Сму́чай ‘ранняя асака на мокрых месцах’ (ТС), смыч, смоч, смыча́ль ‘тс’ (Жыв. сл.), смы́чка, смы́чаўка, смы́каўка ‘яжджаль, асака светла-зялёнага колеру, якая пачынае расці ранняй вясной’ (ЛА, 1, Расл. св.), смыча́ль ‘тс’ (Жыв. сл., ЛА, 1), смуча́й ‘травяністая расліна, падвей’ (ПСл). Параўн. укр. смича́й, смуча́й ‘падвей, Eriophorum vaginatum L.’, смича́ль ‘азёрная расліна’, харв. дыял. smȗcal ‘нейкая трава’. Відаць, да смыкаць, смукаць ‘тузаць, цягаць, вырываць’ (гл.), параўн. му смучай сму́каем на шчоткі (ПСл). Паводле ЕСУМ (5, 321), матывацыя тлумачыцца лёгкасцю аддзялення лістоў ад кораня.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скры́пка1 ‘смычковы музычны інструмент’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Байк. і Некр., Др.-Падб., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ). Рус. скри́пка, укр. скри́пка, польск. skrzypce ‘скрыпка, ліра’. Звязана з скрыпе́ць (гл.; Фасмер 3, 658; Борысь, 555). Інакш аб словаўтварэнні Шанскі (КЭСРЯ, 413): ад скрипа — варыянт ж. р. да скрип ‘выклічнік, што азначае скрыпенне’ з суф. ‑к(а). Варбат (Этимология–1981, 20) выводзіць ад *skripati ‘хутка рухацца’, што звязана з хуткімі рухамі смычка, параўн. ням. Geige ‘скрыпка’ і дыял. geigen ‘рухаць узад і ўперад, туды-сюды’.

Скры́пка2 ‘венцер, рыбалоўная прылада ў выглядзе конуса або рэшата для зімняй лоўлі’ (чач., Жыв. НС; кір., Нар. сл.; Браім, Рыбалоўства), бучы або крыпкі ‘пляцёныя або зробленыя з лучыны конусы, якія апускаюцца ў палонкі’ (Меер Крыч.). Відаць, ад скрыпка1 паводле знешняй формы; параўн., аднак, скрыпіца ‘кошык’ (гл.), што выяўляе сувязь з крыпаць ‘блытаць’ (гл.), г. зн. ‘плясці’, параўн. скрыпа́ны ‘неўпарадкаваны’ (ігн., Сл. ПЗБ), скрыпа́цца ‘зблытацца’ (там жа), гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смык1 ‘прыстасаванне для ігры на струнных інструментах’, старое ‘прымітыўная барана’ (ТСБМ, Касп., Шымк. Собр., Сл. ПЗБ, ТС, Пятк. 2, Бяльк., Байк. і Некр.), ‘калодзежны журавель’ (івян., стаўб., глус., ДАБМ, камент., 810; Янк. 2, Сл. рэг. лекс.), смыч ‘тс’ (шчуч., Нар. сл.), ‘пугаўё’ (шальч., Сл. ПЗБ), ‘дэталь (дужка) у прымітыўным такарным станку’, ‘прылада для лоўлі бадзяжных сабак’ (Скарбы), смычо́к ‘смык (у музычных інструментах)’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), ‘прылада для трапання шэрсці’ (ТСБМ). Укр. смик ‘смык; вага калодзежнага жураўля’, рус. зах., паўн. смык ‘смык; від бараны’, смычо́к ‘смык (муз.)’, стараж.-рус. смыкъ ‘струнны музычны інструмент’, смычькъ ‘музыкант, які грае на смыкѣ’, польск. smyk ‘смык (муз.); від саней’, smyczek ‘смык’ , н.-луж., в.-луж. smyk ‘смык (муз.)’, чэш. smyk ‘валакуша, лесаспуск’, cmyčec ‘смык (муз.)’, славац. smyk ‘валакуша’. Прасл. *smykъ і *smyčьkъ; паводле Борыся (564), позняя праславянская інавацыя ад прасл. *smykati (гл. смыкаць). Гл. таксама Праабражэнскі, 2, 341; Фасмер, 3, 695; Махэк₂, 384–385; ЕСУМ, 5, 320; Трубачоў, Ремесл. терм., 128 (рэканструюе зыходнае *sъmъkъ).

Смык2 ‘перашыек’ (слаўг., Яшк.), смы́чка ‘невялікае паселішча паміж дзвюма вёскамі (ушац., Нар. лекс.). Параўн. укр. смик ‘павадок для паляўнічых сабак’, рус. смык ‘стык’, польск. smyk, smycz ‘павадок’, чэш. smyčka ‘пятля’. Дэрываты ад прасл. *sъmykati ‘замыкаць, злучаць’ (Борысь, 564; ЕСУМ, 5, 320–321).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)