Салама́ха ’від стравы з мукі накшталт густога кісялю’ (Нас., Пал., Гарэц., Шн. 3., Чачот), ’страва’, ’чарнічнае варэнне’ (Мат. Гом.), ’мучны раствор для прапітвання асновы’ (Влад.), солома́ха ’яечня; зацірка’ (Сл. Брэс.). Укр. солома́ха ’рэдкае цеста (пераважна грачышчае) закіпячонае з маслам’, ’страва з хлеба і тоўчанага часнаку’, польск. (XVII ст.) sałamacha ’страва з размолатых круп’ (“так гавораць татары” — Брукнер, 480), рус. салама́та ’саламаха, рэдкая каша’, паўн. салома́т, салама́та і да т. п., сіб. солома́ть, салама́ть ’аўсяная крупа, падсмажаная на сале’, укр. салама́та ’каша’ (Гогаль). Няясна. Звязваюць з са́ла (Праабражэнскі, 2, 247) і з со́лад, гл. Праабражэнскі, там жа; Сабалеўскі, РФВ, 66, 348 і наст.; RS, 5, 265, які лічыць, што ў словаўтваральных адносінах слова аналагічна ст.-рус. косматъ. Міклашыч, Türk. El. Nachtr., 2, 184 выводзіць з паўн.-цюрк. solomat, якое, на думку Фасмера, 3, 549, хутчэй само запазычана з рус. Іншую літ-py гл. Фасмер, там жа. Магчыма, што бел. і ўкр. саламаха, соломаха з’явілася вынікам кантамінацыі саломата, саламата, саладуха, солодуха (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́тра1 ’кіслая мучная страва, саладуха’ (ТСБМ, Яруш.; в.-дзв., паст., брасл., віл., Сл. ПЗБ; мядз., Нар. словатв.; полац., Нар. сл.; Янук.; Нік. Очерки; Касп., Бяльк., ТС), ’цура’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’нясмачная, няякасная страва’ (брасл., в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’страва з прасеянай жытняй мукі, заквашаная і запраўленая расцёртымі ягадамі’ (Малч.), ’усё, што робіць ежу крухмалістай’ (“как бы пудрит”) (Шн., 3), ’рэдкая гразь, балота’, ’раска на вадзе, якую ядуць качкі’ (гродз., ABSl, 9, 118), н. р. пу́тросаладуха’ (ТС), сюды ж путра́ны ’саладушны, зроблены з путры’ (Касп.), путря́нъй ’густы’ (гарад.; Нар. лекс.), параўн. укр. пу́тря ’страва з варанага ячменю і салодкага квасу’, рус. пу́тра, пу́тря, путро́ ’пойла з мукой; пшонная каша з маслам’. Запазычанне, у якасці крыніцы часцей за ўсё называецца літ. putrà ’рэдкая каша; поліўка; пойла’, лац. putra ’тс’ (Блесэ, SB, 5, 17–18, з літ-рай; Фасмер, 3, 413; гл. таксама Лаўчутэ, Балтизмы, 21, з літ-рай); бел. путра (“родъ худаго супа”) збліжаў з эст. pudder, puddro ’каша’ яшчэ Шымкевіч (Шымк. Собр.), параўн. таксама фін. puuro ’страва з мукі’, крыніцай запазычання якіх лічацца балтыйскія словы, што выводзяцца ад pùsti ’ўздувацца, набухаць’ (Фрэнкель, 681). Паводле Непакупнага (ABSl, 9, 118), гэта матывацыя пацвярджаецца ў адносінах да геаграфічных тэрмінаў, параўн. палес. зду́ховіна ’дрыгва’; Тапароў зыходным для гідронімаў з элементам put‑r‑ лічыць значэнне ’нешта разлезлае, няўстойлівае, нізкаякаснае’ і адносіць сюды літ. pùtryti, putróti ’чмякаць’, pùtarnoti ’плявузгаць’, лат. putrât, putruôt ’тс’, а таксама рус. пу́трить ’лаять’ (“что-то вроде ’разнести в пух и прах’, ’стереть в порошок’, ’размазать’”), што ўзыходзяць да і.-е. peu̯‑r *pou̯‑, *pū̆‑ з элементам ‑r‑ і семантыкай ’успухаць, раздавацца, разрэджвацца’ і ’гніць, раскладацца’ (Балто-слав. иссл., 1988–1996, 277). Параўн., аднак, заўвагу Віцьбіча: “Путра — усяго толькі нацыянальная латышская зацірка, якую часта можна спаткаць на стале латышскіх беднякоў” (Полымя, 1998, 3, 258), а таксама гродз. пу́тра (Цых.), по́тра (Скарбы) ’пацяруха’: перацерлі мышы зерне ў кублі, адна путра, што дазваляе хаця б для часткі слоў дапусціць сувязь з церці, тру (гл.).

Пу́тра2 ’лёгкія’ (мазыр., Шатал.). Няясна; магчыма, звязана з *ǫtrь ’унутранасці’, параўн. нутро́ ’сярэдзіна, вантробы’ (гл.), вагку́ша ’пячонка’, лёгку́ша ’лёгкія’.

Пу́тра3 ’пацяруха’ (Цых.). Гл. по́тра ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)