Ма́ска ’накладка на твар, якую надзяваюць для таго, каб не быць пазнаным’, ’маскарадны касцюм’, ’прытворства’, ’скульптура твару чалавека або галавы жывёлы’, ’засцерагальнае прыстасаванне’, ’накладка з лекавага саставу’. З рус. ма́ска, а, магчыма, таксама і з польск. maska, у якіх праз франц. ці ням. мову з італ. maschera < ст.-італ. mascara, — апошняе з араб. maschara ’насмешка, кпіны’. Сюды ж маскава́ць ’маскіраваць’ (Др.-Падб.), якое з польск. maskować ’тс’, маскірава́ць ’надзяваць маску’, ’скрываць, прыкрываць што-небудзь, робячы яго непрыкметным’ (ТСБМ), успрынятае з рус. мовы; маскіра́нт ’той, хто ўмее замятаць сляды’ (віл., Нар. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

таи́ть несов.

1. (держать в тайне, скрывать) таі́ць, скрыва́ць, уто́йваць;

2. (заключать в себе) таі́ць, хава́ць;

не́чего греха́ таи́ть няма́ чаго́ грахі́ таі́ць;

таи́ть в себе́ таі́ць (хава́ць) у сабе́;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

таі́ць, таю, тоіш, тоіць; незак., каго-што.

1. Трымаць што‑н. у тайне, скрываць ад іншых. [Саша:] — Марыя Сяргееўна! Вы нічога не таіце ад мяне. Я ўсё хачу ведаць. Шамякін. Сурова і гнеўна выступалі суддзі... Яны абвінавачвалі Варатніцкага не толькі ў тым, што быў паліцэйскім, але і ў тым, што таіў сваё мінулае, хлусіў. Дадзіёмаў. // Захоўваць у сабе, у сваёй душы, не паказваючы перад другімі, хаваючы ад другіх (пачуцці, думкі). І раптам .. [Астаповіч] пачаў бачыць, што ўсё тое, што ён толькі для самога сябе таіў у душы, вядома ўсім. Чорны. Макараў .. скінуў парашут і, тоячы незвычайнае хваляванне і радасць, цвёрдым крокам падышоў да Кудлача, збіраючыся выпрасіць яшчэ адзін палёт. Алешка.

2. Мець, заключаць у сабе што‑н. знешне непрыкметнае, яшчэ не выяўленае. [Дзед Талаш] востра ўглядаецца ў далечы маўклівых балот. Яны тояць штось невядомае, вострае і цікавае. Колас. Ніводнаму, нават самаму магутнаму розуму не ўдалося яшчэ дасюль разгадаць, колькі нявыкрытых дзіў і магчымасцей тоіць у сабе наша зямля. Лужанін. І колькі яшчэ тоіць .. [Урал] у сабе нязведанага! Шынклер.

•••

Няма чаго граху таіць; што (чаго) грэх таіць — нечага скрываць, трэба прызнацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утойваць, затойваць, прытойваць, таіць, хаваць, скрываць, маўчаць; пакрываць, прыкрываць (перан.) □ трымаць у сакрэце, трымаць язык за зубамі, хаваць у душы, замятаць сляды

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Таі́ць ’трымаць у тайне, хаваючы ад другіх, утойваць’ (Сл. ПЗБ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., ТС), таі́ццаскрываць; утойваць; хавацца, скрывацца’, таі́ті ’ўтойваць’, таі́тісʼе ’падпільноўваць, цікаваць’ (Вруб.), ’запірацца’ (Нас., ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Ласт., Сл. ПЗБ, Сержп. Прымхі, Варл., ТС, Ян.), ст.-бел. таити ’ўтойваць’ (XV ст., КГС). Укр. таї́ти, таї́тися, рус. таи́ть, таи́ться, польск. taić (się), в.-луж. tajić (so), н.-луж. tajiś (se), tawiś, чэш. tajit (se), славац. tajiť (se), славен. tajíti (se), серб.-харв. та́јити (се), tájati, харв., чак. tōjȁt, балг. та́я, макед. таи, ст.-слав. таити, таити сѧ ’хаваць, утойваць’. Да прасл. *tajiti, дыял. *taja̋ti (рэканструкцыя Фурлан у Бязлай, 4, 147), якія з’яўляюцца вытворнымі ад *taj ’таямніца, тайна’, ’таямніча, скрытна’ (роднаснага *tatъ ’злодзей’), параўн. старое серб.-харв. tȃj, tȁja, tãja ’таямніца’, ст.-слав. таи ’таемна, употайкі, скрытна’, чэш. taj ’таямніца; невядомае’. Махэк (634) прапануе, аднак, некалькі іншае развіццё: *tajǫ < *taj‑jǫ < *taj‑ī‑tei. Далейшыя сувязі бачаць у хец. tai̯ela ’красці’, ст.-інд. (s)tāyú‑ḥ‑ ’злодзей’, авест. tãiiu/tãyu‑ ’тс’, ст.-ірл. tāid ’тс’, грэч. τήτη ’нястача’, τητάω ’пазбаўляю, адбіраю, рабую’, якія працягваюць і.-е. *(s)tă‑i‑ (Покарны, 1010); гл. таксама: Фасмер, 4, 11; Борысь, 625; Чарных, 2, 224; ЕСУМ, 5, 503 з літ-рай; Рэйзак, 649.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

таі́цца, таюся, тоішся, тоіцца; незак.

1. Скрываць што‑н. ад іншых, не расказваючы, не выказваючы што‑н.; праяўляць скрытнасць. За час свайго замужжа Ганна прывыкла таіцца, хаваць у душы і пакутны боль, і тугу, і надзеі. Мележ. Вера кінула таіцца перад Надзяй сваёй службай, расказвала ёй аб парадках у камендатуры. Лынькоў. З нашага дзесятага класа болей ніхто не быў закаханы, і мы з трывогай глядзелі на гэтых двух [Славу і Вераніку], якія так упарта таіліся адзін ад другога. Навуменка. І от пасля першай гэтай гаворкі.., у якой, што тут таіцца, была пэўная доза с[е]нтыментальнасці, сяброўкі пачалі набываць кожная свой звыклы выгляд. Чорны.

2. Хавацца, скрывацца. [Бацька] таіўся да гэтага часу, цураўся сваёй сям’і... Дамашэвіч. За кожнай кудлатай елкай, магчыма, тоіцца вораг. Жычка.

3. Існаваць у скрытым выглядзе; не праяўляцца яўна. На гэтых прасторах вады, пад цёмнаю навіссю панурых лясоў таяцца грозныя замыслы паўстаўшага сялянства. Колас. І не ведаў ніхто, што ў вачах гэтых бура тоіцца, Што ўвесь ён [Саша] напоен нянавісцю спаленых сёл. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хава́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Размяшчаць, класці дзе‑н. так, каб ніхто не змог знайсці або ўбачыць. Дома Валодзя ўвесь час хваляваўся. Ён то хаваў, то зноў даставаў з-пад шпалераў кавалачак паперы з тэкстам лістоўкі. Федасеенка. // Класці дзе‑н. так, каб зберагчы ў цэласці, акуратнасці, бяспецы. І тады ўбачыў Міколка, як таропка хавалі сяляне ў кусты свае старыя стрэльбы, як дзед Астап, прыгнуўшыся да зямлі, хаваў у стары абымшэлы корч зброю, старанна абкруціўшы яе старой хусцінкай. Лынькоў. Іван Кузьміч дастае падобны на цыбуліну гадзіннік, здымае акуляры і акуратна хавае іх у футляр. Даніленка.

2. Даваць прытулак каму‑н., ахоўваць таго, каму пагражае небяспека. [Другі афіцэр:] — Пан маёр. У вёсцы знойдзены пераапранутыя рускія афіцэры... Іх хавалі тутэйшыя людзі. Кучар. // Прыхоўваць, скрываць, маскіруючы. [Селянін:] — Ёсць у мяне парсючок падгладжаны: хаваю ў гумне пад саломай ад злыдняў. Брыль.

3. перан. Не выяўляць адкрыта, таіць (свае думкі, пачуцці, дзеянні). Ганне ні за што не хацелася паказваць перад свёкрам і перад свякрухаю свой боль. Хавала яна яго і ад чалавека. Мележ. Хлопцы і не падазравалі, што радыстка мяне пакарыла больш як каго, толькі я гэта старанна хаваў. Карпюк.

4. Рабіць нябачным, ледзь бачным, закрываючы, засланяючы сабой. [Грасыльда:] — Сагнулася я і пайшла наперадзе, спатыкаючыся ў бульбоўніку. А бульбоўнік тады вялікі парве за плотам, чалавека хаваў. Пташнікаў. Густыя лазовыя кусты хаваюць ад людскога вока мурожную паляначку. Жычка. Непрыкметна, але няўмольна насоўваецца вечар, ён і хавае сонца за лес, што цёмнай сцяною стаіць на даляглядзе, хавае раптоўна і адразу. Сачанка.

5. перан. Мець дзе‑н., змяшчаць, маскіраваць (што‑н. знешне нябачнае або невядомае). За гумарам пісьменнік хавае сваё глыбокае захапленне чалавекам працы, у гонар якога складае прачулы і велічны гімн. Гіст. бел. сав. літ. Але пад гэтым бушаваннем [дзед Юрка] Хавае гумар з насміханнем: Больш жарты строіць, чым ваюе. Колас.

6. Трымаць што‑н. у пэўным месцы. // Захоўваць у надзейным месцы. Хаваць грошы ў ашчаднай касе. □ У сенцах яшчэ і бакоўка. Там.. [Янка] хавае вёслы, фуганкі, скрыні, бляшанкі з гаспадарчым начыннем. Лупсякоў. Імшанік — для пчол, у яго на зіму хаваюць вуллі... Навуменка. // Змяшчаць, утрымліваць у сабе. [Гарлахвацкі:] Зямныя нетры нямала хаваюць у сабе.. астаткаў ранейшай флоры і фауны. Крапіва. Мар’іна балота, .. Колькі ты хаваеш Багаццяў без меры! Купала. // Зберагаць для пэўнай патрэбы; не траціць. Для крутой талакі Хата скварку хавала. Барадулін. // Захоўваць, не выдаваць (тайны). Паўлік мужна хаваў даручаную тайну, дарма, што быў маленькі. Шамякін.

7. Берагчы, як скарб, трымаць у памяці, сэрцы. У сваім сэрцы я на працягу многіх год хаваю чысцейшую і бязмежную любоў да вялікага рускага народа. Купала. Я голас твой Усё глыбей, усё старанней Хаваў у памяці сваёй. Панчанка. Надзіны пісьмы.. Салаўёў хаваў як самы дарагі ўспамін. Шахавец.

•••

Хаваць вочы — баяцца глядзець прама, адкрыта ў твар каму‑н.

Хаваць канцы (у ваду) — знішчаць доказы правіннасці. — Вось што, Піліп, — помніцца, схапіў мяне за руку Іван. — Калі хочаш жыць, давай разам думаць, як з бяды выбавіцца. Трэба хаваць канцы... Ваданосаў.

хава́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Закопваць у зямлю нябожчыка. Пад вечар.. [Захара] хавалі. За труною ішло не больш дзесятка людзей. Краўчанка. І заплакала Ўкраіна — Плакала нямала, — Як хавала свайго сына, Песняра хавала. Купала. Параненых адпраўлялі ў Мінск, забітых хавалі ноччу каля дарог, на вясковых кладах і проста ў полі. Грахоўскі. // перан. Лічыць аджыўшым, аддаваць забыццю; забываць. Хаваць устарэлыя звычкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)