Пустэ́ча ’пустата’ (Шат.), пусце́ча ’пустка, пусташ, пустаполіца’ (ТСБМ; ЛА, 2; чэрв., Сл. ПЗБ; любан., Нар. словатв.; Сл. Брэс.), ’неўрадлівае поле’ (Янк. 1, Жд. 1), пустэ́ча ’адзіноцтва, несуцешнасць’ (Варл.), ’несамастойны, несур’ёзны, пусты чалавек’ (маг., Янк. Мат.; Жд. 1., Янк. 1), пусце́ча ’пусты, бяздумны чалавек; распуста’ (ТС, Ян.). Трубачоў (Слав. языкозн., V, 182, 187–188) на аснове адпаведнасці серб.-харв. пустоћа ’пустата’, славен. pustoča ’тс’ рэканструюе *pustotja ў якасці праславянскага дыялектызма; формы з палаталізацыяй, распаўсюджаныя пераважна на ўсходнім Палессі, хутчэй за ўсё, другасныя, узнятыя ў выніку адштурхоўвання ад украінскай дэпалаталізацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́шча ’густы, непраходны лес; нетры’ (ТСБМ, ТС, Шат., Бяльк., Гарэц., Др.-Падб., Мядзв., Яруш.), ’пусташ, бязлюднае месца’ (ЛА, 2), ’зараслі ў забалочанай мясцовасці’ (валож., ЛА, 1), пу́шча‑драму́шча ’дзікі лес, пра які гаворыцца ў беларускіх казках’ (Мядзв.), ст.-бел. пуща ’пустыня, пустка’ (Нас. гіст.), укр. пу́ща ’дрымучы лес, лясныя нетры’, польск. puszcza ’бязлюднае месца; пустка’, харв. pȗšća ’пустая мясцовасць’ (Скок, 3, 82), славен. pušča ’папар; дзікая мясцовасць; пустэча’. Прасл. *puštja (< pustъ, гл. пусты́); паводле Банькоўскага (2, 967), пушча абазначала спрадвечна бязлюднае месца ў адрозненне ад пусты́ня (гл.), што абазначала месца, пакінутае людзьмі, параўн., аднак, славен. puščava ’пустыня’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стэп ‘бязлесная раўніна, пусташ’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., ТС), сцеп (сьцеп, степ) ‘тс’ (ТС, Бяльк., Косіч). Параўн. укр. степ, рус. степь. Мяркуецца, што з’яўляецца метафарычным пераносам у геаграфічную тэрміналогію анатамічнага тэрміна прасл. *stьpь ‘хрыбет, спіна (у жывёл)’, параўн. рус. степь ‘хрыбет, спіна (у быка, каровы, каня, сабакі)’, гл. Мяркулава, Этимология–1968, 86–91), харв. stȃpi ‘свіныя лапаткі’, stȇpi ‘кавалак свінога мяса з лапаткамі’ (Борысь, Etymologie, 407–408), утворанага з дапамогай суф. ‑ь (< ‑ĭ‑) ад асновы, засведчанай у літ. stìpti ‘затрымлівацца, марудзіць; цапянець’, stiprùs ‘моцны, цвёрды’, лат. stipt ‘рабіцца цвёрдым’, лац. stipes ‘пень, калода’ (< і.-е. ste̯ip‑, stip‑). Іншыя версіі гл. Фасмер, 3, 755–756; ЕСУМ, 5, 409. Беларускае слова, відаць, з украінскай і/ці рускай моў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пустальга́1 ’легкадумны, пустагаловы чалавек’ (Нас., ТСБМ, Др.-Падб., Гарэц., Ян.), ’балбатун’ (Жд. 3), ’асоба з недарэчнай пустой гутаркай’ (Варл.), ’пустадомак’ (клец., Нар. лекс.), ’пустыя размовы’: пустальгу несець (Нас.), ’пустая справа’: ён толькі пустальгой займаецца (ветк., Мат. Гом.), пусто́льга ’нядбайны чалавек, гультай’ (ПСл), ’свавольнае дзіця’ (лун., Шатал.), пустальга́ ’пустагаловы, несур’ёзны чалавек’, параўн. рус. дыял. пустольга́ ’легкадумны чалавек; нешта несур’ёзнае’. Усё да пусты́ (гл.), параўн. Фасмер, 3, 410; незвычайнае заканчэнне слова можна патлумачыць “пеяратыўным ‑l‑ суфіксам” (Бязлай, 3, 138), што выступае ў славен. pustẹ̑la ’пусты чалавек’ і экспрэсіўнай фіналлю ‑га́ (параўн. і рус. дыял. пустольга́, пустерга́, пустерьга́ ’тс’). Зрэшты, знешняе падабенства да харв. pustolegija, pustelegija ’нязносны сельскі хлапчук; авантурыст, разбэшчаны чалавек’, а таксама pustelekati ’сноўдацца’ дапускае і іншыя тлумачэнні.

Пустальга́2пусташ’ (гродз., навагр., бабр., ЛА, 2), пустэ́льга ’пустэча; запушчаны, занядбаны кут’ (Др.-Падб.), рус. дыял. пустельга́ ’неапрацаваная, незасеяная зямля’. Да пусты́ ’неапрацаваны, незагаспадараваны’ (гл.), параўн. серб. пу̀столина ’дзікае месца, пустэча’, якое Сной (516) узводзіць да рэканструяванага *pustol ’тс’; суфіксацыя як у папярэднім слове; для пустэ́льга можна дапусціць азванчэнне суфіксальнага зычнага (пустэ́ля > *пустэлька > пустэ́льга).

Пустальга́3 ’драпежная птушка’ (ТСБМ), ’птушка Falco tinnunculus’: пустальга́ як той каршун (петрык., калінк., рэч., Мат. Гом.), параўн. укр. постильга́, постільга́ ’тс’, рус. пустельга́, пустерга, смал. пу́стольга́ ’тс’, польск. pustułka, pustółka, postołka ’тс’, славац. postolka, pustovka ’тс’, чэш. poštolka ’тс’, славен. postólka, pustólka, pustolȏvka ’тс’, серб.-харв. по̀столка ’тс’. Слова няяснага паходжання. Меркаванні пра славянскае паходжанне звязваюць яго з *pustъ ’пустынны’ (ад месца распаўсюджання) або фармальна атаясамліваюць з пустальга1 і пустальга2 (Фасмер, 3, 410), адсюль і абагуленая форма pustelьga (Копечны, Zákl. zásoba, 349). Банькоўскі (2, 966) для польскай і чэшскай назвы прапануе зыходнае *postola, *postolъka (ад *po‑stl‑a‑ti ’паслаць’) з другаснай адідэацыяй да *pusty ’пусты’, што семантычна цяжка давесці. Прапанаваная Ніканавым (ЭИРЯ, 2, 90–92) версія запазычання з цюркскіх моў (параўн. хакас. постаргай ’жаўранак’, алт. босторкой, нагайск. бозторгъай ’тс’) не тлумачыць заходнеславянскія і паўднёваславянскія формы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)