стла́ться несов.

1. в разн. знач. сла́цца;

над на́ми стла́лось голубо́е не́бо над на́мі сла́лася блакі́тнае не́ба;

чёрный дым стла́лся по боло́ту чо́рны дым сла́ўся па бало́це;

стла́ться в ку́хне сла́цца ў ку́хні;

2. страд. сла́цца; см. стлать.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ліст¹, -а́ і -у, М -сце́, мн. -ы́, -о́ў і (разм.) лі́сці, -яў, м.

1. -а́. Орган паветранага жыўлення і газаабмену раслін у выглядзе тонкай, звычайна зялёнай пласцінкі на чаранку.

Кляновы л.

2. -у, у знач. зб. Лісце.

Лаўровы л.

Лістам слацца (разм., неадабр.) — лісліва дагаджаць.

|| памянш. лісто́к, -тка́, мн. -ткі́; -тко́ў, м. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адва́жны, ‑ая, ‑ае.

Які не баіцца небяспекі; смелы, рашучы, бясстрашны. Адважны чалавек. Адважны мараплавец. Адважныя сыны Радзімы. □ Адважныя людзі Савецкай краіны Пайшлі ў наступленне на тайны прыроды. Колас. [Маці:] — Пойдзеш ты у свет і людзі Хадою адважнай, Прад табою слацца будзе Край наш неабсяжны. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассціла́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да разаслацца.

2. Размяшчацца на вялікай прасторы. Навокал рассцілалася поле, яшчэ даволі стракатае: за жаўтлявым спелым жытам зелянела бульба, з другога боку сінеў лубін. Шамякін. Абапал дарогі рассцілаліся зялёныя лугі. Мядзёлка.

3. Слацца нізка над паверхняй чаго‑н. Дым ішоў у глыбіню лесу і рассцілаўся там па зямлі. Кулакоўскі.

4. Зал. да рассцілаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Віну́ць ’прыгалубіць, прыгортваць, прысвойваць, абгортваць’ (Нас.), віну́цца ’гарнуцца, хіліцца, туліцца’; ’быць старанным, руплівым’; ’прыставаць’ (Гарэц., Нас.). Польск. winąć ’віцца’, winnąć sięслацца, абвалаквацца’; ’круціцца’, чэш. кніжн. vinouti ’прыціскаць’, vinouti se ’туліцца, гарнуцца’, славац. vinúť ’туліць, прыгарнуць (да сябе)’, vinúť sa ’туліцца, гарнуцца’; ’кружыцца вакол чаго-небудзь’; ’узнімацца, віцца вакол чаго-небудзь’; ’ціха выходзіць з сярэдзіны (пра гук)’, серб.-харв. ви́нути ’вільнуць (хвастом)’; ’узняць, ускінуць’, ви́нути се ’ўзляцець, узняцца’. Прасл. vinǫti. Утворана пры дапамозе суф. ‑nǫ ад дзеяслова viti ’віць’ (гл.). У гэтай лексеме суф. ‑nǫ‑ не мае значэння аднаразовасці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ліст 1, ‑а і ‑у, М ‑сце; мн. лісты, ‑оў і (разм.) лісці, ‑яў; м.

1. ‑а. Орган паветранага жыўлення і газаабмену раслін у выглядзе тонкай, звычайна зялёнай пласцінкі на чаранку. Золь асенняя, туман. Шэпчуць жоўклыя лісты. Крапіва. Усё відаць, як на далоні .. Нават бачыш, як трапечацца зжаўцелы ліст на бліжняй бярозе. Лынькоў. Асенніх лісцяў плаўленая медзь кладзецца, астываючы, пад ногі. А. Вольскі.

2. ‑у; у знач. зб. Лісце. Ачнецца гай І з песнямі У зялёны ліст Адзенецца. Колас. // Засушанае лісце некаторых раслін, якое ужываецца як прыправа, а таксама для прыгатавання настояў, лекаў. Лаўровы ліст. Эўкаліптавы ліст. Александрыйскі ліст.

•••

Лістам слацца гл. слацца.

ліст 2, ‑а, М ‑сце; мн. лісты, ‑оў; м.

1. Тонкі пласт якога‑н. матэрыялу (паперы, металу, фанеры і пад.). У дашчанай майстэрні Ігнась з грукатам і лёскатам выпростваў на холадзе вялікія лісты бляхі. Мурашка. Вулай скамечыў ліст ватману, сціснуў кулакі, аж пабялелі пальцы. Шыцік.

2. Пісьмо. Як шкада мне, Што паштовы голуб Ад цябе ліста не прынясе. Аўрамчык. Ліст ад геолага-сына Маці чытае старая — Аб сваіх справах хлапчына Піша з далёкага краю. Смагаровіч.

3. (звычайна з азначэннем). Дакумент, якім што‑н. пацвярджаецца або загадваецца. Абходны ліст. Маршрутны ліст. Бальнічны ліст. // Бланк для занясення якіх‑н. звестак. Падпісны ліст.

•••

Акладны ліст — афіцыйнае паведамленне аб аблажэнні падаткам, страхоўкай і пад.

Выканаўчы ліст — юрыдычны дакумент на права спагнання паводле рашэння суда.

Тытульны ліст — старонка ў пачатку кнігі, дзе надрукавана яе назва.

З ліста — адразу, без папярэдняй падрыхтоўкі (іграць, чытаць і інш.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Паўзці́, драг. поўзтэ́ ’павольна перамяшчацца па паверхні, рухаючыся ўсім целам, на жываце, на карачках; слацца па паверхні, чапляючыся за што-н.’ (ТСБМ, Шат., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. повзти́, рус. ползти́, польск. pełzać, pełznąć, чэш. plazit se, plznouti, славац. plaziť sa, славен. pólzati ’паўзці’, plȇzati ’узбірацца’, polzéti ’коўзацца’, pláziti ’датыкацца, кратаць што-н.’, серб.-харв. пу̏зати, пу́зити, макед. ползи, балг. пълзя́, пле́зя, ст.-слав. плъзати, плъзати, плѣсти, плѣсти. Прасл. pьlzti (polzíti sę, pelzati) < і.-е. *pel‑g̑h‑/*polg̑h‑/*pḷg̑h‑, якія маюць іншыя варыянты гэтага кораня: *plou̯‑ (ст.-слав. плоути ’плыць’, літ. plústi ’паплыць’, ст.-інд. plávate ’плыве, ляціць’) і з суфіксам ‑g‑ *plou̯g‑ (прасл. plugъ ’плуг’, чэш. plouhati ’цягнуць па зямлі’, ст.-польск. płużyć ’швэндацца’). І.‑е. варыянты *pel‑g̑h‑/*pleu̯‑gh‑ адлюстраваны ў формах: прагерм. felgan/flogan (ст.-англ. fielg, ст.-в.-ням. felga ’ўзаранае поле’, ’барана’ — бел. паўзу́ха ’плуг’, ст.-ісл. fliugą ’ляцець’ і інш. — гл. В. Мартынаў, Лекс. взаим., 175–178). Беручы пад увагу семантычную прыкмету ’слізганне па паверхні, пакіданне следу’, Анікін (Этимология–1980, 41–49) суадносіць прасл. pelz‑/polz‑/pьlz‑ з герм. *fulge‑ ’ісці ўслед’, ’ісці па следу’ < ’след’ < ’паўсці, коўзацца’ і з кельц. (брыцк.) *olg(os) ’след, ісці па следу’, новабрэтонск. heul ’вынік, працяг’, кімрск. ol ’след, тыл’, olaf ’апошні’. Сюды ж паўзу́н ’дзіця, якое яшчэ не ходзіць, а толькі поўзае’ (ТСБМ, Нас.), ’земляная жаба’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’вазон’ (раг., Мат. Гом.), ’бярозка палявая, Convolvulus arvensis L.’ (Касп.), ’плывун’ (швянч., Сл. ПЗБ), паўзун палявы, кам. пувзу́н ’вязель стракаты, Coronilla varia L. (брэсц., гродз., Кіс.; Выг.), паўзу́ха ’павітуха, Cuscula L.’ (шум., Сл. ПЗБ), паўзу́чік ’гарлянка. Ajuga reptans L.’ (петрык., Мат. Гом.), паўзунцы ’вазон’ (Ян.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. поўз, паўзла, ‑ло; незак.

1. Перамяшчацца па паверхні, рухаючыся ўсім целам (пра паўзуноў, якія не маюць ног). Негр падхопліваў змяю на палачку, што трымаў у руках, і змяя, выкручваючыся, нібы яе прыпякалі гарачым жалезам, паўзла па палачцы да старога. Арабей. // Перамяшчацца наперад на нізкіх нагах, амаль датыкаючыся тулавам да паверхні (пра паўзуноў, насякомых і пад.). Позірк .. [Рымы] падае на бальшак. Па ім паўзуць шэрыя чарапахі. Васілеўская. Чырвоныя мурашкі паўзлі па сухім моху. Бядуля. // перан. Распаўсюджвацца, перадавацца (пра чуткі, гукі і пад.). Непрыемная млявасць паўзла па цел[е]. Савіцкі. Але паўзлі патайна чуткі З сырых падвалаў і муроў. Колас. Гэта дапамагала мала — па класе ўсё роўна поўз ціхенька, смех. Васілевіч.

2. Перамяшчацца лежачы, на жываце, на карачках і пад. (пра людзей і жывёл). Сёмка спачатку пачаў паўзці, а потым прыстаў, падышоў да Петруся і прылёг. Брыль. Сакольны некалькі разоў прыпыняўся, каб прыслухацца, ці паўзуць за ім людзі, ці не парушаецца кім цішыня. Кулакоўскі.

3. перан. Разм. Павольна рухацца, перамяшчацца. Ды дзядзька страх перамагае, Ён шапку загадзя знімае, Па ўсходах чыстых, як мурашка, Паўзе ўгару, ступае цяжка. Колас. На двор паўзлі падводы, людзі. Асіпенка. Цягнік поўз паволі, нібы краўся цішком у цемры праз тую граніцу. С. Александровіч. // Павольна распаўсюджвацца, перамяшчацца; слацца (пра туман, дым і пад.). [Туман] поўз, распаўзаўся па дрыгвяністых нетрах. Лынькоў. Шэрыя дажджавыя хмары нізка паўзлі над счарнелым, мокрым горадам. Грамовіч. З ляснога гушчару асцярожна выпаўзаў змрок, поўз па кустах, паміж стагамі. Шамякін.

4. Слацца па паверхні, чапляючыся за што‑н. (пра расліны). І жоўты хмель віецца на плятні. І дзерава расце, паўзе пад шула. Кірэенка. Доўгія галіны вінаграду.. паўзуць па высокіх драўляных рэйках, утвараючы цяністы калідор, у якім добра хавацца ад летняй спякоты. Бяганская. / Пра агонь, пажар. І зноў то выцягваюцца, то абрываюцца.. жоўтыя языкі [полымя], паўзуць, пераскакваюць, асыпаюцца дымнымі іскрамі. Лынькоў. Агонь вырываўся ўжо з вокнаў друкарні, хапаўся за сцены, поўз па іх на дах. Паслядовіч.

5. Павольна сунуцца ўніз. Гліна і пясок паўзуць па кручах З гор у Алазанскую даліну. Хведаровіч. Спяваў жаўрук, у яр паўзлі снягі, як звозілі ў адну мы клець мяхі. Русецкі. // Павольна сцякаць, ліцца (пра вадкасці). Па разгарачаным счырванелым твары паўзуць мутныя пісягі поту. Быкаў. І паўзе раса слязой у дуба, Па ствалу з тугіх лістоў паўзе... Кірэенка.

6. Марудна праходзіць, цягнуцца (пра час). Неахвотна, марудна паўзуць доўгія зімовыя месяцы. Мурашка. І вужакамі хцівыя рукі Лезуць, лезуць у шафу, ў камод — І хвіліна паўзе, нібы год. Агняцвет.

7. перан. Пралягаць, віцца ў якім‑н. напрамку (пра дарогу, сцежку і пад.). То цераз алешнік, то праз дубнякі, То борам, нібыта жалезная змейка, Паўзе, выгінаецца вузкакалейка. Зарыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дагаджаць, гадзіць, наравіць, ладзіць, падладжвацца, падлашчвацца, выслужвацца, услугоўваць, выслугоўвацца, падслужвацца, увіхацца; падлагоджвацца, выдыгаць, выдыгацца, удыгаць, падлабуньвацца, падлізвацца, выстачаць (разм.), пад'язджаць, танцаваць, кадзіць (перан.) □ насіць на руках, гладзіць па поўсці, хадзіць на пальчыках, хадзіць на лапках, рассыпацца макам, слацца лістам, падаць лістам

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

пабе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце; зак.

1. Пачаць бегчы (пра людзей, жывёл). Пабегчы дарогай. Пабегчы па вуліцы. □ Поезд крануўся, і Ірынка пабегла побач вагона і ўсё махала рукой. Чорны. Па гладкім дзядзінцы конь шпарка пабег. Бядуля. // Разм. Хутка пайсці, накіравацца куды‑н. з якой‑н. мэтай. Пабегчы ў аптэку. Пабегчы па доктара. □ [Вольга:] Ну, Ганна Іванаўна, вось вам вада, а я пабегла на завод. Кучар. // Пачаць хутка адступаць, уцякаць. Немцы не вытрымалі нечаканага ўдару танкістаў, пабеглі. Мележ.

2. Пачаць хутка рухацца (пра неадушаўлёныя прадметы, з’явы). Пабеглі языкі агню. Самалёт пабег па полі. □ «Масквіч», скрануўшыся з месца, зноў хутка пабег па вуліцы, абганяючы пешаходаў. Шахавец. // Аб уяўным руху прадметаў, міма якіх чалавек рухаецца сам. Стары падводзіў эшалон да станцыі. Збоку пабег зараснік. Уперадзе, з-за ўзгорка выпаўзалі чырвоныя камніцы станцыі. Мележ. // Працягнуцца, пралегчы (пра дарогу, сцежку і пад.). На карпусы завода, на шашу, якая пабегла адсюль на поўдзень, апала адліга. Грамовіч.

3. З’явіўшыся, узнікшы, пачаць разыходзіцца, цягнуцца, слацца ў нейкім кірунку. Не мінула і хвіліны, як паплавок маёй вуды з сілаю даў нырца. Толькі кругі ад яго пабеглі на чыстай люстраной вадзе. Якімовіч. З-пад крутога борта лодкі раптам пабеглі бурбалкі. Гамолка. // перан. Часта з’яўляцца, змяняючы адна другую (пра думкі). Няхай думкі мае пабягуць чарадой. Колас.

4. Пацячы, паліцца. Ударыў гром і поруч з гэтым Пабег ручай, за ім другі. Лужанін. Ледзь рукою дакрануўся крана — з-пад яго струмень вады пабег... Непачаловіч. // Пераліцца цераз край пры кіпенні. Малако пабегла.

5. перан. Пачаць хутка праходзіць, мінаць (пра час). І так пабеглі гады, адзін за адным. Расце мой сын — як клас, так вяршок. Ракітны.

•••

Мурашкі пабеглі па спіне (скуры, целе) гл. мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)