Пілёсіць ’пілаваць тупою пілою’, ’сварыцца, назаляць’ (Шат.). Да піліць (гл.), пашыранага экспрэсным суф. ‑ёс‑ са значэннем працягласці дзеяння.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пілі́каць (пілі́каті) ’няўмела іграць на скрыпцы’ (Нас., ТСБМ, Варл.), ’рэзаць чым-н. тупым’ (Нас.; ТС; беласт., Сл. ПЗБ; жытк., б.-каш., Мат. Гом.; баран., Сл. Брэс.), ’пілаваць’ (Шат.). Утворана пры дапамозе імітацыйнага суф. ‑ка‑ ад піліць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пільча́к1 ’кароткая верхняя вопратка з грубага даматканага сукна’ (ТСБМ; стаўб., Нар. сл.). З пінджа́к < пінжа́к (гл.) пры ад’ідэацыі пальто́.

Пільча́к2 ’пільшчык’ (рас., бялын., ЛА, 3). Да піліць1 (гл.). Суф. ‑ак называе асобу паводле яе занятку.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пі́льня ’тартак’ (Варл.), ’лесапільня’ (пух., Сл. ПЗБ), укр. харк. пи́льня ’тс’, рус. пи́льня ’месца, дзе пілуюць лес пры дапамозе вады, парай, коньмі’. Да пілі́ць1 (гл.). Суф. ‑ня ўзыходзіць да прасл. ‑ьnʼa, параўн. kolьnʼa ’дрывотня’, stajьnʼa ’стайня’, які пашыраны пераважна на паўн.-слав. тэрыторыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пія́вы ’працавіты’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Параўноўваюць літ. pyti ’размакаць (пра зямлю), станавіцца мяккім (пра характар)’; papijęs ’добры, мяккі, які ўвесь аддаецца працы, дабрыні і г. д.’ (Грынавяцкене, тамсама, 3, 527), што не пераконвае; хутчэй, з пілявы ’рухавы’ (гл.), да піліць2, параўн. польск. pilać ’дбаць’, варыянт pilić ’старацца, дбаць’, што звязана з pilny ’старанны’ (Банькоўскі, 2, 579), гл. пільны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыпіля́ць, прыпілю́каць ’частым падахвочваннем прымусіць прыняцца за справу’ (Нас.). Параўн. рус. калуж. припили́ть ’моцна насварыцца на некага’. Польск. przypilić ’падахвоціць некага рабіць нешта’, przypilować ’пастарацца, прыкласці старанне’, што да ст.-польск. pila ’стараннасць, дбанне’, чэш. píle ’тс’, Банькоўскі (2, 579) звязвае з pila ’напільнік’ і цяжкасцю апрацоўкі прылад з каменя, крэменя, рога. Да прыпілі́ць, прыпілава́ць у пераносным значэнні, гл. пілава́ць ’лаяць, даймаць’, а таксама пілявы, пілі́ць, пі́льны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пільсць1, пілсць ’поўсць, падшэрстак, валасяное покрыва жывёл’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, Шатал.), пільсьць ’шчацінне (у кабана)’ (лаг., Шатал.), ’воўна горшай якасці’ (Варл.; Бір. Дзярж.), ’поўсць, якая вылезла пры ліньцы’ (Мядзв.), ’ачоскі ад воўны з пылам’ (Шат.), ’вельмі тонкі лямец, які вырабляўся з рознай шэрсці’ (Нас.). Запазычана з польскай pilść ’тканіна з шэрсці ці з воўны, атрыманая шляхам збівання (валяння) яе, лямец’ (Цвяткоў, 59; Кюнэ, Poln., 87). Узыходзіць да прасл. *pьlstь > бел. поўсць (гл.).

Пільсць2 ’пілавінне’ (капыл., Сл. ПЗБ; слаўг., капыл., ЛА, 1), пільшч ’тс’ (круп., б.-каш., тамсама). Да піліць1 (гл.). Суф. ‑сць са зборна-рэчыўным значэннем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пі́льна, пі́льня, пі́льно, пі́лна, пілне, пілно ’вельмі, настойліва’, ’неаслабна’, ’уважліва’, ’тэрмінова’, ’не адрываючыся, не паднімаючыся з гнязда’, ’старанна’, ’абавязкова’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Мядзв., Юрч., Яруш., Мал., Варл., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС; бялын., Янк. Мат.; Карскі, Труды; Мат. Маг.; Бяльк.), пі́льненечка ’ўважліва’ (Ян.); пільнава́ць, пілнава́ць, пільнява́ць, пільнува́ць, пільнова́ті, пільнува́тэ, пілмава́ць ’наглядаць, вартаваць, сцерагчы, сачыць, падпільноўваць, падсцерагаць’, ’старацца’, ’пасціць’, ’няньчыць’, ’марудзіць’; ’старанна працаваць’, ’трымацца гаспадаркі’ (ТСБМ, Шн. 1, Мядзв., Гарэц., Мал., Яруш., Нас.; барыс., Шн. 2; Бір. Дзярж.; Сцяшк. Сл., Шат., Касп., Варл., ТС, Сл. ПЗБ); пільнава́цца ’асцерагацца’ (Варл.), ’прытрымлівацца чаго-н.’ (Шат.), пільнява́цца ’тс’ (шальч., Сл. ПЗБ); пільнува́ння ’падсцераганне’, пільнасць ’асцярожнасць’ (Варл.), ’уважлівасць’ (шальч., Сл. ПЗБ), ’нагляд’ (Скарбы); пільноўка ’вартаванне, нагляданне за чым-н.’ (Нас.); пільны ’неадкладны, тэрміновы’ (навагр., Нар. словатв.), ’акуратны’, ’патрэбны, неабходны’, ’старанны’ (Нас., Шат.) — утворана ад дзеяслова *piliti (Насовіч, 414) > пілі́ць2 (гл.): прасл. *pil‑ьnъ(jь) > укр. пи́льний, рус. пил́ьный, пи́лен, польск., н.-, в.-луж. pilny, чэш., славац. pilný, ц.-слав. пильнъ; *pil‑ьnъ > *pilьno; *pil‑ьnъ > *pil‑ьn‑ova‑ti: укр. пильнува́ти, рус. паўд. пильнова́ть, польск. pilnować, pilować, н.-луж. pilnowaś se, чэш. ляш. piľovať, славац. pilnovať; не выключана магчымасць запазычання з польск. pilnować (Цвяткоў, Запіскі, 60; Мядзведскі; Булыка, Лекс. запазыч., 185). Тэдэска (Language, 27, 18) мяркуе, што прасл. pil‑ьnъ узнікла шляхам рэдукцыі з *pri‑lьg‑ьnъ, параўн. рус. приле́жный ’які старанна прыкладаецца да чаго-н., аддана прысвячаецца чаму-, каму-н.’ Міклашыч (246) супастаўляе pilьnъ з літ. pil̃nas ’старанны, уважлівы’, якое, аднак, з польск. pilny (Фрэнкель, 1, 591). Ондруш (SlW, 1975, 119) узводзіць прасл. *pil‑ьnъ(jь) ад незахаванага дзеяслова *piti ’рэзаць’ з наступным развіццём семантыкі ’баявы, змагар’ > ’настойлівы, старанны’; Шустар-Шэўц (14, 1064) звязвае лексему з літ. pìlti ’ліць, сыпаць’ > ’хутка цячы’ > ’хуткі, імклівы’; Станкевіч (Зб. Бірнбаўму, 1985, 412) выводзіць прасл. *pilьnъ ад *piliti, а апошняе — ад *pil‑/*pyl‑ ’певень’ (пры першаснай сувязі дзеяслова з семантыкай сексуальнага ўзбуджэння). Прымаючы пад увагу канкрэтныя значэнні ў некаторых слав. прыметнікаў: польск. pili ’свой, родны’, niepili ’чужы, незнаёмы, няродны’, чэш. pile ’клопат’, якое Шаўр (Etym. Brunensia, 109 і наст.) уводзіў у і.-е. гняздо *pei̯t‑ ’клапаціцца’, в.-луж. pilny ’тоўсты, тлусты’. Варбот (БСИ–1998–1999. М., 2000, 24–26) уключае ў кола вытворных гняздо і.-е. *pei̯(ə)‑/*pī̆‑ ’тлусцець’, ’знаходзіцца ў вялікай колькасці’ і прасл. *pilъ(jь), пазней — pilь(jь) са значэннем ’тлусты, тоўсты’ = ’адкормлены’, адсюль — ’свой, родны’. Ад *pilъ(jь) паходзіць дзеяслоў *piliti ’клапаціцца, старацца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)