я́касць, ‑і, ж.

1. Характэрная адзнака, істотная ўласцівасць, якая адрознівае адзін прадмет ад другога. Страявы афіцэр, капітан, гэты чалавек дзіўным чынам спалучаў у сабе многія якасці, самыя супрацьлеглыя. Шамякін.

2. Ступень прыгоднасці, вартасці чаго‑н. Якасць прадукцыі. □ [Гарлахвацкі:] Што да даклада, то ад яго якасці залежыць ваш [Тулягі] лёс у першую чаргу. Крапіва. Міхась лічыцца сёння.. адказным за якасць друку. Брыль. Аптымістычнасць — выдатная якасць мастацтва. Бугаёў.

3. У філасофіі — катэгорыя, якая выражае істотную пэўнасць прадмета, дзякуючы якой ён з’яўляецца іменна гэтым прадметам, а не іншым. Пераход колькасці ў якасць.

4. У шахматнай гульні — розніца ў цэннасці цяжкай фігуры (ладдзі) у параўнанні з лёгкай фігурай (канём, сланом).

•••

Дзяржаўны знак якасці гл. знак.

Інспекцыя па якасці гл. інспекцыя.

У якасці каго-чаго — як хто‑н. або што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пэ́ўны ’дакладна вызначаны, акрэслены, канчатковы; некаторы; перакананы, надзейны, упэўнены, цвёрды’ (ТСБМ), ’праўдзівы, акуратны, адпаведны, сапраўдны’ (Цых.), ’дабраякасны (пра насенне)’ (Жд. 2), пэ́ўный ’надзейны, праўдзівы, дакладны’ (Бяльк.), ’праўдзівы, верагодны’ (Яруш.), пе́ўны ’пэўны, сапраўдны’ (ТС), пе́ўный (пе́вный) ’праўдзівы, бясспрэчны’ (Нас.), ’надзейны, праўдзівы, дакладны’ (Мядзв.), ’пэўны, сталы’ (Бяльк.), ст.-бел. певный ’вядомы, дакладны, пэўны’ (Ст.-бел. лексікон), ’упэўнены, перакананы; праўдзівы’ (Сл. Скарыны); сюды ж пэўна ’напэўна, несумненна’ (ТСБМ, Яруш., Сл. ПЗБ), пэ́ўно ’тс’ (Цых., Сл. ПЗБ), пэ́ўне, пэ́ўня ’верагодна, напэўна, бясспрэчна’ (Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ, Мал., Шат.; шчуч., З нар. сл.), пе́ўне, пе́ўня ’тс’ (Сержп., Бяльк., Шпіл.), ст.-бел. певне ’вядома, бясспрэчна’ (Ст.-бел. лексікон). Запазычана з польск. pewny ’бясспрэчны, надзейны, верагодны, бяспечны’, pewno, pewnie ’бясспрэчна, надзейна, верагодна’, гл. Цвяткоў, Запіскі, 2, 58 (рэфлекс э на месцы ъ; формы з е — вынік другаснай адаптацыі); прасл. *pъv‑ьnъ ад рэліктавага *pъvaпэўнасць, давер’, параўн. санскр. pavate (корань pū‑) ’бачыць выразна’, гл. Махэк₂, 447 (пра чэш., славац. pevný ’моцны, цвёрды, устойлівы’); Банькоўскі, 2, 535, 968.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)