*Раса́ўка, роса́ўка ’жытні дэман, якім палохалі дзяцей, русалка’ (ТС), роса́лка ’тс’ (Выг.): роса́лка лякала дытэй, шоб жыта ны мя́лы; страшная, з роспу́шчанымы коса́мы (брэсц., Леванц.). Палескі варыянт традыцыйнай назвы руса́лка ’тс’ (гл.) у выніку збліжэння з раса 1 (гл.). Аднак параўн. расаватначка ’тс’ (гл. расаваць), што хутчэй сведчыць пра сувязь з раса 2 (< *ręsa) або раса 3 (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ная́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. У старажытнагрэчаскай міфалогіі — німфа рэк і ручаёў; русалка.
2. Аднагадовая водная травяністая расліна сямейства наядавых, якая мае тонкае разгалінаванае сцябло і малапрыкметныя адзіночныя кветкі.
3. Лічынка страказы (а таксама аўсяніка, вяснянкі), якая жыве ў вадаёмах.
[Грэч. naiades ад náō — цяку.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ве́дзьма, ‑ы, ж.
1. У народных павер’ях — жанчына, якая водзіцца з «нячыстай сілай»; злая чараўніца. Пачуў Ахрэм голас, азірнуўся: гоніцца за ім нейкая не то русалка, не то ведзьма. Якімовіч. Удаву Сымоніху ўсе завуць ведзьмай за тое, што яна шэпча і шэпча. Бядуля.
2. Лаянк. Злая, сварлівая жанчына.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ка́ня, ‑і, м.
1. Драпежная птушка сямейства ястрабіных, дакучлівы манатонны крык якой нагадвае слова «піць»; сарыч, канюк. Прытаіцца да моху русалка, лясун, Каня вечнага «піць» не заводзіць. Пад звон-песню жывучых гусляравых струн Для ўсіх папараць-кветка ўзыходзіць. Купала.
2. Абл. Кнігаўка. Пералётам да балот далі аб сабе знаць кані. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Лойма ’чарціха’, ’русалка’ (Маш., Федар. 1), сувалк., супрасл. і сакольск. ’істота, блізкая да русалкі’ (БНТ, Лег. і пад.). Балтызм, утвораны пры дапамозе суфікса ‑ма (як лаўма). Дыфтонг ‑oi̯‑ другасны; ён паходзіць са старога ‑ou̯‑.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ма́ўка ’русалка’ (драг., КЭС). Укр. ма́вка, ма́лка, мя́вка, гуц. ня́вка. Прасл. nav‑ъk‑a < navь: ст.-рус. навь, ст.-слав. навь ’нябожчык, труп’, балг. навянъ, макед. нави ’нячысцікі’ (Дзендзялеўскі, SSl Hung., 12, 1976, 287–288).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лята́вец ’вядзьмар, змей, лятаючы дух’ (Доўн.-Зап., 3), ст.-бел. лятавецъ, летавецъ ’прывід, здань’ (пач. XVII ст.), запазычаны са ст.-польск. latawiec, letawiec ’вампір, ведзьма, крывасмок’ (Булыка, Лекс. запазыч., 176; Свяжынскі, Бел.-польск. ізал., 110–111), якія Слаўскі (4, 67–68) узводзіць да праформы lětav‑ьcь < lěta‑vъ < lětati > лята́ць (гл.). Сюды ж лятавіца ’русалка, жанчына-дэман’ (там жа). Параўн. таксама смал. лета́вка (фалькл.) ’той, хто хутка лётае ці бегае’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сало́ха ’жаночае імя Саламаніда’, ’дурань, дурніца’ (Нас., Байк. і Некр.), ’неахайная жанчына’ (Мат. Гом., Юрч., Сл. Брэс.). Укр. соло́ха ’ведзьма’, ’жаночае імя’, рус. пск., цвяр. соло́ха ’неахайная касматая жанчына’, ’русалка’. Апелятывы ўтвораны ад жаночага імя Салоха, якое Унбегаун (BSL, 52, 1957, 176), таксама як і Насовіч, 600, выводзіць з Соломонида, якое было распаўсюджана ў XVII–XVIII стст.; Брукнер, KZ, 43, 403 і інш., гл. Фасмер, 3, 714 утвараюць ад грэч. імя Σαλόμη ’Саламея’. Магчыма, сюды ж і гом. самахня́ ’салоха’ з *салахня пад уплывам сам, сама.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Літба ’двухпялёстнік парыжскі, Circaea lutetiana L.’ (Касп.), маг. літпа ’тс’ (Кіс., Дэмб.). Няясна. Магчыма, назва звязана прыкметамі магічнасці з чэш. лексемамі litba, úlitba ’лівень’, ’ахвяраванне віна або іншай вадкасці багам’. У такім выпадку — да ліць (Трубачоў, Эт. сл., 15, 159). У іншых славян: польск. czarownik, чэш., славац. čarovník, харв. vilenička trava (< víla ’русалка’), рус. волшебная трава, колдовская трава, бел. чараўніца, калдуха, а таксама ням. Hexenkraut, Zauberkraut, франц. herbe aux sorciers, — з’яўляюцца перакладам лац. назвы, пра якую ведалі, што яна са ст.-грэч. κιρκαία, якое паходзіць ад імя чараўніцы Цырцэі (Кіркі).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Расава́ць ’цвісці, красаваць (пра злакавыя)’ (Скарбы, Сцяшк., Сл. ПЗБ), rasaváč ’тс’ (Арх. Федар., Смул.), росова́ты (зах.-палес., Выг.), расава́цца ’тс’ (Сцяшк. Сл.), ’выпускаць вусікі, коцікі (пра вярбу)’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Станкевіч (Зб. тв. 1, 442–443) падкрэслівае, што побач з літаратурнай формай красу́е існуе дыялектная форма расу́е. Арэальнае ўтварэнне, што памылкова выводзіцца з красаваць (гл.), параўн. польск. дыял. rosowac ’цвісці, красаваць (пра збожжа)’. Першаснае значэнне магло быць не толькі ’цвісці’, але і ’натапырвацца, шчацініцца’, што вынікала з рознай семантыкі раса́ 2 (гл.) — ’вусік калосся’ і ’шорсткая поўсць’, параўн. славен. pšenica se resi ’пшаніца выпускае вусікі’, resíniti se ’мець натапыраную поўсць’, гл. расіцца. Смулкова (Białoruś, 165) мяркуе, што расаваць узнікла шляхам народнаэтымалагічнага спрашчэння з красаваць праз збліжэнне з раса́ 1, гл. (“żyto pokrywa się pyłkowatym kwiatem jak rosą”) і з’яўляецца інавацыяй, што малаверагодна. Па гістарычных і лінгвагеаграфічных прычынах хутчэй архаізм, захаваны ў міфалагічных уяўленнях, параўн. раса́ 4, расава́тначка (rasawátnaczka) ’патронка, апякунка квітнеючага збожжа’ (Тур.), магчыма і роса́ўка ’русалка’ (ТС), гл. расаўка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)