свіння́, -і́, мн. сві́нні і (з ліч. 2, 3, 4) сві́нні, свіне́й, ж.

1. Парнакапытная млекакормячая жывёліна, свойскі від якой разводзяць для атрымання сала, мяса, скуры, шчаціння.

2. перан. Пра таго, хто робіць каму-н. непрыемнасці, пра няўдзячнага, нявыхаванага чалавека (разм.).

С. ты, а не чалавек.

3. перан. Пра бруднага, неахайнага чалавека.

Падлажыць свінню каму (разм., неадабр.) — зрабіць непрыемнасць.

|| памянш. сві́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж. (да 1 знач.).

Марская свінка — невялікая бясхвостая жывёліна-грызун.

|| прым. свіны́, -а́я, -о́е (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

дома́шний

1. дама́шні; ха́тні;

дома́шний телефо́н дама́шні тэлефо́н;

дома́шняя хозя́йка ха́тняя гаспады́ня;

дома́шний аре́ст дама́шні а́рышт;

2. (приручённый, не дикий) сво́йскі;

дома́шняя пти́ца сво́йская пту́шка;

дома́шние живо́тные сво́йская жывёла;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ручно́й

1. в разн. знач. ручны́;

ручны́е часы́ ручны́ гадзі́ннік;

ручна́я рабо́та ручна́я рабо́та (пра́ца);

ручна́я прода́жа ручны́ про́даж;

2. (о животных) сво́йскі, прыру́чаны; ручны́;

ручно́й со́кол ручны́ со́кал.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Пітава́цца ’харчавацца’ (Ян.), стараж.-рус., ст.-рус. питовати ’карміць’ (XIII–XIV стст. < XI ст.), питоватися ’ўжываць ежу’ (XI ст.), ’мець асалоду’ < питати < прасл. *pitati ’карміць’, параўн. рус. питать ’тс’, укр. пити́мий ’родны, блізкі’, пи́томець ’выхаванец’, славен. pítati ’карміць’, серб.-харв. пи̏тати, макед. питом ’прыручаны, свойскі’, ’лагодны, ціхі, рахманы’, питомец ’выхаванец’, ст.-чэш. pitomý ’ціхі, лагодны’, чэш. ’дурны’ (у выніку мены значэння паводле назірання за жывёламі, якіх гадуюць у няволі: яны страчваюць свае прыродныя рысы і становяцца нібы “атупелымі” — Махэк₂, 452), ст.-слав. питѣти, пазней питати ’насычаць, карміць’, якое параўноўваюць з літ. piẽtūs ’абед’, pietáuti ’абедаць, перакусваць’, ст.-інд. pitú‑(m) ’ежа’, авест. pitu‑ ’тс’, piϑwā ’тс’, ’частка ежы’, і.-е. *poi̯‑, *pi‑ (гл. пе́ставаць; пір, піць). (Покарны, 833; Фасмер, 3, 268; Бязлай, 3, 44).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лі́савы ’лісіны’ (ТС). Рэгіяналізм з адносна-якасным значэннем, утвораны з суфіксам, які мае прыналежнае значэнне.

Ліса́вы ’ліслівы, хітры’ (Шат., Ян., ТС; лід., лях., Сл. ПЗБ; хойн., нараўл., Мат. Гом.), ліса́вый ’тс’ (Бяльк.); ’ветлівы, свойскі, абыходлівы, ласкавы, рахманы’ (Сцяшк., Юрч.; барыс., Жд. 2; лун., Шатал.; Ян.; браг., Нар. словатв.; лід., смарг., шчуч., Сл. ПЗБ), в.-дзв. лісіва́ты ’ліслівы, хітры’, іўеў. ліса́вянькі ’ласкавы’ (Сл. ПЗБ). Укр. палес. лиса́вий, ст.-укр. лисавый (XVII ст.), рус. смал. лиса́вый ’ласкавы, пяшчотны’, арханг. лиса́ва ’ліса’; польск. lisawy (XVII ст.) ’рыжы, чырвоны’, ’бландзін’, чэш. lísavý ’ліслівы, пяшчотны’. Прасл. lisavъjь, якое аўтары «Эт. сл. слав. моў» (Трубачоў, Эт. сл., 15, 140) фармальна адносяць да lisa > ліс (гл.), утворанага пры дапамозе суфікса ‑avъ, і супастаўляюць, аднак, з дзеясловам lisati (), які Махэк₂ (335) выводзіць з lasiti (у выніку перастаноўкі галосных). Дапускаецца таксамі, што гэта экспрэсіўны варыянт дзеяслова lizati > лізаць (гл.). Польск. lisawy, магчыма, звязана са значэннем ’спаліць’, параўн. бел. лі́са злаві́ць ’падсмаліць світку ці іншую суконную адзежыну’, польск. кацеўск. liśić ’спаліць’, priliśić ’прыпаліць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дама́шні, ‑яя, ‑яе.

1. Прызначаны для задавальнення бытавых патрэб у доме. Дамашні тэлефон. Дамашнія туфлі. □ Убачыўшы паважную жанчыну ў багатым дамашнім халаце, чалавек у цывільнай вопратцы памякчэў, зняў капялюш. Машара. // Звязаны з доглядам дома, сям’і і пад. Справіць дамашнюю работу.

2. Зроблены, прыгатаваны дома, у сваёй гаспадарцы; не куплены. Дамашні хлеб. □ Злева перад сцэнаю, якая была збіта з новых смалістых дошак і завешана заслонаю з дамашніх тканін, сядзелі музыкі. Гартны. // Прызначаны для выканання дома. Дамашняе заданне.

3. Сямейны, прыватны. Дамашні настаўнік. Дамашняе выхаванне. Дамашнія абставіны. □ Дзядзька Марцін паехаў араць, а Лабановіч некаторы час сядзеў і слухаў навіны дамашняга жыцця. Колас.

4. у знач. наз. дама́шнія, ‑іх. Члены сям’і; асобы, якія жывуць з кім‑н. разам. Надышла цішыня: дамашнія вячэралі. Мележ.

5. Свойскі, не дзікі (пра жывёл, птушак). Валяліся пярыны, падушкі, самакаты, труны розных дамашніх жывёл. Шамякін.

•••

Дамашні арышт гл. арышт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ле́бедзь, ле́бядзь, ле́бяць ’птушка з сямейства качкавых, Cygnus musicus Bechst., Cygnus olor J. F. Gmel.’ (Нас., Касп., Сцяшк., Яруш.; шчуч., іўеў, Сл. паўн.-зах.), ле́бэдь ’тс’ (Бес.), ’пародзісты свойскі гусь’ (лун., жытк., петрык., мазыр., ЛАПП), ’дружа, сябар’, лябе́дзька ’галубок’, лябе́дзюхна ’галубок, галубка’ (Нас.). Укр. ле́бедь, лебідь, лебеде́ць, рус. лебедь, ст.-рус. лебедь, польск. łabędź, славін. łabąc, łabąʒ, u̯abyńć, сілезск. u̯abůnt, łabęt, чэш. labuť, мар. labudek, лаш. labuďa, апаўск. labudź, славац. labuť, labuď, labuda, славен. labód (lobod, labud, lobot), серб.-харв. ла̏буд, ла̏бут, ле̏бут, кайк. лабат, макед. лабед, балг. ла́бед, ле́мбед, ли́бед, ло́бад, ло́бод ’тс’. Прасл.: зах. і паўд. ólbǫdь (olbǫtь), паўд. olbędь, паўд. і ўсх. elbedь (Слаўскі, 4, 400). Для апошняй формы дакладнымі адпаведнікамі з’яўляюцца ст.-в.-ням. albiʒ, elbiʒ ’тс’, ст.-ісл. ǫlptr (мн. л. elptr, alptir), для форм на ‑ǫdь балт. формы на ‑andis. Белы колер апярэння паслужыў для суаднясення і.-е. праформы *albho‑ з лац. albus ’белы’, ст.-грэч. ἀλφός ’белая пляма, высыпка на целе’ (супраць чаго Махэк₂, 316), з літ. bálti ’бялець’, ад якога ўтворана літ. balánda ’лебяда’ і balañdis ’голуб’. Генетычна роднаснае з лебяда1 (гл.). Падрабязна этымалагічную літаратуру гл. Фасмер, 2, 470–471; Слаўскі, 4, 399–401; Скок, 2, 256; Бязлай, 2, 117).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

свіння́, ‑і; мн. свінні, свіней; ж.

1. Парнакапытная млекакормячая жывёліна, свойскі від якой разводзяць для атрымання сала, мяса, скуры, шчаціння; самка гэтай жывёліны. Вярнуўся мужык у хату. Глядзіць, аж тут замест яго рабая свіння гаспадарыць: рассыпала муку, з’ела рошчыну і сагнала квактуху з рэшата. Якімовіч.

2. перан. Разм. Пра бруднага, неахайнага чалавека. На погляд мой, Ты [Вавіла] змог бы праз гадзіну стаць Свіння свіннёй. Корбан. // Нявыхаваны, грубы, некультурны чалавек. Пасадзі свінню за стол — яна і ногі на стол. Прыказка.

3. перан. Разм. Чалавек, які незаслужана робіць каму‑н. непрыемнасці; няўдзячны чалавек. [Максім:] — За каго ты [Паліна] мяне лічыш, свіння ты гэткая? Шамякін. — Што, пагаварыла ўчора на мяне абы-чаго? Я думаў, што ты разумная, аж ты свіння. — Сак сказаў гэтыя словы, пазіраючы Галі ў самыя вочы, у душу, можна сказаць. Ермаловіч.

4. у знач. прысл. свіннёй. Уст. Парадак пастраення войск у выглядзе кліна. Рыцарскія войскі рухаліся свіннёй.

•••

Іаркшырскія свінні — парода свіней, якая характарызуецца хуткім ростам, вялікай вагой і пладавітасцю.

Марская свіння — млекакормячая жывёла сямейства дэльфінавых.

Падлажыць (падсунуць) свінню гл. падлажыць.

Як свінні сядло (падыходзіць) гл. сядло.

Як свіння (напіцца, набрацца) — без разбору, многа выпіць гарэлкі, віна.

Як свіння на саладзінах (знацца, разбірацца) — зусім не разбірацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ха́тні, ‑яя, ‑яе.

1. Які мае адносіны да хаты. Хатняе акно. □ Скрозь хатнія дзверы далятае з холаду, з сенцаў, размова. Гарэцкі. // Прызначаны для хаты, для бытавых патрэб. Хатні тэлефон. Хатнія туфлі. □ Ложкі, крэслы — усе хатнія рэчы Зачахліў, каб сынам зберагчы. Калачынскі. Але асабліва любіў.. [настаўнік] займацца хатняй гаспадаркай: рэзаў і калоў дровы, насіў ваду, майстраваў.. полкі і полачкі, табурэткі і лаўкі. Якімовіч. // Звязаны з доглядам хаты, з сямейнымі клопатамі. І я люблю прытулак хатні — Парадак поўны, прыгажосць. Агняцвет. Пазней мы даведаліся, што Люба выконвае дома амаль усю хатнюю работу. Бяганская. / у вобразным ужыв. Вершы, як хатняе цяпло ці добрае віно, пачалі размякчаць.. [Вользіну] застылую душу. Шамякін. // Прыгатаваны ў хаце, у хатніх умовах. П’е з конаўкі жанчына Халодны хатні квас. Куляшоў.

2. Прыватны, сямейны. Хатняе выхаванне. □ Каб зарабіць на пражыццё, Змітрок Бядуля становіцца хатнім настаўнікам, вучыць местачковых дзяцей пісаць і чытаць. Каваленка.

3. Просты, свойскі. Марына не бачыла ў .. [Собіча] такога твару і не думала, што можа быць вось такі — не начальніцкі, не дзелавы, а самы звычайны, нейкі хатні, просты. Скрыган. — Калі ласка. І мне цікава, — з вельмі хатняй інтанацыяй сказаў паэт. Караткевіч.

4. Які расце, гадуецца пры хаце, у хаце. Хатнія жывёлы. □ Заўсёды шмат мела.. [доктарыха] садовых і хатніх кветак. Чорны. // Які водзіцца ў хаце. Цяжкія раны наносіць драўляным пабудовам хатні грыб. Гавеман.

5. у знач. наз. ха́тнія, ‑іх. Члены сям’і. Калі.. [Андрэй] быў настаўнікам, дык часта пасылаў сваім хатнім грошы. Колас. Ігнась пачаў заўважаць, што між Лявонам і Довідам існуе нейкая непрыкметная сувязь, якую яны абодва ўтойваюць ад хатніх. Чарнышэвіч.

•••

Хатні скарб — каштоўнасці, пажыткі, маёмасць.

Хатняе заданне — заданне вучням, якое неабходна выканаць дома.

Хатняя гаспадыня гл. гаспадыня.

Хатняя работніца гл. работніца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саба́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сабакі; належыць сабаку. Сабачая будка. □ На сабачы брэх, пакуль Галя ставіла ля частакола веласіпед, выйшла сястра Марына, а за ёю выбег у кароткіх штоніках на падцяжачках, белагаловы, босы Сцепік. Ермаловіч. // Зроблены з футра сабакі. Сабачая даха.

2. Уласцівы сабаку (у 1 знач.); такі, як у сабакі. Я многа скептыкаў пабачыў З душой, спустошаная датла; У іх і нюх, і спрыт сабачы, І боязь рэзкага святла. Панчанка. Старая сачыла дурным, спалоханым, сабачым позіркам, старалася дагадзіць як магла! Мележ.

3. Разм. лаянк. У складзе некаторых зневажальных выразаў. Сабачае жыццё. □ Не дарма кажуць: «Батрачы хлеб — сабачы». Якімовіч. Усё .. жыццё [Васіля], усе думкі былі ў тым, каб скарэй збавіцца ад сабачай службы. Колас. // перан. Разм. Незвычайна моцны ў сваім праяўленні. Сабачы голад. □ Холад сабачы, дажджы льюць, а тут ніхто і вачэй на курган не паказвае... Ракітны. // перан. Разм. Адданы, паслужлівы, пакорны. Бачыце, як людзі рады, што ўбачылі нас, — растлумачыў гэта па-свойму шавец, звяртаючыся да каменданта, на якога пазіраў увесь час адданымі сабачымі вачыма. Шахавец. // перан. Разм. Ганебны, агідны. Вера .. расказала .. аб людзях-смаўжах, людзях без сэрца, што падаліся на сабачую службу да фашыстаў, выгінаюць перад імі свае хрыбты і люцей звера накідваюцца на нашых людзей. Лынькоў.

4. Разм. лаянк. У складзе некаторых зневажальных выразаў. Сабачы сын. Сабачая душа. □ [Астап:] — Жыцця ты майго хочаш, крыві маёй прагнеш, блыха сабачая! Лынькоў. [Максім:] — Слухай, Сашка, якая ў гэтым твая сабачая справа? Машара.

5. у знач. наз. саба́чыя, ‑ых. Сямейства драпежных млекакормячых, да якога адносяцца свойскі сабака, воўк, пясец, шакал.

6. Як састаўная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў. Сабачая мята. Сабачы клешч. □ На ножцы бусловай Сабачы грыбок Уверх падымае Свой жоўты чубок. Бядуля.

•••

Сабачая ножка — тое, што і казіная ножка (гл. ножка). Скурыўшы дзве «сабачыя ножкі», Васіль прылёг на трошкі. Крапіва.

Ушыцца (убрацца, пусціцца) у сабачую скуру гл. ушыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)