Маската́ць ’стукаць, шумець’ (смарг., Сцяшк. Сл.), драг. по‑москота́тэ посу́док ’з шумам паразбіваць посуд’ (КЭС). Відавочна, балтызм. Параўн. літ. maskatúoti ’шавяліцца, дрыжэць, трэсціся; гойдацца, хістацца; махаць, размахваць’, ’рабіць рухі рукамі; хуценька бегчы’, ’балбатаць’, ’гарэзіць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

махаць, размахваць, матаць, матляць; матляхаць (абл.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Матля́цца, матля́тыса ’хістацца, знаходзячыся ў вісячым становішчы, вісючы, хістацца туды-сюды, з боку ў бок’ (ТСБМ, ТС; пін., Нар. лекс.), ’боўтацца’ (Ян.), ’ухіляцца ад працы, хадзіць без справы’ (шкл., Мат. Маг.), матля́ць ’матаць, размахваць, хістаць чым-небудзь’ (ТСБМ, ТС), матляну́цца ’матнуцца, памкнуцца, паспяшацца куды-небудзь’ (Нар. Гом.). Укр. мотля́тися, мо́тлятися. Да матла́ць < мата́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Матла́цьразмахваць’ (ТС), матла́цца ’развявацца’ (Нікан.), матлуха́цца ’матляцца’ (ТС), матляха́ць (груб.) ’махаць’ (шчуч., Сцяшк. Сл.), матляха́тыса ’развявацца, хістацца’ (пін., Нар. лекс.). Да мата́ць (гл.), да асновы якога дадаюцца суфіксы ‑л‑ (‑лʼ‑) і ‑х‑а. Такі ж суфікс ‑л‑ (‑ль‑) назіраецца ў серб.-харв. космецк. умотла̏т, замотла̏т пры літаратурным умо̀тати, замо̀тати ’замотваць’, серб.-харв. мо̀тљати се ’матацца, намотвацца’, ’умешвацца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́змах ’размах’ (ТС). Націск на ро́ пад уплывам укр. ро́змах ’тс’. Да разма́х, разма́хваць ’махаць чым-небудзь то ў адзін, то ў другі бок’, размаха́ць ’расхістаць, разгайдаць’ < прасл. *orz‑maxъ < прасл. *orz‑maxati/mavati/majati (рус. размах, польск. rozmach, н.-луж. і в.-луж. rozmach, чэш., славац. rozmah, славен. razmàh, балг. разма́х) > раз- (роз-) і маха́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разма́х, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. размахваць — размахнуць і размахвацца — размахнуцца (у 1 знач.).

2. Велічыня хістання, вагання якога‑н. цела; амплітуда. Размах маятніка.

3. Адлегласць паміж крайнімі пунктамі чаго‑н. разгорнутага, распасцёртага, разнятага. Размах крылаў арла. □ Хадакі занялі пракосы на ўвесь размах рук. Пальчэўскі. // Прастора, на якой распасціраецца што‑н. Поле ляжала роўнае як кінуць вокам, шэрае і радаснае ў сваім бязмежным размаху. Адамчык.

4. перан. Шырыня, смеласць ва ўчынках, дзейнасці; адсутнасць абмежаванасці, вузкасці ў праяўленні. Размах будаўніцтва. □ Любіў Максім Багдановіч народную песню за яе меладычнасць, эпічны размах і лірычную цеплыню. Майхровіч. З кожным днём культурнае жыццё вёскі набывала ўсё большы размах. Сергіевіч.

•••

З размаху; з усяго размаху — а) размахнуўшыся, з сілаю. Грысь першы раз у сваім жыцці з размаху секануў па той рэчы, якую з такой любоўю сам рабіў. Кулакоўскі; б) з разгону, з разбегу. Вярблюд і бухнуў у раку з размаху. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палохаць, страшыць, пужаць, спуджваць, пагражаць, гразіць, гразіцца; пастрашаць, адстрашваць (разм.) □ наводзіць страх, наводзіць сполах, наводзіць жудасць, наводзіць жах, наводзіць паніку, наганяць страх, кідаць у жах, наганяць жах, паддаваць пуду, размахваць рукамі

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Трапята́ць ‘трымцець, дрыжаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), трыпыта́ты ‘лапатаць крыламі (пра птушак)’ (кобр., Жыв. НС), трапята́цца ‘пастаянна рухацца, варушыцца, дрыжаць’ (ТСБМ, Нас.), ‘мігаць, мільгаць, няроўна гарэць (пра агонь)’ (ТСБМ), ‘дзейнічаць, імкнуцца штосьці зрабіць’ (ТСБМ, Юрч. СНЛ), ‘узмоцнена ў сполаху біцца (пра сэрца)’ (Юрч. Сін., Касп., Ян.), ‘моцна баяцца каго-небудзь’, ‘быць ахопленым непакоем’ (ТСБМ), перан. ‘жыць, існаваць’ (Нас., Ян.), ‘перабіраць ножкамі’ (Жд. 1); ‘адчуваць небяспеку (пра каня)’: конь трапе́ча, трапе́чыць, стрэ́пая вушамі (петрык., клім., іўеў., ЛА, 1), сюды ж трапата́цца: трапатаўся чырвоны сцяжок (Ю. Віцьбіч), ст.-бел. трепетати, трепетатися ‘дрыжаць, хвалявацца, баяцца’ (ГСБМ). Укр. трепета́ти, рус. трепета́ть ‘дрыжаць, трапятацца, матляцца, калаціцца, біцца’, польск. trzepiotać (się) (з XV ст.) ‘махаць крыламі’, ‘трэсціся’, ‘балбатаць’, з XVIII ст. trzepotać ‘хутка рухацца, выконваць хуткія рухі’, каш. třepotac ‘балбатаць, плявузгаць’, в.-луж. třepotać, třepjetać ‘дрыжаць, трэсціся’, чэш. třepetać, třepotać ‘махаць крыламі’, ‘узмахваць, махаць’, ‘дрыжаць, хістацца’, славац. trepotať (sa) ‘тс’, ‘грукатаць’, ‘развявацца (пра сцяг)’, ‘біцца (аб сэрцы, аб рыбе на зямлі)’, славен. trepetáti ‘трэсціся, дрыжаць, уздрыгваць’, харв. trepètati, серб. трепѐтати ‘дрыжаць’, балг. трептя́ ‘дрыжаць, матляцца, мігцець’, макед. трепети ‘дрыжаць, мігаць’, ст.-слав. трепетати ‘дрыжаць, трэсціся’. Прасл. *trepetati/*trepotati ‘інтэнсіўна выбіваць, трэсці, рухацца, размахваць’; звязана з *trepati > трапа́ць1 (гл.), ад якога ўтворана пры дапамозе суф. ‑et‑/‑ot‑, што абазначае гукаперайманне, роднаснае літ. trepùmas ‘спрытнасць’, ст.-грэч. τρέπω ‘паварочваю, схіляю’, лац. trepidāre ‘дробненька хадзіць’, ‘дрыжаць, уздрыгваць’, ‘мігаць, мільгацець’, ‘мітусліва спяшацца’, ‘баяцца’, ‘кідацца’, ст.-інд. tr̥práh̥ ‘неспакойны, мітуслівы’ < і.-е. *trep‑ ‘тупаць, дробна хадзіць, ступаць’, ‘перабіраць нагамі’ (Фасмер, 4, 99; Чарных, 2, 261; Брукнер, 583; Шустар-Шэўц, 1543; Скок, 3, 496–497; ЕСУМ, 5, 630). Сюды ж трапяткі́ ‘ахвочы да работы’ (Жд. 1), трапятлі́вы ‘рухавы, што без працы не пасядзіць’ (Варл.), трапяту́н ‘які знешне стараецца, а, па сутнасці, абыякава адносіцца да сваёй справы’ (Сцяшк. Сл.), ‘вельмі рухавы, вёрткі чалавек, здольны выкручвацца з непрыемнага становішча’ (Юрч., Вытв. сл.), ‘малое дзіця, якое перабірае ножкамі’ (Жд. 1), трапяту́ха ‘рухавая жанчына, старанная, працавітая, руплівая’ (лях., ЖНС; навагр., Жыв. НС; ганц., Нар. лекс., Сл. Брэс.), трапята́нне ‘спосаб жыцця’, трапята́ннік ‘той, хто спрабуе штосьці зрабіць у жыцці’ (Юрч. СНЛ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

узве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце, ‑вядуць; зак., каго-што.

1. Ведучы, дапамагчы або заставіць узысці, падняцца наверх чаго‑н. Узвесці на гару. Узвесці на ганак. □ [Загорскі] проста і натуральна падаў .. [імператрыцы] руку, каб узвесці на кілім, што вёў да сабора. Караткевіч. Зялёнка падвалок .. [Валодзьку], узвёў па табурэтку, пачаў размахваць чорны шнур. Карпюк. / Пра судны. Трэба ўзвесці баржы на грэбень пераката якраз у самым глыбокім месцы. «Звязда». // Вывесці, прывесці куды‑н. Вечар разам са мной На вяршыню ўзышоў, На якую ўзвяла нас Дарога крутая. Танк. Палявая дарога ўзвяла на бальшак. Перад Надзяй ва ўсёй шырыні адкрылася Калінаўка. М. Ткачоў. / у перан. ужыв. Пніцкі стараецца ўзвесці .. [Нахлябіча] па думку, што ніколі пра яго ён .. дрэнна не думаў. Чорны. // Узняць (вочы, позірк і пад.) на каго‑, што‑н.; паглядзець уверх. [Чарноцкі] ажывіўся, падняў галаву, на момант узвёў на .. [Ярашэвіча] вочы. Чорны. Сядзіць пан Богут у тамленні І вочы ўзвёў на абразы. Колас.

2. Прывесці зброю ў гатовае да выстралу становішча. Узвесці курок. Узвесці пісталет. □ Не спыняючыся, Пеця ўзвёў аўтамат і націснуў на гашэтку. Сіняўскі.

3. Збудаваць, пабудаваць, паставіць. Узвесці палацы. Узвесці помнік. □ Пабудуюць .. [будаўнікі] новыя цэхі завода, узвядуць яшчэ нямала новых дамоў. Кулакоўскі. А далей глядзі — дзяўчаткі тыя Дваццаць вёснаў ходзяць па зямлі, А ўжо іх рукі залатыя Больш паловы Мінска ўзвялі. Панчанка.

4. перан.; у каго-што. Узвысіць да якога‑н. стану, звання. Узвесці ў ранг заслужанага дзеяча навукі. // Надаць чаму‑н. іншае або вельмі важнае значэнне. Узвесці ў крымінал. Узвесці ў закон. Узвесці ў абсалют.

5. перан. Прыпісаць каму‑н. што‑н. заганнае, адмоўнае, дрэннае; несправядліва абвінаваціць. Узвесці паклёп. □ [Бабейка:] — Няўжо, калі часам узвядуць на мяне якую небыль, ты не закінеш слова, Сямён Іванавіч? Хадкевіч.

6. У матэматыцы — памножыць які‑н. лік (або алгебраічны выраз) на той самы лік (або выраз) указаную колькасць разоў. Узвесці ў квадрат. Узвесці ў пятую ступень.

•••

Узвесці на след — навесці на след, удаць, выдаць каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэ́сці, трасу, трасеш, трасе; трасём, трасяце; пр. трос, трэсла; незак.

1. каго-што. Тузаць, штурхаць, хутка рухаць туды і назад або ўверх і ўніз. Была вайна. Была бяда. За грудзі маці часта трэсла І пагражала: — Бацька дасць Табе, хай толькі прыйдзе, неслух... Ляпёшкін. // Ціснуць, паціскаць руку, рукі каму‑н. у знак прывітання, падзякі, віншавання і пад. Камандзір зразумеў, усміхнуўся, падбег да высокага чалавека, схапіў яго за руку і пачаў трэсці. Чорны. — Здарова, Ганька! — трасе аберуч маю руку Лазоўскі. Васілевіч. // Выклікаць дрыжанне чаго‑н. (моцным ударам, выбухам і пад.). [Насця:] — У нас тут дома неспакойна — Падходзіць фронт, бягуць усе, Гарматны гук зямлю трасе. Колас. І раптам адзін, другі, трэці выбух трасе сцены тэатра і срабрыстыя калоны падаюць, трушчачыся, на гледачоў. Мікуліч. // Калоцячы дрэва, прымушаць падаць плады. Чутно, непадалёку ходзіць лівень — Гром мячыкі качае па страсе. А тут такі сухмень, што жнівень Зялёныя антонаўкі трасе. Чэрня. / Пра вецер, буру і пад. Парывісты вецер трос прысады ля хаты, гнаў перад сабой пыл. Паўлаў. Узорную лістоту ясеня суха трос вецер. Савіцкі.

2. (звычайна безас.), каго-што і без дап. Падкідваць, хістаць (пры яздзе па няроўнай дарозе). [Янкель:] — А вы, жанчынкі, прагуляліся б да хвойнічку, пашукалі б грыбкоў!.. А то дарога калдобістая, будзе трэсці, без прыпынку аж да вёскі Касачы паедзем! Гурскі. Алеся вязе Рыгора з сабою — сена мяккае, духмянае, поўны воз наклаў яго ў дарогу сябра Лявон, каб не трэсла. Скрыган.

3. чым. Часта махаць, ківаць чым‑н. Трэсці нагою. Трэсці кулаком. □ — Цяпер усё, — трос барадой дзед. — З унукам пастараліся. Не будзе больш шастаць дзе не след. Даніленка. Коні, і тыя трасуць галовамі, прынюхваюцца і падаюцца бліжэй да вогнішча. Васілевіч. // Размахваць чым‑н. Бачыць лётчык — там унізе Нехта шапкаю трасе, Просіць помачы на крызе, А вада яго нясе... А. Александровіч.

4. што. Перамешваючы, прыгатоўваць што‑н. [Гвардыян:] — Як прыйдзе Папас — хай ідзе [трушанку] трэсці. Зарэцкі.

5. што. Разм. Іграць, танцаваць з элементамі патрэсвання. Трасе «трасуху» на старой скрыпцы дзядзька Цімох. Гарэцкі.

6. каго-што і без дап. Разм. Рабіць вобыск. [Бабка Наста] расказала і пра стажок і пра дзедаву бяду, пра ўварванне ў хату сярод ночы палякаў. Як іх тады калацілі, як трэслі! Колас. У Вілюгі на другі дзень пасля арышту Сяргея быў вобыск. Трэслі ў хаце, у хляве. Навуменка. Жаўнеры шукалі зброю, трэслі вазы, забіралі жывёлу, пускалі ў ход шомпалы і бізуны. С. Александровіч. // перан. Дасканала, дэталёва вывучаць што‑н. Трэслі пільна мы навук законы і трактаты розных мудрацоў, скідвалі паэтаў ненадзённых і часамі ўзносілі іх зноў. Русецкі.

7. каго. Выклікаць дрыжыкі (пра холад, ліхаманку, страх і пад.). Крыху раней, дні за чатыры, цяжка захварэў .. намеснік [Маскаленкі], якога пачала трэсці малярыя. Мележ. — Скрыдлаўскія маладзіцы завіхаюцца ля яго, — ціха засмяяўся Мітрафан, — завіхаюцца і радуюцца, што секвестратара ліхаманка трасе. Бажко. // безас. Пра дрыжыкі, зведаныя кім‑н. Усяго .. [Хвашча] трэсла, і ён нават падумаў: ужо ж ці не трасца прычапілася да яго. Лупсякоў.

8. перан.; каго-што. Выклікаць змены, пазбаўляць ранейшага спакою. Не для гэтага бура Імперыю трэсла, Каб змяніць рэвалюцыю Мірненькім маршам Ад прастола цара Да прэм’ерскага крэсла. Глебка. // Разм. Часта турбаваць каго‑н., не даваць спакою. Тут і пачалі нашага старшыню з усіх бакоў трэсці. У газетах аб ім пішуць, па радыё гавораць, на розныя сходы запрашаюць. «Вожык».

9. што. Разм. Узмахваючы чым‑н., ачышчаць ад чаго‑н. [Маці:] — Лён трэсці будзем. М. Ткачоў.

•••

Латамі трэсці — а) бедна жыць, хадзіць у падранай вопратцы; б) наўмысна паказваць беднасць.

Трэсці (калаціць) кішэні — выдаткоўваць грошы, выдаткоўвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)