Перакіда́цца, скіда́цца ’ператварацца ў іншую істоту’ (Растарг.), перакі́нуцца ’пераўтварыцца’ (карм., Мат. Гом.), перакі́нуць ’часова пераапрануцца ў іншае (сухое) адзенне’ (Юрч.), мсцісл. пірікіда́ньня ’змена адзення’ (Юрч. СНЛ), перэкіда́цца ’перакульвацца, пераўвасабляцца’ (ТС), перэкі́нуцца ’перакуліцца, змяніцца’, найбліжэй да якіх стаяць польск. przekinąć się, przekidać się ’перакінуцца, перамяніцца; перакуліцца’, ст.-польск. przekinąć się ’перайсці на чый-небудзь бок’, параўн. “тэхналогію” пераўвасаблення ў ваўкалака: перэкінецца церэз ножа і робіцца наподобіе воўка (ТС). Да пера- і кідаць, кідацца < прасл. *kydati (), гл. кідаць, параўн. таксама ўкр. чарніг. перекида́тися ’пераапрануць, змяніць адзежыну’ і ’пераўтварацца, абярнуцца’. Іншую версію прапануе Санько (Kryuja, 1996, 1, 92): перакінуцца, скінуцца ’перавярнуцца на кагосьці, ператварыцца’ звязана не з слав. *kinǫti, *kidati, а з літ. kìsti (kiñta, kìto) ’мяняцца, змяняцца’, kėisti (‑čia, ‑tė) ’мяняць, змяняць, перамяняць, абменьваць’, keìtìklis ’ператваральнік, унформер’, keitìmas ’абмен, размен, змена, замена, ператварэнне’, што ў святле прыведзеных вышэй фактаў не пераконвае, аднак балтыйскі ўплыў на семантыку ’змена (адзення і пад.)’ адмаўляць няма падстаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарпа1 ’вялікая сцірта снапоў або саломы пад адкрытым небам’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Байк. і Некр.), ’куча снапоў, складзеная камлямі навонкі, а каласамі ў сярэдзіну’ (Варл.), ’застаронак у гумне’ (тураў., ЛА, 2), ’частка ў гумне, якая заложана адным відам збожжа’ (кругл., валож., ЛА, 5), ’прыстаронак, месца ў гумне паабапал току, дзе складваецца збожжа’ (Сл. ПЗБ, Шатал.), ’сцірта, складзеная ў гумне паміж дзвюх супрацьлеглых сцен вузкай паласой; дах на слупах без сцен, дзе складалі сена’ (Касп.), торп ’сцірта снапоў у гумне’ (ТСБМ, Тур., Сцяшк.; ашм., Стан.), ’адгароджаная частка гумна, застаронак’ (Сл. ПЗБ), тарпі́на ’застаронак’ (гродз., Сл. ПЗБ), торпы́на ’сцірта (сена, саломы, збожжа)’ (стол., ЛА, 2), ст.-бел. торпъ ’тс’ і адзінка для вымярэння неабмалочанага збожжа’. Фіксуецца з 1539 г. і лічыцца запазычаннем з літ. tárpas (Буга, Rinkt. 2, 630; Булыка, Лекс. запазыч., 95; Лаўчутэ, Балтизмы, 34; Гутшміт, ZfSl, 19, 269), дзе развіццё значэння ад ’прамежак’ да ’застаронак’, гл. Анікін, Опыт, 288. Разглядаецца як балта-фрака-беларуская ізаглоса, параўн. фрак. tarpas, terpas ’зазор, прамежак’, гл. Санько, Бел. гіст. агляд, 14, 1–2, 329.

Тарпа2 ’торф’ (Сцяшк., Сл. Брэс., Янк. 2; дзятл., маст., брасл., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’тарфяное балота’ (брасл., Сл. ПЗБ), торпа́ ’торф, іл’ (жыт., Жыв. НС). Адаптаванае ў народнай мове торф (гл.; замена ф > п, канчатак ж. р. ‑а з-за фанетычна не ўласцівага канцавога спалучэння ‑рп, перанос націску на канцавы склад), гл. таксама торп2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)