гудзём, гудзяце, гудуць; пр. гуў, гула, ‑ло; заг. гудзі; незак.

1. Утвараць роўны, густы, працяжны гук, гул. Усю ноч гула за вёскай малатарня. Брыль. Маторы гулі роўна, манатонна, штурмуючы тоўшчу воблакаў. Новікаў. // Завываць (пра вецер, мяцеліцу, завіруху і пад.). Не змаўкаючы, гула завіруха. Мележ. Часам вецер наганяў хмары, і тады гула мяцеліца. Арабей. // Звінець крыламі (пра пчалу, чмяля і пад.). Гудуць, бзыкаюць, перавальваючыся з гронкі на гронку грэчкавага цвету, пчолы. Ермаловіч. // безас. Пра адчуванне шуму, гулу. Галава хілілася да стала, нібы налітая свінцом. У вушах цяжка гуло. Лынькоў. // Поўніцца мноствам галасоў. Школа, паўнютка набітая людзьмі, гула, як пчольнік. Сабаленка. А клуб аж гудзе, — у ім столькі людзей, Спраўляе свой слаўны Ігнат юбілей. Хведаровіч. // Манатонна гаварыць, расказваць. [Салдат] гуў сабе пад нос павольна, з одумам, слова за словам. Чорны. // Крыкам, галасамі выказваць не задавальненне (пра ўсіх, многіх). Мікуцічане гудуць. Выплываюць розныя крыўды, непаразуменні, успамінаюцца старыя прарэхі сялянскага жыцця, аб грэблі перастаюць зусім гаварыць. Колас. // перан. Пашырацца, распаўсюджвацца. Вялікая, радасная вестка гула, перакатвалася. М. Ткачоў. // перан. Бурна працякаць, інтэнсіўна праяўляцца. Работа ў калгасе кіпіць і гудзе. // перан. Хутка, спорна расці. Гудзе, буяе ў садзе квецень У звонкім ззянні кропель-рос. Кляўко.

2. Утвараць працяжны, рэзкі гук (пра сігнал, гудок). Гудзе завадскі гудок. □ Гулі паравозы, вішчалі тармазы, ляпалі прылады аўтасчэпкі. Васілёнак.

3. Разм. Бесперапынна ныць, ламаць (пра болі ў касцях, у целе). Рука ў лубках гудзе надаедлівым болем. Брыль. Скроні гулі і балелі. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рабо́та, ‑ы, ДМ ‑боце, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. рабіць (у 1, 3 знач.); ажыццяўленне якой‑н. дзейнасці. Пасля работы .. [Пніцкі] даў крыху адпачыць каню. Чорны. Гудуць цапы ўгары праворна, Ідзе работа дружна, спорна. Колас. Гультай за работу — мазоль за руку. Прымаўка. Не работа сушыць, а турбота. Прымаўка. // Дзейнасць, праца чаго‑н. Работа сэрца. □ Я абцёр пальчаткаю твар і, падняўшы шлем, прыслухаўся да работы матораў. Шамякін.

2. Круг заняткаў, абавязкаў; справа. Работы ў Мішкі — непачаты край: За ўсімі прасачы, усюды пабывай. Маеўскі. Учора яны з Гвація зрабілі вялікую работу: абкурылі серай усе бочкі. Самуйлёнак. // Пэўны род дзейнасці, працы. Разумовая работа. Фізічная работа. Культурна-выхаваўчая работа. □ Ужо з першых часоў, пасля ўступлення ў камсамол, .. [Бумажкоў] пачаў выяўляць сябе на камсамольскай рабоце. Чорны.

3. толькі мн. (рабо́ты, ‑бот); з азначэннем. Тая або іншая дзейнасць па стварэнню, вырабу, апрацоўцы чаго‑н. Палявыя работы. Будаўнічыя работы. Унутраныя работы па аддзелцы дома.

4. Праца, служба ў якой‑н. установе, на якім‑н. прадпрыемстве. Паступіць на работу. Накіраваць на работу. Хадзіць на работу. □ Сумяшчаць работу на вытворчасці з вучобай у школе цяжка. «Беларусь».

5. Тое, што падлягае апрацоўцы, служыць матэрыялам для апрацоўкі. Раздаць работу. □ «Брат Міша» выцяг[в]аў намёткі з кончанай учора курткі і спяваў, апусціўшы галаву над работай. Брыль.

6. Прадукт працы; выраб, твор. Работы юных мастакоў. □ Першай работай І. Ждановіч у тэатры з’явілася ўвасабленне вобраза Данілкі з драмы Янкі Купалы «Раскіданае гняздо». Сабалеўскі. Прыкметнае месца на выстаўцы адведзена работам майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. «Звязда». // з азначэннем. Якасць або спосаб выканання чаго‑н. [Бой] быў гвалтоўным, кароткім. Работа, як заўсёды — чыстай. Праз гадзіну ад разбітага гарнізона пайшоў у цемру абоз. Брыль. На варотах вісеў здаравенны, кавальскай работы, замок. Крапіва.

7. У фізіцы — фізічная велічыня, якая колькасна характарызуе змены пры ператварэнні адной формы энергіі ў другую.

•••

Прымусовыя работы — мера крымінальнага пакарання, заснаваная на вылічэнні часткі зарплаты з пакаранага на працягу пэўнага часу, без пазбаўлення яго волі.

Гэта (ужо) не работа — пра што‑н. неразумнае, дрэннае, чаго не павінна быць.

Пусціць у работу гл. пусціць.

Работа гарыць у руках — работа спорыцца, ідзе хутка ў руках умелага работніка.

Спор ды лад у рабоце гл. спор.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)