Разва́лісты ’пышны’ (Нар. Гом.). Ад раз- і валіць (гл.). Утворана па той жа семантыка-словаўтваральнай мадэлі, што і разло́жысты (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
бахма́ты, ‑ая, ‑ае.
Пышны; разложысты. Тут, пад страхою, быў сенавал і бацька штовосень сюды прывозіў з лугу бахматыя вазы зялёнага, духмянага мурагу. Сачанка. У зацішку паляк лясных Зацвітае бахматы верас. Бураўкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
але́я, ‑і, ж.
Дарога, абсаджаная з абодвух бакоў дрэвамі або кустамі; дарожка ў садзе ці парку; прысады. Ад шляху пайшла бярозавая алея і ўперлася ў разложысты сад. Пестрак. У парку грымеў аркестр, па асветленых алеях цяклі бясконцыя людскія ручаі. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разло́гі, ‑ая, ‑ае.
Шырокі, пакаты. На ўзбярэжжах, на разлогіх, чараты — куды ні глянь. Машара. Сэрца апалена болем, гатова даўно Выйсці насустрач вятрам на палетках разлогіх. Тарас. // Раскідзісты, разложысты. Разлогі дуб. □ Вось вялізны конь, запрэжаны ў разлогія санкі, паволі плыве па небе. Стаховіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разгалісты, разгаты, разлапісты, разложысты, разлогі, раскідзісты, развіслы, расахаты
Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)
дуб, ‑а і ‑у; мн. дубы, ‑оў; м.
1. ‑а. Буйнае лісцевае дрэва сямейства букавых з моцнай драўнінай і пладамі жалудамі. Стогадовы дуб. □ Сілачом стаіць Дуб разложысты, І здалёк відаць пышны верх яго. Колас.
2. ‑у; толькі адз. Драўніна гэтага дрэва. Нарэзаць дубу. Бочка з дубу.
3. ‑а; перан. Разм. Пра высокага, моцнага чалавека. У Жарстана было сем сыноў, і чацвёра з іх такія ж дубы, як і бацька. Колас. // Пагард. Пра тупога, неразумнага чалавека. — Хоць і дуб ты, скажу табе, але заходзь, кульні з намі чарку: у мяне ж сёння вяселле — гуля-а-ем! Вышынскі.
4. ‑а. Адзін з відаў вялікіх лодак (на Дняпры, Доне). Пад поўнач Пятро Тугай закончыў рамонт дубоў, заліў смалою залапленыя месцы і вылез на паром. Краўчанка.
•••
Коркавы дуб — вечназялёнае дрэва сямейства букавых, кару якога выкарыстоўваюць для вырабу коркаў і інш.
Даць дуба гл. даць.
Плесці з дуба вецце гл. плесці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пы́шны, ‑ая, ‑ае.
1. Мяккі, пухкі, лёгкі. Ужо бадай усё лісце абсыпалася з дрэў і пышным, стракатым дываном укрыла навакол траву і алеі. Паслядовіч. // Пушысты, густы, мяккі (пра валасы, шэрсць і пад.). [Ядвіся] была ў прыгожай чырвонай кофтачцы, якая вельмі ішла да яе твару, а чорныя і пышныя валасы яе былі перахвачаны чырвонай стужкай. Колас. Рослы юнак з правільнымі рысамі твару.., з пышнай, як капа сена, чупрынай, ён нечым вабіў да сябе. Сабаленка. // З вялікай колькасцю лісця, галін і пад. Сілачом стаіць Дуб разложысты, І здалёк відаць Пышны верх яго. Колас. // Поўны, круглявы (пра чалавека, яго твар). Антон Сафронавіч пачаў жартаваць з жонкі. Прыехала сюды [на курорт] худая, скура ды косці, а цяпер — глядзі, якая пышная дама! Паслядовіч.
2. Раскошны, багаты. Як у замку пышным Баляваў барон, Прыязджалі госці з чатырох старон. Глебка. Патоцкі старанна маскіруе свае пачуцці, загадаўшы наладзіць пышнае пахаванне Бандароўны. Шкраба.
3. Напышлівы (пра мову). Пышныя фразы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)